Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 05.01.2012 (01:18) — 7 лет назад

АЭРАДРОМ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 8, всего: 577

 

Адразу за адгалінаваннем ад шашы Мінск -- Віцебск заасфальтаванай дарогі на Вялікі Поўсвіж управа адыходзіць яшчэ адна дарога. Яна менш прыкметная, практычна не выкарыстоўваецца і называецца Старой дарогай на аэрадром. Снег толькі-толькі пацягвае наваколле тонкім белым абрусам, таму ісці па ім лёгка. Перашкаджае моцны вецер, які пры пяціградусным марозе працінае адзенне, коле твар. Нягледзячы на гэта, яркае зімовае сонца сваім халодным ззяннем надае настрою.

 

Дзесяткі разоў даводзілася бываць на месцы былога пасажырскага аэрапорта, які цяпер з’яўляецца ўсяго толькі ўрочышчам з назвай Аэрадром. Аднак, абставіны, якія туды прыводзілі, не заклікалі цікавіцца наваколлем і гісторыяй месца. Таму над гэтымі акалічнасцямі практычна не задумваўся. На гэты раз падаўся на аэрадром спецыяльна, каб напісаць аб ім.

 Гэтая дарога не пракладвалася спецыяльна ў тагачасны аэрапорт. Служыла яна ўсяго толькі аб’ездам на час будаўніцтва пуцеправоду на шашы, які здаўна называюць Гарбатым мостам. Аднак аб’езд той капітальны, мошчаны плоскімі абчэсанымі камянямі, як і ўся дарога Мінск -- Віцебск у той час. За непатрэбнасцю некалькі гадоў таму назад яны былі выкарыстаны на будаўніцтва гарадскіх кветнікаў.

 

Былы аб’езд упіраецца ў чыгунку. Пераезд спецыяльна ліквідаваны. За рэйкамі дарога аднаўляецца і скрозь густы бярэзнік выводзіць на аэрадром, дзе адразу ўпіраецца ў сеткавую агароджу комплексу прыдарожных паслуг. Правей -- узлётна-пасадачная паласа, на якую вядзе прамая дарога ад Мінскай шашы. На яе заканчэнні (ці пачатку) насыпаная пясчаная гара. Далей бетанаваная шырокая паласа захавалася, мабыць у першапачатковым стане.

 

…Яшчэ на мяжы 60-х -- 70-х гадоў у Лепелі дзейнічаў аэрапорт. Штодзень ляталі самалёты (у народзе іх называлі “кукурузнікамі”) на Мінск, Віцебск і Чашнікі. Білет да Мінска каштаваў пяць рублёў (на аўтобусе -- два рублі 50 капеек), Віцебска -- чатыры рублі (на аўтобусе -- рубель 73 капейкі), Чашнікаў -- рубель (аўтобус не хадзіў). Каля шашы, дзе цяпер размяшчаецца аўтазапраўка “Лукойл”, размяшчаўся адміністрацыйны будынак, у якім прадаваліся авіябілеты.

 

Калі канкрэтна спыніліся авіязносіны з Лепелем, не магу сказаць. Памятаю, як, апынуўшыся ў Мінску ў пачатку 70-х гадоў, прыехаў у сталічны аэрапорт купляць білет да Лепеля. Касір сказала, што самалёты туды даўно не лятаюць.

 

Узлётна-пасадачная паласа не займае пляц без патрэбы. На ёй праводзяцца спаборніцтвы картынгістаў. Прыязджаюць трэніравацца мотадэльтапланерысты з усёй Беларусі. Прылятаў самалёт з афіцыйнага авіяатрада, які за значную суму катаў пасажыраў і дазваляў скокнуць з парашутам на поле паміж Вялікім Полем і Казламі. Выкарыстоўвала бетанаваную пляцоўку і сельскагаспадарчая авіяцыя, дзе самалёты і верталёты запраўляліся кампанентамі для ўгнойвання пасеваў.

 

Адміністрацыйны будынак пуставаў нядоўга. У яго раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка” засяліла дзве сям’і сваіх работнікаў. Паступова жыхарам Аэрадрома выдзялялі добраўпарадкаваныя кватэры, а іх жытло займалі навічкі. З цягам часу будынак буцвеў, таму людзей выселілі, а яго разабралі на будматэрыялы. Цяпер на тым месцы размяшчаецца аўтазапраўка “Лукойл”.

 

Улетку паміж праездам на Аэрадром і дарогай на Заслонава гараджане пасвяць уласных кароў. За ўзлётнай паласой упрытык да яе невялікае поле земляробы сельгаспрадпрыемства засяваюць сельгаскультурамі.

 

За полем -- глыбокі і шырокі роў, па дне якога цячэ ручай у возера Глыбочыца. На супрацьлеглым баку месціцца прамысловая база прадпрымальніка Паўла Фядзьковіча, за ёй -- вёска Жарсцвянікі.

 

Вяртаюся на ўзлётную паласу. Акідваю яе позіркам. Цудоўнае месца для першаснага навучання кіравання легкавіком! Якраз адзін круціцца на ёй.

 

Так што аэрапорт у Лепелі ніякі не міф, а рэальнасць, хоць і былая.

 

ВАЛАДАР ШУШКЕВІЧ (ВАЎЧОК ВАЛАЦУЖНЫ)

 

На здымку: узлётна-пасадачная паласа Лепельскага аэрадрома.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 661 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 491 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 1 неделю назад,   за неделю: 292 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 69 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 54 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение