Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 02.05.2012 (18:36) — 7 лет назад

ПАВОДКА НА ВЕРАБСКІМ КАНАЛЕ, або ЗАПЛАНАВАНЫЯ КРАНТЫ БЯРЭШЧЫ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 6, всего: 552

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Працяг. Пачатак  "Река без устья, или Природа при царизме и коммунизме".

Першым майскім днём падаўся ў працяг свайго настальгічнага падарожжа, якое пачаў на Вялікдзень. У Верабках пераскочыў трубапераезд над пустым рэчышчам Бярэшчы, з якога абавязкова нехта зваліцца ў былую раку, бо дажджы размылі схіл. Перад мостам над Верабскім каналам павярнуў налева. Канал, запоўнены паводкай, здаецца грозным, хуткаплынным і глыбокім. Роўная бы страла дамба праз нейкіх паўкіламетра прывяла да месца, дзе на мяжы 18 і 19 стагоддзяў цар Павел узвёў плаціну, каб захаваць нізоўі Бярэшчы.

Да былога адгалінавання Верабскага спрамляльнага канала ад Бярэшчы застаецца яшчэ столькі, але ехаць туды сэнсу няма, бо ад месца, адкуль было запланавана знішчыць саму Бярэшчу пры распрацоўцы праекта будаўніцтва торфаўчастка “Бярэшчанскі мох” у сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя, і следу няма.

Некалькі дзесяткаў метраў падзялялі канал і яшчэ жывую Бярэшчу. Выразна захаваліся перадплацінавыя насыпы на абодвух берагах, толькі зараслі кустоўем і ракітнікам. Крыху воддаль пабудаваў сядзібу сельгаспрадпрымальнік Пётра Урбан, цераз былое рэчышча насыпаў да сябе дарогу. Няхай сабе. Шкоды ад таго прырода не адчувае, бо Бярэшчы ўсё адно няма.

Вось дзіва! Паводкавая вада сцякла ў рэчышча. Можна падумаць, што Бярэшча ажыла, калі не звяртаць увагу на плынь нерухомую ды ваду застаялую.

А Верабскі канал шуміць, бушуе. Нават улетку, калі ён мялее і вузее, плынь стрымгалоў нясецца ў Эсу, бо на трохкіламетровым працягу гарызонт нахільнага дна мае амаль двухметровую розніцу ў пачатку і канцы фарватэру. Мост у Верабках надзейны, жалезабетонны. Не адолець яго ніякай вялікай вадзе.І пабудаваныя летась самімі верабчанамі кладкі таксама ацалелі, хоць пад іх і нанёс паток ламачча, хлыст тоўстай ракіты.

За левай дамбай захавалася калавурка -- дарэвалюцыйны службовы дом, у якім жыла абслуга шлюзавай камеры. Апошняй там жыла баба Курыліха, жонка Курылы Шушкевіча, якога змалоў сталінскі перадваенны молах. Цяпер гэта ўласнасць іх нашчадкаў. Верабчане сказалі, што прадаецца за 1000 даляраў.

На дамбе паміж каналам і пустой Бярэшчай стаіць дыхтоўны асабняк. У ім жывуць Мішка і Наташка Шушкевічы. І я Шушкевіч? Так, мы ўсе радня, але такая, пра якую кажуць: дзесятая вада на кісялі. Проста шматлікія верабскія Шушкевічы паходзяць ад Афтанасія Шушкевіча, які ў канцы 18 стагоддзя жыў у сяле Свяда, а ўжо яго сын Рыгор з жонкай Зіновіяй напачатку 18 стагоддзя перасяліліся ў засценак Верабкі.

Пайшоў фатаграфаваць канал якраз насупраць хаты Шушкевічаў і іх спаткаў.

-- Чаму рыбаловаў няма на канале?

-- Гадоў з восем рыба не заходзіць у яго, -- уздыхае Мішка. -- За дзень кату не навудзіш. Прычыну не ведаю. Ды яе і ў Эсе няма. Мусіць, збяднелі азёры Бярэшча з Прошай і Лепельскім, якія злучае канал з ракой.

-- Бачыў, ля ГЭСу сядзяць рыбаловы…

-- Там зусім іншая справа -- з Заходняй Дзвіны і прылеглых азёраў рыба якраз упіраецца ў гідразбудаванне і затрымліваецца. Бяздумна пабудавалі гідраэлектрастанцыю. Звычайна, пад вадаспадам пакідаюць праход для рыбы. Толькі ў нас усё не па-людску робіцца. Узяць тую ж Бярэшчу. Вунь нейкіх 20 метраў дамбы іх падзялялі. У Верабках былі дзве водныя артэрыі. Дык не, кранты зрабілі старэйшай. Цяпер ужо і судзіць за злачынства некага. Праектанты “Бярэшчанскага моху” ўжо зусім лядашчыя дзяды, калі ў магіле не ляжаць. Але іх і здаровых не чапалі б, бо з часу камуністычнай эпохі адносіны да прыроды не змяніліся. Бывай здароў! Пайду парнік дабудоўваць.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


КАК ПИТАЛИСЬ НАШИ МАМКИ. Шуш Эсенскі — 1 неделю назад,   за неделю: 447 
ДРОВА: ЗАБОТ ТАЧКА. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 407 
МОТОКРУИЗ. Дороги у них хуже наших? (7) — 2 недели назад,   за неделю: 257 
ОЗЕРО ЛЕПЕЛЬСКОЕ - ВЗГЛЯД С БЕРЕГА — 7 лет назад,   за неделю: 182 
МОТОКРУИЗ. С торговлей у них похуже нашего (6) — 2 недели назад,   за неделю: 167 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение