Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 17.05.2012 (09:42) — 6 лет назад

АПОШНІЯ МАГІКАНЕ ХВАШЧОВА, або ЧОРНАЯ БУДУЧЫНЯ ЧОРНАЙ УРАДЫ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 495

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Даўным-даўно за блізкім светам хтосьці заснаваў вёску Хвашчова. Месца першапасяленцы выбралі выдатнае – чысты бераг возера Чорная Урада, аднаго з ланцугоў сушанскага комплексу азёр. Край зямлі лепельскай. Ужо за Чорнай Урадай сцелецца Ушаччына.

У 1906 годзе ў вёсцы Хвашчова Каменскай воласці Лепельскага павета налічвалася 12 двароў, 92 жыхары. Напачатку 30-х гадоў працавалі калгас “Пуцілавец” і кузня. У 1940 годзе мелася 26 падворкаў, 95 жыхароў. У вайну немцы спалілі вёску. На 1997 год было пяць падворкаў і сем жыхароў.

Пры ўездзе ў Хвашчова адразу кінуліся ў вочы абжытыя пабудовы. Лёгка адрозніваліся хаты ад дачных гмахаў. Спачатку скіраваўся да сядзібы на самай высокай горцы. Жытло стаіць на сямі вятрах, затое позірку паўстаюць вясковая панарама, дрыготкая сінеча Чорнай Урады, пустка на месцы блізкай былой вёскі Мішулькі і ўзгорыстыя палявыя далягляды, далягляды, далягляды…

Хата старэнькая, аднак даволі трывалая і дагледжаная. Не абгароджаная, бо плот тут толькі лішняя перашкода – аселіца, цішыня, ніхто не ходзіць.

Па санях у двары здагадаўся, што тут трымаюць каня. Зазірнуў за хату. Малады мужчына ускопвае агародчык. Мабыць, гаспадар.

Так і ёсць. Лёнька Ладзік. 49 гадоў. Жыве адзін у бацькоўскай хаце. Бацькі памерлі. Дзесяць гадоў збіраў малако па навакольных вёсках. Цяпер такая праца непатрэбная – кароў ніхто не трымае. Уладкавацца куды-небудзь няма магчымасці – да цэнтра акцыянернага таварыства “Ладасна” Каменя два дзесяткі кіламетраў, цэнтра вытворчага ўчастка “Суша” 11 кіламетраў. Не наездзішся.

-- Дык а жывеш з чаго?

-- З агарода. Агародніна, бульба свае. Дапамагае конь Джымі. Без яго не пацягнуў бы гаспадарку. Але старая жывёліна, слабая. Што без Джымі рабіць буду, не ўяўляю.

-- Возера пад бокам, галадаць не дасць…

-- Не стала ў ім рыбы пасля таго, як вадаём зрабіўся непраточным. Справа ў тым, што ў Чорную Ураду ўпадаюць рэчкі Дзіва (з возера Урада) і Бельская (з возера Бельскага). Каб злучыць гэтыя вадаёмы з Заходняй Дзвіной, да вайны пракапалі канал з Чорнай Урады ў возера Оталава, якое мела сувязь з вялікай ракой. Гарбары Лепельскага, Ушацкага, Ульскага раёнаў талакой завіхаліся, каб даць рыбе магчымасць мігрыраваць. Рыбныя запасы прыкметна павялічыліся. Аднак з цягам часу канал запоўнілі плывуны, затаўклі трубапераезды так, што рыбе не праціснуцца. Яе міграцыя спынілася, возера збяднела, заглеілася.

***

Яшчэ пры ўездзе ў Хвашчова звярнуў увагу на дыхтоўную пабудову дачнага архітэктурнага вырашэння. Сцены абабітыя вагонкай пад калібраванае бярвенне, пафарбаваныя чырвоным лакам. На ўзгорыстым двары – лазня, альтанка, камін, дрывотня. Дарожкі выкладзеныя камянямі. У градках корпаецца мужчына. Знаёмлюся.

Росцік Мураўёў. 44 гады. Кватэру ў Віцебску пакінуў радні, а сам трэці год жыве ў Хвашчове.

-- Самотна, мабыць, аднаму…

-- Ніколькі, бо адзін бываю толькі па буднях. Справа ў тым, што дача ў нас на дваіх з сябрам. Той на выхадныя прыязджае з Віцебска, сваіх сяброў з сем’ямі прывозіць, а я сустрэчу рыхтую.

-- Без маладзіцы сумна…

-- І жанчын прывозяць.

-- А жывеш тут на якія сродкі?

-- Сябра мае ўласную фірму, а я лічуся ў штаце. Зарплату мне плаціць.

-- Што за доўгі масток у бок возера кіруецца?

-- Гэта кладкі на востраў. За імі – пірс. Можам туды схадзіць.

Бераг роўным шэрагам капіруюць вялізныя яліны, мабыць, штучна пасаджаныя. Кладкі з тоўстых дыхтоўных дошак на надзейных слупах-козлах вядуць скрозь кусты і чаротавы зараснік.

-- І ўлетку пад мастком вада не высыхае?

-- Зрэдку здараецца ў працяглую спёку.

-- Дык жа нават цяпер тут можна прайсці ў рыбацкіх ботах…

-- Усю кампанію абуваць у гумовікі? Прасцей кладкі пабудаваць. Ды і нашмат зручней.

Метраў праз сотню – востраў. Узгорыстая выспа сярод возера ўсланая леташняй сухой травой. Ад кладак сцежка прывяла на дыхтоўны прасторны пірс са сходамі ў ваду, перагорнутай лодкай. Прыкладна на паўтараметровай глыбіні віднеецца дно. Зручнае месца для купання.

-- Якія ў вас сувязі з Хвашчовам, што ў такім захалусці дачу паставілі?

-- Раней вясковую хату пад дачу перарабіў знаёмы прапаршчык з Віцебска. Потым у яго забалелі ногі, і ён прадаў пабудову нам. Мы яе пераабсталявалі па-свойму.

***

-- Апрача Ладзікаў у Хвашчове жылі Сергіёнкі, Казловы, Цары, Азаронкі, -- пералічваў прозвішчы вяскоўцаў 73-гадовы Аляксандр Ладзік. – Сама болей на маёй памяці паўтара дзесятка двароў было.

Аляксандр на гэтым месцы нарадзіўся. 30 гадоў адпрацаваў у Віцебску і пасля смерці бацькоў вярнуўся на бацькаўшчыну, пераабсталяваў хату пад дачу. Цяпер з жонкай Алай прыязджаюць сюды на ўсё лета. Леанід Ладзік – яго пляменнік.

-- А як у Віцебску апынуліся?

-- Гэта я яго туды звезла, -- уключаецца ў размову 71-гадовая Ала. – Сама родам з сушанскага Замошша. Прыехала ў 1966 годзе ў водпуск. Пазнаёмілася з трактарыстам саўгаса “Сушанскі” Сашкам Ладзікам, забрала яго з сабой, уладкавала слесарам на камбінат хлебапрадуктаў, дзе сама працавала ветурачом-бактэрыёлагам. Так да пенсій і не пакідалі прадпрыемства. Любім Хвашчова, бо ў нас тут прыволле, хараство, лазня свая.

Нельга не пагадзіцца з характарыстыкай дачнага двара Ладзікаў. Паўз возера растуць векавыя дубы-волаты. Пад імі – лаўка для адпачынку. За тоўстымі стваламі плешчацца аб бераг Чорная Урада. З лазні можна адным скачком акунуцца ў хвалі.

-- У Хвашчове заспеў трох гаспадароў. Яшчэ хто прыязджае на бацькаўшчыну?

-- Генадзь Цар цяпер знаходзіцца ў “Святліцы”, -- пачаў пералічваць Аляксандр. – Яго дзеці з Мінска і Полацка бываюць, але рэдка. Часты госць палачанін Васіль Азаронак. Не забываюць родны кут сёстры Ладзікі – Ліда з Полацка і Ліма з Сімферопаля. Вось як бывае – беларусы нясуцца ў Крым адпачываць, А Ліму Чорная Урада прыцягвае мацней, чым Чорнае мора. А яшчэ напішы на сайце, што бузой напаўняецца возера, травой зарастае, бо канал у Оталава плывуны затаўклі…

-- Ведаю пра гэта ад вашага пляменніка Леаніда.

-- Няхай бы меліяратары ўзяліся ратаваць Чорную Ураду, інакш праз якую сотню гадоў ад яе застанецца хіба што Чорнае балота.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.







Склифасовский: 17.05.2012 в 10:39 — 6 лет назад
Пятый год канал подбит плывунами, и рыба с Отолова упорно не хочет идти, но её хватает в самом озере. Вот только и там уже бобров развелось столько, что даже в редких подходах нарыли своих траншей.



Валацуга: 17.05.2012 в 12:49 — 6 лет назад

У цывілізаваным свеце, за якім нашыя тузы ўпарта не хочуць ісці, даўно абвешчана вайна бабрам і дзікам, як звярам, якія прыносяць грамадству шкоду. У нас пакуль да такіх шкоднікаў адносіцца толькі ліса.




Склифасовский: 17.05.2012 в 13:54 — 6 лет назад
Интересно, если бы ввели вознаграждение в 20 баксов за убитого бобра, через сколько времени их перебили? Зоологи, а какой приплод у бобров? Такое чувство, что где-то рядом с кроликами, и самая пора трубить тревогу, глядя на эти кладбища деревьев.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 4 дня назад,   за неделю: 579 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 3 дня назад,   за неделю: 359 
ПАДЕНИЕ ИНТЕРЕСА К ЧТЕНИЮ. Шуш Эсенскі — 6 дней назад,   за неделю: 353 
ПАПІЛІ-ЗАКУСІЛІ НАД ВЕРАБСКІМ КАНАЛАМ. ФотаФік — 7 дней назад,   за неделю: 341 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 2 дня назад,   за неделю: 306 
ЛАТЫШСКІ І БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУСЫ ПРА СВАІХ ПРЭЗІДЭНТАЎ — 1 неделю назад,   за неделю: 290 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 21 час назад,   за неделю: 122 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение