15 мар 2018 в 08:27 — 2 года назад

603. ЯК СВІННІ Ў МАСКВУ ХАДЗІЛІ, А ЗЯМЛЮ ПРЫРЭЗАЛІ. Хаванская Надзея

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 983

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Мае дзеці, пяцікласнікі, сядзяць ціха. Ніколі за гэтыя паўгода не бачыла іх такімі ціхмянымі, удумлівымі…

 - Дзеці, у нас сёння будзе сустрэча з цікавым чалавекам, - неяк сказала ім пасля ўрокаў.

 І мы разам пайшлі ў госці да жанчыны паважанага ўзросту, якой крыху за 80.

 - Што ж вам, дзеткі набаяць, пра што пагукаць? – пытаецца Еўдакія Аляксандраўна.

 - Пра тое, як жылі раней, як працавалі, як адпачывалі, якія песні спявалі, – адказваю за дзяцей, якія крышку разгубіліся.

 Так, яны – аднавяскоўцы: і Лена, і Паліна, і Слава, і Еўдакія Аляксандраўна. Дзеці часта бачылі гэтую ўсмешлівую жанчыну па дарозе на пошту, у магазін, віталіся з ёю, часам дапамагалі, як маглі, і ніколі не размаўлялі з ёю, не пыталіся пра яе даўняе дзяцінства, пра маладосць. Чым жыла даўно-даўно гэтая жанчына? Чым жыве цяпер?

 А Еўдакія Аляксандраўна гасцей любіць. Яна з той жа ўсмешкай,  з якой прывыклі бачыць жанчыну аднавяскоўцы, расказвае дзецям пра даваеннае жыццё, пра арганізацыю калгаса ў Баброве, пра тое, як даіла кароў у 15-гадовым узросце, а ў 18 ужо “хадзіла за свіннямі”.

 - Свінні мяне завялі ў Маскву на ВДНГ, - робіць вывад Еўдакія Аляксандраўна.

 - Куды, куды хадзілі свінні? – не вытрымлівае Леначка, мая самая няўрымслівая дзяўчынка.

 І я тлумачу дзецям незразумелае і таямнічае слова – ВДНГ і … як туды “хадзілі свінні”. А гэтым часам гаспадыня падносіць нам скрыначку з беларускім арнаментам – і на дзіцячай руцэ самыя сапраўдныя медалі з той самай ВДНГ: “Пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва”.

 Вучні перадаюць беражліва з рукі ў руку рарытэты.

 - Адкуль у вас такое слова? – пытаюся ў іх.

 - Усё, што старое – рарытэт, - тлумачыць  мне за ўвесь клас Палінка, мая самая сур’ёзная і ўдумлівая дзяўчынка.

 - Якая ж я старая? – Еўдакія Аляксандраўна не ўсё добра чуе, – Мне ж усяго пайшоў толькі 86-ы. А вунь той і той старыя, ім хутка 90.

 Так, старэе вёска. Адыходзяць у іншы свет аднавяскоўцы. А з імі – тыя непаўторныя, адмысловыя мясцовыя слоўцы, што некалі казалі толькі ў суседніх вёсках і больш нідзе-нідзе. І калі слова можа запомніць з вясковага дзяцінства нейкі цяперашні “наваспечаны” гараджанін і перакажа яго дзецям, а тыя – сваім дзецям, то назвы палёў, урочышчаў, былых фальваркаў, дворышчаў і хутароў ужо не верне ніхто. Бо каб ведаць, як называецца гэтае поле ці пералесачак, балотца ці грудок, трэба па ім хадзіць, працаваць на ім. Трэба, каб паказалі на месцы, а не махнулі рукою – там, дзесьці.

 А тыя ж, хто можа паказаць на месцы, ужо не дойдуць туды. І таму гады чатыры назад мы з вучнямі вырашылі: збіраем словы, выразы, праклёны, назвы былых вёсак і хутароў, назвы палёў і ўрочышчаў.

 - І будзем мы маляваць свае карты, – падказала я некалі сваім першым цікаўным вучням.

 Гэта сёння мае адзінаццаці– і дзевяцікласнікі расказваюць са смехам, як сядзелі “ў засадзе” са сшыткам і алоўкам ля лавачкі, дзе “пляткарылі” бабулькі; як аднойчы спецыяльна пасварылі дзвюх суседак, каб тыя праз плот адна адну пракліналі, а тым самым далі добры матэрыял для чарговай даследчай працы; як сядалі да трактарыста пакатацца па палях і спытаць іх назвы, а той (ну трэба ж такому здарыцца) ездзіў і ездзіў узад-уперад па аднаму і таму ж полю – араў.

 Сёння мы згодныя нават на тое, каб хтосьці махнуў рукою – паказаў: “там і там”. А мы замалюем на карту самі. Так, мы крыху можам памыліцца. Але ж затое не знікне назва. А можа, яшчэ і легенда ці паданне знойдзецца?

 Бабуля Еўдакія Аляксандраўна Гумоўская памятае, дзе стаяў кожны хутар вакол Баброва. Так цяпер, аказваецца, называюцца палі. Якіх мы толькі назваў не пачулі: і Папкоўшчына, і Раманаўшчына, і Анахаўшчына, і Тарэнтаўшчына. А яшчэ, ёсць Савічава, Козарава і Галаі, Калістратава, Кругліца і Качаніха. Ёсць Гуцарава сядзіба, Вярбіцкія хутары і Леванёнкаў хутар. А адно поле называецца Аніска і Ахрэм. Ну, не захавала памяць народная прозвішча братоў-хутаранцаў, а толькі іх імёны. А Дармавізна – гэта гара, на якой нізашто ніводзін чалавек не паставіў свой хутар.

 - І дарма тая гара нікому не трэба – пустая яна, – тлумачыць бабуля.

 - Я запісваю ў сшытак назвы і крадком назіраю за дзецьмі. Яны слухаюць вось ужо трэцюю гадзіну. Значыць, цікава. Значыць, застанецца ў памяці. Значыць, не вырастуць абыякавымі з думкаю: “хутчэй бы адсюль, хутчэй бы ў горад”…

 - А мы пойдзем яшчэ на сустрэчу з цікавым чалавекам? – пытаецца Слава, мой адзіны хлопчык у класе.

 І я лаўлю яго думку: прагне сустрэчы з цікавым чалавекам. Сапраўды, хай так у гэтым годзе называюцца нашы паходы, сустрэчы і размовы.

 - Так, Славачка, а цяпер мы сходзім да тваіх дзядулі і бабулі, – адказваю яму.

 - І што яны цікавае раскажуць? – здзіўляецца шчыра ўнук. – Я сто разоў з імі гаварыў – нічога цікавага.

 Я так чакала сустрэчы з Аляксеем Фёдаравічам Карусевічам, дзядулем Славы, а ён нам сказаў кароткае:

 - Не! Не цяпер!

 – А калі?

 – Не ведаю. Пагляджу.

 Прайшло тры–чатыры дні. Было шкада, я нават ужо і надзею страціла, як раптам… званок у настаўніцкую.

 - Я чакаю вас сёння, – зноў кароткае і дакладнае запрашэнне ў госці.

 Гэта пры сустрэчы я даведалася, што Аляксей Фёдаравіч усе дні маляваў на аркушы карту мясцовасці, падпісваў назвы ўсіх палёў вакол неіснуючай цяпер яго роднай вёскі Падаліцы, што тулілася некалі ля вялізнага балотнага масіву Рэпішча – Рымаўшчына. Ён успамінаў легенды і паданні, расказваў днямі сваёй жонцы, каб тая пасля, пры сустрэчы, не дала забыцца ці памыліцца. Нават сваю нявестку, завуча нашай школы, прымусіў “злазіць у інтэрнэт і паглядзець, што там кажуць пра Падаліцы”.

 І вось мы трымаем у руках пажоўклы двайны аркуш з вучнёўскага сшытка.

 - Я пачаў гэту работу даўно, а потым кінуў, – расказвае Аляксей Фёдаравіч, – бо нікому не патрэбная яна. А тут вы. Перадаю вам самае дарагое – памяць.

 Пры гэтых словах мае дзеці ўсталі. Самі. Як па камандзе. І ручкі за паперкай працягнулі разам. Каб не пачалі адбіраць адзін у аднаго, забрала сама – гэта наша агульная памяць.

 Па дарозе да школы пытаюся, як звычайна, што запомнілася. Аказваецца, усё. Бо назваў палёў і ўрочышчаў ля заціснутай балотамі вёсачкі не так і многа. Але ж якія яны адметныя. І хутароў тут было мала. Спрадвеку была вёсачка. І Макрадзі, і Глінішча, і Міхеева Лужына, і Малахаў Астроў, і Сцёпачкін Равок, і Сабачы Востраў, і Конскае Кладбішча, і Камень-у-Лужыне запомнілі мае вучні. Што ўжо і казаць пра такія лёгкія назвы, як Ляды, Чортаў ручай, Часцяк ці Чарцягі. Але ж больш за ўсё запомніўся Прырэз.

 Прырэз – невялічкае поле адразу за вясковымі могілкамі і зарослай былой палявой дарогай да суседняга Залесся. Аказваецца, выкарчаваў Сялява (заможны пан з Губіна, у якога была “бумажная фабрыка”) лес, а пні пакінуў. Пачало пускацца расці “абы-што”. На агульным сходзе вырашылі сяляне адкупіць зямлю ў складчыну і “давесці яе да ладу”. Спадзяваліся, што нядорага ім абыдзецца, бо пні стаяць. Так яно і выйшла: купілі задарма, давялі да ладу, агульна выкарыстоўваць сталі, значыць, прырэзалі да сваіх надзелаў. Адсюль – Прырэз.

 Дзядуля Аляксей Фёдаравіч Карусевіч – энтузіяст-аматар. Да былых вёсак Падаліцы і Гарані ён трактарам прыцягнуў вялікія-вялікія камяні і фарбай зрабіў надпісы: “Стой, падарожны, спыніся! Тут была вёска…”

 І міжволі ля такіх камянёў узгадваюцца і вайна, і Чарнобыльская зона… Але ж – наш час…

 А дзед Аляксей Карусевіч у свае 80 з гакам яшчэ і паэт. Журбой працінае яго верш пра старую яблыньку.

  Слёзы нагортваюцца на вочы ад верша “Моя деревенька”.

  - Я і не ведаў, што мой дзед такі разумны, - зрабіў выснову Слава. – Вось брату Максіму раскажу!

 Да Таісы Ларывонаўны і Івана Паўлавіча Марозаў мы завіталі “на хвілінку”. Здзіўленне наша было шчырым, калі ў руках у гаспадара  з’явіўся аркуш, на якім побач з прамой лініяй стаялі загадкавыя  літары.

 - Я гадоў дзесяць назад сеў і напісаў – успомніў, дзе хто жыў у суседніх вёсках і ў маім родным Гарадцы, - чырванеючы, як дзіця, саромеецца чамусьці свайму ўчынку Іван Паўлавіч. – Толькі замест імёнаў і прозвішчаў – ініцыялы.

 Як я люблю вас, мае захавальнікі далёкай і недалёкай гісторыі, словаў, назваў …

 - Мы пойдзем яшчэ на сустрэчу з цікавым чалавекам?

 – А вам спадабалася?

 – Усё!

 – Ну, тады пойдзем!

 Такі дыялог у нас з дзецьмі адбываецца пасля кожнай сустрэчы.

Па іх паводзінах, па іх успамінах бачу і веру: не забудуць, захаваюць, перакажуць сваім дзецям і ўнукам словы, выразы, назвы  мае сёняшнія пяцікласнікі Паліна Жлоба, Вячаслаў Карусевіч і Алена Пліско.

2018









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 4 дня назад,   за неделю: 348 
89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 2 дня назад,   за неделю: 235 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 7 дней назад,   за неделю: 210 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 5 дней назад,   за неделю: 188 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 129 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ