17 янв 2020 в 17:56 — 9 месяцев назад

НАГАН РАЗГАНЯЎ РАБАЎНІКОЎ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 741

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Гэтую гісторыю з жыцця наваколляў вёскі Валовай Гары чуў ад ураджэнкі тамтэйшага хутара, разам з насельнікамі знішчанага камуністамі падчас крывавай калектывізацыі, Петрунэлі Казлоўскай, пасля замужжа – Буевіч. Дыктафонны запіс яе расповяду не вёў, таму змест гутаркі буду пераказваць сваімі словамі.

 Пасля кастрычніцкага перавароту Расійскую імперыю запоўніў бандытызм. Усякага кшталту разбойнікі і крымінальнікі абудзіліся, у выгадным для сябе свеце ацаніўшы безуладдзе. Рабавалі хутары, аселіцы невялікіх вёсак, падарожнікаў на бальшаках. Таму простыя людзі стараліся здабыць хоць якую зброю, каб ратавацца ад нападу злыдняў. Бацька Петрунэлі, Мікола Казлоўскі, здабыў наган.  Дзе яго ўзяў, нікому не распавядаў. А вось як прымяняў баявую зброю, перад смерцю паведаў свайму сыну Казіку і зяцю Янаку. Тую споведзь чула і Петрунэля.

 Лепельшчына асабліва пакутавала ад нашэсця крымінальнікаў з усёй краіны Саветаў. У 30-я гады тут лёгка было схавацца ў людской масе будаўнікоў шашы Мінск – Віцебск. Тысячы грабароў з выміраючай ад галадамору Украіны нейкім чынам прарываліся скрозь выстаўленае па загаду Сталіна ачапленне і разам з коньмі і вазамі прыбывалі на будаўніцтва.

 Працавалі ўдарнымі тэмпамі. Першапачаткова пракладвалі кірунак будучай трасы аманітнымі выбухамі. Затым грабары падвозілі пясок і жвір на насып. Яго палівалі вадой і трамбавалі ўручную, жывой сілай. У апошнюю чаргу маставую брукавалі счэсанымі гранітнымі валунамі. Адначасова ўзводзілі масты над шматлікімі рэкамі. Для таго адразу ладзілі лесапавал ў навакольных лясах. Такім чынам, на будаўніцтве былі задзейнічаныя дзясяткі тысяч наёмных рабочых, рэпрэсіраваных “ворагаў народу”, мясцовага насельніцтва.

 Наёмнікі і зэкі не вытрымлівалі непасільнай муштры і ўцякалі з-пад варты, папаўняючы армаду бандытаў, што ў пошуках спажывы шнырылі па лясах і дарогах. Людзі баяліся выпраўляцца ў Лепель ці Бягомль, баючыся нападу бандытаў. Але справы вымушалі. Двойчы рабаўнікі спынялі і падводу Міколы Казлоўскага, калі той ехаў з Лепеля на свой хутар. Патрабаванне было адно: выгружай усё з возу і выварочвай кішэні. Мікола загадзя чакаў нападу, таму замест таго, каб напалохацца і разгубіцца, выхопліваў падрыхтаваны наган і без усялякага папярэджання страляў у бок ліхадзеяў, але спецыяльна міма. Грымоты выстралу і выгляд грознай зброі спынялі намер злачынцаў. Без супраціву ўцякалі, аж пяткі блішчалі. Таму селянін шанаваў свой наган і хаваў ад незразумелай улады. 

 Не думаў і не гадаў Мікола Казлоўскі, што ў трэці раз давядзецца прымяняць грозны наган супраць такога ж, бы сам, селяніна. А было так. На хутар Казліха прыйшоў знаёмы Цяліца Франік і папрасіў падвезці да Бярэзіны. Там праходзіла мяжа з Польшчай. Па дарозе распавёў, што ўдзельнічаў у паўстанні на Случчыне. Паўстанцам, заціснутым з захаду палякамі, а з усходу чырвонымі, давялося скласці зброю. Мала каму ўдалося вырвацца. Цяпер думае трапіць у Аргенціну – туды калісьці з’ехала яго цётка Форця.

 Так у размовах і даехалі да Бярэзіны. Франік пачаў прасіць аддаць яму каня. Мікола адказаў, што каня ў яго адразу забяруць і самога заарыштуюць памежнікі як з аднаго, так і з іншага боку. А селяніну без каня – галодная смерць. Лепш Франіку адысці ад моста за паварот і пераплыць раку, а там згубіцца на чужой тэрыторыі.

 Тады Франік дастаў пісталет і нацэліўся на Міколу.

 - Злазь з калёс!

 На шчасце, у таго з сабой быў наган. Зрабіўшы выгляд, што напалохаўся і пакідае воз, выхапіў ствол і імгненна наставіў на ліхадзея. Загадаў няўдзячнаму чалавеку адысціся. Той паслухаўся. Кінуў яму ўслед торбу з харчамі і, калі Франік пакрочыў, павярнуў у зваротны шлях. Доўга не мог зразумець чалавечых намераў: добра знаёмы, з якім нават выпіваць разам даводзілася, раптам хацеў абрабаваць амаль што сябрука. Бачна, разлічваў, што ўцячэ ў Аргенціну і болей спаткацца з Казлоўскім не давядзецца.

 Распавёўшы гісторыю пра наган, Мікола папрасіў сына Казіка і зяця Янака (мужа Петрунэлі) схадзіць на месца знішчанага калгасным ладам хутара Казліха, па названых прыкметах адшукаць схованку і забраць з яе два пакункі. Адзін, не разгортваючы, прынесці яму, а ў другім будзе наган. Яго трэба ўтапіць у самым багністымі балоце. Прычыну знішчыць зброю, якая яго тройчы выручала, дзед абмаляваў так. Адчувае, што доўга не працягне. Наган яму больш ніяк не спатрэбіцца. А вось іншы чалавек яго можа адшукаць, схованка ж не вельмі надзейная, і прымяніць, тым самым наклікаўшы на сябе бяду. Непатрэбная зброя і сыну з зяцем, бо цяпер надышлі страшныя часіны, калі камуністы разлютаваліся, гвалтам заганяюць людзей у калгас, разбураюць хутары, раскулачаных хутарцаў садзяць у турмы, ссылаюць у глухія халодныя краі спецыяльна для таго, каб яны там загінулі разам з сем’ямі.

 Тут дарэчы будзе коратка распавесці пра самога Міколу. Хутар Казліха знаходзіўся паміж Валовай Гарой і возерам Плаўна, паблізу сучаснай плаціны на Злучальным канале, якая стрымлівае азёрныя воды.

  Казлоўскіх першых раскулачылі. Гаспадара пасадзілі ў Лепельскую турму. Міколіху разам с сынамі Казікам і Антосем, іх жонкамі і Антосевымі дзецьмі выслалі на ўсход рэвалюцыйнай краіны. Казіку з жонкай Анэляй удалося ўцячы. Астатнія Казлоўскія ўсе да аднаго памерлі ў вагоне ад хвароб, выкліканых нервовым зрывам, холадам і голадам.

 У Лепельскай турме, будынак якой да гэтага часу служыць офісам аператару мабільнай сувязі “Лайф” па вуліцы Максіма Горкага, энкэвэдысты збілі на горкі яблык Міколу Казлоўскага, патрабуючы залатыя грошы.

 Мікола адмаўляў іх існавання. Бацьку наведала дачка Петрунэля і ўгаварыла аддаць ёй ледзь не на смерць забітага вязня, каб пахаваць на родных могілках. Аддалі. Забрала небараку ў сям’ю Буевічаў у Забар’е, дзе жыла сама. Народнымі сродкамі паставіла збітага чалавека на ногі. Туды прыбылі хавацца і ўцекачы з вагона смяротнікаў Казік з Анэляй. Тады і адбылася размова пра наган.

 …Яшчэ добра не развіднела, а мальцы ўжо былі ў дарозе. Ішлі напрасткі, паміж Зацякляссем і Мядзвёдаўкай. Выйшлі на дарогу ля Пунтасавага моста. Хутчэй гэта была грэбля напалову затопленая вадой вялікага балота.

 У родных мясцінах трывожна забілася сэрца Казіка. Вось адна баравіна, другая - і поле. А не бачна саду, толькі на ўзлеску сіратліва рвецца ў неба старая груша. На месцы гаспадарчых пабудоў – галавешкі. Хаты не бачна, напэўна, звезлі. У пчальніку – растоўчаныя рамоўкі і перакуленыя калоды.

 Падышлі да грушы. Прыставілі да ніжніх сукоў дзве трывалыя жэрдкі, і, з дапамогай Янака, Казік далез да разгалінавання. Адразу ўбачыў дупло, захінутае халявай старога бота. Вось і замацаваны на галіне шнурок. Намотваючы яго на руку, выцягнуў два закручаныя ў зрэбныя торбачкі пакункі. Ужо на зямлі разматалі большы і дасталі наган, добра змазаны нейкай змазкай, патроны да яго.

 Другі пакунак Казік адразу паклаў запазуху, а з наганам пайшоў да сажалкі. Янак заенчыў:

 - Няўжо ўтопіш? Шкада! Давай хоць стрэлім.

 - Трэба рабіць так, як сказаў бацька. Я прывык яго слухацца.

 Спачатку ў сажалку паляцелі патроны, а за імі і наган. Амаль не азіраючыся, Казік пайшоў са свайго разбуранага гнязда.

 Апоўдні мальцы былі ўжо дома. Мікола ні аб чым не пытаў сына. Бачыў, у якім той быў стане.

 Пра далейшы лёс герояў гэтага расповяду – у асобных успамінах. А Мікола Казлоўскі працягнуў усяго два гады. Сканаў ад бязлітасных пабояў турэмных энкэведыстаў – усё нутро адбілі.

 У другім пакунку з дупла грушы былі, хутчэй за ўсё, залатыя манеты, за якія турэмшчыкі збілі Міколу Казлоўскага на горкі яблык. Дзе дзелася тое золата, Петрунэля Буевіч (Казлоўская) не сказала. Аднак адразу пасля вяртання мужа і брата з пакункам, што знаходзіўся ў дупле старой грушы, яна хадзіла ў Лепель да жыда Міркіна купляць фальшывы пашпарт на імя Баранава для Казіка, і Мікола Казлоўскі даў грошы на білеты і асталяванне ў Сібіры сыну Казіку з нявесткай Анэляй, якія хаваліся ад камуністычнай улады.

2020







19 янв 2020 в 13:04 — 9 месяцев назад

2




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


КАК ЛИТОВЦЫ БЬЮТ БЕЛАРУСОВ  — 6 дней назад,   за неделю: 568 
Мемуар 123. ПРОФАНЫ НА КОМБАЙНАХ  — 3 дня назад,   за неделю: 463 
СТРАНА ЖИВЁТ В БЕЗМОЗГЛОСТИ  — 4 дня назад,   за неделю: 454 
780. ХАОС В ЛЕСУ. Чуес Светлана  — 5 дней назад,   за неделю: 412 
Мемуар 122. ПОДГОТОВКА ТЕХНИЧЕСКИХ СПЕЦИАЛИСТОВ  — 7 дней назад,   за неделю: 374 
779. СПАСЁТ ЛИ КТО БЕРЕЗИНСКИЙ КАНАЛ? Чуес Светлана  — 1 неделю назад,   за неделю: 364 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ