Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 23.06.2018 (16:24) — 6 месяцев назад

637. ВАЙНА ЗАБРАЛА ПРАДЗЕДА НАЗАЎСЁДЫ. Дзямко Раман

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 2, за неделю: 10, всего: 572

 Нарадзіўся ў вёсцы Слабада (Свяда). Скончыў шэсць класаў Слабадской дзіцячы сад-сярэдняй школы. Жыве ў Слабадзе (Свядзе)

  Жыццё… Якое дзіўнае слова! У кожнага яно сваё. У кагосьці яркае і цікавае, у іншых доўгае, бы дарога, што вядзе за далягляд. А ў кагосьці - цяжкае і кароткае. Такое жыццё было ў майго прадзеда Скарупы Станіслава Антонавіча.

 Даведаўся я пра яго лёс з пісьмаў з вайны – жоўтых аркушаў паперы, якія прайшлі праз рукі тых людзей, што на сабе адчулі жах ліхалецця. Мая бабуля распавяла, што гэтыя допісы дайшлі да нас ад яе маці. І вось ужо некалькі пакаленняў яны перадаюцца з рук у рукі як памяць аб маім прадзядулю.

 У сямейным альбоме захаваўся фотаздымак Станіслава. На ім ён яшчэ юнак.

 Як усе хлопчыкі ў такім узросце Стась марыў пра шчаслівае жыццё і светлую будучыню. Нарадзіўся Станіслаў Скарупа ў 1927 годзе ў глухой лясной вёсачцы Карсашчына Валосавіцкага сельсавета Лепельскага раёна ў сялянскай сям’і і быў старэйшым з васьмярых дзяцей. Вучыўся ў пачатковай школе, што існавала тады ў роднай вёсцы. З самага маленства на долю Станіслава выпала цяжкае выпрабаванне. Калі яму было дзесяць год, бацьку забралі ў турму. Каб дапамагаць маці па гаспадарцы, старэйшы сын вымушаны быў кінуць вучобу ў школе. Усе мужчынскія справы, што некалі цягнуў бацька, ляглі на кволыя плечы хлопчыка.

 Калі водгукі Другой сусветнай вайны дакаціліся да нашага краю, Станіславу было 14 год. Але гэта быў даволі сталы ў сваіх разважаннях чалавек.

 Хутка ўжо немцы гаспадарылі на Лепельшчыне. Тры гады цягнулася  акупацыя. Увесь гэты час Станіслаў марыў трапіць у Чырвоную армію, каб біць фашыстаў. У партызаны яго не ўзялі, бо быў яшчэ малы, ды і сям’ю патрэбна было глядзець. Шкада было і маці, якая засталася б адна з меншымі дзецьмі.

 У Карсашчыне вайны амаль не бачылі. Немцы рэдка наведваліся ў лясную вёску – баяліся нападу партызанаў. Так цягнулася доўгія тры гады. А ў чэрвені 1944 года дзесьці за лесам загрымела  кананада – гэта Чырвоная армія гнала немцаў прэч з нашай зямлі.

 Усіх мужыкоў з прылеглых вёсак пачалі забіраць на вайну. Не ўцярпеў і Станіслаў. На зборным пункце прыбавіў сабе адзін год, каб запісацца ў Чырвоную армію. У спешцы і беспарадку ніхто не стаў пільна прыглядацца да падлетка. Так збылася мара  Станіслава: ён стаў чырвоным байцом і разам з іншымі мусіў ужо хутка апынуцца на фронце.

 …Неаднаразова з маці мы перачытвалі  маленькія трохкутнія лісты, што Станіслаў слаў дадому з фронту.

 Правапіс арыгіналу захаваны.

 “12 января 45 года письмо от вашего извесного вам сына и брата Скарупы С.А. Добрый день дорогая маменька братья и сестрицы в первых строках моего письма собшчаю что я пока жыв и здоров всего и вам желаю хорошего в вашей жызни дарагая маменька напишыте как вы живете и как ваша здорове как вы селета з хлебам и ти хватет вам картошки и ешчо какая у вас селета зима ти очень холодная или же такая как прошлый год и как вы з адежай и обовю я письма от вас получаю токо от 2 января не получал и получил от Владюни и от Ани и Кастуси затем дасвиданя цалую всех вас несчотно раз мамочку Генечку Лелечку Антечку Манечку и маленького браточка Чесичку передайте привет усим родным и знакомым и  … (слова неразборліва).”

 “15 февраля 45 года. Горячий привет з фронта и добрый день дорогая маменька брате и сестрыцы в первом собщени моего письма собшчаю что я слава богу пока жыв и здоров чего и вам желаю хорошего в вашей жызне дарагая маменка я от вас письмы не получал очень давно от 2 декабря 44 года так что прашупишытепочаше не забывайте на меня пишыте как вы жывете и как ваша  здаровеобшчемпишыте все подробное ти холодная у вас зима и как вы з одежай и хлебом. Затем досвиданиеастаюсьжыв пока и здоров. Станислав Скарупа я передаю привет усим родным и знакомым.

 Нічога асаблівага. Звычайныя салдацкія трохкутнікі. Але для маёй сям’і і мяне асабіста гэта дарагія рэліквіі.

 Аднойчы з маці вырашылі, што трэба даведацца больш пра майго прадзеда. Трэба аднавіць яго баявы шлях, дзе і як ён загінуў. Пошукі пачалі з кнігі “Памяць. Лепельскі раён.” Але ў спісе загінулых на фронце і ў партызанах  жыхароў Карсашчыны прозвішча прадзеда не знайшоў. Тады звярнуўся па інфармацыяю на сайт АБД-Мемарыял. Так стала вядома, што Станіслаў трапіў служыць у 1001 стралковы полк 279 стралковай дывізіі.

 Пасля вызвалення Крыму дывізію перакінулі ў Прыбалтыку. Яна ўвайшла ў склад 51-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. З ліпеня па жнівень 1944 года дывізія была ў складзе 1-га гвардзейскага корпусу, а з верасня 1944-га і да канца вайны – у складзе 10-га стралковага корпусу. З удзелам 279-й стралковай дывізіі былі вызвалены Шаўляй, Мітава (Елгава) і порт Паланга. У баях за вызваленне Прыбалтыкі прымаў удзел і мой прадзед. У баі 24 снежня 1944 года пад вёскай Тампалі Латвійскай ССР агнём ручнога кулямёта знішчыў кулямётную кропку праціўніка і пяць нямецкіх салдат, тым самым даў магчымасць сваім падраздзяленням заняць нямецкія траншэі. За гэты ўчынак Станіслаў Скарупа быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі, якім яго ўзнагародзілі 7 студзеня 1945 года.

 27 лютага 1945 года ў адным з баёў чырвонаармеец Станіслаў Скарупа, згодна з данясеннем аб беззваротных стратах, быў забіты ў абароне.   

  Гартаем Журнал баявых дзеянняў 279 стралковай дывізіі ў перыяд з 1 па 28 лютага 1945 года:“27.02.1945 г. Дывізія займала папярэдні рубеж абароны, вяла ўзмоцненае назіранне і разведку. Удасканальвала пярэдні край у інжынерных адносінах. У 6.00 1001 стралковы полк пасля папярэдняй разведкі прамавугольнага ўчастку лесу пачаў перамяшчэнне. Прасунуўшыся ў цэнтр лесу, быў сустрэты моцным агнём праціўніка з раёнаў Ламі і Купшы. У выніку полк быў вымушаны залегчы і замацавацца на дасягнутым рубяжы. Адначасова з раёна Купшы праціўнік контратакаваў дзейную групу. Агнём нашых падраздзяленняў контратака была адбіта.”

 Такім чынам, удалося аднавіць апошні дзень жыцця Станіслава Скарупы і абставіны яго пагібелі.

 Дзякуючы знойдзеным звесткам, стала дакладна вядома, дзе пахаваны мой прадзед. Гэта мястэчка Лэініэкі Ліепайскага павету Латвійскай ССР. Выяву мемарыялу ў латвійскім горадзе Прыекуле я знайшоў у інтэрнэце. Гэта вялікі комплекс, дзе пахаваныя шмат нашых салдат, што бралі ўдзел у вызваленні Прыбалтыкі. Пасярод комплексу знаходзіцца скульптура жанчыны, якая трымае дзіця высока над галавой. Яна ахоўвае яго ад гора. Маленькі хлопчык – гэта надзея на будучыню.

 Вакол цэнтральнай кампазіцыі – пліты з прозвішчамі загінулых. На адной з іх я і адшукаў прозвішча свайго прадзеда. На вялікі жаль, не маю магчымасці пакласці кветкі да яго помніка, але памяць аб ім будзе заўсёды ў маім сэрцы.

Напісана ў 2018 годзе. 









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 1 день назад,   за неделю: 500 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 4 дня назад,   за неделю: 481 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 6 дней назад,   за неделю: 453 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 162 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 83 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 70 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение