Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 24.07.2018 (08:44) — 5 месяцев назад

650. ВАНДРОЎКА ЎЗДОЎЖ ВОЗЕРА ОКАНА. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 2, за неделю: 7, всего: 465

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Празвінеў першы званок 2000/2001 навучальнага году, і школы зноў запоўніліся гоманам бесклапотнай малечы. Кожны імкнецца падзяліцца ўражаннямі, набытымі за час летніх канікулаў.

 Ёсць што расказаць і сябрам нашага краязнаўчага гуртка Дзіму і Вадзіму Гацурам, Сашу і Валодзю Котавым: незабыўныя ўспаміны засталіся ў хлопцаў пасля экспедыцыі, мэтай якой былі запіс і вывучэнне легенд, паданняў аб паходжанні назваў вёсак, пошук помнікаў археалогіі.

 На гэты раз аб´ектам сваіх даследаванняў мы абралі вёскі Селішча і Окана. Маршрут наш ляжаў праз Гарадзец. Яшчэ на падыходзе да вёскі мы ўбачылі гарэльнік, на якім паміж абпаленых дрэў сіратліва чарнелі прыкапаныя  камяні. Пры больш дасканалым аглядзе мясцовасці высветлілася, што гэта надмагільныя пліты з выбітымі на іх крыжыкамі. Дзе-нідзе былі і асобныя каменныя крыжы. Такія вось помнікі ставілі нашыя продкі на магілах нябожчыкаў у XI – XIII стагоддзях.

 Падчас абеду дабраліся да Селішча.

 Першы, каго мы там сустрэлі, быў Павел Яфімавіч Жарнасек. Цікавімся, ці ёсць тут якія-небудзь пахаванні, пагоркі з цікавымі назвамі.

 - Вось вам і пахаванне - валатоўка, - паказвае дзядзька на пагорак, дзе ляжалі нашы заплечнікі.

 - Адкуль вы ведаеце, што гэта валатоўка? – пытаемся. - Яна ж зусім не падобная на курган.

 – Гэтую валатоўку я ведаў, калі быў яшчэ малы, — узгадвае селішчанін. - Тады, у вайну, немцы капалі траншэю на гэтым пагорку і дасталі два чарапы.

 За метраў пяцьсот ад першага насыпу Павел Яфімавіч паказвае яшчэ адну валатоўку, пашкоджаную пракладзенай побач палявой дарогай.

 Пра паходжанне назвы вёскі мясцовыя жыхары нічога не ведаюць. Але селішчамі раней называлі неўмацаваныя пасяленні сярэдзіны першага тысячагоддзя. Несумненна, што менавіта ад гэтага і пайшла назва вёскі.

 На начлег спыніліся ля Окана, на беразе возера з аднайменнай назвай.

 Набіраючы са студні ваду, пачулі ад вяскоўцаў паданне пра назву возера. Даўным-даўно было гэта, калі першыя людзі пачалі засяляць прасторы Беларусі. У тыя старажытныя часы яна была ўся занятая непраходнымі лясамі і балотамі, дзе вадзілася шмат драпежных жывёл, што было вельмі небяспечна для першапраходцаў. Бачна, не ад добрага жыцця яны шукалі сабе новую радзіму, рызыкуючы сабой і сваімі сем’ямі. Адно такое племя, пераадольваючы ўсялякія перашкоды, з’явілася ў нашых лясістых мясцінах. Частка людзей рассялілася ўздоўж рэк і вакол азёр. Астатнія вандроўнікі рушылі далей у пошуках лепшых зямель. Дзень і ноч прабіраліся яны скрозь непраходныя пушчы. І чым далей, тым больш непраходнымі рабіліся лясы, а пад нагамі мацней гайдалася багна, гатовая разявіць сваю пашчу прама пад нагамі перасяленцаў. Далей ісці было небяспечна, а вяртацца назад не хапала моцы. Так і засталіся людзі жыць у непраходным гушчары лясоў і сярод тванных балот. Неяк прывыклі да гнілых мясцін, але чарговае пахаладанне на Зямлі вымусіла навасёлаў пакінуць свае паселішчы.

 Прайшло шмат часу. І ўжо тым шляхам ішлі нашчадкі тых далёкіх прашчураў. Цяпер не галеча штурхала людзей у балоты, а кліч продкаў. Як птушка вяртаецца ў сваё гняздо, так і чалавек не забываецца пра радзіму.

 Стомленыя шматдзённай хадой, абарваныя і галодныя, стаялі людзі на ўскрайку непраходнага балота, пасярэдзіне якога сінела акно. Далей ісці не было куды – гэта была іх радзіма. Уладкаваліся тут хадакі на начлег. Калі абудзіліся пасля працяглага сну, мясцовасць не пазналі. Там, дзе было балотнае вакно, разлілося прыгожае возера, вакол якога раскінуліся ўрадлівыя землі.

Такім чынам Бог аддзячыў людзям за павагу да памяці продкаў! З  тае пары возера носіць назву Окана! Назвалі людзі так і сваё паселішча. Вёска Окана – даволі стары населены пункт. Вядома, што першыя людзі тут сяліліся ўжо ў ІІІ-ІІ стагоддзях да новай эры.

 3 першымі промнямі сонца пачынаем збірацца ў дарогу: наступіў другі дзень нашай экспедыцыі. Пераходзім праз Верабскі канал, які з´яўляецца часткай Бярэзінскай воднай сістэмы. Месцамі з вады выступаюць рэшткі зрубаў XVIII стагоддзя, якімі былі абкладзены берагі.

 Бадзёра пераадольваем апошнія кіламетры маршруту, быццам і не было за плячамі двух дзён, праведзеных у дарозе.

2000 год.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 1 день назад,   за неделю: 500 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 4 дня назад,   за неделю: 481 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 6 дней назад,   за неделю: 453 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 162 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 83 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 70 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение