Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 28.04.2012 (17:00) — 7 лет назад

ГУБІНСКІ КАСЦЁЛ СУПРАЦЬ САВЕЦКАЙ АРМІІ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 6, всего: 577

У скарбонку старому валацугу

Вёска Губіна. Побач два возеры – Макараўскае і Мелкае. Яны славіліся ракамі і вялізнымі карасямі. Аднак вёска знакамітая не вадаёмамі. Стаіць у яе цэнтры разбураны касцёл. Ведаю яго з дзяцінства і быў сведкам разбурэння культавага збудавання.

Вёскі Губіна і Макараўшчына стаяць насупраць адна другой, праз возера. Адлегласць між імі складае кіламетр. Невядома, чаму ў Макараўшчыне на самай высокай гары пабудавалі царкву, якая і зараз дзейнічае, а ў Губіне касцел? Сваіх землякоў ведаю ўсіх – палякаў сярод іх няма. Былі вернікамі толькі мая маці Геня Марунька (сястра Анатоля Марунькі, які пахаваны на Пятачку) ды сям’я Мысліцкіх. У гэтай сям’і я і даведаўся гісторыю касцёла. У дзядзькі Івана была невялікая кніжка. Ён умеў чытаць па-польску. Кніжка змяшчала малюнкамі і я бачыў, якім гмахам быў наш касцёл. Ён меў чатыры вежы, абнесены агароджай бы сцяной. Побач размяшчаліся іншыя пабудовы. У цэнтральным уваходзе паміж вежаў стаяў вялікі крыж. Са слоў дзядзькі памятаю, што касцёл быў пабудаваны ў 60-х гадах ХІХ стагоддзя.

Цяпер засталіся адна вежа ды фрагмент сцяны. Вежа вабіць да сябе рыбаловаў, якія з Мінска ды Віцебска едуць на азёры, што знаходзяцца каля вёсак Урада, Хвашчова, Заслаўкі, Суша, а нашы мноства вадаёмаў мінаюць. Ёсць каля Губіна лясное ўрочышча Маяк. Салдаты паставілі на яго самым высокім месцы драўляную вышку. Мы, хлапчукі, хоць і з бояззю, але залазілі на верхатуру. Краявід паўставаў позірку захапляльны. Шмат вёсак было бачна адразу. Мы налічвалі 18 азёраў. А наш касцёл, здавалася, знаходзіўся ў глыбокай катлавіне. Не верылася, што пры аглядзе зблізку ён на самой справе вялікі.

Вучыўся я ў Губінскай васьмігодцы. У школе было два памяшканні – для старшакласнікаў і пачаткоўцаў. Вокны майго класа выходзілі на касцёл. Было мне гадоў 13 (дзесьці 1962 год), калі ў калгас “Чырвоны сцяг” аб’ядналіся вёскі Губіна, Катоўшчына, Макараўшчына, Шалафаны, Паземшчына, Двор-Чаросава. На працу выходзілі ўсе вяскоўцы, ад малога да старога. Працавалі за “палачкі” ў брыгадзіравай ведамасці, а на заробак давалі мяхі са два-тры збожжа ды некалькі рублёў. Каб мець хоць нейкі дастатак, праўленне калгаса вырашыла пабудаваць кароўнік у Паземшчыне, бо насупраць вёскі ў возеры Астроўна знаходзіўся вялікі востраў, куды на лета можна перапраўляць маладняк.

Лес для новабудоўлі сельсавет выдзеліў. Мясцовыя мужыкі яго спілавалі і вывезлі. Цесляры абчасалі бярвенне. На тым справа затармазілася. Хлеў павінен быць доўгім. Патрабаваліся слупы з цэглы, каб у пазы паміж ёй закладваць бярвёны.

Дзе браць цэглу? Цагельні “Раўнянка” тады яшчэ не было. Каб здабыць дэфіцытны будматэрыял, вырашылі разбурыць касцёл. Калгас у той час сябраваў з бароўскімі вайскоўцамі, якія дапамагалі касіць сена. Па просьбе старшыні яны прыгналі магутны танк-цягач. Мы з сябрамі смяяліся: што гэта за танк, калі на ім няма гарматы. Салдаты перакінулі шнур з грузам цераз сцяну, потым перацягнулі дрот, а за яго – трос.

Цягач зароў на ўсю моц, нацягваючы трос. Сцяна зверху адламалася і разам з крыжам рухнула ўніз. Потым колькі ні закідвалі трос, ніводнага кавалка не адламалі. Ды і як маглі адламаць, каля цэгла была ручнога вырабу, змацаваная растворам на вапне і яйках, таўшчыня сцен болей за метр.

Адламаны кавалак кіркамі ледзь разабралі. Цэглу завезлі ў Паземшчыну, склалі некалькі слупоў. Але гэтага было мала. Тады вырашылі даламаць касцёл сваімі сіламі.

Калгас атрымаў моцныя на той час дызельныя трактары на гусеніцах. Зачалілі трос і падчапілі да счэпкі з чатырох трактароў. Натоўп жанчын кляў трактарыстаў. Але старшыня махнуў рукой. Трактары пацягнулі трос, і вялікі праём сцяны паляцеў уніз. Кавалак муру дыяметрам болей за метр пераляцеў цераз адзін трактар і пляснуўся перад перадам. Трактарыст вылез з кабіны белы бы палатно і больш за рычагі не сеў. Адмовіліся парушаць тэхніку бяспекі і іншыя трактарысты.

Зноў разабралі на цэглу адламаныя глыбы, адвезлі на будоўлю. Але і другой партыі не хапіла. Старшыня паехаў дамаўляцца з вайскоўцамі. Праз нейкі час салдаты прыцягнулі вялікі кампрэсар і пачалі нешта дзяўбці ў сцяне якраз насупраць вакон школы. Якія там урокі! Ніхто не слухаў настаўніцу, бо і без таго вучыцца не хацелася – май на двары.

На наступны дзень заняткі адмянілі. Прыехалі шмат салдат і камандзіраў. Сабралі каля канторы вяскоўцаў, сагналі нас, падшыванцаў, з дахаў, вывелі за аселіцу, а вёску ачапілі.

Прагучаў моцны выбух, але сцяна як стаяла, так і засталася стаяць. Салдаты потым казалі, што зарад дынаміту быў слабы. Вырвала невялікую нішу.

Некалькі дзён салдаты зноў дзяўблі касцёл. Нас, малых, не падпускалі. Зноў сабралі сялян і адвялі яшчэ далей ад вёскі. Наша “гвардыя” заняла самыя высокія пагоркі. Усе ўбачылі, як сцяна падскочыла ўгору і пачала развальвацца, а потым грымнуў аглушальны выбух. Нягледзячы на салдат, хлапчукі панесліся да касцёла. Уражанне было вялікім. Усюды валяліся фрагменты сцяны, друз, наўкола вісеў чырвоны пыл. У школе вылецела шкло. Дах пасеклі асколкі цэглы.

Калгаснікі ўзяліся за справу. Хтосьці разбіваў глыбы, мы цягалі цэглу да кучы. Працавалі амаль тыдзень. Цэглы нарыхтавалі дастаткова. Друз вывезлі на гразкія дарогі ў Макараўшчыну і ад клуба да шашы на Улу.

Прайшло шмат часу. Калі наведваю вёску дзяцінства, прыходжу да руін касцёла. Напамінкам аб тым часе застаюцца два вялікія фрагменты сцяны, якія так і не разбурылі. Насупраць крамы ў сцяне выбіты вялікі трохкутнік. Утварыў яго мясцовы жыхар. Ён хоць і выглядаў крыху дзіваком, аднак быў адметным рыбаловам і паляўнічым. Ён у тым месцы, седзячы на сцяне, дзёўб яе кіркай месяцы са тры. Перавёз на свой агарод цэглу ды збудаваў першы ў вёсцы жылы мур.

Вось такая гісторыя знішчэння губінскага касцёла. Вырашыў паведаць яе, бо неаднойчы чуў розныя небыліцы пра тое. Мой жа аповяд не легенда – быль.

Анатоль СОБАЛЬ,

лепяльчанін, ураджэнец вёскі Губіна.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


КАК ПИТАЛИСЬ НАШИ МАМКИ. Шуш Эсенскі — 1 неделю назад,   за неделю: 447 
ДРОВА: ЗАБОТ ТАЧКА. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 407 
МОТОКРУИЗ. Дороги у них хуже наших? (7) — 2 недели назад,   за неделю: 257 
ОЗЕРО ЛЕПЕЛЬСКОЕ - ВЗГЛЯД С БЕРЕГА — 7 лет назад,   за неделю: 182 
МОТОКРУИЗ. С торговлей у них похуже нашего (6) — 2 недели назад,   за неделю: 167 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение