Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 21.01.2012 (08:07) — 7 лет назад

ВОЗЕРА ПЛОЧ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 536

Вандроўныя нататкі старога валацугі

 

Кожны, хто едзе шашой на Мінск, праз кіламетр за Рудняй, справа ад дарогі, заўважае блакітны ўскраек ляснога возера. Большая частка воднай роўнядзі хаваецца за ўзвышаным уздоўжазёрным борам. На падрабязнай карце-кіламетроўцы выразна пазначана яго назва -- Плоч. Аднак большасць лепельцаў карту тую не бачылі і называюць возера прыдуманай самімі назвай -- Блакітнае. Так нават у афіцыйных дакументах раённага маштабу пазначаюць.

У бок Рудні схавалася ў баравой цясніне меншае Акунёва, а насупраць самой вёскі па цэнтры балота прытулілася круглае Вужачае. Наведаць Плоч выпала ў сярэдзіне зімы.

Па белым лапіку сярод сосен спрактыкаванае вока яшчэ з шашы вызначае -- ледзяны панцыр вадаёма захінуў тонкі снегавы абрус. З мінскага боку паўз возера бяжыць трохкіламетровая лясная дарога да ракі Бярэшча, даступная толькі веласіпеду ды конскай павозцы.

Дзіўна! Насупраць возера доўгі час вабіла падарожнікаў няхітрае месца адпачынку з адпаведнымі малымі архітэктурнымі збудаваннямі. Цяпер ад іх і следу няма -- прыбралі лесаахоўнікі, каб транзітнікі не смецілі. Так зрабілі і з іншымі зонамі адпачынку. Цяпер смецце разносіцца па ўсім наваколлі і здаецца непрыкметным.

Вось тут летам спрабаваў купацца. Апусціўся ў празрыстую ваду, трымаючыся за хісткі бераг. Ногі адразу наткнуліся на падводныя карчы.

Пад імі быў мяккі бяздонны глей. Адплываць не стаў -- пабаяўся напароцца на востры сук, схаваны ў воднай тоўшчы.

Цяпер узбярэжнае тваннае балота скаваў мароз. У возера цягнецца шнурок слядоў. Значыць, лёд трывалы. Даходжу да прасвідраванай палонкі. Непадалёк -- яшчэ адна. Бачна, нехта дарэмна спрабаваў вудзіць рыбу.

Яшчэ ў 70-х гадах мяне зацягнуў на Плоч спрактыкаваны знаёмы рыбалоў -- Іван Калюжны. Казаў, што ён тут акунёў вудзіў. Той жа раз рыба нават матыля не пакаштавала. Пасля такой рыбалкі стаў лічыць возера бязрыбным. Вельмі здзівіўся, калі вясной 2007 года вадалазы выцягнулі з-пад лёду рыбалова-мінчука, паходжаннем лепяльчаніна. Гэта ж трэба было ехаць са сталіцы на ледзь не самае бязрыбнае возера Лепельшчыны, каб загінуць!

Абход возера пачаў з боку Бярэшчы. Іду паўз бераг па лёдзе. Да чаго лёгка вандраваць! Ні табе высокай травы, ні багністага долу, ні вады між купінамі, ні дзённай спёкі, ні куслівых камароў, ні глыбокіх сумётаў. Снег ледзь-ледзь захінае лёд. Млявыя промні халоднага сонца зрэдку прабіваюцца скрозь густыя хмары. Тэмпература паветра ўсяго пяць градусаў марозу. Праваліцца не страшна, бо невядомы рыбалоў выпрабаваў трываласць ледзянога панцыру.

Чэзлыя сосны засяляюць бераг-балота. Яны хоць і невысокія, аднак могуць мець аж стогадовы ўзрост, бо на тванным доле дрэвы растуць вельмі марудна і ніколі не дасягаюць нават пятай часткі вышыні баравых хваін.

Вадаём мае авальную форму. З лепельскага боку прысыпаныя снегам густыя сасонкі цалкам загароджваюць ад вачэй зусім блізкае возера Акунёва. Ад шашы ўжо высокія хваіны вісяць над воднай паверхняй. Лёд хавае ўпаўшыя ў ваду дрэвы. За пару метраў ад воднага ўрэзку бераг крута ўзвышаецца, утвараючы берагавую граду, занятую грыбным борам. Чутно, як за ёй праносяцца легкавікі і фуры. Іх гул крыху псуе задуманае яднанне з прыродай. Аднак настрой узнёслы. Радуе, што не проста зазірнуў на возера, як рабіў тое дзясяткі разоў, а агледзеў яго дасканала, зафіксаваў абрысы ў фотакамеры, але галоўней -- у памяці на ўсё астатняе жыццё. Праўда, абход берагавой лініі заняў усяго паўгадзіны. Гэта па лёдзе. Хісткім берагам у іншую пару года затраціў бы значна больш часу.

ВАЛАДАР ШУШКЕВІЧ (ВАЎЧОК ВАЛАЦУЖНЫ).







Минчанин: 21.01.2012 в 11:32 — 7 лет назад

ВАЛАЦУГА И ВСЕ, ВСЕ, ВСЕ!!! напишите список озёр, где нет или очень мало рыбы.я как-то повёлся на это озеро и естественно ничего не поймал.обидно.




Валацуга: 21.01.2012 в 13:04 — 7 лет назад

Мінчанін! Рыба апошнім часам знікла з усіх вадаёмаў і вадацёкаў. Так, у адных яе засталося болей, у іншых зусім не стала, а ёсць такія, дзе яе ніколі не было. На Лепельшчыне паўтары сотні азёраў афіцыйных. Але ёсць невялікія лясныя ці балотныя, якія нават нідзе не рэгіструюцца. Так што ацаніць рыбныя багацці кожнага практычна немагчыма, хоць большасць з іх я ведаю са сваёй практыкі і расповядах іншых рыбаловаў, хоць сам я большы аматар павалочыцца ды паглядзець на прыроду, чым над вудай сядзець. Прасцей будзе перад кожнай рыбалкай пытацца пра стан зарыбленасці возера, на якое сабраўся. Вось, напрыклад, сёння я збіраюся наведаць два возеры з мэтай іх апісання, хоць і быў на кожным дзесяткі разоў. Гэта -- Мышкаўскае (Сасноўскае) і Гліннае (Глінскае), што размешчаны цераз дарогу адзін другога ў накірунку Вялікага Поўсвіжа. На іх я рыбу вудзіў, але аб гэтым напішу ў сваіх даследваннях, адно з якіх падам ужо сёння, другое -- заўтра.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение