17 июля 2020 в 06:08 — 3 недели назад

6. Светлы шлях. ЖЫЦЦЁ Ў КАНЦЛАГЕРЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 17, всего: 269

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут).

 Калона мабілізаваных у самым пачатку вайны мужчын, у тым ліку і жыхароў маёй вёскі Валова Гара, сваім ходам прыйшла ў Беразіно. Вайсковец у чыне маёра павёў лепельцаў да складоў з амуніцыяй і зброяй, але на іх шляху паўстаў вартавы і забараніў падыходзіць да вайсковага аб’екту. Сказаў, што дазвол дасць толькі лейтэнант, які паставіў варту да сакрэтнага складу.

 Лейтэнанта не знайшлі. Тады маёр паказаў свае дакументы і зазначыў, што згодна са статутам вартавы павінен падпарадкавацца старэйшаму па званні, калі адсутнічае афіцэр, начальнік каравулу.

 Паколькі ключоў ад замка не знайшлі, маёр загадаў збіць яго. Склад аказаўся запоўненым драўлянымі скрынямі. Першыя адчыненыя запаўнялі анучы. Многія скрыні былі запоўненыя мылам. На сценах віселі бярэмкі венікаў. У другім складзе стэлажы былі загружаныя будаўнічымі матэрыяламі і матрацамі.

 Маёр загнуў такога мацюка, якога ў гэтых месцах, напэўна, ніхто не чуў, бо ў беларускай мове адсутнічала брыдкаслоўе. Але трэба было нешта рабіць, і маёр загадаў сяржанту вучыць навабранцаў, як затаўкаць дзірваном жалюзі нямецкіх танкаў. Трэніроўка расцягнулася да вечара. Пераначавалі ў казарме і мясцовай школе, заслаўшы падлогу саломай.

 На наступны дзень аднавілі трэніроўкі. У адным са складоў знайшлі мяхі з сітнымі сухарамі. Напіхалі імі кішэні. Зноў начавалі ў абжытых памяшканнях. Раніцой даведаліся, што на шашы Мінск – Віцебск падарваныя масты на Бярэзіне і Бузянцы, а на бальшаку Лепель – Беразіно мост над Бярэзінай захапілі нямецкія дэсантнікі.

 Вайскоўцы зніклі з Беразіна. Вуліцы апусцелі. Навабранцы не ведалі, што рабіць. Нарэшце з захаду пад’ехалі некалькі матацыклаў і два лёгкія танкі, а з усходу, ад Бярэзіны, падышло з дзясятак нямецкіх дэсантнікаў.

  Не паспелі навабранцы вокам міргнуць, як апынуліся з усіх бакоў аточанымі чужым войскам у шэрым абмундзіраванні. Штосьці перагаварыўшы між сабой, адзін з немцаў падышоў да натоўпу прыціхлых навабранцаў і на ламанай рускай мове загадаў згрупавацца ў дзве шарэнгі. Калі людзі ўтварылі штосьці накшталт строю, пералічыў усіх, затым узмахам рукі падклікаў да сябе чалавека ў чорнай паддзёўцы з белай павязкай на рукаве. Той абвясціў, што з гэтага часу яны з’яўляюцца ваеннапалоннымі. За непадпарадкаванне нямецкім уладам і сабатаж іх чакае адзінае пакаранне – расстрэл. За спробу ўцёкаў – расстрэл. За ўцёкі аднаго з палонных – расстрэл 10 палонных. Загадаў пастроіцца па чатыры чалавекі ў шарэнзе і калонай крочыць на захад, не перашкаджаючы руху войскаў. Канваіры будуць без папярэджання страляць у тых, хто паспрабуе пакінуць калону.

 Тры канваіры і паліцай павялі дзве сотні палонных насустрач тэхнічным сродкам, якія рухаліся на ўсход так густа, што перайсці на другі край бальшаку не было магчымасці. У адным месцы вялізны грузавік перакрыў шлях, спыніўшыся ўпоперак дарогі. Адзін з канваіраў крыкнуў:

 - Шнель!

 Паліцай дадаў:

 - Бягом! Хутчэй!

 Бачачы настаўленыя аўтаматы, палонныя, штурхаючыся, за некалькі хвілін перабеглі на іншы бок шашы. Прайшоўшы яшчэ з паўкіламетра, калона выйшла на вялікае поле, з правага боку якога было ўзвышша, парослае невысокімі соснамі, а схіл – хваёвым драбналессем. Злева бясконца рухалася вайсковая тэхніка. Амаль усё поле было запоўнена сядзячымі на зямлі палоннымі чырвонаармейцамі. З двух вялікіх грузавікоў выгружаліся катушкі з калючым дротам. З сасняку выносілі слупкі чатырохмятровай даўжыні і раскладвалі па ўсім перыметры поля.

 Да нашых вязняў падышоў паліцай, што служыў перакладчыкам і суправаджаў калону.

 - Вы хто такія і адкуль? Ды не ўсе адразу, - сказаў, і паказаў пальцам на майго дзядзьку Вацюка Шуневіча. - А вось ты?

 - Ды мы на мабілізацыі, - смела адказаў дзяцюк. – А гэта мальцы з Валовай Гары.

 - А Навіны ад вас далёка? – міралюбна пацікавіўся паліцай.

 - Ды не. Усяго тры кіламетры. Толькі Навін больш няма, цяпер гэта Барсукі, цэнтр калгаса імя Варашылава.

 - Гэта нецікава. Я сам з Закаліўя. Ад нас дзяўчына Фрося замуж выйшла за Фёдара Кунчэўскага ў вашы Навіны-Барсукі. Слухайцеся мяне. Чым змагу – дапамагу. Сярод вас ёсць цесляры, каб пабудаваць вартавыя вышкі?

 Палонныя пераглянуліся. Франік Левановіч сказаў:

 - Пагодзімся мы ці не, усё адно вышкі пабудуюць вайсковыя палонныя, а я ўдзельнічаў ва ўзвядзенні маяку на Белай гары, досвед нейкі маю. Дый сядзець тут надакучыла. Голад даймае.

 - Тады хадзем да каменданта, - узрадаваўся паліцай. - Будзеш майстрам. У дадатак папярэджваю, што збегчы і не спрабуйце. Па сасняку ходзяць патрулі з сабакамі Бальшак, як бачыце, і мыш не перабяжыць. Учора мясцовая жанчына загінула пры спробе перабегчы дарогу. Аслабелых палонных вартавыя дабіваюць. Я сам прыехаў да брата ў Беразіно і затрымаўся, добра “нагасцяваўшыся”, прачнуўся ад удару пад дых. Брат казаў, што я не бальшавік і схаваўся ад іх. Ну, мне адразу - вось гэты сурдут чорны, павязку на рукаў і стрэльбу з абоймай. Во ўліп! Але ж брата нельга падстаўляць. Не спадзявайцеся на блізкасць Бярэзіны. Супрацьлеглы бераг бясконца прачэсвае патруль.

  Перагаварыўшы з камендантам, “прарабу” выдалі дзве пілы, чатыры сякеры і скрыню вялікіх цвікоў. Затым паліцай прынёс стос белых стужак і загадаў прышыць іх на вопратку – без апазнавальных знакаў могуць падстрэліць.

 З дапамогай палонных нарыхтавалі і знеслі ў шэсць грудоў будматэрыял. Ужо да вечара наступнага дня ўсё поле было аточана калючым дротам у шэсць шэрагаў з абодвух бакоў укапаных слупкоў трохметровай вышыні. Па чатырох кутах і пасярэдзіне агароджы ўзвышаліся пяцімятровыя вышкі. Каля ўсходняй вуглавой стаяў шлагбаўм з калючага дроту. Тут жа, за агароджай, знаходзілася вялікая бочка з пітной вадой, з якой вартавы час ад часу напаўняў металёвае карыта. Мыцца ў карыце строга забаранялася.

 Будаўнікам вышак пад канец дня паліцай прынёс закручаны ў лашчоную паперу бохан хлеба. Палонныя сказалі, што ён з пілавіннем і называецца “эрзац-хлебам”. Франік падзяліў яго на 25 кавалачкаў і параіў усё, што ёсць у кішэнях і запазухай траціць беражліва, бо раніцай вывозілі некалькі цел памерлых ад голаду палонных.

 Кожны дзень лагер папаўняўся новымі палоннымі. Ад іх вязні ведалі аб франтавых навінах. Калі скончыліся апошнія запасы, Франік параіў наламаць парасткаў маладых сосен і трымаць за пазухай. Гледзячы на нашых палонных і іншыя вязні хутка да каранёў абламалі ўвесь маладняк. Затым Франік Левановіч паказаў, як адшукаць корані пырніку і жаваць іх, абмыўшы вадой, прынесенай у роце. Хутка ўсё поле аказалася перакапаным дзясяткамі тысяч “аратых”.

 На тэрыторыю канцлагеру немцы прыгналі грузавік, запоўнены парослай і гнілой бульбай. Галодны натоўп накінуўся на харч. Дзве чаргі з аўтамату ў паветра і адна ў людзей адагналі палонных ад машыны. Дзве нерухомыя постаці засталіся ляжаць на бурце. І тады ўжо шчыльным ланцугом, не спыняючыся, каля бурта праходзілі палонныя, хапалі па некалькі бульбін і хуценька адыходзілі, каб не трапіць пад кулі. Нашым палонным таксама пашанцавала ўхапіць некалькі дзясяткаў клубняў. Аднак Франік адабраў некалькі пазелянелых і забараніў іх есці – такімі можна атруціцца.

 На наступны дзень зноў прыехаў грузавік і прывёз поўны кузаў буракоў. Яго хутка расхапалі бы і бульбу. Увечары падышлі мясцовыя жанчыны і пачалі кідаць за калючку хлеб і вараную бульбу, але дзве чаргі ў паветра разагналі смельчакоў, што наблізіліся да агароджы.

 Праз колькі дзён вартавых змянілі спецыяльна падрыхтаваныя канваіры. Цяпер часцей сталі гучаць стрэлы, і ўсё больш цел раніцамі вывозілі з лагеру. Не стаў узнімацца Лоцька Драгун. Прасіў толькі, каб далі самакрутку ці хаця б адну зацяжку. Казаў, што тады есці не хочацца і паміраць не страшна.

 Аднойчы прыйшоў знаёмы паліцэйскі, які за залаты пярсцёнак жонкі брата атрымаў дазвол прынесці перадачу землякам. Прыцёг амаль вядро варанай у шалупінні бульбы і добрую жменю махоркі. Клубні хуценька падзялілі і схавалі ў кішэні. Лоцька папрасіў скруціць яму самакрутку і даць закурыць. Накурыўшыся, чалавек заснуў з задаволенай усмешкай на твары і больш не прачнуўся. Хтосьці з мальцаў паведаміў, што Лоцька ўсю ежу, якая яму зрэдзь даставалася, мяняў на адну-дзве зацяжкі самасаду. Не дажыў наш зямляк Лоцька Драгун да волі ўсяго некалькі гадзін.

2020

(Працяг глядзець тут).









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора


  




Популярные за неделю


БАРЫКАДА З ПАРТЫЗАНСКАЙ ЗНІКЛА  — 6 дней назад,   за неделю: 787 
БЛУКАЧА ЗАМАНИВАЮТ В РОССИЙСКИЕ ПИСАТЕЛИ  — 1 неделю назад,   за неделю: 401 
Мемуар 112. В ЛЕС ПО ЯГОДЫ  — 2 недели назад,   за неделю: 240 
769. МАССОВОЕ УБИЙСТВО НА КАНАЛЕ. Миронович Владимир  — 1 день назад,   за неделю: 221 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ