09 апр 2020 в 08:22 — 4 месяца назад

2. Светлы шлях. Я З´ЯВІЎСЯ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 2, за неделю: 8, всего: 619

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут).

 Можа и не так хутка, як сцвярджаў мой бацька, рос і развіваўся ў Валовай Гары яго сын (даруем усім бацькам невялікае перабольшванне поспехаў іх дзяцей), але і на самой справе акалічнасці майго ранняга дзяцінства маюць падставу сцвярджаць, што пэўныя поспехі былі.

 Хадзіць я ўжо пачаў да 10 месяцаў жыцця, а даволі добра вымаўляць асобныя словы – з году. І не дзіўна, бо ўвагі малому надавалася вельмі шмат. Адных нянек было – на пальцах не злічыць. Галоўнай з іх лічылася бабуля Анэта, бацькава маці, затым, вядома, мая маці, затым мамін дзевер Бронік, цётка Анця Левановіч, яе свякроў бабуля Левановічыха, дзядзька Франік, дачка дзеда Юзіка цётка Стася, яго сыны Яська, Фрэдзя, Валік, хросная мая цётка Паўліна Сідзяка, суседская трохгадовая дзяўчынка Жэнька і нават паляўнічы сабака Нэрка з каровай Малюткай.

 Калі яшчэ не ўмеў хадзіць, дык запаўзаў пад стол, дзе заўсёды адпачываў Нэрка, клаў галаву на жывот жывёліне і імгненна засынаў. Калі спрабавалі забраць сябрука, дык сабака быў незадаволены і бурчаў. Часам Бронік садзіў мяне на Нэрку і, прытрымліваючы, вёў нас да дзеда Юзіка. У цёткі Стасі я выпіваў шклянку сырадою, а Нэрка атрымліваў лусту хлеба з малаком, часам і костку.

 Трагічна склаўся лёс Нэркі. Бацька заўсёды браў яго з сабой, калі працаваў у запаведніку, а не ў камандзіроўцы. Сабака паводзіў сябе ціха, але калі сустракаўся вывадак дзікоў, дык адбіваў невялікага падсвінка, моўчкі душыў яго, а затым прыводзіў гаспадара на месца палявання. Аднойчы здарылася так, што выварацень перашкодзіў сабаку адскочыць убок ад старога секача, і адзін ківок звярынай галавы зрабіў сваю справу. Вострая ікла распарола жывот Нэркі. З апошніх высілак сабака выпаўз на дарогу, дзе і быў знойдзены гаспадаром.

 Ад самых Нівак і да Валовай Гары мой бацька нёс свайго ўлюбёнца. Гэта быў сапраўдны сябар, які неаднойчы ратаваў егера ад смерці падчас нечаканых сустрэч з драпежнікамі. Бацька гараваў, не ведаючы што рабіць. Суседзі раілі дастрэліць жывёліну, каб не пакутавала.

 Калі прыбегла Левановічыха, бацька плакаў. Жанчына загадала дастаць з печы чыгунок з вадой і прынесці вялікія начоўкі. Перамыўшы выпаўшыя вантробы, падвоеным швом зашыла рану. Нэрка выжыў і нават суправаджаў гаспадара, але на вывадак дзікоў больш не нападаў, толькі абрэхваў здалёк.

 …З самай раніцы прыходзіла Жэнька і першае пытанне адрасавала Броніку:

 - А Цёлічак (Толічак) ужо прачнуўся?

 Бабуля папярэджвала сына:

 - Ты глядзі, сынок, надарвецца дзяцёнак, цягаючы бы бярэмак мальца. Для яе ён быццам лялька, але цяжкі як цяльпук. Можа і ўпусціць. Паб’ецца малы.

 Тады Бронік па чарзе гушкаў нас на назе, седзячы на ложку. Зрэдку прыходзіла глуханямая Ядзя, каб пагуляць з малым.

 Аднойчы вясновым днём да нас зайшла мая хросная Паўліна і абвясціла, што ў Лепель прыедзе біскуп (святар больш высокага рангу, чым ксёндз) і будзе хрысціць дзетак. Паколькі касцёл Святога Казіміра ўлады перарабілі ў электрастанцыю, дык абрад будзе праходзіць у бараку ля базару. З падводай яна ўжо дамовілася.

 На світанку, добра ўхутаўшы мяне яшчэ соннага, павезлі ў Лепель цераз Вокана. Праз тры гадзіны былі на месцы. Да поўдня марна чакалі біскупа, пакуль не падышла знаёмая Паўліны і не шапнула на вуха, што святара ў Оршы арыштавалі, і нам трэба хутчэй адыходзіць. На развітанне дала нам бутэльку свянцонай вады.

 Пакінуўшы Лепель, мінулі возера Святое і праз кіламетр выехалі да Казіных хрыбтоў. Справа паўстала возера з кідкай назвай Люсінец. На пясчаным беразе хросная спыніла падводу і загадала маёй маці зняць з мяне верхнюю вопратку. Сказала:

 - Будзем хрысціць, Уладзечка, нашага малога так, як калісьці хрысціў хрысціян у рацэ Іардан Ян-хрысціцель. Усе малітвы для абраду хрышчэння я ведаю і мяркую, што нам ніхто не перашкодзіць.

 Мая маці Уладзіслава моўчкі падпарадкавалася.

 Затым Паўліна прачытала тры малітвы, пасля кожнай абмываючы рукі і абпырскваючы хрэсніка свянцонай вадой, змешанай з азёрнай. Прабубніўшы яшчэ адну малітву, перахрысціла мяне і начапіла на шыю тоўстую нітку з крыжыкам.

 Дома нас з нецярпеннем чакалі родныя і блізкія людзі. Пра прыгоды ў падарожжы жанчыны не распаўсюджваліся. Я яшчэ быў надта малы, каб асэнсоўваць сітуацыю, а для астатніх яскравым вынікам паездкі быў крыжык. На вялікі жаль, падчас вайны ён дзесьці згубіўся.

 Сёняшнія псіхолагі кажуць, каб дзіцё годна развівалася, трэба з ім пастаянна стасавацца. На мой цяперашні погляд, у маленстве ўвагі мне надавалася больш чым дастаткова.

 Першым маім словам было “татусь”, бо калі бацька прыходзіў з працы, то заўсёды казаў:

 - А што сёння татусь сыну прынёс?

 І выкладваў розныя цацкі ў выглядзе яловай шышкі, галінку з малінамі… З камандзіроўкі заўсёды прывозіў і больш сур’ёзныя рэчы: адзенне, абутак, фабрычныя гукавыя цацкі…

 Затым пачаў выразна выгаворваць словы “мамка”, “баба”, “Жэня”, “Нэрка”, “Бронька”. Вымаўляў іх не картавячы, хоць і скажаючы.

 Вясной 1941 году я ўжо бегаў добра і гуляў на вуліцы. І з таго часу ўжо бы скрозь сон памятаю сваё жыццё.

 Бабуля Анэта заўсёды казала:

 - Што за дзяцёнак? Ужо такі дасужы. Угледзець немагчыма. Кожную хвіліну чакай ад яго шкоду.

 І сапраўды мне шанцавала на прыгоды. Аднойчы бабуля дастала з печы чыгун з кіпенем, зачэрпнула яго квартай і паставіла на загнет. А мне захацелася піць, і я дацягнуўся да кварты, але не ўтрымаў гарачую пасудзіну і выліў увесь кіпецень на правую руку. Гвалт стаяў неверагодны. Бабуля хуценька змачыла апёкі тварожнай сыроваткай, аднак па сёняшні дзень захавалася “курыная” скура на тым месцы. Але самае непрыемнае было, калі вярнуўся бацька з працы.

 - Нянек поўная хата, а дзіця не дагледзелі! – крычаў ён.

 І гэта не адзіная прыгода. Бачыў я, як выганяюць пасвіць жывёлу. А вось з рамовак ніхто не вылазіць. І я вырашаю дапамагчы іх насельнікам, узяўшыся дубцом сцябаць па вуллі з загадам:

 - А ну пайшлі ў поле!

 Насякомыя дружна вылезлі з рамоўкі і атакавалі “пастуха”. Пакуль дзядзька Бронік ратаваў мяне, дык і яму дасталася ад пчол. На крыкі прыбегла баба Левановічыха. Параіла сыраквашай змазаць пакусаныя часткі нашых цел. Наступствы для мяне былі нязначныя. А вось у Броніка заплыў увесь твар. Магчыма тады ў мяне выпрацаваўся імунітэт да ядаў, бо ў 12 год мяне ўджалілі шэршні 20 разоў, калі злазіў з дубу, куды бяздумна забраўся па мёд. Паводле назіранняў людзей, пасля такой атакі павінна была наступіць смерць. Можа мяне і кашуля ўратавала, увабраўшы ў сябе частку яду.

 Аднойчы пасля палудня я вырашыў дапамагчы бабулі загнаць карову Малютку да статка. Пакінуўшы хлеў, Малютка ў першую чаргу адабрала ў мяне лусту, намазаную мёдам. Я абурыўся такім нахабствам і заплакаў. Жывёліна ж у знак падзякі за пачастунак лізнула мой твар. Дотык шурпатага языка мне не спадабаўся, я адхінуўся, шлёпнуўся ў крапіву і зароў на ўсю моц. На крык прыбегла бабуля. Балазе ратаваць мяне не трэба было, толькі суцяшаць. У далейшым мяне падчас прагону статку не выпускалі з хаты.

 Але дзе ты ўгледзіш  неслуха, калі побач Канава (Злучальны канал Бярэзінскай воднай сістэмы), а ў яе з дамбы скочваюць бярвёны, і тыя, падаючы ў ваду, уздымаюць фантаны пырскаў. А яшчэ дужа цікава, як плытагоны вяжуць плыты, размаўляючы на незнаёмай мове. Дарэмна бабуля Анэта палохае, што вада для малых – бяда, таму за імі патрэбны пільны нагляд. І дарэмна мяне аднаго на дамбу не пускаюць. Я ўсё адно ўцяку.

 Падабалася мне хадзіць у госці да Левановічаў. Прыходзіў дзядзька Франік, здымаў з поясу дзягу, накідваў на мяне пятлю, папярэджваў хатніх, што хрэснік ідзе ў госці да бабулі Левановічыхі. І мы паціху шпацыравалі да сядзібы суседзяў. Яшчэ здалёк Франік крычаў:

 - Матка, Анця! Госць да вас ідзе. Сустракайце!

 - А божачка! А дзе ж госць? Не бачу яго, - даносіўся з двара старэчы голас.

 Тады дзядзька скідваў мяне на ганак і патрабаваў для госця пачастунак. На стале ўжо стаяла гліняная міска з мёдам, акраец пахучага хлеба і маленькая драўляная лыжка.

 З дапамогай цёткі Анці госць аб’ядаўся мёдам, з лавы залазіў на падаконнік і адтуль куляўся ў стружкі, загадзя насыпаныя дзядзькам Стасем. Да гэтага часу памятаю пах розных парод дрэў, што выкарыстоўваліся для вырабу рэчаў, патрэбных у паўсядзённым жыцці вяскоўцаў.

2020

(Працяг тут).









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


771. КОРОНАВИРУС КАК СОЗИДАТЕЛЬ. Мартынович Сергей  — 6 дней назад,   за неделю: 699 
Мемуар 114. ЗАРАБОТКИ ГРАЖДАН ПИОНЕРСКОГО ВОЗРАСТА  — 3 дня назад,   за неделю: 369 
770. НА КАНАЛЕ БЫЛИ УБИТЫ. Азоронок Василь  — 1 неделю назад,   за неделю: 253 
Мемуар 113. ВКЛАД ДЕТЕЙ В ПРОДОВОЛЬСТВЕННУЮ ПРОГРАММУ  — 2 недели назад,   за неделю: 239 
769. МАССОВОЕ УБИЙСТВО НА КАНАЛЕ. Миронович Владимир  — 1 неделю назад,   за неделю: 211 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ