Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 11.03.2018 (08:15) — 8 месяцев назад

559. ТРАГІЧНЫ ЛЁС АЙЦА ФІЛАГРЫЯ КОСТКІ. Хаванская Надзея

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 2, за неделю: 5, всего: 515

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 У мінулым годзе на Велікодных чытаннях я расказвала пра гісторыю і адраджэнне Губінскай Свята-Мікалаеўскай царквы ў Макараўшчыне.

 

 Сёння хацелася б расказаць пра святара, які служыў у гэтай царкве з сакавіка 1911-га па 1928 год, Філагрыя Сямёнавіча Костку.

Ён нарадзіўся ў 1886 годзе ў сям’і дыякана непадалёку ад мястэчка Себеж у вёсцы Прыхабы Віцебскай губерні, і атрымаў імя ў гонар свяшчэннамучаніка Філагрыя, епіскапа Кіпрскага, імя якога ў перакладзе з грэчаскай азначае “які любіць вёску”. У 1902 годзе ён заканчвае Віцебскую духоўную семінарыю. З 1902-га па 1911 год працуе настаўнікам, а у 1911-м пасвечаны ў іерэі.

 У “Царкоўных ведамасцях” за 1913 год пад нумарам 38 чытаем: “Наведаў царкву 7-9 ліпеня 1913 г епіскап Дзвінскі Панцеляймон у сяле Губіна прыходскі каменны храм у імя святога Мікалая Цудатворца Мірлікійскага. Размешчаны на гары, ля падножжа якой цягнецца вялікая дарога, абсаджаная цяністымі бярозамі. Царкоўны цвінтар абнесены драўлянай агароджай. Знутры агароджы растуць векавыя сосны і бярозы. Як храм, так і ўся мясцовасць маюць прывабны выгляд. Мясцовы хор спяваў даволі стройна. Уладыка выказаў слова месіянерскага характару, пасля гэтага пытаўся ў дзяцей малітвы.”

 У 1914 годзе Філагрый Сямёнавіч Костка ўзнагароджаны набедранікам.

 У цяперашні час няма тых людзей у нашай мясцовасці, якія памятаюць святара. Але ж памяць пра яго засталася. Давялося пагутарыць з жыхарамі паважанага ўзросту з вёсак Катоўшчына, Макараўшчына, Губіна, якія па ўспамінах сваіх бацькоў распавядаюць пра айца Філагрыя. Звычайна кажуць: “апошні айцец”, “апошні бацюшка” або проста па прозвішчы – Костка. Такім чынам, па гэтых народных успамінах можна ўзнавіць мінулае.

 Як чалавек глыбокай веры ў Бога, айцец Філагры адрозніваўся рэдкай працавітасцю, найбольш займаўся пчалярствам. У яго была вялікая падсобная гаспадарка, на якой працаваў асабіста. Распавядаюць, што меў каля 30 пчаліных сем’яў. Матушка частавала аднавяскоўцаў мёдам, асабліва дзяцей. Калі айца Філагрыя не стала, пчаласем’і перайшлі да новага гаспадара, дырэктара школы, што жыў пасля ў доме святара. Але яны новага гаспадара не прынялі і хутка звяліся.

 Пасля рэвалюцыі 1917 года гаспадарка была дужа разбураная рэквізіцыяй ваеннага камунізму, але ў 1920-я гады яе ўдалося збольшага аднавіць.

 Апошняя служба ў царкве адбылася вясною 1928 года. Пасля закрыцця царквы і забароны савецкімі ўладамі рэлігійнай дзейнасці айцец Філагры набажэнствы праводзіў дома. Яго дом заўсёды гасцінна прымаў вернікаў. Тут адбываліся і тайныя хрышчэнні, і спавяданні, і прычашчэнні, і іншыя службы. Святар часта патаемна бываў у хатах сваіх прыхаджан. Яго запомнілі як вельмі набожнага, шчырага, працавітага чалавека.

 У савецкай улады была традыцыя: аб’яўляць працоўнымі тыя выходныя дні, што прыпадалі на рэлігійныя святы. Засталася ў народзе прыказка айца Філагрыя: “Бог ім суддзя. Цярпення вам.”

 Калі пачалася калектывізацыя, айцец Філагры сумесна з аднавяскоўцамі Георгіем і Ціханам Армонікамі, Пятром Ялугам, каб не апынуцца ў савецкім калгасе, рашылі арганізаваць асобны калгас у вёсцы Макарыўшчына. Яны думалі, што такім чынам пазбегнуць бальшавіцкай калектывізацыі. Аднак гэта сведчыла аб іх наіўнасці.

 21 студзеня 1930 года за стварэнне кулацкага калектыву ўсе  чатыры ўдзельнікі былі арыштаваныя “за антысавецкую агітацыю і ўдзел у патаемных кулацкіх сходах”

 У Макараўшчыне была дружная сям’я Армонікаў. Пра іх згадваецца ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”, неаднойчы пісала газета “Лепельскі край”. Нашчадкі братоў Армонікаў, складаючы радавод, пісалі ўспаміны. Адзін з такіх сшыткаў-успамінаў мне далі пачытаць, бо там згадваецца імя айца Філагрыя. Згодна з успамінамі, святар аказаўся ў турме горада Полацка. Адтуль не вярнуўся, бо быў расстраляны разам з другімі святарамі. Яму было выстаўлена абвінавачванне як эсэру. Дарэчы, ва ўспамінах імя па бацьку святара Філагрыя – Сцяпанавіч.

 У архівах КДБ чытаем: “Пасяджэннем Асобай Тройкі АГПУ БССР ад 09 сакавіка 1930 года айцец Філагры Костка быў асуджаны на 5 год зняволення ў канцлагеры. Ціхан Армонік і Пётр Ялугін высланыя ў Паўночны край па 2-ой катэгорыі, а Георгі Армонік у хуткасці расстраляны.”

 У 1989 годзе ўсе асуджаныя былі рэабілітаваныя пракуратурай Віцебскай вобласці як незаконна рэпрэсаваныя.

 Вось такі незайздросны лёс святара, жыццё і дзейнасць якога прыпалі на перыяд дыктатуры пралетарыяту і станаўлення савецкай улады.

 Дарэчы, сёлета храмавае свята – 22 мая – прыпадае на панядзелак. Калі ласка, запрашаю на службу да 9 гадзін раніцы. Прыязджайце і адчуеце, якая акустыка, які пад’ём духу ў нашым храме, гэтым намоленым вякамі месцы, дзе апошнім святаром перадсавецкага часу быў Філагры Сямёнавіч Костка.

2017









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СТАРАЛИСЬ ЗАГЛЯДЫВАТЬ В БУДУЩЕЕ. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 463 
677. ЗНАХОДКІ НА ВАЛОСАВІЦКАЙ ЗЯМЛІ. Тухта Валер — 3 дня назад,   за неделю: 178 
ЛЕПЕЛЬ ПЕРАСЯГНУЎ УКРАІНУ ПА БЕЗДАРОЖЖЫ — 2 недели назад,   за неделю: 149 
КРАСНЫЙ ДЕНЬ КАЛЕНДАРЯ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 136 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение