10 мар 2019 в 08:13 — 8 месяцев назад

701. ЯК АДБЫВАЛІСЯ ПЕРАЗАХАВАННІ АХВЯР ВАЙНЫ. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 2, за неделю: 9, всего: 528

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Вёска Аношкі ўшчыльную прытулілася да бальшака Лепель – Барысаў. Сюды з сябрамі гуртка “Нашчадкі” накіраваўся, каб высветліць акалічнасці з’яўлення на мясцовых могілках ваеннага пахавання.

 Першымі ў Аношках сустрэлі Крыцкага Уладзіміра Цімафеевіча і яго сына Алега. З размовы стала вядома, што на могілках пахаваныя палонныя чырвонаармейцы, якіх немцы гналі ў 1941 годзе з Лепеля на Барысаў. Алег вядзе паказваць пахаванне на могілках і раіць звярнуцца да былога настаўніка Велеўшчынскай школы Гарбачова Мікалая Сілівеевіча.

 З дапамогай Мікалая Сілівеевіча паспрабавалі рэканструяваць падзеі, што адбыліся ў Аношках напачатку апошняй вайны. Тады яму было 11 год.

 Канец жніўня, ці пачатак верасня 1941 года. Непадалёк ад Аношак на кароткі адпачынак спынілася вялікая калона ваеннапалонных чырвонаармейцаў, якую немцы гналі ў бок Барысава. Праз нейкі час канваіры загадалі палонным збірацца ў дарогу. Калі жывая маса пачала варушыцца, многія чырвонаармейцы вырашылі скарыстаць свой апошні шанц і кінуліся ратавацца ў блізкае ад дарогі жыта. Наўздагон загучалі стрэлы. Уцекачы пачалі падаць, скошаныя варожымі кулямі.

 Пасля таго, як калона рушыла далей, вяскоўцы вырашылі пахаваць забітых чырвонаармейцаў. На месцы прывалу налічылі некалькі нябожчыкаў, кагосьці падабралі за вёскай. Усяго палеглых было 12 чалавек. Па іншых звестках – 14. Іх закапалі ў агульную магілу.

Устанавіць імёны тых чырвонаармейцаў цяпер падаецца немагчымым. Паводле сведчання Мікалая Гарбачова, іх дакументы забраў пісар Віктар Дабравольскі і, па ўсёй верагоднасці, мог перадаць у Лепельскую камендатуру.

 У 1951 годзе на тэрыторыі Лепельскага раёна праводзіліся масавыя перазахаванні ахвяр мінулай вайны. У акце, складзеным у 1951 годзе прадстаўнікамі Замошскага сельсавета Лепельскага раёна, у склад якога ўваходзілі на той час Аношкі, запісана наступнае: ”У в. Аношкі праведзена эксгумацыя 14 астанкаў ваеннапалонных чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1941 г. Астанкі перанесены ў брацкую магілу ў в. Слабада”. Але ўраджэнка Аношак Надзея Іванаўна Жэльнерэне, якая на той час была вучаніцай старэйшых класаў Замошскай школы, сведчыла наступнае: “Перазахаванне праведзенае не было. Ноччу мы, старэйшыя школьнікі, па загаду сельсавета раскапалі магілу, уклалі ў падрыхтаваныя скрынкі некалькі чалавечых костак і зямлю. Усё гэта павезлі ў Слабаду, а магілу зараўнялі”.

 Жыхары Аношак аднавілі магілу. Кожную Радаўніцу нехта з вяскоўцаў прыбіраў пахаванне, клаў памінальную ежу. Напачатку 1980-х гадоў на магіле замест збуцвелых драўляных крыжоў з’явіліся тры жалезныя. Былі яны ўсталяваныя па ініцыятыве мясцовай жыхаркі Еўфрасінні Максімаўны Кандратовіч. У 1941 годзе яна прымала ўдзел у пахаванні загінулых.

 Даследаванне праводзілася ў 2001 годзе.

 Аднаго разу ў Лепельскі ваенкамат мяне выклікаў тагачасны ваенкам падпалкоўнік Брогар. Тэмай нашай гутаркі стала абмеркаванне выяўленага ў Аношках ваеннага пахавання. Ваенкам паставіў пад сумненне, што гэта можа быць магіла савецкіх салдат: а можа там пахаваныя немцы? Магчыма, падпалкоўнік меў рацыю. Прамых доказаў адваротнага прывесці я не мог. Але ж на той дзень былі жывыя сведкі тых падзей, і не давяраць іх словам ні ў мяне, ні ў ваенкама падстаў не было.

 Некалькі год таму назад месца пахавання было рэканструяванае.

  А нябожчыкаў з брацкай магілы ў Слабадзе дзесьці на мяжы 50-х – 60-х гадоў таксама такім жа чынам “перазахавалі” ў іншае месца. Ад слабадскога пахавання нават і следу не засталося.

2019.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 3 дня назад,   за неделю: 320 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 6 дней назад,   за неделю: 306 
89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 23 часа назад,   за неделю: 173 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 4 дня назад,   за неделю: 171 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 143 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ