18 авг 2018 в 08:08 — 1 год назад

5) Біяграфія партызана з першых вуснаў. НА СУСТРЭЧУ З НАШЫМІ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 804

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку тут.

Запісана паводле ўспамінаў жыхара Лепеля Аляксандра Міхайлавіча Стрыжонка, яго блізкіх і знаёмых.

На сустрэчу з нашымі

 Камандзір другога атрада Мікола Самусь неяк збярог рацыю і распавёў аб падыходзе Чырвонай арміі. Раніцай камбрыг Ярмуш і камандзір брыгады Качан выклікалі Сучынскага, Чарнова, Самуся і палітрука, настаўніка са Свядзіцы. Ім было дадзена заданне стварыць групу і выйсці насустрач нашым, пры тым праводзіць мабілізацыю ў вёсках, збіраць партызан, што вырваліся з атачэння, рабіць дыверсіі на шляху адступлення акупантаў.

 Качан з большай групай пайшоў на Ушачы, свядзіцкія з палітруком – у свае мясціны, а наша група з васьмі чалавек, без уліку 12-гадовага сына Донькі Пшонкі з Рудні, накіравалася ў напрамку Валовай Гары і Зацяклясся дзеля кантроля над шашой Лепель – Бягомль.

***

 - Ды што паўтараць пра нашы блуканні па тых балотах – я табе ўжо распавядаў. Давай лепш падсілкуемся, бо гаспадынька будзе сердаваць.

 Паласаваўшыся свежай рыбай ды запіўшы яе гарбатай, зноў вярнуліся да перапыненай размовы.

 - Дзядзька Аляксандр, а якія падзеі разгарнуліся пасля таго, як вы пакінулі хату Казлоўскіх і вёску Барсукі?

***

 Ужо добра развіднела, і сонца ўзнялося над лесам, калі мы мінулі Бруснічнае і выйшлі на Гардзіёнкаў хутар. Перайшлі грэблю, якая служыла мостам над ракой Кестай, і праз 10 хвілін выйшлі на Левановічава ці Шуневічава поле, што служыла партызанскім аэрадромам. Поле мы мінулі ускрайкам лесу і выйшлі да вёскі. Прысеўшы ў буданах вяскоўцаў, што хаваліся ў іх падчас налёту самалётаў або прыходу карнікаў, і не ўбачыўшы нічога падазронага, па аднаму перайшлі бліжэй да дамбы пад вялізны разлапісты дуб, каля якога ў дамбе былі выкапаныя скляпы для захоўвання бульбы, агародніны ды іншых прадуктаў.

 Цяжка было глядзець на падворак Левановічаў, ператвораны ў галавешкі. Сіратліва цягнуўся ў неба журавель студні. Вось так: была сям’я, і няма нікога.

 У хуткім часе падышла жанчына з сямігадовай дзяўчынкай. Я добра ведаў, што ў іх хаце размяшчаўся штаб брыгады Дубава, потым – Лабанка. Кабета распавяла, што у вёсцы немцаў няма, усе сяляне дома, чакаюць прыходу нашых.

 Жанчыны з хаты Шуневічаў затапілі лазню, пачалі гатаваць полудзень. Але адпачываць не давялося. Прыбегла дзяўчына і з страхам прамовіла:

 - Адыходзьце! З боку Нівак прыйшлі немцы. Толькі не страляйце, бо спаляць вёску і ўсіх перастраляюць.

 Паспешліва, прыгнуўшыся, перабеглі канаву і праз дзве гадзіны скрозь Сідзякоў хутар апынуліся ў Зацякляссі, затым у Мядзвёдаўцы. Там сустрэліся з кіраўнікамі брыгады Ярмошам і Качаном. Ад іх атрымалі заданне заставацца ў ваколіцах Валовай Гары.

 Пераначавалі ў зямлянках мясцовых жыхароў. Раніцай з дапамогай мясцовых правадыроў прабраліся да вёскі Бяседы. Мясцовы жыхар Мікіта Мазго забяспечыў нас харчамі: бульбай, гарохам, хлебам, ячменнымі крупамі. Адвёў ён нас у сваю лясную зямлянку.

 Пражылі ў Мікітавай зямлянцы тры дні. На чацвёртыя суткі ў суседнія Верабкі прыйшла жанчына і сказала:

 - Я шукаю свайго брата, бо немцы абвясцілі, што будуць расстрэльваць сем’і партызанаў, і трэба ісці здавацца.

 Сучынскі скінуў з пляча аўтамат, штурхануў жанчыну да сасны і, нацэліўшы на яе зброю, прамовіў:

 - Пакуль немцы, дык мы цябе пакараем хутчэй за здраду радзіме, за правакацыю. Імем савецкага народу асуджаю цябе на пакаранне праз рас…

 - Але не паспеў камандзір прамовіць апошняе слова, як да яго падскочыў Мікіта Мазго і, гледзячы ў вочы, вымавіў:

 - Рыгор Анісімавіч, не пэцкай рукі аб гэтую паскуду. Няхай яе судзіць трыбунал.

 Мы падтрымалі Мікіту. Жанчына аб’ехала на зямлю каля сасны. Ад яе расплылася лужына.

 Вядома, заставацца ў Мікітавай зямлянцы далей было небяспечна. Падаліся ў бок Рудні да тых, хто пайшоў раней да сваіх сямей.

 Знайшлі сваіх на ўсходнім баку возера Бярэшча, на балоце пад назвай Бабская Баравіна або Бярэшчанскія чысцікі. З сабой яны прывялі нават кароў ды іншую жывёлу. У іх пераначавалі, а раніцай Сучынскі адаслаў мяне, Доньку Пшонку і партызана Арлоўскага ў Валову Гару разведаць абстаноўку, сабраць байцоў нашага атрада, што выйшлі з акружэння, і чакаць нашу групу ля вёскі. Самі яны вырашылі наведаць Свяду і Свядзіцу з такой жа мэтай.

 Перайшлі мы рэчку Бярэшчу, што выцякае з аднайменнага возера, і заўважылі на поплаве коней. Донька палічыў іх нямецкімі і адмовіўся ісці далей. Мы вярнуліся назад, пераначавалі і назаўтра пайшлі ўдвох з Арлоўскім. Перайшлі Бярэшчу і наблізіліся да коней. Яны аказаліся аканскімі. Абышлі возера і выйшлі да Злучальнага канала Бярэзінскай воднай сістэмы.

 Паводзіны Арлоўскага выклікалі ў мяне сумненне: без зброі перайшоў да партызанаў падчас наступу на Лепель, калі гнаў атару авечак. Узяў я з яго клятву і папярэдзіў, што буду страляць, калі кінецца ўцякаць. Той пакляўся, што не кіне мяне аднаго, і параіў знайсці сухары, якія ён схаваў ля дарогі Вокана – Барсукі. Сапраўды, хутка мы знайшлі мяшэчак з сухарамі.

 Уздоўж Злучальнага канала каля пяці кіламетраў ішлі ўскрайкам лесу. Канал перайшлі за кіламетр да калавуркі даглядчыка шлюзу. У Валову Гару зайшлі, хаваючыся за дамбай, і прыселі ля дуба Левановіча Франіка, забітага фашыстамі на хутары Мар’янова.

 Агледзелі наваколле. Быццам нішто не паказвала на прысутнасць немцаў. Праз колькі хвілін убачылі жанчыну, якую я ведаў як Карабчучыху.

 - Ідзіце, - сказала яна, - да Кашурыхі. Там вашы мальцы калатуху гатуюць.

 Гэта былі Рубанік і Ягораў з нашага атрада. Яны былі ў Бяседах і прынеслі жыта. Арлоўскі змалоў жыта, і Рубанік спёк нам па хлебу.

 У Валовай Гары прабылі мы тры дні. Днём – у вёсцы, уначы – на ўзлеску або за дамбай абводнага канала.

 Апошні дзень знаходзіліся каля маяка, што стаяў ля вясковых могілак. Раптам пачулі гул рухавіка і ўбачылі, што ў вёску з боку Нівак рухаецца грузавік. Дзеля перасцярогі перайшлі на хутар Мар’янова. Арлоўскі застаўся ў вёсцы малоць жыта.

 У Мар’янове ўжо былі чатыры партызаны кавалерыйскага эскадрона.

 З хутара лесам дайшлі да бальшака Лепель – Бягомль і каля павароту перайшлі на другі яго бок паблізу хутара Кубскае. Адышоўшы метраў на сто ад бальшака, спыніліся ў хмызняку перад балотным востравам. У гэты час з-за павароту пайшла калона немцаў, можа каля батальёна. Нас было дзевяць чалавек амаль без боепрыпасаў. Вырашылі ў бой не ўступаць.

 Была спёка. Немцы ішлі без пілотак. Аўтаматы накіраваныя на лес. Вочы абшукваюць усё наўкола. Невялікі гук ці шамаценне лістоты – і тысячы смяротных куль пасякуць кожнага на капусту.

 Зноў па балоце і астравах выйшлі да Стайска. У вёску пайшлі чатыры кавалерысты і наш Цароў Міна. У крайнюю хату зайшоў Міна. Хлапчукі ціхенька паведамілі, што ў жыце хаваецца нямецкі афіцэр.

 Дамовіліся, што ў палон фрыца браць не будзем. Убачыўшы яго, Цароў даў чаргу з аўтамата. Забраў трафейны аўтамат, парабелум, фотаапарат.

 Да нас прыбег кавалерыст і паведаміў, што Лепель звольнены ад фашыстаў, але іх поўна ў лясах. На дарозе паміж Стайскам і Барсукамі пачулася страляліна. Па Віленцы ўдарылі “кацюшы”.

 Вяртаючыся са Стайска, убачылі дзвюх забітых кароў і два знявечаныя целы партызанаў. Рассыпаўшыся ланцужком уздоўж дарогі, вынішчалі ўсіх варожых салдатаў. Не шкадавалі нават параненых. Ніякія маленні аб дапамозе ўжо не маглі спыніць партызанаў. Казалі:

 - Няхай вас, гадаў, ваўкі зжаруць.

 Толькі падышлі да Барсукоў, як спыніў вокліч:

 - Стой! Кто идёт?

 Бачым, што цалкам аточаныя байцамі Чырвонай арміі. Радасць распірае грудзі. Хочацца крычаць, спяваць. Але вайна мае свае правілы. Даводзіцца адказваць на іх пытанні: хто такія, з якога атрада, хто камандзір?

 Пасля допыту нас пачаставалі добрай махоркай. Курылі ўсе, нават тыя, хто раней гэтага ніколі не рабіў.

 Прыйшлі ў Барсукі, дзе ствараўся вайсковы шпіталь і камісія па прыёме палонных. Нас папярэдзілі, што дзесьці ў лесе хаваюцца каля васьмісот немцаў. Ідуць з-пад Віцебска і на шляху чыняць шмат шкоды. Таму трэба быць вельмі асцярожнымі.

 На наступны дзень, засвоіўшы перасцярогу, пайшлі ў Лепель на пункты перафармавання. Дайшоўшы да Забаення, што ў кіламетры ад горада, зайшлі ў адну хату, другую, трэцюю, і толькі ў чацвёртай пакармілі малочным супам і далі па лусце хлеба.

 Рэшткі нашай брыгады сабраліся на Пятачку. Перамясціліся на Набярэжную Эсы. Адтуль перавялі ў Забаенне. Я і Карбоўскі трапілі ў адну хату. Уначы гаспадыня гатавала нам вячэру. Яе сын граў на гармоніку. З’явіўся вайсковец у шынялі. Выхапіў у хлопчыка гармонік. Схапіў мяшок з бульбай і спрабаваў уцячы. Давялося ўмяшацца і спыніць рабаўніка, наставіўшы на яго аўтамат. Хлопчык забраў гармонік. А гаспадыня ўсё адно насыпала вайскоўцу амаль вядро бульбы.

 У Забаенні прабылі сем дзён. З Карбоўскім схадзілі да яго дамоў. Мяне там крыху апранулі: далі кіцель, кашулю, галіфэ.

 Пакуль камандзір і начальнік штаба Чарноў адсутнічалі, спісы складаў палітрук. Мяне запісаў простым партызанам, а не начальнікам боезабеспячэння і камандзірам  узвода.

 Потым нас перавялі ў Лепель. Перапісалі дадзеныя. Частку пераабмундзіравалі. Групу, у якую трапіў і я, пакінулі разам з камсаставам.

2018

Заканчэнне глядзець тут.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 4 дня назад,   за неделю: 348 
89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 2 дня назад,   за неделю: 235 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 7 дней назад,   за неделю: 210 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 5 дней назад,   за неделю: 188 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 129 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ