08 авг 2019 в 07:02 — 3 месяца назад

724. У КРАНШТАЦЕ ЛЯ БЯРЭШЧЫ. Шушкевіч Алег

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 2, за неделю: 6, всего: 816

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

 Навейшая карта-кіламетроўка 2008 году надпісам “ур. Кронштадт” ахоплі­вае ўвесь леса-балотны масіў паміж Воканам і возерам Бярэшча.

  Адкуль такая назва ў нашых краях? Паводле публікацый даследчыка Васіля Азаронка, ураджэнца лепельскай вёскі Верабкі, а цяпер жыхара латышскага горада Юрмала, там мог знаходзіцца пункт адстою сплаўных сродкаў перад волакам іх у возера Плаўна на водным шляху з “варагаў у грэкі” да будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы.  

 Як адшукаць былы фарпост Кранштат? Для таго знайшлі ў інтэрнэце карту-паўкіламетроўку 1939 году. Там канкрэтна за нейкія чвэрць кіламетра ад Бярэшчы пазначана выспа з дзвюма пабудовамі, аточаная вянком хмызняковых зараснікаў і балотам. Пазначана і яе вышыня — 152,1 метра над узроўнем мора (для параўнання: за мостам над ракой Свя­дзіца ў вёсцы Вілы ўказана вышыня 155,1 метра). Чамусьці і населены пункт на рускай мове напісаны без літары “т” на канцы — “Кронштад”.

  І так, як гаворыцца, ногі ў рукі і наперад. Ад ускрайку зарэчнага Вокана да патрэбнага нам пункта кіламетры са два-тры. Слаба накатаная дарога нырае ў лес. Праз некалькі соцень метраў спыняе дождж з гарачага неба. Хаваемся пад шатамі хваін. Намазваемся трыма відамі рэпелентаў ад хмары камароў і сляпнёў.

 Выходзім на поле ў некалькі гектараў.  Ад воканцаў Валодзі і Зіны Мірановічаў ведаем, што палявую выспу засяваў збожжам лясгас на корм звярам. Цяпер там папар. На самым высокім месцы цягнецца ў неба вышка з байніцамі для палявання на дзікую жывёлу. З яе добра бачныя тры вышкі мабільнай сувязі ля вёскі Чарні­цы. Гэта ўжо за Бярэшчай. Яны пацвярджаюць выбраны кірунак. Трава — па пояс, балота — па калена, лісцёвыя зараснікі — сцяной.

  Узялі лявей і мужна рынуліся ў балота. У гумовых ботах па такіх ландшафтах не хо­дзяць. Адзіна прымальны абутак — кеды, яшчэ лепей — паўкеды.

  І вось яна, выспа! Даўжыня — сотні з паўтара метраў, шырыня — да сотні. Не падманвала старая карта — больш за дзве хаты тут не стане. І гэта Кранштат? А дзе агароды былі? З чаго жылі тут людзі? Хіба што з купецкай ды бурлацкай платы за пастой.

 Тры сасны пасяліліся на краі выспы. Дзве з іх дзікі прыстасавалі пад чуханы — чухаюцца аб садраныя шчэццю да смалы ствалы, чым прылепліваюць да жывіцы паразітаў са скуры.

 — Чаму шчацінне прыклеена на ўзроўні чалавечага росту? — пытаю ў Валацугі. — Мо гэта ласі чухаліся?

 — Не, — адказвае той. — Дзікі станавіліся на заднія ногі ды церлі аб смаловыя ствалы каркі і шыі.

 Яшчэ тры сасны па­асобку растуць на самым ускрайку выспы. Прыкладна столькі па перыметры сушы і бяроз. Некалькі маладых дубкоў. Сам жа востраў лысы. Толькі мяцёлкі ліса­хвосту дружна занялі цэнтр. Дрэвы ж спрабуюць прабіцца з зямлі, аднак на паўметровай вышыні робяцца каржакаватымі, спыняюць рост, засыхаюць. Чарговая загадка прыроды.

 Спрабуем прабіцца да возера. Пад нагамі — балота, над галавой — тоны дажджавой вады ў гушчэзных лісцёвых зарасніках. Адзенне хутка прамакае наскрозь. Балота і зараснік робяцца зусім непраходнымі. Шлях адзін — назад.

 Пад соснамі самае чыстае месца. Аднак палатку ставіць там не рашаемся — баімся ўдару маланкі па дрэвах. Асталёўваемся пасярэдзіне выспы ў зарасніку лісахвосту.

 Толькі абсталявалі бівак, дождж спыняецца. Вызірае сонца. Аднак яно прыносіць мала радасці, бо настрой азмрочваюць мокрыя адзенне і абутак. Але ж трэба вячэраць.

 Распальваю вогнішча ў выкапанай дзікамі яміне. Яно надта вялікае для скварання сала, затое ў створанай гарачыні не так камары і сляпні кусаюць.

 Раніцай зноў распалілі вогнішча, каб уратавацца ад камароў. Паходнай рыдлёўкай зрабілі шурфы. Адразу знайшлі попел на такой глыбіні, што вынікам пажару ён не мог быць. Значыць, культурны пласт зямлі тут. Значыць, мы сапраўды ў Кранштаце. Праўда, больш культурнага пласту не знайшлі. Кітайская рыдлёўка сагнулася і часта зрывалася з фіксатара. Аднак дастаткова і аднаго доказу правільнасці нашага знаходжання.

2019.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 6 дней назад,   за неделю: 352 
88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 141 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 2 недели назад,   за неделю: 99 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 1 неделю назад,   за неделю: 79 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 2 недели назад,   за неделю: 68 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ