Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 08.01.2019 (08:34) — 2 недели назад

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІЖКІ «ЗАМОШША» ПЕРАРАСЛА Ў СВЯТА ВЁСКІ ЗАМОШША

Тема: Валацужныя навіны    Сегодня: 15, за неделю: 176, всего: 1072

Звесткі аб аўтары рэпартажу глядзець тут.

Звесткі аб аўтары кніжкі глядзець тут.

 У атачэнні Лепеля пакуль жывуць тры Замошшы. Самае далёкае – гэта непасрэдна лепельскае, якое знаходзіцца ў Сушанскім краі, і ўцякло ад райцэнтра за 29 кіламетраў. Самае блізкае – першая чашніцкая вёска па Аршанскай шашы асталявалася за 15 км ад нашага горада. І трэцяе Замошша прытулілася да старога Барысаўскага бальшака, а цяпер дарогі Чарнаручча-Красналукі за 27 кіламетраў ад Лепеля.

 Жыхары суседніх вёсак увогуле не прызнаюць межы між раёнамі і жывуць бы адна сям’я – стасуюцца, сябруюць, дзеляць радасці і гора. Тым больш, што Замошша на Барысаўскім шляху да 1965 года было лепельскім, пакуль яго гвалтам не аддалі Чашніччыне з прычыны неабходнасці ўзбуйнення суседняга раёна – пачалося будаўніцтва Лукомскай ГРЭС і Новалукомля. Атрымаўся абсурд: бліжэйшы 60-кіламятровы шлях з Замошша ў райцэнтр Чашнікі ляжыць праз Лепель. Замошцы дамагаліся вяртання ў склад Лепельшчыны, але іх не паслухалі.

 Маю вёску дзяцінства Гадзіўлю і гэтае Замошша падзялялі сем кіламетраў. Яно было быццам родным. Часта бываў у ім. Таму і з ахвотай прыбыў у Замошша на прэзентацыю кніжкі лепельскага літаратара Валера Тухты “Замошша. Гісторыя вёскі і ваколіц”. Разумеў значнасць друкаванага навуковага даследавання для замашан, аднак такога з’езду выхадцаў з вёскі і гасцей не чакаў. Галоўная і адзіная вуліца паселішча з 11 жыхарамі поўнілася машынамі і людзьмі. Машын – пад дзясятак. Людзей – пад сотню.

 Павязаныя суцэльнай раднёй у розных каленах, замошцы напачатку гуртаваліся больш блізкімі родамі. Не было межаў радасці Галубцоў ад новай сустрэчы.

 Усіх прытуліла ва ўласнай хаце руплівая памочніца аўтара “Замошша”  Антаніна Стэльмах.

 Вялікая будыніна стала цеснай для ўдзельнікаў мерапрыемства, якое міжволі перарасло ў свята ўсёй вёскі.

 Многія засталіся ў трысцене, бо не змясціліся ў галоўным пакоі.

 Распачала прэзентацыю-свята дуда Васіля Шкіндзера.

 Гаспадыня назвала гасцей. І калі мяне паказала як заўсёднага прыхільніка вяртання Замошша ў склад Лепельшчыны, замошцы пахвальна загулі. Аднак з аўдыторыі прагучала і рашучае: “Не аддадзім”. Гэта сказаў чашніцкі бамонд. І ён мае рацыю. Замошша хоць і знаходзіцца чорт на ведае дзе, аднак не забытае Чашнікамі. На прэзентацыю прыехалі прадстаўнікі райвыканкаму, музею, рэдактар раёнкі, Красналуцкага сельсавета і сельскага Дома культуры. Нават артыстаў з Красналук прывезлі.

 Вернымі суседзямі паказаліся сябе і жыхары навакольных лепельскіх вёсак. Гучыць вітанне ад культуры Велеўшчыны.

 Аўтар “Замошша” распавядае, як з дапамогай замашан пісаў кніжку.

 Пішу гэты рэпартаж на наступны дзень пасля прэзентацыі. Таму грунтоўна прачытаць дакументальны твор не паспеў. Аднак пачаў і прагледзеў яго. Мушу зазначыць, што выканана тытанічная праца. Можна нават сказаць, непасільная для аднаго чалавека: 184 старонкі, дзясяткі ўспамінаў старажылаў і старых фотаздымкаў, вялікі фармат. Закончыўшы прагляд твора, схапіўся за галаву і сам сабе падумаў: трэба не мець галавы, каб адважыцца на такі рашучы крок. Гэта ж непасільная задумка. Аднак Валер справіўся. Падзею адразу кваліфікаваў як мерапрыемства рэспубліканскай значнасці. Нездарма ў Замошша забраўся нават фотакарэспандэнт газеты “Звязда”.

 Успаміны… Успаміны… Успаміны… Людзі выходзяць і з настальгіяй узгадваюць былую веліч цэнтра сельсавета Замошша.

 Свядома не называю прозвішчаў, паколькі для масавага чытача яны нічога не значаць, а свае і так адзін другога пазнаюць па здымках. Гучаць аповяды пра жыхароў, родных. Ну, як не сказаць слова пра старэйшую жыхарку вёскі? Хто лепш за дачку зробіць гэта?

 90-гадовая маці свой першы працоўны дзень пачала настаўніцай пачатковых класаў Замошскай сярэдняй школы. І скончыла доўгі працоўны шлях настаўніцай пачатковых класаў Замошскай пачатковай школы – замкнула школу і здала ключ у сельсавет, бо не стала і школы. Але чаго так пільна ўзіраецца ў мяне старажылка? Не памятаю, каб мы сустракаліся…

 Адказ высветліўся хутка. Мяне былая настаўніца пазнала па маёй маці, з якой сябравала да самай яе смерці ў 2008 годзе. Нават у кніжцы зафіксаванае тое сяброўства. На здымку 1951 года студэнтаў Лепельскага педвучылішча справа крайняя – замошская старажылка, злева крайняя – мая маці. Так і напрошваецца літаратурны штамп: повязь пакаленняў.

 Нарэшце кніжкі дачакаліся свайго часу.

 Атрымайце ж іх тыя, хто ўнёс пэўны ўклад у выданне.

 Хто стаў аўтарам шматлікіх успамінаў пра жыццё раней квітнеючай вёскі…

 Хто міжволі стаў персанажам выдання…

 Хто паверыў у значнасць слова…

 Хто не пашкадаваў уласных высілак дзеля памяці нашчадкам…

 Хто данясе гісторыю Замошша да будучых пакаленняў…

 Няхай “Замошша” стане для вас спадарожнікам усяго далейшага жыцця.

 Толькі паспявай аўтографы раздаваць, аўтар!

 Урачыстая частка скончылася. Але разыходзіцца рана. Мы ж не на пленуме ці партыйным сходзе… Хаця і там бывае кава-паўза.

 Дык плясніце, гаспадары, мне кавы!

 Я хлябаю каву ў гасцявым пакоі. Аднак у ім не змясціліся ўсе каваманы. Тым, хто не паспеў, наліваюць каву ў трысцене.

 Але ж трэба неяк пакідаць гасціннае Замошша. Будзь здарова, гаспадыня!

 Рады, што ты стала кандыдаткай у мае рэспандэнты. Абавязкова яшчэ сустрэнемся. Будзем разам працягваць пісаць гісторыю Лепельшчыны.

 Хаця пасля Тухты ў Замошшы мне ўжо рабіць няма чаго.

 Старанна зачыстку правёў!

6 студзеня 2019 года.







Мартин: 08.01.2019 в 10:39 — 2 недели назад

Нешта мала мужыкоў на фота.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ВСЕ НА ЛЕНИНСКИЙ СУББОТНИК! Шуш Эсенскі — 3 дня назад,   за неделю: 275 
ДЗЕ СІНІЦА? — 1 неделю назад,   за неделю: 182 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение