Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 12.05.2012 (21:08) — 6 лет назад

ДЗЕ ТЫ, ЦЕРАМ-"ЦЕРАМОК"? або ПРЫДАРОЖНЫ СЭРВІС ПРЫ КАМУНІЗМЕ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 5, всего: 650

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Многія жыхары горада і раёна ведаюць урочышча Церамок насупраць адгалінавання ад Мінскай шашы старадаўняга Барысаўскага бальшака, а цяпер дарогі на Латыгалічы і Красналукі. Аднак, хто нарадзіўся ў 60-х гадах і пазней, наўрад ці здагадваюцца, чаму тое месца называецца менавіта Церамком.

Сама па сабе мясцовасць там маляўнічая. Шашу і дарогу атачае светлы сасновы бор, хоць на грыбы і не надта багаты. У кірунку Мінска асфальт збягае ў лагчыну і праносіцца над хуткаплыннай Эсай і запоўненым застаялай тваннай вадой рэчышчам былой Бярэшчы, якую знявечылі ў сярэднім цячэнні і пазбавілі жыцця ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

Да скону вякоў заставалася б гэтае прыгожае месца без назвы, каб не аблюбавала яго лепельскае гандлёвае начальства і не пабудавала напрыканцы 60-х гадоў прыдарожны рэстаран “Церамок”. Ён хутка стаў славутым не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Беларусі. Рэдка які вадзіцель са сталіцы ці поўдня Беларусі, едучы ў Віцебск, Полацк, Ленінград ці ў адваротным кірунку, спыняўся ў шматлікіх прыдарожных забягайлаўках-“Вецярках”, а стараўся перакусіць менавіта ў “Церамку”. Цягнулі сюды транзітнікаў не толькі адмысловая кухня і культура абслугоўвання, але і маляўнічасць тутэйшай прыроды.

Асабістых легкавікоў тады было мала, а аўтобусныя зносіны развіты добра. Таму гарадскія рыбаловы, грыбнікі, ягаднікі даязджалі на прыгарадным транспарце да “Церамка” і перад пачаткам збору дарункаў прыроды абавязкова “прычашчаліся” ў гэтым пункце грамадскага харчавання, а ўжо потым з прыўзнятым настроем разыходзіліся па навакольных лясах і рэках.

У 70-х гадах “Церамок” квітнеў. У заняпад ён пачаў прыходзіць у 80-х. Баюся памыліцца, канкрэтна назваўшы прычынай спынення дзейнасці добрага рэстарана нерэнтабельнасць ці збуцвенне пабудовы. Аднак ужо ў тых жа 80-х пункт харчавання зачыніўся. Лёгкі шкляны будынак паступова разбураўся. Хадзілі чуткі, што яго выкупіў нейкі заможны мінчанін для аднаўлення дзейнасці рэстарана. Людзі радаваліся, што нарэшце ён зноў з’явіцца, хоць і пад іншай назвай. Аднак аднойчы “Церамок” разам з усёй інфраструктурай згарэў. Дарожнікі прыбралі з твару зямлі пажарышча. Цяпер нават канкрэтнае месца, дзе стаяў рэстаран, знайсці немагчыма.

За “Церамок” заўсёды вяла дарога, бо там знаходзілася плаціна цераз Эсу, якая ўзнімала ўзровень воднай паверхні для лесасплаву. Яшчэ ў 60-х гадах гідратэхнічнае збудаванне служыла пешаходным мостам. Туды да гэтага часу пракладзена слаба накатаная дарога. Канчаткова ёй зарасці не даюць рыбаловы-аўтамабілісты.

З бору дарога нырае ў змрочны альхова-крапіўны зараснік. Справа ад яе знаходзіцца глыбокая прамавугольная яміна, дно якой запоўнена тваннай зялёнай вадой. Вялікая сажалка мае хутчэй за ўсё штучнае паходжанне. Злева цячэ Эса, аднак да берага з-за крапіўных зараснікаў не падабрацца. За ракой добра бачны муры комплексу прыдарожнага сэрвісу “Гасцінны двор”.

Да месца былой плаціны дарога падыходзіць парослай травой дамбай і на самым беразе абрываецца. Ад плаціны застаўся толькі востраў пасярод ракі -- рэшткі ромбападобнага драўлянага зруба, запоўненага грунтам. Зруб служыў галоўным апірышчам гідратэхнічнага збудавання. Да вады, каб закінуць вуду, падступіцца складана з-за бур’яну і алешніку.

Зусім невялікая паляна на беразе. Як тады ў 60-х гадах тут праводзіліся Свята ўраджаю, Дзень вясны, Дзень медработнікаў, Фестываль моладзі з магазінамі, культурнай праграмай?

…Пабыць у Церамку і не пакаштаваць сцюдзёнай вады з эенскай крыніцы? Пакуль дайшоў, апярэдзіў легкавік. Да крынічкі першымі падышлі двое мужчын і дзве жанчыны. Адзін знаёмы -- лепяльчанін Васіль Багдановіч. Патлумачыў, што ездзілі за Слабаду па смаржкі. Крыніцу ў Церамку ніколі не мінаюць, праязджаючы міма, з сабой вады набіраюць.

І ўсё ж ёсць дакументы і месца, дзе назва “Церамок” афіцыйна ўвекавечана. На беразе пустой Бярэшчы, насупраць “Гасціннага двара”, стаіць самотная хата 85-гадовага Васіля Пшонкі. На дваровым дрэве прымацаваная шыльда з пазнакай месца і часу прыпынку аўталаўкі для адзінага чалавека. Пункт перасоўнага гандлю названы “Церамок”. Тое ж напісана і ў вадзіцельскай пуцёўцы, а, значыць, і ў іншых дакументах райспажыўтаварыства.

Жыве Церамок!

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.







Склифасовский: 13.05.2012 в 12:19 — 6 лет назад
Валацуга, респект! Оперативно.



ирада: 13.05.2012 в 19:08 — 6 лет назад

Валацуга сабе падрыхтоуае шхерку на пэнсию.А вы усе яму на мельничку льеце воду.так бытцам ён и пойдзе на пенсию.даждзитеся, яшче будзе рубаць и рубаць капусту.Вы яго яшче заувиджеце у 2020 годзе.






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 4 дня назад,   за неделю: 579 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 3 дня назад,   за неделю: 359 
ПАДЕНИЕ ИНТЕРЕСА К ЧТЕНИЮ. Шуш Эсенскі — 6 дней назад,   за неделю: 353 
ПАПІЛІ-ЗАКУСІЛІ НАД ВЕРАБСКІМ КАНАЛАМ. ФотаФік — 7 дней назад,   за неделю: 341 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 2 дня назад,   за неделю: 306 
ЛАТЫШСКІ І БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУСЫ ПРА СВАІХ ПРЭЗІДЭНТАЎ — 1 неделю назад,   за неделю: 290 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 21 час назад,   за неделю: 122 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение