Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 14.05.2012 (08:10) — 6 лет назад

НАКАРКАЎ ПАЛОН, або ВАНДРОЎКА ПОЎНАЯ НЯЎДАЧ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 9, всего: 523

Вандроўныя нататкі старога валацугі

9 мая ездзіў па смарчкі да Усавіцка-Балотніцкага каскаду азёраў. Адным махам апісаў мясцовасць і змясціў на 6-ю старонку тэмы “Прырода Лепельскага краю” пад загалоўкам “Па смаржкі, або У палоне каскаду азёраў”. Які я быў неасцярожны, так назваўшы апісанне той вандроўкі! Няхай бы замест слоў “палон” прымяніў не менш ёмкае і зразумелае -- “атачэнне”. І тады не здарылася б сапраўднага паланення мяне тым лясным масівам. Аднак, як людзі мудра жартуюць, “разумная мысля прыходзіць апасля”.

12 мая. Цягне мяне зноў у лясны масіў, які хавае Усавіцка-Балотніцкі каскад з пяці азёраў, бо мала даследаваў яго. Сядлаю “Дракона” і еду той дарогай, што і тры дні назад. Мінаю дзялянку, дзе смарчкі збіраў -- пакаштаваў іх і досыць. Куляюся лясной дарогай далей па закаскаднай частцы бору. Нечакана колы закапваюцца ў пясчанай каляіне, мякка падаю на міжкаляінавы бруствер. Не пабіўся, але лабавое шкло раскалолася надвое. Першая сёняшняя няўдача.

Шукаю з’езд налева, каб пераехаць рэчку між любымі азёрамі ды паставіць на беразе палатку. Вось і рэчка! Дыхтоўны, хоць і прымітыўны адносна новы мост. Ад старых перапраў толькі гнілыя палі з вады тырчаць. Дно цвёрдае, пясчана-жвіровае. Мелка. У прыямках сноўдаюць маляўкі. Рэчышча звіваецца між балотных сосен. Часта над плынню вісяць упаўшыя хлысты.

За мостам праз сотню метраў перад дзялянкай-гарой дарога разгаліноўваецца. Адна сцелецца ў накірунку плыні ў бок Полацкай шашы, другая -- у адваротным напрамку, бачна, да апошняга, пятага возера і далей у Балотнікі. Раздарожжа ўтварае зручнае месца для бівака -- нездарма леснікі тут сплялі засаду для палявання на звяроў. Стаўлю палатку побач са скрадком.

Распальваю вогнішча -- ламачча ў дзялянцы нямерана. Сквару сала на дубцы, закідваю ў жар загорнутую ў фольгу бульбу, стаўлю салдацкі кацялок з рачной вадой для прыгатавання булёну з канцэнтрату “Knorr”. Словам, асталёўваюся на дзень, каб даследаваць мясцовасць уздоўж лясной рэчкі і азёраў, якія трапяцца на шляху.

Прагноз быў несуцяшальны -- дажджы. Але ж сайт лепельскай метэастанцыі ў шэсць гадзін раніцы паказваў +18 і малавоблачна, у дзевяць раніцы -- +21 і напаўпразрыстую воблачнасць. Апоўдні стала +17, і неба завалаклі нізкія суцэльныя хмары. Дай, думаю, да дажджу з’езджу дарогай у бок Балотнікаў: мясцовасць вывучу, можа да апошняга возера траплю, на якое Вялікаднём 2008 года мяне вадзіла абарыгенка, а на той час дачніца з Балотнікаў Галіна Апановіч. Дарэчы, яна тады мне паказала пятае і шостае азёры, так што я да гэтага часу дакладна не ведаю, пяць ці шэсць лясных вадаёмаў знаходзіцца на лініі Усавікі -- Балотнікі.

Праз 1,2 кіламетра ад бівака мяне раптоўна пачало вадзіць у бакі па глыбокай пясчанай каляіне. Задняе кола пракалоў, зусім спусціла. Другая няўдача!

Качу “Дракона” назад. Пачынае імжыць дождж. Вось і трэцяя няўдача! А тут і чацвёртая падсцерагае -- ірвецца папруга, штаны спаўзаюць ніжэй пуза, пачынаю наступаць на калашыны.

У палатцы сяк-так адрамантаваў папругу. Дождж несупынна барабаніць па поліэтыленавай накрыўцы. Марнуюся ад гультайства. Выручае мая заўсёдная палачка-выручалачка -- газета “Народная воля”. З галавой акунаюся ў праўдзівыя падзеі, што адбываюцца ў шматпакутнай Беларусі. 15 гадзін -- дождж і +11. 17 гадзін -- дождж і +10. Баста! Трэба неяк выбірацца з ляснога палону.

Збіраю мокры валацужны рыштунак. Накручваю халастыя абароты рухавіка так, каб хуткасць першай перадачы адпавядала пешаходнаму кроку. Дзялянкамі, верацеямі, барамі, балотамі вяду “Дракона” ў бок Занек. Дарог шмат, але прыкладны напрамак ведаю. Вось на баравым узвышшы і Занькаўскія могілкі -- на ўсіх помніках пазначана амаль адно прозвішча -- Занько. За могілкамі ўзяў правей, перакаціў чорную гразь і ўпёрся ў раку Зеху. Назад!

Доўга ішоў полем. У Заньках спідометр паказаў 4,5 кіламетра -- столькі каціў “Дракона”. У мужыка прашу помпу. Пампую, а кола адразу спускае -- дзірка вялікая. А да Лепеля 10 кіламетраў!

Перакаціўся скрозь Казіншчыну. Выкаціўся на Полацкую шашу. Да Лепеля не дацягну. Сядаю на “Дракона” і цісну на газ. Зад водзіць, быццам у п’янага сабакі. Патру ўшчэнт гуму. Тэлефаную гаспадыні крамы “Мотавела” -- ёсць камплект гумы на “Дракона” за 320000 бульбонаў. Лепш столькі патраціць, чым тупаць побач з двухколавым транспартам ад Казіншчыны да Лепеля, ды яшчэ ў дождж, ды яшчэ ўвечары.

Так віхляючы задам і даехаў дахаты. Нават даішнікі на кольцы неўразумела паціснулі плячыма і не спынілі. Пацёр-такі гуму! Гэтая акалічнасць стала маёй самай вялікай няўдачай. Праўда, была адна, шостая, і на наступны дзень -- гуму ў краме разабралі. Сказалі, завязуць праз некалькі дзён.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧАЛАВЕК У КАНАВЕ. ЛЮДЗІ НЕПАКОЯЦЦА — 3 дня назад,   за неделю: 458 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 6 дней назад,   за неделю: 436 
ЛЕПЕЛЬСКУЮ ГІСТОРЫЮ КАПАЮЦЬ НАВУКОЎЦЫ — 4 дня назад,   за неделю: 350 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 1 неделю назад,   за неделю: 274 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 5 дней назад,   за неделю: 247 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение