Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 04.05.2012 (22:07) — 7 лет назад

НА ЛЕБЯДЗІНАЙ САЖАЛЦЫ, або ЗАМАХ НА РАТАНАЎ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 544

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Даведаўся ад рыбакоў, што на сажалцы, размешчанай паблізу асфальта-бетонавага завода, водзяцца ратаны. Яны заглытваюць прынаду глыбока і могуць укусіць за палец пры выцягванні кручка. Злазіў у інтэрнэт. Прачытаў, што ратаны завезены з Кітая ў якасці акварыумнай рыбкі. У нашы вадаёмы трапілі менавіта з акварыумаў. Від новы. Называюцца так з-за вялізнага рота, напоўненага мноствам маленькіх зубоў. Драпежнікі. Ядуць малявак іншых рыб, вадзяных жучкоў, п’явак, палонікаў. Канібалы -- не грэбуюць і сваім патомствам. У вялікіх вадаёмах самі становяцца ахвярай іншых драпежнікаў. Асабліва западае на ратанаў акунь.

На ратанаў!

Раніцай ускочыў на “Дракона” і рвануў на тую сажалку. Праз паўкіламетра агледзеўся, што вуды за спіной няма -- забыўся. У галаве выдаю мацюк ды вяртаюся па галоўны рыбацкі рыштунак.

Па Аршанцы да сажалкі 5,7 кіламетра, праз Жарсцвянікі -- 4,3. Выбіраю бліжэйшую дарогу. Не даехаўшы да вытаўчанага рыбакамі месца, бягу да берага, каб сфатаграфаваць выйшаўшага на сушу лебедзя. Ён злосна шыпіць на мяне і кідаецца ў ваду.

Сажалка вялікая. Зручных падыходаў шмат. На супрацьлеглым беразе ў чаротавых зарасніках лебедзі склалі гняздо прама на вадзе. Лебядзіха сядзіць на яйках, а хахаль яе ў аддаленні ад жытла свайго па сажалцы гойсае.

Выдатнае месца знайшоў -- дзве вадзіцельскія сядухі нехта прыцягнуў. Выняў з чахла вуду і тут агледзеўся, што дома чарвякоў забыўся. Ужо ўголас выдаю нізку мацюкоў, аглядаю бераг -- няма дзе адкапаць. Вяртаюся.

Сусед Лёшка Чмыр рагоча з гора-рыбалова. Кліча да сябе па рыбу. І сапраўды дае мне ўжо пачышчаных 19 ладных рыбін -- акунёў, падлешчыкаў, плотак, яршоў. Усё адно хачу паехаць на ратанаў, аднак жонка ўгаворвае на агарод ісці, а на рыбу з’ездзіць увечары.

А 17-й гадзіне заводжу “Дракона”. З пад’езда жонка выходзіць.

-- Ты ж зноў без вуды паедзеш, -- кажа.

Сапраўды, забыўся яе закінуць за плечы, а ўжо сабраўся газ накручваць.

Перад сажалкай заўважыў, што боты забыўся -- у галёшах еду. Зноў мацюкую на дурную галаву, але ж не вяртацца.

Бераг сухі. Боты сапраўды непатрэбныя. Закідваю вуду. Клёву пакуль няма. Шпурляю хлебны падкорм. Іду аглядаць бераг. Ужо тры рыбакі ў розных кутках сажалкі вудзяць. Натыкаюся на хату бабра, складзеную з нарэзанага ламачча на самым водным урэзку.

Вяртаюся да вуды. Паплавок стаіць у дзяжурным рэжыме. Падцягваю лёску і адчуваю кагосьці на кручку. Ратан! Праўда, ратанчык. Усю ляпу яму раздзіраю, каб дастаць кручок.

Зноў закідваю і зручна ўсаджваюся ў крэсла. Цішыня. +23 градусы. Сонечна. Добра сяджу!

Няма клёву! Глыбіня каля двух метраў. Прынаду і на дно кладу, і ў сярэдзіне воднай тоўшчы пускаю, і пад самае люстра падцягваю. Глуха! Нарэшце на 50-сантыметровым заглыбленні паплавок хаваецца. Выцягваю карася з далонь немаўляці. Жор пачаўся!

Але клёў на тым і замарозіўся. Бачу, лебядзіха пакінула гняздо і плыве да берага, дзе лебедзь капошыцца. Удвох апускаюць галовы ў ваду. Мабыць, ратанаў шукаюць. Хапаю фотаапарат і нясуся да птушак. Прыцэльваюся аб’ектывам і павольна набліжаюся да лебедзяў. Нашмат таўсцейшы самец грозна шыпіць на мяне, выкідаючы дзюбастую галаву ў мой бок. Затым абое павольна адплываюць ад небяспекі.

Больш ніякая рыбіна не ўзялася. Паўтары гадзіны адседзеў у крэсле. Шкадаваў, што не прыхапіў “Народную волю”, бо з ёй нашмат даўжэй вытрымаў бы на рыбе.

Ат такі не ўдалося жонцы пакпіць з мяне! Думала я зноў з пустымі рукамі, а я карася з ратанам паказваю. На 100 грамаў разам пацягнулі! І назву сажалцы прыдумаў -- Лебядзіная.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение