29 авг 2019 в 08:26 — 2 месяца назад

КРЫЖ З РУК ЦАРА І ПЕНСІЯ АД ЦАРЭЎНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 13, всего: 545

 Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Па-рознаму склаўся лёс братоў Шуневічаў, якія сталі аднымі з першых пасяленцаў на полі паблізу вёскі Валовай Гары, якое да гэтага часу носіць тры назвы: Левановічава, Шуневічава, Валоўскае. Старэйшы Міхал застаўся ў бацькоўскай хаце каля возера Плаўна – слабае здароўе не дазваляла займацца цяжкай працай, і ён служыў лесніком.

 Маладзейшыя Адолька і Юзік таксама былі леснікамі, толькі Адолька выконваў абавязкі ляснічага. Ляснічаму па службовых справах даводзілася бываць у павятовым горадзе Барысаве і, як больш адукаванаму, у бліжэйшым мястэчку Лепелі, куды Шуневічы на заказ жыдоў вазілі прадаваць мёд. Вось у адну з такіх паездак і сустрэў Адолька на базары мясцовую прыгажуню Анэту Сініцкую. Дзяўчына па тым часе была адукаванай. Скончыла мясцовую гімназію. Добра валодала польскай мовай, ведала ліцвінскую і ўкраінскую. Нячастыя сустрэчы перараслі ў вялікае каханне. І калі малец прапанаваў стаць яго жонкай, Анэта не надта раздумвала, і насуперак волі бацькоў маладыя употайкі пабраліся шлюбам, павянчаўшыся ў лепельскім касцёле Святога Казіміра.

 Вядома, што ад бацькоў аніякай дапамогі маладыя не атрымалі, дый не чакалі. У хату прывёў жаніх маладую жонку з маленькім хатульком адзення. Стары бацька Антон стаў жыць з малодшым сынам Юзікам, а маладым дасталася асобная другая палова хаты.

 Падчас сталыпінскіх рэформаў, дамовіўшыся с суседзямі па хутары Левановічамі, Шуневічы выкупілі высечку да самай Кесты і пачалі раскарчоўку пад ворыва і сенажаць. Працаваць даводзілася шмат, але маладая сям’я жыла дружна, у каханні, і праца спорылася. Праз два гады нарадзіліся дзеці. Першым у 1908 годзе ўбачыў свет Вацік, затым Барнась, Анэля, Юзік (мой бацька).

На здымку: справа – сын Адолькі Шуневіча Барнась (Барыс), злева – сын Барнася Эдуард, па цэнтры – пляменнік Барнася Анатоль Шуневіч (аўтар гэтых успамінаў).

  Адэлька і Франок памерлі, бо ў той час выжывалі мацнейшыя дзеці. У 1921-м нарадзілася Франя (па-мясцоваму Франуся), у 1923-м – Бронік. Але гэта потым, а пакуль што павялічвалася плошча пад пасевамі і сенажаццю, дамба была застаўленая вуллямі, у блізкім лесе віселі пустыя калоды для лоўлі пчол.

 Заробак у леснікоў на той час быў хоць і невялікі, аднак не дазваляў руплівым гаспадарам жыць у бядоце, тым больш маючы сваю гаспадарку.

 У верасні 1912 году прыйшла позва з павятовага камісарыяту аб прыцягненні на вайсковую службу Юзіка Шуневіча. У Адолькі на той час было трое дзяцей, і ў леснікоў была броня ад ваеншчыны. Юзіку ж такую броню не далі, а з павятовай камісіі накіравалі ў Санкт-Пецярбург. Там мальца ростам 196 сантыметраў, які ўмеў чытаць і пісаць, валодаў немалой фізічнай сілай, вызначылі ў гвардзейскі полк спецыяльнага прызначэння.

 Праз два гады муштры або салдацкай вучобы з Юзіка атрымаўся сапраўдны гвардзеец з шыкоўнымі вусамі, які лёгка гнуў конскія падковы, з адной рукі на ляту збіваў варону з трохлінейкі.

 Здольнага салдата заўважылі і перавялі ў батальён царскай аховы. Так Юзік стаў царскім гвардзейцам.

 У 1914-м грымнула Першая сусветная вайна. Расія, выконваючы дамоўленасць з краінамі Еўропы, абвясціла Германіі вайну. Аднак краіна была дрэнна падрыхтаваная да баявых дзеянняў, пачынаючы з экіпіроўкі салдатаў і заканчваючы ўзбраеннем. Да таго ж сваю справу зрабіла і бальшавіцкая прапаганда, дый самі людзі не жадалі паміраць за чужыя інтарэсы. Таму дысцыпліна ў войсках была на дужа нізкім узроўні.

 Аднак была і патрыятычна наладжаная частка вайскоўцаў, якія ішлі добраахвотнікамі на фронт. З іх складаліся асобныя батальёны. У адзін з іх і трапіў Юзік Шуневіч.

 Дзесьці пад Смаргонню полк, што абараняў адрэзак фронту, пабратаўшыся з нямецкімі жаўнерамі, паводле загаду старшыні салдацкага камітэту пакінуў акопы. Па шляху салдаты займаліся рабаўніцтвам мясцовага насельніцтва. Дайшоўшы да бровараў, перапіліся. Не абышлося тут без дапамогі кайзераўскіх дыверсантаў.

 Камандаванню давялося прыкрыць аголены адрэзак фронту ўсяго адным батальёнам добраахвотнікаў. Зрабіўшы начны марш-кідок, ужо раніцай гвардзейцы занялі акопы. З узыходам сонца ў наступ рушылі кайзераўцы. Ішлі без асцярогі, бо ведалі, што на тым баку акопаў рускіх не будзе. Але насустрач ім узняліся два ланцугі жаўнераў гвардзейскага батальёну. Ішлі моўчкі, без адзінага стрэлу. Сілы германцаў у некалькі разоў пераўзыходзілі рускіх, але ў батальёне былі спрактыкаваныя ваякі, у якіх кожны рух быў адрэпетаваны да аўтаматызму. Да таго ж фізічнай сілы кожнаму жаўнеру было не займаць. Як казаў Юзік, немцы не былі гатовыя да рукапашнай абароны, нават цесакі не прымацавалі да стрэльбаў. Сам ён бачыў наперадзе толькі твары людзей, а штык механічна рабіў сваю страшную справу. Злева штыком, справа прыкладам выбіваў з рук ворагаў стрэльбы. Над полем бою стаяў суцэльны стогн.

 Юзік не памятаў, як доўга цягнулася смяротная сутычка. Прыйшоў у сябе, калі ўбачыў не твары германцаў, а спіны. Нямецкі афіцэр хацеў спыніць адступленне, страляў у аднаго, другога… Але дарэмна. Стрымаць уцёкі было немагчыма.

 Камандзір рускага батальёну спыніў пераслед, бо з боку варожых траншэй пачалася частая страляніна, а з наяўнымі сіламі здзейсніць прарыў было немагчыма. Не было і сувязі з камандаваннем. Толькі пад канец дня ў акопы вярнуліся рэшткі палку, рота каўказскіх пластуноў ды данскіх казакаў. З’явіліся прадстаўнікі штаба фронту, раздалі ўзнагароды ўдзельнікам  атакі.

 Жаданне было толькі адно: павячэраць і спаць. На світанку наступнага дня здрыганулася зямля. Пачаўся артылерыйскі абстрэл рускіх пазіцый. Руйнаваліся акопы, у паветра ўзнімаліся бярвенні ад накатаў бліндажоў.

 Колькі часу доўжылася гэтае пекла, цяжка сказаць. Адразу пасля абстрэлу пачалі шукаць жывых і параненых. Многія былі засыпаныя пяском. Юзік убачыў руку, што тырчала з зямлі. Пацягнуў яе з усёй моцы, а яна лёгка паддалася, адарваная снарадам ад цела.

 А з германскага боку ўжо ўзняліся ў наступ нямецкія салдаты. Дзіўным было тое, што многія былі ў процівагазах. Як потым распавялі гвардзейцам, іх хацелі атруціць газам. Аднак перашкодзіў вецер, і ён пайшоў у бок ад рускіх пазіцый.

 І зноў сышліся ў рукапашнай бойцы дзве лавы людзей. Атака была жорсткай. Жывымі нікога не пакідалі. Асабліва лютавалі пластуны з дзікай дывізіі. Казакі больш марадзёрнічалі. З батальёну Юзіка ацалелі ўсяго 10 чалавек. У апошнюю хвіліну бою нямецкі афіцэр прастрэліў Юзіку нагу. Абапіраючыся на стрэльбу, ён яшчэ дайшоў да сваіх акопаў, а далей ужо з дапамогай санітараў быў дастаўлены ў тылавы лазарэт. Там нагу перавязалі і на возе адвезлі да санітарнага цягніка. Там параненага распранулі з дапамогай нажніц, бо вопратка стала лубяной ад сваёй і чужой крыві. Зноў перавязалі, прамыўшы рану. Праз два дні Юзік апынуўся ў вайсковым шпіталі Санкт-Пецярбургу.

 У той час апекуном шпіталю была дачка цара княгіня Вольга. Двойчы на тыдзень яна са світай і лекарамі абыходзіла палаты. Распытвала аб справах параненых. Раздавала падарункі. Даведаўшыся аб вайсковых прыгодах Юзіка Шуневіча, службе ў царскай гвардыі, дваранскім саслоўі яго пра…прадзедаў, стала надаваць асаблівую ўвагу лячэнню двухмятроваму хвораму.

 А рана не загойвалася. Гнаілася. І лекары, параіўшыся, вырашылі правесці ампутацыю. Вядома, што такі зыход не задавальняў хворага. І ён паскардзіўся царэўне Вользе. Назаўтра сам цар Мікалай наведаў шпіталь. Уручыў Юзіку другі Георгіеўскі крыж і спытаў, чаму ён адмовіўся ад ампутацыі. Шуневіч адказаў:

 - Ваша Вялікасць! Я ляснік, чалавек дужа прыземлены, і мне без нагі нельга. Лепш памерці, чым жыць калекам.

 - У нас героі не павінны паміраць, - сказаў цар.

 А ўначы, нібы цень, у палату з’явіўся чалавек ва ўсім чорным. Нахіліўся над Юзікам і пачаў моўчкі перабіраць часткі цела, пачынаючы ад шыйных пазванкоў. Ад чужака сыходзіў непрыемны пах. Калі яго рукі дайшлі да параненай нагі, хворы чамусьці не адчуў болю. Пасля ён ўпершыню праспаў да раніцы.

 На досвітку прыйшоў незнаёмы лекар і паклаў на рану кампрэс з нейкіх зёлак. Зноў без болю Юзік праспаў да раніцы. З таго часу лячэнне пайшло актыўна. Прыходзіў лекар рабіць кампрэсы. І праз два тыдні рана пачала загойвацца.

 Наведалася царэўна. Пачуўшы аб прагрэсе ў лячэнні, сказала:

 - Жыві, герой!

 Аднак ішла вайна. Шпіталь быў перапоўнены параненымі. Надышоў час развітвацца з ім. Памочніца царэўны-апякункі прынесла ўсе даведкі аб раненні і ўзнагародах, дакументы аб пажыццёвай пенсіі, бясплатным праездзе і 10 залатых манет асабіста ад князёўны Вольгі.

 Дома Юзіка чакалі дзве навіны: дрэнная і добрая. Не дачакаўся стары Антон сына-героя, асталяваўся на мясцовых могілках. А ў брата Адолькі нарадзілася чацвёртае дзіця, і назвалі яго Юзікам у гонар дзядзькі.

 Адпачываць доўга не давялося. Адразу наваліліся сялянскія турботы. З месца раскарчоўкі прывезлі лесаматэрыялы. Разам з братам і з дапамогай суседа Левановіча збудавалі вялікі хлеў для жывёлы.

 На грошы князёўны купіў Юзік карову з цялём, некалькі авечак, чатырохгадовага каня і кабылу з жарабём. Дамовіліся пашыраць раскарчоўку да рэчышча Кесты.

 Аднойчы паклікаў Адолька брата на сур’ёзную мужчынскую размову, бо надакучыла яму бачыць, як шмат часу марнуе Юзік на жаночую працу. На руках Анэты чацвёра дзяцей, і на дапамогу дзеверу ў яе не стае моцы і часу. Яму ж будзе лягчэй і весялей жыць, калі ажэніцца.

 Юзік задумаўся. Нарэшце ў суседняй вёсцы прыгледзеў дзеўку з роду Буевічаў. І прыгожая, і працавітая. Хутка згулялі небагатае вяселле. І радаваўся Шуневіч свайму выбару.

 Павятовым горадам тады быў Барысаў. За пенсіяй даводзілася хадзіць пехатой альбо ездзіць на возе. Шкадаваў чалавек жывёліну, таму больш дабіраўся на сваіх дваіх. Напрасткі за суткі спраўляўся.

 Але насоўваліся неспакойныя часы. Да ўлады прыйшлі бальшавікі. Затым насунулася грамадзянская вайна. І давялося Юзіку “забыцца” пра сваю службу ў царскай гвардыі, свае ўзнагароды, пенсію. У 23-м годзе нарадзіла жонка дзяўчынку, а праз два гады і хлопчыка.

 Сям’я Шуневічаў жыла не бедна. Але і лішняга не было. Хапала і паесці, і апрануцца.

 У 25-м годзе памёр брат Адолька, пакінуўшы Анэту з шасцю дзецьмі - у 38-гадовым узросце згарэў чалавек. Аднак адна бяда не ходзіць, а іншую за сабой водзіць. Захварэла жонка Юзіка на сухоты і хутка адышла ў лепшы свет. Праз год прыйшла дапамагаць даглядаць дзяцей родная сястра нябожчыцы дый так і засталася ва ўдаўца. А хто даглядзець дзяцей лепей за родную цётку?

 Калі пачалася калектывізацыя, і прыйшла камісія па раскулачванні, у гаспадарцы засталася толькі карова ды зямля. Сам гаспадар працаваў у запаведніку, заўчасна распрадаўшы кулацкія лішкі. Зямлі ў леснікоў хапала на лясных палянах ды пакінутых хутарах, куды шчупальцы калектывізацыі не дацягваліся.

 Яшчэ дваіх мальцаў нажылі з новай жонкай.

На здымку:сын Юзіка Шуневіча з другой жонкай, Альфрэд.

  Але, напэўна, спрацавала спадчыннасць. Памерла кабета таксама ад сухотаў.

 Больш Юзік не жаніўся, бо падрасла старэйшая дачка Стася і частку жаночай справы ўзяла на сябе. Дапамагаў старэйшы брат Яська даглядаць малых і спраўляцца па гаспадарцы.

 Ці была ў мужыка Юзіка дзе-небудзь жанчына, невядома. Злыя языкі казалі, што ўначы на кладках над каналам бачылі падобнага да Шуневіча чалавека. Чаго ён там быў, да каго хадзіў, гісторыя замоўчвае.

На здымку: Юзік Шуневіч

  А вось царскія ўзнагароды сыгралі ў яго жыцці ці не галоўную скрыпку. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя.

На здымку: Сядзіць - Юзік Шуневіч; за ім ззаду – дачка Стася; стаіць злева – сын Валянцін; стаіць справа – аўтар гэтага ўспаміну;  астатнія – унучкі.

 Захаваўся яшчэ адзін стары здымак сям´і Шуневічаў, на якім родныя развітваюцца з Анэтай, жонкай Адолькі, брата Юзіка.

На здымку: (злева направа) ля труны стаяць Анэціна унучка Люся, сын Барнась, дзевер Юзік, зяць Яська Казлоўскі, дачка Франуся, пляменніца Ніна, нявестка Леаніда, Юзікаў сын Фрэдзя. 

  Жыў Юзік Шуневіч доўга. Да 80 гадоў працаваў лесніком у запаведніку. Памёр у 98 гадоў.

2019.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


88. МОИ МУЧИТЕЛИ АМЕРИКАНЦЫ. Шуш Эсенскі  — 3 дня назад,   за неделю: 320 
РАСКОПКИ СТАРОГО БЛИНДАЖА  — 6 дней назад,   за неделю: 306 
89. ТАК ПОГИБАЛИ СОВЕТСКИЕ ДЕТИ. Шуш Эсенскі  — 23 часа назад,   за неделю: 173 
КУРГАНЫ І ГАРАДЗІШЧА ЛЯ АЗЁРАЎ ТЭКЛІЦ І ЛУКОНЕЦ  — 4 дня назад,   за неделю: 171 
87. КАЖДОЙ ТЁЛКЕ ПО КУКУРУЗИНЕ. Шуш Эсенскі  — 1 неделю назад,   за неделю: 143 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ