26 окт 2018 в 08:24 — 1 год назад

672. АСАБЛІВАСЦІ РАССЯЛЕННЯ ЛЯ АЗЁРАЎ КАБАК І БАБЧА. Клімаў Марат

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 721

 Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Большасць людзей ведае, што калі ў тапанімічных тэрмінах утрымліваецца слова “Двор”, значыць, на тым месцы знаходзіўся фальварак альбо панскі двор. Аднак у “Рэвізіі Полацкага ваяводства 1552 году” няма такога тэрміну як “двор”. Таму ў старадаўняй уліковай кнізе пазначана толькі адна вёска Бабча замест сучасных дзвюх: Бабчы і Двор-Бабчы. З гэтай прычыны дакладна ўстанавіць немагчыма, калі на Лепельшчыне ўзнік фальварак ці маёнтак Двор-Бабча.

 Пры абследаванні непасрэдна заходняга берага возера Кабак у 2017 годзе натыкнуліся яшчэ на адно паселішча Кабак, максімальна набліжанае да вады.

 Яно было выцягнута ўздоўж берагавой лініі. Знойдзеныя фрагменты вельмі дробныя, аднак дазволілі вызначыць, што адносяцца яны да ХІІ стагоддзя. Аб тым сведчыць форма знаходак і асаблівасці абпалу керамікі. Паселішча было невялікае, існавала, бачна, не вельмі доўгі час. Больш дакладна гэта вызначыць немагчыма, патрабуецца археалагічнае даследаванне. Толькі так можна прасачыць нейкія працэсы храналогіі, а не абагульняць знаходкі шырокім перыядам. Гэта адносіцца і да другога паселішча.

 Трэцяе паселішча было знойдзена на заходнім беразе возера Бабча.

 Яно размяшчалася на першай надпоплаўнай тэрасе, мела складаную структуру. Ужо падчас археалагічнай разведкі знайшлі цікавыя артэфакты: адзін з фрагментаў керамікі ХІ-ХІІІ стагоддзяў, шыферная прасніца, што падкрэслівае даволі высокі ўзровень жыццядзейнасці, паколькі шыфер не валяецца ў паселішчах і з’яўляецца па-сутнасці маркерам нармальнага ладу жыцця.

 З больш старажытнай эпохі захаваўся крамянёвы наканечнік стралы. Ён адносіцца да перыяду шнуравой керамікі (ІІІ тысячагоддзе да нашай эры). Бачна, што наканечнік тут апынуўся невыпадкова, паколькі падчас археалагічных даследаванняў “Бабча-1” былі знойдзены і крамянёвыя адшчэпы, якія нельга лічыць адходамі пры вырабе красалаў для здабывання агню. Магчыма, каля гэтага берага знаходзяцца стаянкі таго перыяду. Гэтую выснову падаю толькі як дапушчэнне, паколькі пры раскопках сам пласт той стаянкі не закранулі.

 Што тычыцца структуры селішча. Справа ў тым, што яно мела некалькі пляцовак. Адна была непасрэдна каля вады ў ніжняй частцы возера Бабча. Другая размяшчалася на надпоплаўнай тэрасе. Апрача таго фіксаваліся асобныя фрагменты крэменю і керамікі ХVІ- ХVІІ стагоддзяў.

 На падставе ўзгаданых дадатковых знаходак выкрышталізоўваецца выснова, што гэтая частка берага была шчыльна заселена з далёкай старажытнасці.

 На гэты раз былі распрацаваныя два шурфы і раскоп №1. Капаць і шукаць артэфакты дапамагалі вучні і настаўнікі школ Лепеля і раёна. Працавалі з ахвотнай. Да юных археолагаў прыязджалі зацікаўленыя асобы Лепельшчыны, артысты, краязнаўцы. Разам ладкавалі Купалле.

 Праца праходзіла ў складаных умовах. Штодзень ішлі дажджы. Трымаўся холад. Уначы тэмпература апускалася да сямі градусаў цяпла. Вучні працавалі ў плашчах, на ногі намотвалі поліэтыленавыя пакеты. Аднак працавалі з такім энтузіязмам, што баяліся, каб іх бацькі не забралі з раскопак, бо жылі ў палатках.

 Раскоп меў шырыню чатыры і даўжыню пяць метраў.

 Калі ўжо дакапаліся да мацерыка, знайшлі руіны невялікай печкі з тоўстым попельным нагарам. З бакоў яна мела муры з камянёў і адносілася не да ХІ-ХІІ стагоддзяў, а, магчыма, да першай чвэрці І тысячагоддзя.

 Знаходкі з шурфа №1 памерам метр на метр паказалі, што тут актыўна развівалася паселішча ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях.

 У шурфе №2 ніжняя частка чорнага пласта ў асноўным утрымлівала ляпную кераміку, гарызонт вышэй паказаў ганчарную кераміку. Фіксаваліся праслойкі пяску. Магчыма, узровень возера ўзнімаўся. Гэта тлумачаць і іншыя храналагічныя моманты.

 Аднолькавая па складзе кераміка сустракаецца як на ніжняй, так і на верхняй пляцоўках. Розная ж сведчыць аб тым, што ў ХІ стагоддзі людзі жылі на ніжняй пляцоўцы, а пры павышэнні ўзроўню воднай паверхні ў ХІІ стагоддзі перасяліліся на верхнюю. Аднак верагодная і версія, што паселішчы існавалі паралельна там і там. Дакладна гэта даказаць немагчыма. Адносна ж другой паловы ХІІІ стагоддзя можна сцвярджаць што паселішча развівалася толькі на верхняй пляцоўцы. Дарэчы, у той перыяд многія паселішчы перамяшчаліся на больш высокія пляцоўкі. Прычынай хутчэй за ўсё быў рэальны пад’ём узроўняў вадаёмаў.

 Далей па часе на беразе Бабчы адсутнічаюць сведчанні працягу жыццядзейнасці людзей. Знаходкамі становіцца кераміка ўжо ХV-ХVІ і больш пазнейшая – ХVІІ-ХІХ стагоддзяў. Значыць, умоўна кажучы, месца было зручным для жыцця на працягу доўгага прамежку часу.

 Сярод знаходак шмат рэчаў вясковай культуры: камень-цёрачнік для расцірання зерня, тыповыя нажы, цвік для кавання каня, два фрагменты іголак, гліняная прасніца, тры грузілы для рыбалоўнай сеткі… Нічога выключнага тут няма, паколькі падобныя прадметы сустракаюцца на ўсіх вясковых паселішчах.

 Ёсць характэрная загадка рассялення людзей абапал возера Бабча. Раскопкі праводзіліся на заходнім яго беразе.

  Вядома, абследавалі і ўсходні бераг. Па ўмовах для жыцця, па месцазнаходжанні абодва берагі, здаюцца аднолькавымі. Аднак ніводнага фрагмента керамікі, ніводнага сведчання пасялення людзей там не знайшлі. Чаму? Можна выказаць толькі версію, што тагачаснымі людзьмі ўлічваўся рух сонца для максімальнага абагрэву паселішча. А ўжо ў ХVІ-ХVІІ стагоддзях сяліліся ўсюды, дзе толькі былі свабодныя месцы.

 Пляцоўка, дзе праводзіліся раскопкі, здаўна разворваецца. Такая сельскагаспадарчая дзейнасць стварае ідэальныя ўмовы для археалагічных даследаванняў.

Запісана ў 2018 годзе.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 6 дней назад,   за неделю: 352 
88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 141 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 2 недели назад,   за неделю: 99 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 1 неделю назад,   за неделю: 79 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 2 недели назад,   за неделю: 68 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ