27 авг 2019 в 08:16 — 3 месяца назад

МЯДЗВЕДЖЫЯ ГІСТОРЫІ НА 133-м КІЛАМЕТРЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 2, за неделю: 6, всего: 740

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 133 кіламетр - гэта калі ехаць з Мінску па шашы Мінск – Віцебск. 133 кіламетры таксама і ад Віцебску, калі верыць кіламятроваму слупу, што стаіць на сотню метраў далей, у віцебскі бок, ад паказальніка павароту на вёску Барсукі.

 Дык вось, дарагі мой суразмоўца, калі ты рухаешся з Мінску, то трэба насупраць паказальніка павярнуць налева, а калі з Віцебску, то направа. Мінуўшы невялікі лясок, парослы ў асноўным асіннікам, а затым помнік калгаснай безгаспадарчасці і марнатраўства – недабуд гаспадарчых памяшканняў, ужо праз паўкіламетра ад шашы трапляеш у Барсукі. Вёска пакуль што напалову жывая, але з кожным годам усё больш і больш хат застаюцца пустымі.

 Яшчэ напачатку мінулага стагоддзя тут быў хутар з назвай Навіны. Але з прыходам калектывізацыі ўсе навакольныя хутары пачалі зганяць у адно месца. Так былі знесеныя хутарскія сялібы Віленка, Будрэвіча, Кірплеўшчына, Сакол, Буевічыха, Багдановічыха, Пастушыха, Мар’янова, Лаковічы, Кубскае, Ляшчыннік, Куноўшчына, Буевічыха 2-я, Папоў Кашэль, Скорбава Ляда, Барсукі, Прывадзіха, Асіннік, Паўлава (Барок).

 Цэнтр калгаса імя Варашылава зрабілі на хутары Навіны, але назву далі Барсукі, бо большасць першых калгаснікаў была з хутара Барсукі, што знаходзіўся за чатыры кіламетры, на берагах Бярэзінскай воднай сістэмы і возера Бярэшча.

 Новаспечаныя Барсукі ў сваю чаргу склаліся з трох пасёлкаў. Бліжэй да шашы знаходзілася Зорка.

 За невялічкую рэчку Цягбіцу забеглі Лыскі, а між імі ўклініліся цэнтральныя Барсукі.

 Калі ля крайняй хаты збочым налева, па жвіровай дарозе праз кіламетр выедзем на парослае хмызам поле, што да калектывізацыі было хутарам Гардзіёнчыха. За полем мінём мост над забалочанай рэчкай Кестай. Кажуць, што па ёй колісь сплаўлялі чаўны з Заходняй Дзвіны ў Бярэзіну, але, калі была пабудаваная Бярэзінская водная сістэма, патрэбнасць у такім шляху адпала. Сама рэчка забалоцілася і зарасла хмызняком. І толькі шырокія плёсы нагадваюць аб яе былой велічы.

 За Кестай праз паўкіламетра выязджаем на вялікае поле. Старэйшыя мясцовыя жыхары называюць яго Левановічавым – ад прозвішча першага гаспадара, які купіў высечку і пабудаваў бліжэй да Бярэзінскага канала сядзібу. Тыя-сія называюць поле Шуневічавым, бо, як і Левановічы, браты Юзік і Адолька збудавалі агульную сядзібу па суседству з першым забудоўшчыкамі – іх далёкімі родзічамі. Цяпер тую пустку клічуць прасцей – Валоўскае поле. Яно вялікае – падчас вайны служыла партызанам аэрадромам. Расповяд пра першых гаспадароў поля пачну з Левановічаў.

 Мясціны да будаўніцтва воднай сістэмы былі глухімі і дзікімі. Туды ссылалі ўсіх, хто аказваў супраціў расійскаму царызму, хто ў свой час падтрымаў Напалеона Банапарта. Маёнткі інсургентаў раздалі расійскім панам, а саміх пазбавілі тытулаў, маёмасці і загналі ў непрыдатныя для жыцця мясціны. Большасць карэнных ліцвінаў пакінулі ўвогуле межы Вялікага Княства Літоўскага. Іх нашчадкаў сёння можна спаткаць у кожным кутку планеты, на кожным кантыненце.

 Сям’я старога Левановіча складалася з пяці чалавек: сам гаспадар з жонкай, сыны Франік і Стась, дачка Марыя (па-вясковаму Манька альбо Манюта). Старэйшы Левановіч працаваў лесніком, і пра яго хадзілі ўсялякія небыліцы. Калі хтосьці хацеў распавесці байку, то пачынаў так:

 - Вось пайшоў аднойчы дзед Левановіч на абход лесу і спаткаў мядзведзіцу з мядзведзікамі. Ды так раптоўна выйшаў на звяроў, што забыўся і на стрэльбу, і на тое, што трэба ўцякаць. Медзвядзяняткі папісалі на дзеда ды пабеглі па сваіх справах, а мядзведжая матуля заплявала ўвесь дзедаў твар дый падалася за дзецьмі. Некалькі гадзін прастаяў слупам спаралізаваны страхам чалавек. А пасля не мог размаўляць некалькі дзён.

 Іншым разам сустрэўся дзед з мядзведзем. Той паказаў агрэсіўныя намеры. Заскокваючы на нятоўстае дрэва, паляўнічы меркаваў, што звер пойдзе сваёй дарогай, але той пачаў забірацца па ствале да чалавека. Тады дзед двойчы стрэліў у галаву нападніку. Аднак ад зарадаў на глушцоў мядзведзь толькі пачухаў патыліцу. І ўсё ж той замінкі хапіла на перазарадку патронаў з большым шротам. Пасля трэцяга стрэлу звяруга грымнуўся на зямлю. Аднак узняўся, абхапіў дрэва і пачаў яго трэсці. Сук, на якім сядзеў ляснік, зламаўся, і ён шмякнуўся на страшыдлу. Той адразу зламаў стрэльбу, а затым, добра пакалечыўшы лесніка, закідаў яго мохам. Толькі раніцой прыпоўз гаспадар дахаты. Пасля два месяцы адлежваўся ў ложку, гоячы пашкоджанае цела мёдам ды настойкамі траў.

 Аднойчы позна ўвечары дзед Левановіч прадзіраўся скрозь густы хмызняк. Пачуў шамаценне, быццам нехта хацеў яго напалохаць. А ў той час здараліся выпадкі разбою. “Хто там дурэе? – крыкнуў. - Выходзь, а то буду страляць!” Ніхто не адказваў, аднак шамаценне працягвалася. Дзед вырашыў, што там мядзведзь і стрэліў у гушчар. Запанавала цішыня. Ідучы на працу раніцай, Левановіч рашыў паглядзець на месца вячэрняга здарэння і па слядах даведацца, хто яго спрабаваў палохаць. Якое ж было здзіўленне, калі ў хмызняку знайшоў тушу вялікага мядзведзя. Куля трапіла прама ў сэрца зверу. З сынамі з цяжкасцю выцягнулі таго з гушчару і з дапамогай жэрдак і калоў закацілі на воз.

 Неяк мядзведзь напаў на двух коней Левановічаў, якія ўначы пасвіліся стрыножанымі ў расцяробе непадалёк ад хутару. Малады конік збег ад звера, а вось старому не пашанцавала, і касалапы ўдарам лапы зламаў яму хрыбет. Затым чамусьці пацягнуў здабычу ў пушчу, прасунуўшы галаву паміж стрыножанымі лыкавым путам нагамі жывёліны. Пераходзячы па грэблі рэчку Кесту, звер паслізнуўся на коўзкай кладцы і зваліўся ў ваду. Спрабаваў выбрацца з рэчышча, але ногі не дасягалі дна, а лыкавыя путы моцна трымалі за шыю разбойніка, пакуль той не захлынуўся вадой.

 Была байка і пра тое, як Левановіч пабыў на небе. Баранаваў дзед драўляным смыкам засеянае поле, і раптам наляцеў віхор. Падняў дзеда разам з канём вышэй лесу. Ад страху чалавек страціў прытомнасць. Калі ачуняў, убачыў, што конь пасвіцца на ўзмежку, а сам ён ляжыць на мяккай раллі. Пра гэтую гісторыю Левановіч распавёў людзям. Каб ведаў пра наступствы, лепш бы змоўчаў. Доўга потым навакольныя жыхары кпілі з аратага, якога за руплівую працу бог знасіў на неба.

 Пра суседзяў Левановічаў – братоў Шуневічаў – будзе асобны расповяд.

2019









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


Часть 17-я. ПОИСК ЭДЕМА: ШВейК рыщет по казацкой долине  — 1 неделю назад,   за неделю: 166 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ