Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 24.03.2018 (08:51) — 9 месяцев назад

608. ЧАРОЎНЫЯ РАДКІ ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА. Знарок Ірына

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 2, за неделю: 5, всего: 370

 Нарадзілася ў 1973 годзе ў вёсцы Краўцова Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны каледж. Працуе загадчыцай Каменскай сельскай бібліятэкі-музею Тодара Кляшторнага.

 Вось і дачакалася нашая зямля цёплых сакавіцкіх дзён. У душы – светлае, веснавое. І нешта звонкае, добрае пачулася ў вышыні, ад чаго не аднаму чалавеку захочацца сёння спяваць і радавацца. Вельмі цяжка ўявіць нашае жыццё без віншаванняў са святам, без песень і без паэзіі. Пісаць вершы – гэта ў параўнанні: лятаць бы птушка. Гэтаму нельга навучыцца, а вось разумець паэзію можа кожны. І нездарма штогод 21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі.

 А як радаваўся б гэтаму сакавіку наш зямляк, паэт Тодар Кляшторны, якому 11 сакавіка споўнілася б 115 год.

 Няхай ён сам скажа пра вясну.

   Зноў вясна,

   Зноў купаюцца далі ў разлівах,

   Зноў так чыста блакітная гладзь…

   І так хочацца ў дымках маўклівых

   Залатыя палі цалаваць.

   Зноў так радасна шэпчуць дубровы,

   Зноў аб нечым гамоніць быльнёг…

   Надрываецца плачам карова

   На прыволлі ў шырокіх палёх.

   Цэлы дзень снегавыя праталкі

   Цэдзяць мутныя пырскі з гары…

   На страсе агалцелыя галкі

   Не сціхаюць да позняй пары.

   А як вечар датлее за хатай,

   І як змрокі прылягуць к акну,

   За аколіцай ходзяць дзяўчаты

   І гукаюць красну вясну.

 З усіх куткоў Лепельшчыны прыязджаюць у Каменскую сельскую бібліятэку-музей Тодара Кляшторнага людзі, каб далучыцца да жыццёвай і творчай спадчыны песняра. Сустрэчы з ім, з яго творамі - заўсёды жаданыя. Хто аднойчы адкрые для сябе Тодара Кляшторнага, той застанецца навек у палоне неразгаданых чараў яго паэзіі.

 Тодар Кляшторны… Кароткім быў яго жыццёвы век… Нарадзіўся будучы паэт у вёсцы Парэчча Лепельскага павету Віцебскай губерні. Жыў у Мінску, з’яўляўся сябрам літаратурных арганізацыяў “Маладняк”, “Узвышша”, “БелАПП”. За 10 год паэтычнага жыцця выдаў з дзясятак паэтычных зборнікаў: “Кляновыя завеі”, “Светацень”, “Ветразі”, “Палі загаманілі”… Увосень 1936 году быў беспадстаўна арыштаваны.

  У 1937-м асуджаны на вышэйшую меру пакарання – расстрэл. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

 Творы Тодара Кляшторнага жывуць. Яны перакладзеныя на літоўскую, рускую, украінскую мовы. Вершы ператвораныя ў песні. Яго імем названыя вуліцы ў Лепелі і Камені, Каменская сельская бібліятэка-музей.

 Творчасць паэта мае шырокае кола прыхільнікаў на Лепельшчыне. Колькасць іх няўхільна расце. Пясняр перадаў паэтычную эстафету новаму пакаленню творцаў – удзельнікам народнага літаратурна-паэтычнага клуба “Выток”. Паэтычную сцяжынку да творчасці паэта знайшлі і юныя аматары паэзіі, вучні Каменскай базавай школы-саду, удзельнікі клубу “Жыватворная крыніца”.

 Тодар так любіў родныя мясціны, дзе першы раз стаў на зямлю, адкуль пайшоў у неабсяжны белы свет!

   Пайсці, дзе ветры на азёрах

   З лістоты выткалі абрус…

   Люблю я шыр, люблю я поле,

   Люблю я маці Беларусь.

     Тут кожны куст пяе каханне,

     Тут рэчка казкаю журчыць,

     Аповесць доўгую змагання

     Тут навявае кожны крыж.

   Дарогай ўдалечы пайду я,

   Пайду часамі без дарог,

   І кожны кусцік расцалую

   На уміраючых палёх.

 Наведайце музей Тодара Кляшторнага ў Камені. Аб гэтай культурнай установе распавяду ў хуткім часе. Запэўніваю, што не будзеце шкадаваць патрачанага часу. “Не шкада рассыпаных гадзінаў: мы жылі, жывём і будзем жыць…” – пісаў сам Тодар.

2018









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 1 день назад,   за неделю: 500 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 4 дня назад,   за неделю: 481 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 6 дней назад,   за неделю: 453 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 162 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 83 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 70 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение