Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 03.05.2012 (22:02) — 7 лет назад

НЮЛЬСКАЯ ПРАТОКА, або ДРЭННАМУ РЫБАЛОВУ, ЯК І ТАНЦОРУ...

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 534

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Сусед прынёс мне міску акунькоў. Сказаў, што гэта самыя меншыя з шасці кілаграмаў, што навудзіў у Нюльскай пратоцы. Факт я наматаў на вус…

…З асфальту перад Бораўнам звярнуў да возера Нюля. Краявід -- век глядзі! Прасёлачная дарога пабегла ўніз, у лагчыне раздвоілася -- да возера і ў адваротны бок. Падаўся берагам, аднак вялікая вада заліла сцежку. Вярнуўся.

Другая дарога вывела на сабе падобную з Бораўна да Улы. Павярнуў на адгалінаванне ўлева. Павіхляўшы па лесе, выскачыў да Нюлі. Пакуляўся па баравых узгорках і вылецеў на бераг Улы ўжо за вусцем пратокі з возера. Месца для рыбалкі цудоўнае. Закіну.

Больш за паўгадзіны сядзеў на беразе дарэмна, потым падаўся да вытоку пратокі. Адразу хтосьці дзюбнуў за кручок, нават чарвяка аб’еў. Тры іх скарміў, а нікога не падчапіў. Склаў вуду і рушыў да вусця пратокі. Яна нядоўгая -- з паўкіламетра. Ракой выглядае ўвесну, а ўлетку яе можна ў шортах перайсці.

Пакуль пераходзіў прыродную канаўку ў блізкае балотца, пакаўзнуўся, паваліўся, вады ў бот набраў. Калі ўжо не шанцуе, дык не шанцуе да канца.

На гэтым баку сядзяць з вудамі сусед Лёшка Чмыр, яго брат Валодзька, Мішка Сільвановіч. Лёшка прапаноўвае закідваць вуду. Кажу, што не клюе.

-- Таму і не клюе, што ты не сядзіш, а носішся па беразе, бы шалёны сабака.

Зазірнуў ў Валодзькава вядро, і вочы, бы той рак, вылупіў -- карась здаравенны хвост з вады высунуў, акунькі колы наразаюць. А тым часам Мішка гусцёрку ладную выцягнуў. Прапаноўваюць і мне побач прымасціцца. Слухаюся, бо сэрца імгненна напаўняецца прагнасцю і зайздрасцю.

Безвынікова мой паплавок плыве па плыні. Мішка кажа, каб на дно чарвяка клаў. Раблю так. Паплавок спыняецца. А рыба майго чарвяка так і не хоча каштаваць. Валодзька ж тым часам яшчэ двух карасёў выцягвае. Мае нервы не вытрымліваюць чужой удачы, і я падаюся да свайго “Дракона”.

У Жарсцвяніках павярнуў у вуліцу. За вёскай пад’ехаў да вялікай доўгай сажалкі, падобнай на маленькае возера. Нават новенькая лодка да берага прыкаваная. Закідваю вуду.

Тры месцы памяняў, а на карася так і не наткнуўся.

Дома кажу жонцы, што няма рыбы ў вадаёмах. А яна паказвае міску з акунькамі -- Лёшка Чмыр мяне апярэдзіў і яе пачаставаў. Палічыў -- 34 хвасты. Да яго пабег іншую рыбу глядзец. Добрыя тры карасі, плоткі, гусцёркі. Кажа, што Валодзька 11 карасёў выцягнуў!

Чаго мяне так не любіць рыба? А можа мне, як таму дрэннаму танцору, падвескі перашкаджаюць?

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


693. МОЙ ДОМ МЕНЯ КОРМИТ. Маркович Леонид — 3 дня назад,   за неделю: 384 
РЭТРА БЛУКАННІ ВА ЎЛАСНЫХ АКВАРЭЛЯХ — 6 дней назад,   за неделю: 319 
ЮНЫЕ КУРЦЫ НЕ НАШЕГО ВРЕМЕНИ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 244 
691. МАСЛОБОЙНЯ. Шкиндер Василь — 1 неделю назад,   за неделю: 147 
ЯК ЯК ЯК — 7 дней назад,   за неделю: 141 



 

Copyright © 2009 - 2019 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение