Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 11.08.2018 (08:30) — 4 месяца назад

654. СКЛАДАЕМ ТАПАНІМІЧНЫ СЛОЎНІК КРАЮ. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 4, за неделю: 9, всего: 456

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Восень сёлета выдалася даволі цёплай. Але цяплынь гэтая падманлівая. У хуткім часе з неба замест цёплага дожджыку, магчыма, пойдзе снег. I дабрацца да аддаленых маленькіх вёсачак будзе даволі складана. Таму вырашыў цяпер, пакуль дарогі не заснежаны, наведаць некалькі такіх населеных пунктаў. Каб не было сумна, узяў у спадарожнікі Дзімку і Вадзімку – двух малых, якія вельмі любяць павандраваць.

 Давялося крыху паблукаць па лесе, пакуль выйшлі да нейкай вёскі. На карце гэта Калінаўка, але людзі карыстаюцца іншай назвай.

  Жыў тут некалі пан па прозвішчу Рэўт, трымаў гаспадарку. Наўкола цягнуліся непраходныя лясы, сяліба ж размяшчалася на полі. Вось і называлі людзі гэтае месца Рэўтполлем, гэта значыць, поле Рэўта. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Рэўтполле перайменавалі ў Калінаўку. Але новая назва не прыжылася.

 Бачна, у той час было занадта модна надаваць новыя найменні вёскам. Красаўшчына (у пасведчаннях аб нараджэнні жыхароў гэтай вёскі значылася Красашчына і Карсашчына) стала Шчаслівым Жыццём. Цяпер тут няма ніводнага жыхара: старыя памерлі, забраўшы з сабой у магілу гісторыю вёскі, маладыя раз´ехаліся па свеце шукаць сапраўднае шчаслівае жыццё. Не падабалася ім перспектыва цяжкой працы на родных палетках, у глухмені.

 Але гэта цяпер вакол глухія мясціны. Раней жа вёскі туліліся адна да другой. Побач з Рэўтполлем было Вобалачча, паміж Красашчынай і Красналучкай — Доўгая Лужа.

 Ідзём баравым лесам. Справа застаюцца вёска Валатоўкі і курганы-валатоўкі.

  Іх шмат. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ў старыя часіны тут кіпела жыццё.

 Неўзабаве дарога выбягае з лесу, і перад вачыма паўстаюць гаспадарчыя пабудовы Весялова.

 Вёска нібыта спіць: ніводнай душы на вуліцы. Толькі ў самым канцы паселішча сустракаем дзядзьку, які паказвае нам далейшы шлях.

 Адразу за Весяловам пачынаецца вёска Стайск. Туды і кіруемся.

  Жывуць у Стайску 22 чалавекі, усе пенсіянеры. Пра гэта распавядае Іван Фаміч Славінскі. Ён жа расказвае гісторыю Стайска і Весялова, якая пачынаецца з 1913 года, калі валосавіцкі пан запрасіў жыць на свае землі палякаў.

 Бацькі Івана Фаміча нарадзіліся аж пад самай Варшавай. Чаму пан паклікаў менавіта палякаў, аднаму Богу цяпер вядома. Як бы там ні было, а першым тутэйшым пасяленцам давялося пачынаць з нуля. Адно добра, што пан зямлі выдзеліў уволю. Але зямля тая спрэс складалася з лясоў і няўдобіц.

 Можа б і не здолелі палякі вытрымаць тутэйшага ладу жыцця, каб не жылі разам, адной грамадой. Не забываліся яны і адкуль прыйшлі. У Весялове была адкрыта польская школа, у якой дзеткам прышчэплівалі любоў да роднай мовы і культуры. Усе гаспадарчыя клопаты вырашаліся ў сваім — польскім сельсавеце. Праўда, тая самастойнасць не падабалася тагачасным уладам. Спачатку быў скасаваны польскі сельсавет. У 1936 годзе зачынілі і польскую школу.

 Падзякаваўшы дзядзьку Івану за цікавы аповяд, працягваем сваё падарожжа. Вёска Іван-Бор прытулілася нешматлікімі пабудовамі да лесу. Жывуць цяпер у ёй два чалавекі. У астатніх некалькіх хацінах гуляе вецер.

 Іван-Бор, як і Рэўтполле з Красашчынай, атрымаў, было, іншую назву – Чырвоны Кастрычнік. Але не прыжылася і яна.

 Пройдзе некалькі гадоў, і пакінуць гэты свет жыхары ўзгаданых вёсачак. Толькі парослыя быльнікам і кустоўем курганы ад хат будуць нагадваць, што калісьці ў гэтых мясцінах жылі людзі.

 Добра, што хоць застануцца ў памяці людзей старыя назвы невялічкіх паселішчаў. А гэта значыць, што ўспаміны аб іх будуць жыць доўга. Не пра Калінаўку, Шчаслівае Жыццё, Чырвоны Кастрычнік, а пра Рэўтполле, Красашчыну (Карсашчыну), Іван-Бор...

30 студзеня 2001 года.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 1 день назад,   за неделю: 500 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 4 дня назад,   за неделю: 481 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 6 дней назад,   за неделю: 453 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 162 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 83 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 70 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение