Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 27.11.2018 (07:41) — 2 недели назад

681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас    Сегодня: 2, за неделю: 25, всего: 320

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

Краязнаўчы аповяд у чатырох частках. Частка трэцяя. Пачатак глядзець тут.

 У адкрытым доступе ў інтэрнэце маецца шэраг сайтаў, дзе размешчаны звесткі пра рэпрэсаваных. Ёсць там таксама даныя і пра жыхароў вёскі Весялова. Мне ўдалося адшукаць імёны 11 бедакоў. Але ўпэўнены, што пры больш пільным пошуку трагічны спіс ахвяр будзе нашмат даўжэйшы.

 Паводле сведчанняў старажылаў, не было сярод  весялоўцаў ніводнай сям’і, якая б не пацярпела ад рэпрэсій. Амаль у кожнай быў арыштаваны нехта з дарослых мужчын. Усе яны абвінавачваліся ў шпіянажы на карысць Польшчы. Асноўнай правіннасцю весялоўцаў перад савецкай дзяржавай была іх этнічная прыналежнасць. Ужо гэта выклікала падазронасць з боку карных органаў НКВД, якім не складала ніякіх цяжкасцей навесіць ярлык “польскага шпіёна”  вяскоўцам, што жылі з цяжкай сялянскай працы. Прысуд быў адзін – вышэйшая мера пакарання. Нямногія пазбеглі гэтага трагічнага лёсу. Ніводзін з асуджаных больш не вярнуўся ў тыя мясціны, якія за некалькі дзесяцігоддзяў паспелі стаць роднымі. Памяць аб небараках жыве ва ўспамінах родзічаў.

 Рэпрэсіі 1930-х гадоў пакінулі глыбокія раны ў свядомасці весялоўцаў, на доўгія дзесяцігоддзі пасялілі страх…

 …У 1924 годзе на хутарах Пушча ўжо існавала польская школа першай ступені. Два настаўнікі навучалі ў ёй 44 дзіцяці. У 1930-я гады новы будынак школы быў узведзены ў цэнтры нанава створанай вёскі Весялова. З пачатковай навучальная ўстанова была пераўтворана ў няпоўную сярэднюю. Павялічылася і колькасць настаўнікаў. На здымку з фондаў Лепельскага краязнаўчага музею - вучні і настаўнікі польскай школы ў Весялове, 1930 год.

 У другой палове 1930-х гадоў рэпрэсіі закранулі таксама настаўнікаў Весялоўскай школы. Нам сталі вядомыя імёны чатырох чалавек:

 Германовіч Юзэфа Іванаўна 1915 году нараджэння. Ураджэнка вёскі Акалова Плешчаніцкага раёну. Полька. Настаўніца Весялоўскай няпоўнай сярэдняй школы. У 1938 годзе асуджаная на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў як агент польскай разведкі;

 Віславух Антон Антонавіч 1915 году нараджэння. Ураджэнец вёскі Кустаўніца Нараўлянскага раёну. Настаўнік Весялоўскай няпоўнай сярэдняй школы. У 1938 годзе арыштаваны як член контррэвалюцыйнай арганізацыі. Расстраляны;

 Парахаўнік Сцяпан Іванавіч. Украінец. Настаўнік Весялоўскай няпоўнай сярэдняй школы. Абвінавачваўся ў дзейнасці ў складзе Польскай арганізацыі вайсковай. Расстраляны ў 1938 годзе;

 Стэфановіч Франц Сцяпанавіч 1911 году нараджэння. Паляк. Ураджэнец вёскі Шэпічы(?) Лепельскага раёну. Дырэктар Весялоўскай няпоўнай сярэдняй школы. Абвінавачваўся як член Польскай арганізацыі вайсковай. Расстраляны ў 1937 годзе.

 Складваецца ўражанне, што ў школе была раскрытая цэлая шпіёнская арганізацыя. Арышт настаўнікаў стаўся моцным ударам  па культурніцкім і асветніцкім асяродку Весялова і навакольных вёсак. А ў хуткім часе польскую школу ўвогуле ліквідавалі, пераўтварыўшы ў беларускую.

 Весялоўская школа праіснавала да сярэдзіны 1980-х. Захаваўся здымак 1953 году Весялоўскай (колішняй польскай) школы з вадзіцелем Весялоўскага дзіцячага дому на пярэднім плане.

 Год ад году скарачалася колькасць вучняў, рамонт карпусоў школы патрабаваў вялікіх капіталаўкладанняў. Паскорыла працэс закрыцця школы тое, што ў Новых Валосавічах была збудаваная больш сучасная навучальная ўстанова, куды і перавялі весялоўскіх вучняў.

 Зараз недалёка ад апусцелай бальніцы, у зарасніках кустоўя і дрэў ад цікаўных вачэй схаваныя рэшткі той бетоннай, збудаванай “да вайны” школы. 

  Цікавасць выклікае тэхналогія будаўніцтва. Звонку і знутры сцены атынкаваныя, там дзе ад даўнасці часу тынкоўка адвалілася, можна пабачыць, з чаго зробленыя сцены.

  А зробленыя яны з раствору цэменту з дамешкамі тоўчанай чырвонай цэглы. Час паказаў іх трываласць. Вось які парадокс. У пачатку 1960-х быў узведзены з цэглы яшчэ адзін корпус школы.

  У 1970-х гадах весяловец Вацлаў Лабода сфатаграфаваўся на фоне навейшага будынку школы.

 Але ён выпрабаванне часам не вытрымаў – засталіся адны руіны.

  Час бярэ сваё.

2015.

Заканчэнне глядзець тут.







Мартин: 27.11.2018 в 09:21 — 2 недели назад

После нескольких лет НЭПа ученики на фото смотрятся не голодающими и одеты с буржуйскими излишествами (галстуки!!!).






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 4 дня назад,   за неделю: 500 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 7 дней назад,   за неделю: 183 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 20 часов назад,   за неделю: 176 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 1 неделю назад,   за неделю: 127 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 82 
ЮШКИ — 2 недели назад,   за неделю: 64 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение