16 авг 2018 в 08:27 — 1 год назад

3) Біяграфія партызана з першых вуснаў. ПАРТЫЗАНСКІ ЗБРОЙНІК. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 745

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.

Запісана паводле ўспамінаў жыхара Лепеля Аляксандра Міхайлавіча Стрыжонка, яго блізкіх і знаёмых.

Партызанскі збройнік 

  Да кастрычніка быў дома, а напачатку месяца за мной прыехаў цёзка па прозвішчы Гаўрыла Стрыжонак з загадам камандзіра атраду Мігунова сабраць увесь кавальскі рыштунак і даставіць мяне ў атрад. Разам з пасланцом дабраліся да Антуноўскага лесу каля вёскі Малыя Дольцы. Атрад знаходзіўся ў гушчары. Партызаны жылі ў буданах, зробленых з яловых лапак.

 Пасля разгрому аднаго з гарнізонаў прывезлі сякеры і пілы. Прыгналі коней. Мы, збройнікі, пабудавалі сабе зямлянку і майстэрню. Рамантавалі стрэльбы, якія падгарэлі, кулямёты са збітых самалётаў.

 Быў нават даведзены план: па тры стрэльбы за дзень рамантаваць. Кулямёты ставілі на трыногі. Стрэльбы перараблялі на карабіны. Вядома, што ў паленай зброі дальнабойнасць і трапнасць былі не вельмі добрыя. Аднак для блізкага бою яна падыходзіла. Перапальвалі спружыны. Рабілі прыклады. Нават рамантавалі танкавыя гарматы і кулямёты. А аднойчы зрабілі прылады да палкавога мінамёту.

 Збройнікаў бераглі. Камандзір катэгарычна забараніў браць нас на заданне. Гэта зразумела: патрэбна была зброя, а яе не хапала. Але мне вельмі хацелася пабыць у сапраўдным баі з ворагам.

 У красавіку 43-га году давялося пакінуць лясны лагер, бо пачаліся штодзённыя бамбёжкі, і ў наш бок пайшлі вялікія сілы немцаў. Начальніка боезабеспячэння Пальчэўскага і нас 12 чалавек перакінулі ў вёску Валова Гара ў размяшчэнне брыгады Кірпіча. Суткі адпачывалі ў добра натопленай хаце, а потым са сваім скарбам перайшлі ў раён вёскі Беразіно. Некалькі дзён прабылі ў лесе, а потым размясціліся ў вёсцы Цвецінцы, дзе была наша брыгада Дубава (Дуброўскага). Яна трымала абарону ў вёсцы Старана.  Гэта ўжо Ушацкі раён. Падчас бою мы рамантавалі кулямёты ды іншую зброю, пашкоджаную асколкамі мінаў ці авіябомбаў. Праз некалькі дзён, несучы вялікія страты, немцы знялі асаду партызанскай абароны.

 Да нас прыходзіла ўсё больш і больш мужчынскага насельніцтва з мясцовых вёсак, бо карнікі пачалі вынішчаць мужчын прызыўнога ўзросту, бралі як закладнікаў. Забівалі 10 чалавек за кожнага забітага немца і пяць за параненага. Забівалі і тых, хто хаваўся ў лесе, і быў злоўлены карнікамі. Такое адбывалася ў вёсках Вокана і Валовая гара.

 Брыгада Дубава падзялілася на дзве. Падзяліліся і атрады. Брыгада Лабанка павінна была дзейнічаць паблізу Лепеля і знаходзіцца на захадзе раёну – на Бярэзінскай сістэме. Брыгада Дубава накіроўвалася ў ваколіцы Чашнікаў.

 Мяне прызначылі начальнікам боезабеспячэння ў трэці атрад брыгады Лабанка, дзе камандзірам быў Сучынскі, а начальнікам штаба – Чарноў.

 У 1943 годзе наш гаспадарчы ўзвод знаходзіўся  ў Валовай Гары, а стралковыя падраздзелы займалі абарону ў Селішчы і Вокане. Потым наш узвод перавялі глыбей у лясны масіў, на хутар Мар’янова, што знаходзіўся паміж Ніўкамі, Валовай Гарой і Барсукамі.

 Жудасная карціна паўстала перад нашымі вачамі – на палову закапаная яма з целамі жыхароў Валовай Гары, забітых падчас блакады ў чэрвені 43-га. На хутары нейкім цудам засталіся пабудовы: дзве хаты, пуні, хлеўчукі.

 Сабралі дошкі, якія былі ў ацалелых пабудовах, змайстравалі дамавіны. Целы забітых з ямы даставаў Юзік Шуневіч, бо мы не маглі вытрымаць смуроду раскладзеных трупаў. Дзед Шуневіч захінуў мокрай марляй твар і выцягваў забітых людзей. З дапамогай нас і родных забітых людзей паклалі ў труны 13 трупаў і завезлі на Валавагорскія могілкі.

 Да самай зімы мы знаходзіліся на хутары, а з надыходам халадоў перайшлі ў Валову Гару. Жылі ў школе. У двары Сакалоўскага размясцілі майстэрню, збітую з драніц.

 Практыка і майстэрства прыйшлі з часам. Дастаткова сказаць, што узімку 44-га змайстраваў сабе аўтамат з рулі нямецкай стрэльбы, стабілізатара авіябомбы, прыклад выразаў з бярозы, на затвор пайшоў кавалак шворна ад падводы, спружына атрымалася з шыны. Вынікі былі нядрэнныя: хуткастрэльнасць выйшла значна вышэйшай аналагавай, лепшай была і дальнабойнасць.

 Выклікаў мяне камісар брыгады Качанда сябе дзесьці ў сакавіку, праверыў самаробны аўтамат і сказаў:

 - Узнагародзім цябе ордэнам. Ужо я пастараюся.

 Даў мне дзве баявых спружыны, што для мяне было лепш за любы ордэн.

 Першы аўтамат я па просьбе камандзіра атрада падарыў Васю Хафізаву альбо, як яго называла начальства, партызану Суліму. Сабе зрабіў другі. Рулю ўзяў ад ручнога кулямёта. Усе астатнія дэталі выточваў з падручных матэрыялаў.

 У гэты час камбрыг Лабанок вылятаў за лінію фронту і сказаў мне:

 - Рабі болей такой зброі.

 Але больш рабіць не давялося, бо пачалася блакада партызанскага краю.

2018

Працяг глядзець тут.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 169 
88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 114 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 2 недели назад,   за неделю: 94 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 2 недели назад,   за неделю: 65 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 2 недели назад,   за неделю: 61 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ