Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 25.04.2012 (18:31) — 7 лет назад

НА ІМЯНІНЫ БЫКАВА, або РАДАСЦЬ ЖЫВЫХ БЫКОЎ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 589

Адвячоркам Васіль Хацкевіч, Анатоль Хаванскі, Аляксандр Саўчанка і Вольга Ганчар з дачкой-шасцікласніцай Аняй выехалі на веласіпедах у бок Ушачаў па старой Полацкай дарозе. Ехалі ў вёску Бычкі – на радзіму Васіля Быкава. Суправаджаю турыстаў на матацыкле “Мінск”, які называю “Цмокам”.

На Ушаччыне праводзіцца рэканструкцыя дарогі Ушачы – Лепель. Работы набліжаюцца да завяршэння. Пакладзены асфальт. Жвіроўкі засталося ўсяго 3,2 кіламетра – адДвор-Жараў і за адгалінаванне на Жары.

Спыніліся толькі на адгалінаванні дарогі ў санаторый “Лясныя Азёры”, каб абмеркаваць, дзе атабарыцца на начлег.

Уважліва вывучылі карту-двухкіламетроўку. Найлепшым месцам выбралі возера Завячэлле, якое хаваецца ў лесе непадалёк ад дарогі і цягнецца да самых Ушачаў.

Праз некалькі кіламетраў ад “Лясных азёраў” з’ехалі на лясную слаба прыкатаную дарогу, якая праз сотню метраў забралася на баравую кручу і паміж разрабаваных чорнымі археолагамі двух курганоў-валатовак крута пабегла на таксама баравы бераг, дзе ўжо былі змайстраваныя з дошак сталы з лаўкамі абапал. Але каб спусціцца да іх па кручы, давялося веласіпеды і “Цмока” пастаянна трымаць на тармазах. Праехалі 35 кіламетраў.

Над трыма палаткамі шумяць вершалінамі стромкія доўгія сосны. Дно пясчанае. Вада цёплая. Камары лютыя. Мошкі яшчэ больш куслівыя. Макароны з тушонкай неверагодна смачныя. Вогнішча ўначы лагоднае. Барабанны дробат ліўня па палатках. Рамантыка!

Наперадзе чакаюць яшчэ амаль тры дзясяткі кіламетраў.

На мемарыяльны комплекс “Прарыў” прыязджаю першым. Аддаю даніну памяці пліце з надпісам “Прускі М.В.” Гэта мой дзядзька Мішка, у якога трапіла мінамётная міна на агародзе ў Жарах. Ён – адзін з больш як 17 тысяч ахвяр блакады фашыстамі партызанскіх злучэнняў.

У вёсцы Селішча спыніліся ля названых гісторыка-культурнай каштоўнасцю касцёла і кляштарнага корпуса Бернардзінцаў, пабудаваных у 1726 годзе. Але каштоўнасць гэта цалкам занядбаная ў часіны ўсеагульнага атэізму. У купале – вялізныя дзіркі. Сцены аблупленыя і вышчарбленыя. Як у Бычках паведаміць старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання аховы помнікаў Антон Астаповіч, на рэстаўрацыю культавага збудавання ў дзяржавы няма сродкаў, а каталіцкая канфесія абяцае ўсяго толькі закансерваваць яго. І тое добра.

На аселіцы Селішча наведалі старыя могілкі. Зацікавіў масіўны помнік інжынеру ЛюцыянуСнарскаму (1861 – 1906).

У Бычкі заязджаю першым. Сядзібу-музей пазнаю па мноству легкавікоў перад ёй.

— Вітаю! Лепель, — прадстаўляюся групе людзей.

— Дзень добры! Гомель, — адказваюць.

Нарэшце па адным пад’язджаюць лепяльчане. Фатаграфуемся разам насупраць хаты-музея.

Сядзіба-музей пабудаваная праз год пасля смерці пісьменніка на месцы старой збуцвелай хаты.

— Ці ўсё адноўлена так, як было ў Васілёвым дзяцінстве? – пытаю ў сястры пісьменніка.

— Копія! – завярае Валянціна Быкава. – Нават калаўрот з кудзеляй пастаўлены нашыя.

— І абраз на куту вісіць той, што ў дзяцінстве мы кожны дзень бачылі, — дадае Васілёў стрыечны брат Анатоль Скрабатун.

— У такой глухой вёсцы і прозвішча маеце на рускі лад – Быкавы. Больш па мясцоваму гучала б Быковічы ці Быкоўскія…

— У Бычках палова насельніцтва – Быкавы, — тлумачыць Валянціна. – Усе паходзяць з аднаго роду – Быкоў. Гэта хтосьці з нашых апошніх продкаў перарабіў нашчадкаў у Быкавых, каб прыгажэй гучала. Так што сапраўднае Васілёва прозвішча – Бык. І маё таксама.

Дзе такія цікавыя факты прачытаеш?!

— Васіль Уладзіміравіч хварэў на астму. Ад яе і памёр?

— Не. Жыццё ён скончыў у анкалагічнай бальніцы Бараўлянаў ад раку. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Даглядае сядзібу-музей і прадае ўваходныя білеты коштам 800 рублёў мясцовая жыхарка Антаніна Быкава, жонка Васілёвага брата Мікалая. Яна пацвярджае, што сядзіба, хата і ўнутраная абстаноўка адпавядаюць тым, якія былі пры жыцці бацькоў Васі¬ля і Мікалая.

Жылі Быкавы бедна. Пярэднюю частку хаты займае вялікая печка. Жылы пакой загрувашчваюць два драўляныя ложкі, стол з лавай, калаўрот з кудзеляй — павярнуцца няма дзе. На падлозе – саматканы палавік. Сцены не паклееныя.

Выйшаў у двор і за галаву схапіўся – гэтулькі народу з’ехалася. Фатаграфуюся з былымі кандыдатамі на прэзідэнта Рыгорам Кастусёвым, Аляксандрам Мілінкевічам, Уладзімірам Някляевым, экс-старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыславам Грыбам, пісьменнікам Уладзімірам Арловым…

Непрывабнае наваколле Бычкоў – блізка няма ні лесу баравога, ні воднай прахалоды. Адзіная адметнасць – узгорак пад сядзібай ды захмызнячаная вясковая аселіца.

Побач вёска Кублічы. У ёй на вялікай каменнай глыбе выбіта інфармацыя аб сваім славутым земляку: “У Кублічах нарадзіўся беларускі пісьменнік-дэмакрат, адзін з арганізатараў узброеннага выступлення на Віцебшчыне Арцём Ігнатавіч Вярыга-Дарэўскі. 23.10(4.11)1810 – 1884 гг.”

Ад Бычкоў да Лепеля праз Кублічы, Весніцк, Пышна паўсотні кіламетраў.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2011 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение