Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 27.04.2012 (08:06) — 7 лет назад

КРЫНІЧКА Ў ЭСЕНСКАЙ КРУЧЫ, або АКЦЫЯ ЛЕПЕЛЬСКІХ ТУРЫСТАЎ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 545

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Пяцёра лепельскіх турыстаў плаўна націскалі на педалі веласіпедаў — ехалі пад Юшкі. Аднак на гэты раз у дарогу іх клікаў не кліч вандраванняў, а намер правесці дабрачынную акцыю па добраўпарадкаванні крыніцы, якая струменіць чысцюткую артэзіянскую ваду з-пад лясной берагавой кручы ў халодную Эсу паміж Мінскай шашой і вёскай Юшкі. Таму замест рукзакоў на багажніках ляжалі рыдлёўкі ды сякеры.

Пра існаванне гэтай крыніцы турысты даведаліся некалькі гадоў таму з публікацыі ў “Лепельскім краі”. З’ездзілі туды ў вандроўку, пакаштавалі сцюдзёнку. Настолькі яна спадабалася, што сталі спецыяльна прыязджаць да крыніцы па пітную ваду на харчовыя патрэбы. На свае вочы бачылі, як забруджваецца тэрыторыя вакол крынічкі, растоптваюцца выкапаныя ў пясчанай кручы ўсходы, бурацца прымітыўныя парэнчы. З часам выспела рашэнне сабрацца і навесці на крынічцы парадак.

Вось яна, Крынічка! Бурлівы невялічкі вадаспад нараджаецца ў абрыве і падае на чорны ад часу, але трывалы дубовы жолаб, кімсьці клапатліва пакладзены шмат гадоў таму. Папілі сцюдзёнкі і ўзяліся за працу. Халоднае восеньскае сонца дадавала настрою.

Анатоль Хаванскі ўзяўся выкопваць ямку пад слупкі для падтрымкі парэнчаў, Васіль Хацкевіч — высякаць іх. Уладзімір Крыцкі мацаваў жэрдкі-парэнчы да слупоў і соснаў. Васіль Шкіндзер папраўляў пясчаныя сходы. Аўтар гэтых радкоў збіраў смецце вакол крынічкі і на схіле. Чаго там толькі не было! Пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, патоўчаныя слоікі, упакоўка ад прадуктаў, аўтамабільныя запчасткі, пенапласт, паперкі, латарэйныя білеты, бляшанкі, анучы, пластмасавыя ёмістасці... Пяць мяхоў смецця набралася!

Мастак Алесь Саўчанка паабяцаў на ўзгорку прымацаваць шыльду з інфармацыяй аб аб’екце і просьбай не смеціць.

Па ваду прыехала лепяльчанка Лідзія Жарнасек, ураджэнка наступнай за Юшкамі вёскі Вілы. Падзякавала за добрую справу. Пачала абурацца:

— Якія абыякавыя да прыроды людзі ёсць! Гэта ж трэба так засмеціць наваколле, крынічку, да якой прыязджаюць па ваду. Трэба такіх людзей караць па ўсёй строгасці закону.

Лідзія распавяла гісторыю крынічкі. Жыхары Віл даўно агледзелі падземны выток у эсенскай кручы. Сталі хадзіць туды па крыштальна чыстую ваду. Аднак набіраць яе было нязручна — ад месца нараджэння невялікага вадаспаду да паверхні ўтворанага ім маленькага вадасховішча было ўсяго некалькі сантыметраў. Неяк выпадкова сёстры Соня Вашкевіч і Ларыса Хамічонак агледзелі на гарышчы сваёй хаты старыя начоўкі. З дапамогай суседа вызначылі, што яны выдзеўбаны з дуба, які ў вадзе амаль не гніе. Ларыса з суседкай Надзеяй Вашкевіч занеслі рарытэт да крыніцы, надзейна ўстанавілі пад вадаспадам. Атрымаўся выдатны трывалы жолаб. З часам яго агледзелі гараджане і пачалі прыязджаць па сцюдзёнку, прывозячы з сабой смецце.

Наступным на крыніцу завітаў лепяльчанін Валерый Булах. Ехаў ён на веласіпедзе з роднай вёскі Слабада, дзе пераворваў агарод. Здзівіўся сабранай кучы смецця, бо не так даўно з вучнямі першай гарадской школы наводзілі парадак вакол крынічкі. Тады таксама назбіралі некалькі мяхоў бытавых адходаў. Выходзіць, што цяперашняя “здабыча” назапасілася за нейкіх пяць месяцаў!..

Крынічку і спуск да яе ўпарадкавалі, смецце вывезлі на кантэйнерную пляцоўку комплекса прыдарожнага сэрвісу Юрыя Мацешы. Саўчанка абяцанак выканаў -- намаляваў і прымацаваў ля крынічкі шыльду з просьбай не смеціць. Можа заклік і дзейнічае, бо смецце хоць і валяецца ля крынічкі, аднак не ў такой колькасці, як раней. Транзітнікі і спецыяльна прыехаўшыя па ваду з удзячнасцю спускаюцца і ўзбіраюцца па берагавой кручы па новых прымітыўных усходах.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение