Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 25.06.2018 (10:02) — 4 месяца назад

638. ПАДАРОЖЖА Ў АЗЁРНЫ КРАЙ. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 1, за неделю: 11, всего: 530

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Слабадскія даследчыкі мінулага падарожнічаюць па розных кутках Лепельшчыны. Аднаго разу яны са сваіх лясных нетраў - Свядскай Пушчы - выбраліся ў мясцовасць, багатую на старажытную гісторыю.

 Калі паглядзець на карту, то можна заўважыць, што рака Ула, якая бярэ пачатак з Лепельскага возера, і прылеглыя да яе восем азёр утвараюць своеасаблівы азёрны рэгіён. Наяўнасць блізкай вады і ўрадлівых зямель наўкол вадаёмаў вабілі ў даўнія часы нашых продкаў. Пра гэта сведчаць і шматлікія помнікі археалогіі ў тых мясцінах. 

 З шумлівага Віцебскага бальшака збочваем на бойкую дарогу. Праз два кіламетры на крутым пагорку паўстаюць хаты вёскі Жарсцвянікі. Паселішчаў с такой ці падобнай назвай дастаткова сустракаецца ў розных рэгіёнах Беларусі. Назва гэта ўказвае на навакольны характар глебы, у якой пераважае жарства – буйны пясок ці дробныя каменьчыкі з разбуранага граніту. У даўнія часы  адмыслова выраблялі жарству, перапальваючы камяні і апускаючы іх у халодную ваду. Потым здрабнялі на зерняцёрках. Атрыманая сыравіна выкарыстоўвалася ў якасці дамешка ў гліняны посуд. Гэта павялічвала яго трываласць пры гатаванні ежы на вогнішчы.

 З высокіх пагоркаў паўстаюць прыгожыя навакольныя краявіды. Стромкія ўзвышшы, дзе-нідзе парослыя кустоўем, саступаюць месца палям з культурнымі раслінамі, а бліжэйшы лясны масіў выцягнуўся зялёнымі абрысамі амаль на лініі небасхілу. Дзеці, якія выраслі ў атачэнні лясоў, адразу гэта заўважаюць. 

 Скрозь кусты прабіваюцца сонечныя водблескі воднай роўнядзі возера Глыбочыца. Спускаемся ўніз да вадаёму. Рухаючыся ўзбярэжжам, выходзім да пратокі, якая злучае азёры Глыбочыцу і Бораўна. Адразу за пратокай, рэчышча якой нагадвае рукатворны канал, пачынаецца ўрочышча Княгінкі.

 Менавіта тут у 1859 годзе археолаг Міхаіл Кусцінскі раскапаў некалькі курганоў. Былі знойдзены жалезныя сякеры і капьё, жаночыя ўпрыгожванні. У 1951 годзе Княгінкі даследаваў археолаг Аляксей Мітрафанаў. Ён раскапаў адзін курганны насып з жаночым пахаваннем, якое датаваў ХІІ стагоддзем. Да нашага дня захавалася шэсць круглявых па форме насыпаў, якія хаваюцца ад цікаўных вачэй сучаснікаў у гушчары алешніку.

 Далей шлях ляжыць да аднаго са старых паселішчаў – вёскі Бораўна. Назва паселішча сведчыць пра тое, што тут калісьці быў вялікі сасновы лес. Цяпер пра гэта мала што нагадвае. У наваколлях няма значных па плошчы лясных масіваў, бо іх высякалі на працягу некалькіх стагоддзяў. Плыты з будаўнічым лесам у Заходняю Дзвіну сплаўлялі і ў пачатку ХХ стагоддзя. 

 Каля Бораўна знаходзіцца гара пад назвай Царкавішча. У першыя стагоддзі нашай эры на ўзвышшы тубыльцы збудавалі ўмацаванае паселішча дзеля абароны ад ваяўнічых суседзяў. Для гарадзішча было абранае зручнае месца – круглая і плоская па форме пляцоўка на высокім марэнным пагорку.

 З паўднёвага боку паселішча было ўмацавана высокім валам і  ровам. З паўночнага і паўночна-ўсходняга боку існавала прыродная перашкода - безыменная рачулка, прыток Улы. У 1972 і 1976 гадах помнік, датаваны VІІІ стагоддзем, даследаваў археолаг Аляксей Мітрафанаў.

 Калі пагроза знешняй небяспекі перастала існаваць, насельнікі перасяляюцца ў больш зручнае месца. Туды, дзе зараз і знаходзіцца Бораўна.

 На поўнач ад сучаснага паселішча, у лясным масіве, паводле апісання мясцовых жыхароў, мы адшукалі чатыры курганныя насыпы, якія па часе можна аднесці да Х – ХІ стагоддзяў. 

 Два дні, праведеныя ў археалагічнай экспедыцыі, сталі добрай палявой школай для слабадскіх следапытаў. На свае вочы пабачылі тое, пра што раней толькі чыталі ў падручніку гісторыі, нават і не здагадваючыся, што гісторыя тая зусім побач.

Напісана ў 2018 годзе.







Иван: 25.06.2018 в 17:53 — 4 месяца назад

Валерый, это не та гора Церкавища с каменным крестом на вершине, что находится с правой стороны трассы Минск- Витебск нне доезжая моста череэ реку Улла. Если смотреть с горы на юг были видны склады со взрывчаткой, дальше

озеро с раками, а впереди ещё озеро и там дальше Боровно (не видно ) . Последний раз лет тридцать назад был там

был там, место интересное, не о нём ли Вы рассказываете? Дед-всевед.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 7 дней назад,   за неделю: 648 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 6 дней назад,   за неделю: 423 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 5 дней назад,   за неделю: 405 
ЧАЛАВЕК У КАНАВЕ. ЛЮДЗІ НЕПАКОЯЦЦА — 2 дня назад,   за неделю: 369 
ЛЕПЕЛЬСКУЮ ГІСТОРЫЮ КАПАЮЦЬ НАВУКОЎЦЫ — 3 дня назад,   за неделю: 308 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 221 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение