02 фев 2019 в 08:41 — 10 месяцев назад

2. ТАМ БАЙНА АД ВАЧЭЙ ХАВАЕЦЦА, або ТАК ПАМІРАЕ ЗЯМЛЯ

Тема: Ретро скитания помешанного Бродяги     Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 590

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Працяг. Пачатак глядзець тут.

 Хлябаю смачныя брусніцы ды слухаю гаваркую гаспадыню. Во ўжо дзе сапраўды вялікая краіна праглынула ўсіх дзяцей так, што і пабачыцца неяк. Аляксей жыве на Чорным моры, Манька — у Аранбурзе, Тоня — у Нарыльску, Алена — у Растове, Зіна — у Віцебску. I толькі Іван асталяваўся паблізу, у Велеўшчыне, працуе прарабам у калгасе "Радзіма".

 — Прырода ў нас сапраўды выдатная, — пагаджаецца Вольга Данілаўна, — На двары грыбы растуць. Ягад — процьма. Звяроў поўна. Мядзведзь цераз Байну ходзіць, ваўкі туляюцца, коз, ласёў, зайцаў, вавёрак хапае. Дзікі бульбу капаюць, лісы курэй крадуць. А зямля ў нас дрэнная — пясок.

 — Рыба ёсць і ў Байне, і ў Эсе, — дадае гаспадар. — Аднак не столькі, як раней. Знішчылі яе браканьеры.

 Ідзём па Валатоўках да наступных сядзіб-хутароў пратаптанай у некалькі слядоў сцяжынкай. Вольга Крыўко добраахвотна пажадала быць маім гідам. Ёй дапамагае кошка Настачка, якая бяжыць наперадзе. Прасоўваемся паўз тры пустыя хаты.

 — Прадаюцца яны, — тлумачыць мой экскурсавод, — Аднак аддаленасць вёскі не прываблівае дачнікаў, хоць кожны пагаджаецца, што нашае наваколле — казка. I мы б з дзедам узялі сабе кватарантаў, каб весялей было.

 Сапраўды, як цудоўна было б узяць грыбной ці ягаднай парой адпачынак ды з´ехаць у Валатоўкі да Крыўкоў. Нарыхтоўвай сабе дарункі лесу на зіму, лаві рыбку ў Эсе ды Байне. Эх, мары-мары! Чаму вы не ажыццяўляецеся, як надыходзіць той час?

 Слухаю гісторыю вёскі.

 Абвясціў мясцовы пан аб продажы зямлі на месцы цяперашніх Валатовак. 3-пад Лепеля, Красналук, іншых мясцін кінуліся сюды ахвочыя. Першымі пасяленцамі былі Міхняты, Кунчаняты, Пшанчаняты, Кузьміняты, Рыгараняты ды Азаронкі з Зеляноўскімі. Узвялі хаты бліжэй да Эсы. Гэта ўжо потым Валатоўкі перасунуліся на цяперашняе месца. Карчавалі лясы, створаныя ляды ператваралі ў палі. А цяпер палі засаджваюць лесам, бо не родзіць тут зямля, ды і тэхніку ганяць на гэтыя лапікі за 18 кіламетраў з Валосавічаў няма выгоды. Толькі саўгасных цялят прыганяюць у эсенскую пойму на ўсё лета.

 Вялікімі Валатоўкі ніколі не былі. У самы пік свайго развіцця налічвалі яны 23 двары. Цяпер іх засталося сем. Яны не абнесены агароджай, як у іншых вёсках. Ды платы і не патрэбныя, бо на дварах раздолле. Стаў хляўчук вунь на тым узгорку, а лазню — пад гэтымі соснамі. Зямлі хапае. Пад агарод займай столькі, колькі апрацуеш, хоць і лес наўкола, аднак невялікага поля на сем гаспадарак больш, чым дастаткова.

 Настачка вядзе нас да самай прыгожай хаты. Сярод раскіданых гаспадарчых пабудоў кідаецца ў вочы дыхтоўны вальер са штыкету для хатняй птушкі — каб каршун ці ліса не пакралі. У невялікім дашчаніку месціцца прымітыўная піларама.

  Бацька Яўген Кунчэўскі з сынам Іванам майструюць сярод зімы калёсы.

 — Я — самы малады валатовец, — смяецца Яўген Іванавіч. — У красавіку ўсяго 61 год споўніцца.

 Іван не ў лік. Ён з гораду прыехаў да бацькоў.

 Пра Яўгена Кунчэўскага ад вяскоўцаў даводзілася чуць толькі добрае. Гэты заможны гаспадар дапамагае нямоглым. Яго канём карыстаецца ўся вёска. I ён не толькі саўгасны пенсіянер. а яшчэ і галоўны валатоўскі забеспячэнец. Прымае заяўкі ад кожнага гаспадара, бярэ грошы і едзе на кані раз на тыдзень за восем кіламетраў у бліжэйшую магазінную вёску Забаенне Чашніцкага раёна. Усё, што там ёсць, можа даставіць у Валатоўкі. Такім жа чынам вяскоўцы забяспечваюцца і чашніцкім хлебам. Бо лепельская аўталаўка не даходзіць да Валатовак. Ды туды яе і не патрабуюць. Разумеюць, што далёка, бездараж, а на зіму Валатоўкі зусім застаюцца адрэзанымі ад усяго свету. Дарогі туды ніхто не чысціць. Толькі на кані і можна трапіць у іншыя вёскі. Бліжэйшы аўтобусны прыпынак — за шэсць кіламетраў у Аношках. Але каб дабрацца да яго, трэба пераадолець кладку цераз Эсу, ды снегавую цаліну аж да самай жвіроўкі Красналукі — Чарнаручча. Адзіным сродкам, што звязвае Валатоўкі з вялікім светам у зімовую пару, служыць конь Кунчэўскага. За ўсё гэта райсабес і плаціць рупліваму гаспадару дзевяць соцень тысяч рублёў.

 — Я б і дзве каровы трымаў, — прыкідвае Яўген Іванавіч, — аднак малаку няма збыту. Не паедуць жа па нейкі бітон яго амаль за два дзясяткі кіламетраў з Валосавічаў. I ў Свяду на лыжах я яго не павязу...

 Гэта ўжо ў мой адрас. Не шпілька. Шчыры жарт. Бо ўсе як адзін валатоўцы былі ўзрадаваныя майму візіту да іх. Хоць з´явілася магчымасць у пераднавагодні час перакінуцца словам з чалавекам з вялікага свету. А тут яшчэ ў газеце надрукуюць пра іх вёску.

 Дарэчы, пра газеты. Іх у вёску прыходзіць тры. I ўсе —  "Лепельскі край".

 — Мяне найбольш цікавіць, што ў раёне робіцца, — кажа Яўген Кунчэўскі. — Прачытваю вашу газету ад пачатку да канца. Апрача мяне, раёнку выпісваюць Ляхі ды Азаронкі.

 Не надта хоча паштальёнка цягацца з Валосавіч у Валатоўкі. У асноўным пенсіі прыносіць. А так стараецца перадаць пошту, як у старадаўнасці казалі, з аказіяй.

 Наступная хата Васіля Зеляноўскага і Марыі Крыўко.

 — Мы не распісваліся, таму і прозвішчы розныя, — кажа Васіль Міхайлавіч. — Афіцыйная паперка добрага жыцця ўсё адно не дасць.

 Старыя Васіль з Марыяй. Ён зусім дрэнна бачыць, яна зусім дрэнна чуе.

 — Сабраліся два калекі,— яшчэ і жартуе гаспадар. — Я вакно бачу, а вас не. Па вёсцы кіруюся на сабачы брэх. Усіх сабак распазнаю. А сёння ішоў ад Кунчэўскага, дык той стаяў на двары ды крычаў, правей ці лявей мне ўзяць. Пакажы пісьмо чалавеку! – закрычаў з усёй моцы Васіль Марыі, папярэдне спытаўшы ў мяне, дзе яна стаіць.

 Пасля трохразовага паўтору Марыя Мікітаўна здагадалася, чаго хоча муж. Прынесла выклік з райсабесу на атрыманне матэрыяльнай дапамогі.

 — А як туды трапіць? — паціскае плячыма гаспадар. — Я — сляпы, не дайду да Аношак. Яна — глухая, дэзарыентуецца ды згубіцца ў Лепелі.

 Увогуле, службай сацыяльнага забеспячэння валатоўцы задаволеныя. Апрача сясцёр Азаронкаў. Але аб іх аповяд ніжэй.

 Летам і восенню работнікі сацыяльнага забеспячэння наведалі Валатоўкі. Цікавіліся жыццём пенсіянераў. Гэта іх ініцыятыва зрабіць Кунчэўскага валатоўскім забеспячэнцам. Цяпер вось і матэрыяльную дапамогу Марыі даюць, бо пенсія ў яе 712 тысяч рублёў. Не большая яна і ў інваліда другой групы па зроку Васіля — 725. Яму б маглі даць і першую групу інваліднасці, аднак для гэтага трэба паездзіць па адпаведных інстанцыях. А куды рушыць стары ды сляпы з гэтага мядзведжага кутка?

 У крайняй хаце жыве 70-гадовая Вольга Гаўрылаўна Лях з 84-гадовым мужам Пятром Барысавічам. Размаўляла гаспадыня. Гаспадар жа, як яна сказала, ляжыць на печы.

 Жывуць Ляхі паціхеньку. Двух парсючкоў трымаюць ды столькі ж кароў, пяток курэй. Колькі зямлі — не ведаюць. Яе тут ніхто не мерае. Бяры, колькі хочаш. Вершы гаспадыня бяссоннымі начамі складае. Шмат іх у яе. Адзін прачытала па памяці. Аб каханні маладога хлопца ды дзяўчыны.

 Прыцягнула ўвагу карціна на сцяне, напісаная акварэллю. Сасновы бор сонечным днём. Аўтар яе — дзесяцігадовая ўнучка Аксана з Магілёўшчыны. Сапраўды таленавітая сям´я.

 Ужо па дарозе назад завярнуў да сясцёр Азаронкаў. Іх дзве. У кожнай свая хата, аднак двор і гаспадарка сумесныя. Настассі 77 гадоў, атрымлівае 960 тысяч рублёў пенсіі як інвалід дзяцінства першай групы па агульным захворванні. 80-гадовая Ганна, пенсіянерка пасля калгасна-саўгаснай працы, мае 670 тысяч. Вось ад іх я і пачуў, што немагчыма пражыць на такія грошы, нават на харчаванне не хапае. А тут яшчэ дровы купіць трэба, бульбу. Падтрымліваюць карова, парася. Аднак і яны з´ядаюць значную частку сястрынскіх пенсій. Адзенне знасілася. Далі б якую дапамогу. Чакаць яе ад блізкіх сёстрам не выпадае — бяздзетныя яны.

 Кінуліся сёстры ва ўспаміны аб вайне. Іх вёска была партызанская. I хата такая ж. Вось у гэтай будыніне па 20 лясных воінаў кватаравалі. Дакументы аб садзейнічанні выдавалі. Аднак тады іх ніхто не браў.

 Былі Валатоўкі і на валасок ад смерці. 3 Аношак пад´ехаў на матацыклах да Эсы атрад карнікаў. А мост партызаны толькі што ўзарвалі. Вада вялікая, уброд не кінешся. Палаяліся тады акупанты ды завярнуліся на Стайчаўку. Жыхароў перастралялі, а вёску спалілі. З таго часу Стайчаўка так і не адрадзілася. Шляхам яе знішчэння бог выратаваў Валатоўкі.

 3 усімі валатоўцамі паразмаўляў, даведаўся пра іх беды і радасці. Мінуў толькі двор адзінокай Марыі Міхно. Глуханямая яна.

 I ніхто мне не паведаў, адкуль вёска ўзяла назву. Але гэта і так зразумела. "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" паведамляе: "Валатоўка — курган у якім, паводле народных уяўленняў беларусаў, пахаваныя легендарныя асілкі-волаты". Ёсць такія курганы на месцы старых Валатовак. Толькі мясцовы люд, як і ўсюды на Лепельшчыне, памылкова называе іх французскімі могілкамі. Аднак гістарычныя даведнікі сцвярджаюць, што пахаваны там не напалеонаўскія салдаты, а нашы далёкія прашчуры-крывічы.

 Вольга Крыўко не пусціла мяне зноў босага цераз Байну. Узяла ад лазні бусак з доўгім яловым шастом і снегавымі сумётамі павяла да руін колішняга моста. Перакідваючы бусак з завалу на завал, перабраўся па ім на супрацьлеглы бераг. Перакінуў ёй той бусак і пасунуўся сваім ранішнім следам у эсенскую пойму. А жанчына паціхеньку паціснула зноў здавацца ў зімовы палон белай валатоўскай цішыні.

 3 Новым годам вас, раней зусім незнаёмыя, а цяпер такія блізкія валатоўцы!

У. ШУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

*   *   *

 Тады ў вёсцы жывых было сем двароў і 12 валатоўцаў. Першымі ад Эсы жылі старыя Прахор і Вольга Крыўкі. Яшчэ мочанымі брусніцамі ў іх частаваўся. Цяпер жа на месцы той сядзібы ўбачыў абгарэлы падмурак са шкілетамі халадзільніка, газавай пліты, ложкаў, самотную студню з жураўлём, ацалелыя лазню з прыбіральняй на ўзлеску.

 Не буду сцвярджаць-малявацца, што жахнуўся, убачыўшы такое. Я ўжо перахварэў чалавечай трагедыяй, бо ведаў з апісання Валатовак Сашам Ляхам, што Прахор памёр, а ноччу ад няспраўнай электраправодкі згарэла Вольжына хата, і гаспадыня цяпер жыве дзесьці ў дзяцей. Моўчкі пастаяў на месцы, дзе не так даўно сядзеў за сталом. На вулічнай лаве выліў ваду з ботаў, замяніў іх на паўкеды-ўсюдыходы ды пакрочыў бязвулічнай вёскай.

 Прывабнасць Валатовак у тым, што вясковыя сядзібы хаатычна раскіданыя сярод лесу і поля. I двары не абмежаваны агароджамі. Два хлявы могуць стаяць па абодва бакі хаты на значным аддаленні ад яе.

 Назву вёска носіць ад курганоў-валатовак, у якіх за тры кіламетры ад населенага пункта захаваныя нашы далёкія прашчуры. Бяда тых пахаванняў у тым, што людзі лічаць іх магіламі напалеонаўскіх салдат і чыняць на іх раскопкі, шукаючы зброю і каштоўнасці. Сам бачыў адкапаныя вандаламі на валатоўскіх валатоўках два белыя ад часу чарапы і чалавечыя косці.

 Падрабязна апісваць сёняшні стан Валатовак не буду, паколькі ўжо склаў сабе план асобнага артыкулу пад загалоўкам "Апошнія з магікан".

*   *   *

 17 ліпеня 2001 года “Лепельскі край" змясціў мой артыкул “Апошнія з магікан” аб Валатоўках і яго жыхарах.

Падзеі 21- і 19-гадовай даўніны рэаніміраваныя ў 2019 годзе.

Працяг тут. 







02 фев 2019 в 10:01 — 10 месяцев назад

"Аляксей жыве на Чорным моры, Манька — у Аранбурзе, Тоня — у Нарыльску, Алена — у Растове, Зіна — у Віцебску"

Интересно, одна дочь - Манька, а остальные дети более уважительно - Тоня, Зина и даже - Алена и Алексей.

Блукач, это так родители их называли или Ваша интерпретация имен?

Местные привыкли говорить Светка, Васька и если как написано имена произносили родители, то это их личное дело как называть детей. Но если так назвал профессионал, то дележка непонятна. Тем боле, что далее в блоге остальные люди названы уважительно с именами и отчествами





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 6 дней назад,   за неделю: 369 
88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 148 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 2 недели назад,   за неделю: 105 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 1 неделю назад,   за неделю: 81 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 2 недели назад,   за неделю: 72 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ