Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 05.02.2019 (08:13) — 2 недели назад

5. ТАМ БАЙНА АД ВАЧЭЙ ХАВАЕЦЦА, або ТАК ПАМІРАЕ ЗЯМЛЯ

Тема: Ретро скитания помешанного Бродяги    Сегодня: 3, за неделю: 32, всего: 241

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут.

 Іван Іванавіч — часовы жыхар Рэўтполля. У гэтай вёсцы жыве з пачатку пашавага перыяду, калі на лета цялушак з Валосавіч перагналі на багатыя рэўтпольскія прасторы. Займае пустую хату сям´і Міхноў, якія пераехалі ў Велеўшчыну. Дарэчы, будыніна гэтая паспела паслужыць вяскоўцам і клубам.

 Іван — былы марак рыбалавецкага флоту. Халасцяк. Да пенсіі засталося гадоў з восем. I хоць родам з блізкага паселішча палякаў Стайск, уласнага жылля не мае. Бядуе, што пасля завяршэння пашавага перыяду зноў давядзецца жыць у прыфермаўскіх бытоўцы ці запарніку. Жыллё б якое яму ў Валосавічах...

 — Упусціў гады на тое, — уздыхае Іван. — Ды і грошай шмат трэба на жаніцьбу. А дзе іх узяць пастуху?

 — 3 кім наступным можна паразмаўляць у Рэўтполлі? — пытаюся на развітанне.

Іван паказвае на далёкую мужчынскую постаць на агародзе:

 — Вунь Антон Скібскі бульбу абрабляе. Ён брыгадзірам быў.

 Па траве вышэй калень нацянькі прабіраюся да рэўтпольца. Прадстаўляюся.

 — Вы той Шушкевіч, што па глухіх мясцінах блукае? — узрадаваўся Скібскі, кінуў працу і павёў мяне на двор.

 Клікнулі яго жонку, Яўгенію Ігнатаўну, з суседняга агароду. Пачалася доўгая размова.

 Антон Адольфавіч нарадзіўся ў 1930 годзе на хутары. Праз восем гадоў бацькі пераехалі ў Рэўтполле. Працаваў Скібскі брыгадзірам, у брыгаду ўваходзілі вёскі Рэўтполле, Валатоўкі, Вобалачча, Карсашчына. Каб у 60-х гадах яму сказалі, што вёсак яго брыгады не стане ўвогуле, не паверыў бы.

 Яўгенія Ігнатаўна свет убачыла ў 36-м у Вобалаччы. Працавала ў брыгадзе, у мясцовым ФАПе.

 Скібскія пералічваюць дзяцей. Сын Лёня, лепелец, па аптэках лякарствы развозіць. Дачка Аліна працуе кладаўшчыцай дзіцячага дома ў Коханаве. Наташа ўладкавапася выхавацелькай аднаго з мурманскіх дзіцячых садкоў. Яе сёння чакаюць — у адпачынак едзе. Шэсць унукаў Скібскія-дзеці падарылі Скібскім-бацькам.

 Беспраблемна жывуць Скібскія старэйшыя. Калі не лічыць здароўе. Здае яно. Ногі баляць, галава, іншыя хваробы даймаюць гаспадара. Сэрца гаспадыні здае. Але старыя не ляжаць. I не проста топчуцца, а трымаюць каня, дзвюх кароў, парсюкоў, курэй, пчол. Малако Антон праз дзень на кані возіць здаваць за дзевяць кіламетраў у Кавалевічы. За прагулку лічыць такія двухгадзінныя ваяжы.

 Абедаць паклікалі гаспадары. Шмат смачных страў прапанавалі пакаштаваць. На ўсё жыццё запомніцца адна: мёд з зялёнай цыбуляй і хлебам. Столькі пражыў на свеце, а такой смакаты сам не прыдумаў!

 Раз ці два на тыдзень паштальёнка прыносіць Скібскім тры перыядычныя выданні. Сярод іх — «Лепельскі край».

 Непадалёк ад Скібскіх знаходзіцца сядзіба Валі Палітыкі. Аднак тая з´ехала жыць да сына ў Адамаўку. Засеяны ж агарод пакінула. Значыць, вернецца збіраць ураджай. Так што спісваць яе з ліку рэўтпольцаў рана.

 Бліжэй да Байны жыве ўдавец з васьмігадовым стажам Іван Крыванос. Карову прадаў, а старога каня трымае. Меркаваў абавязкова пагутарыць з Крываносам, аднак на дзвярах пацалаваў замок.

 Пайшоў у наступную хату, дзе жыве ўжо шэсць гадоў як аслепла Прасіння Паўлаўна Махніс. Выйшла да мяне старая з-за шафаў. Спытала, ці гадзіўлянскі я Шушкевіч. Я аслупянеў. 90-гадовая баба настолькі інфармаваная! А тая тлумачыць:

 — Маё дзявочае прозвішча Шушкевіч. Таму цікаўлюся цёзкамі па прозвішчу. Аб вас мне сястра з Гаразянак распавядала. А іншая сястра, Вольга Рудак, у Гадзіўлі жыве. Толькі старасць, аддаленасць і адрэзанасць вёсак даўно не пускаюць нас спаткацца.

 Пытаюся ў бабы Прасінні, ці бачыць хоць аконны прасвет. Не. Якім чынам тады наведзены проста ўзорны парадак у хаце? I чую разважлівы аповяд зусім не 90-гадовага чалавека.

 Бабіна 60-гадовая дачка Анька пакінула дзецям гарадскі дом і пераехала даглядаць нямоглую маці. Удвох трымаюць дзве курыцы і сотак з пяць агароду. Цяпер Анька якраз абрабляе тыя соткі. Гэта каля Байны, у бок Валатовак. І цалкам сляпая баба паказвае рукой, дзе, здзіўляючы дакладнай арыентацыяй.

 А муж старэйшай Махніс, Іван Адамавіч, восем гадоў таму пайшоў на той свет ад хворай пячонкі. Дужа паранены быў вайной, нага не гнулася.

 Прасіння Паўлаўна шмат гаварыла. Пасля строга папярэдзіла, што можна пісаць, а што — не. I пайшоў я шукаць яе дачку Аньку. Узабраўся на гару за цялячым загонам, спусціўся да перапоўненай дажджамі Байны, аднак жанчыны на агародзе так і не ўбачыў.

 На тым знаёмства з Рэўтполлем і яго цікавымі жыхарамі скончылася.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымках:

пастух Іван Асееў;

дружная сямейная пара Скібскіх - Антон і Яўгенія;

 сляпая баба Прасіння паказвае, дзе на вуліцы працуе яе дачка.

*   *   *

 Назва вёскі расшыфроўваецца проста: поле пана Рэўта.

 А адкуль потым выкапалі назву Калінаўка, ніхто не ведае. Каліны тут не больш, чым вакол любой іншай вёскі. Дарэчы, параўнальна нядаўна зніклую блізкую вёску Карсашчына (Красашчына) таксама перайменавалі ў Шчаслівае Жыццё. Цяпер - там жывуць у шчасці, бадай што, камары.

 3 горкі,на якой размешчанае Рэўтполле, звычайная палявая дарога збегла ў нізіну і за вузкім узлескам асцярожна скіравалася да даволі сумнеўнага мастка. Шостае табе прывітанне, Байна!

 У мелкаводдзе машыны пераязджаюць тут бродам. А як цяпер легкавікі ездзяць у Валатоўкі ды Забаенні? Значна надзейней выглядае Кунчэўскі мост цераз Эсу. Няхай гэтым параўнаннем ганарыцца Яўген Кунчэўскі, які жыве цяпер у Поўсвіжы.

 Зручнае месца для прывалу каля моста. Аднак адпачыў я за размовамі з рэутпольцамі, паабедаў смачнымі вясковымі стравамі ў Антона з Яўгеніяй. Нават мёд з зялёнай цыбуляй навучылі мяне есці Скібскія. Дзіўлюся, што да гэтага часу не ведаў такой прысмакі.

 Антон Скібскі казаў, што непасрэдна берагам Байны я ніяк не прайду. Усунуся ў такое балота, што мацюкамі пакрыю ўсю сваю задумку. Таму іду на чашніцкае Забаенне Вялікае (на карце Забаенне 1-е). Мінаю правае адхіленне дарогі на Валатоўкі. У паўкедах мужна пераадольваю глыбокія і вялізныя дарожныя калюгі. Углядаюся ў левую ўзбочыну. Са свайго падарожжа па перыметру раёна летам 1998 года памятаю, што паблізу дарогі, у сасновым бары, стаіць каменны крыж-маналіт вышынёй больш за метр і шырынёй, як рукі расставіць, а яго атачаюць каля паўтара дзясятка валуноў. Па ўсім бачна, што гэта старажытны могільнік.

 Аж аслупянеў ад здзіўлення. Крыж стаіць. Камяні ляжаць. А бору няма. За тры гады паспелі яго спляжыць, дзялянку ўзараць і пасадзіць саджанцы новага лесу.

 Прыйшоў у Забаенне Вялікае. У мясцовым магазіне мінеральную ваду "Мінскую" прадаюць у маленькіх бутэльках. I правільна. Не кожны зможа адразу асушыць паўлітра, а тут прапануюць столькі, колькі па сіле большасці. Прыемнае ўражанне пакідае пасля такога магазін, хоць і не ўсім асартыментам задавальняе: піва прадавачка заказала, аднак не прывезлі.

 Прадавачка і мясцовая жанчына пашкадавалі, што крышачку раней не завітаў я ў іх вёску: толькі што хлопцы-забаенцы на кані паехалі рыбаліць на Байну. Паведамленне гэтае мне ніколькі не сапсавала настрой, аднак дапоўніла меркаванне аб Байне: во якія яе рыбныя запасы, калі на рыбалку возам ездзяць. Паказалі мне жанчыны дарогу на Забаенне Малае (на карце Забаенне 2-е), і я рушыў зноў бліжэй да Байны, бо, ідучы ў Забаенне Вялікае, аддаляўся ад яе.

 Тут варта ўставіць, што непадалёк ёсць яшчэ Забаенне 3-е. Чым жа спадабалася заснавальнікам гэтых вёсак такая назва, што яны асудзілі на вечную блытаніну сваіх наступнікаў?

 Адзін забаенец падчас майго падарожжа па перыметры раёну казаў, што назвы такія вёскі носяць таму, што ляжаць за Байной. Прыгожая, рамантычная, патрыятычная, хоць і кароткая легенда. Аднак, чаму тады пад самым Лепелем ёсць Забаенне, жыхары якога нават не чулі, што бяжыць недзе рэчка Байна? Забаенец збянтэжыўся і не знайшоў, што адказаць.

 Палявая дарога полем прывяла ў Забаенне Малое. У вёсцы шмат пустых двароў. Жывуць толькі ў трох. У адзін з іх заходжу, каб распытаць дарогу на Бардзілова (на карце Бардзілоўшчына), аднак там кійком падпёртыя калідорныя дзверы - смела для нашага часу. Даводзіцца шукаць наступную сядзібу з пратаптанай сцежкай да хатніх дзвярэй. Заходжу ў хату. Гаспадыня, каб дагадзіць незнаёмаму дзіваку, кульгаючы, вядзе мяне аж на вуліцу паказаць кірунак. Нават кіёк-спадарожнік забывае ў хаце. На маю заўвагу адказвае:

Падзеі 19-гадовай даўніны рэанімаваныя ў 2019 годзе.

Заканчэнне тут.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


693. МОЙ ДОМ МЕНЯ КОРМИТ. Маркович Леонид — 3 дня назад,   за неделю: 384 
РЭТРА БЛУКАННІ ВА ЎЛАСНЫХ АКВАРЭЛЯХ — 6 дней назад,   за неделю: 319 
ЮНЫЕ КУРЦЫ НЕ НАШЕГО ВРЕМЕНИ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 244 
691. МАСЛОБОЙНЯ. Шкиндер Василь — 1 неделю назад,   за неделю: 147 
ЯК ЯК ЯК — 7 дней назад,   за неделю: 141 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение