09 янв 2021 в 08:53 — 3 месяца назад

797. БАБУЛЯ-КРАСУЛЯ. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 472

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Так з Валерыкам мы звалі нашу бабу Проску.

 А яна так звала сваю кароўку.

 - Красуля мая, памочніца, ратаўніца, - гладзіць яе па баках. – Дай маім унучыкам малачка, вырастуць яны вялікія, пасвіць цябе будуць, карміцелька ты мая рагатая.

 І столькі было ў яе голасе пяшчоты і лагоды, што мянушка гэтая кранала нашыя маленькія сэрцы. І гэтым словам хацелася нам назваць усё вакол: красуля-кветка, красуля-яблынька, красуля-бярозка, ну і, вядома ж, красуля-бабуля.

 А і сапраўды, ёй гэтае слова падыходзіла – расточкам невялікая, вочкі блакітненькія, бы тое неба, валасы доўгія, чорныя, бы смоль. Пойдзем з ёй у лазню, яна іх шчолакам намые, распусціць па плячах, захінуць яны яе, бы коўдра шаўковая, аж з галавы да ног.

 Я ў тазіку плёскаюся, напараная венікам бярозавым. А бабуля сядзіць на лаўцы і чэша валасы, чэша грабеньчыкам і спявае маркотна:

 - Зялёная вішня з-пад кораня выйшла,

 Аддала мяне мама, дзе я непрывычна…

 Мігціць капцілка, у лазні змрочна, духмяна ад бярозавага веніка, парна. І здаецца мне, што гэта і не бабуля зусім, а нейкая невядомая прыгажуня, якую маці аддала невядома куды. І нясецца песня жалобная, горкая:

 - Ты думаеш, маці,

 Што я тут паную.

 Прыйдзі, падзівіся,

 Як я тут гарую…

 Слухаю, заварожаная. А песня льецца над лугамі і палямі, уздымаецца ўгору, да неба сіняга і мільгаціць там сотнямі зорачак. Ой, гэта не зорачкі ўжо, а слёзы бабуліны блішчаць:

 - Ты думаеш, маці,

 Што я тут не плачу.

 За горкімі слязамі

 Я свету не бачу.

 І раптам разам зрываюцца слёзы і падаюць уніз дажджом самотным:

 - Як выйду на гору,

 Як крыкну да двору:

 Вары, маці, вячэру

 Дый на маю долю.

 Варыла, варыла

 Ні мала, ні трошкі:

 - Няма табе, дочка,

 Ні міскі ні ложкі.

 Уздыхае баба Проска цяжка - долю горкую не перапяеш:

 -Ну, што, унучачка, будзем апранацца?

 Ой! Раптам знікаюць палі і лугі, і неба з зоркамі-слёзамі. Бабуля ўжо даплятае косы, звязвае стужачкамі, каля галавы аплятае. Спадніца да полу, кофта з гладкімі гузічкамі, шчочкі ружовенькія, вочкі бліскучыя – бабуля-красуля! Мая, самая лепшая, самая добрая, самая-самая!

 …У хаце цёпла, ціха. Валерык чытае кніжку. Кот Цішка, згарнуўшыся клубочкам, дрыхне на прыпечку.

 Напіўшыся малака, усе ўтрох залазім на грубку. І пачынае бабуля свой аповед пра нялёгкае жыццё сваё. Як уцякала з пяццю дзеткамі з Руці, куды ўзяў яе замуж дзед Сямён. Але ж ён пайшоў на вайну, хата згарэла, ну, і падалася бабуля-красуля на радзіму ў Горкі, да маці роднай.

 А маці жыла не адна – з сынам старэйшым Іванам, з нявесткай Сонькай, з унукамі адзін за другога меншымі. І ўзялася баба Тэкля за галаву:

 - А дачушка мая любая, Проска! А куды ж я вас дзену?

 Збіў брат Васіль палаці. Кінуў пасцілку. Сказаў:

 - Уладкоўвайся, сястра.

 Пасля вайны і самім есці нечага, а тут шасцёра нахлебнікаў. Асабліва злавалася цётка Сонька. Шыпела, бы той гусак:

 - Прыцягнуліся! Нада яны тут каму! Паі іх, кармі дармаедаў.

 Са злосцю ліла  ў конаўкі малако, кідала на стол чыгунок з бульбай:

 - Ешце, каб вы ўдавіліся!

 Уперамешку са слёзамі глытала бабуля бульбіну ды бегла на працу. Старэйшыя Лёнька і Яніна ўжо дапамагалі ў калгасе, а сярэдні Коля з Алькай ды Іван – па хаце. Дык цётка Сонька ўсю працу па гаспадарцы на іх скідвала і ўсё адно была сярдзітая.

 Цярпела баба Проска, цярпела дый надумалася адысці ў Міхалова. Сабралі талаку, зладзілі нешта накшталт зямлянкі. І зажыла бабуля хоць цяжка, але сама сабе гаспадыня.

 Хоць і пяцёра дзяцей, але ж маладая яшчэ, спрытная ў працы, ладная ў сукенках. А як заспявае:

 - То не ветер ветку клонит,

 Не дубравушка шумит –

 То моё сердечко стонет,

 Как осенний лист дрожит.

 Мужыкі сваталіся, здалёк прыязджалі. А яна ўсё свайго Сямёна чакала. Так і не дачакалася. Але замуж усё адно не пайшла а ні за каго. Так і жыла: будавалася, працавала ў калгасе, падымала дзетак. Начамі плакала ў падушку, днём на людзях смяялася ды жартавала. Пра яе казалі:

 - Лёгкая Проска на характар: жартуе ды пяе, быццам і гора не ведае.

 А гора было, што клункам не знесці, якім бабуля сена з кустоў цягала. Ужо дарослай я часта задумвалася над яе лёсам і лічыла, што болей не сустракала на свеце такой працавітай жанчыны, як мая бабуля-красуля. Прачыналася яна раненька. Як паравоз гудне: еду, бабуля скок на падлогу, спадніцу накінула цераз галаву, кофту зашпіліла, грэбень у валасы ўткнула, халаднючай вадой вочы-рукі спаласнула, печку затапіла, карову падаіла, парсюку есці дала, кураняткам проса пасыпала, блінкоў напякла, паранку ў печ засунула, туды ж чыгункі з бульбай ды кіслай капустай з рэбрамі запіхнула. А яшчэ ж трэба калатухі накалаціць дзецям на сняданак – так у нас называўся амлет. Жоўты, бы тое сонейка, пухнаты, духмяны, адным словам – смаката! За вушы не адцягнеш. А сама бабуля ела, не ела, піла, не піла, а ўжо Федзька-брыгадзір у вакно грукае:

 - Проска, выходзь. Усе сабраліся. А то пехатой пойдзеш.

 Граблі ў рукі, хусцінку на галаву, бягом, бягом. Без яе калгас стане колам.

 І так цэлы дзянёчак. А яшчэ ж дроў на зіму нарыхтаваць, сена накасіць, бульбу пасадзіць-выкапаць, парсюка забіць, кілбас напхаць, сала засаліць, капусты накрышыць, гародніну ўбраць, агарод пераараць… І ўсё гэта на адны слабыя жаночыя плечы.

 Ужо і плакаць некалі: “Ай, лепш пяяць буду”:

 - Ляцела птушка ў небе,

 Папала ў чорну тучку.

 Няма ў дзетак хлеба,

 Дык пазалаці ручку.

 Засмяецца смехам, больш падобным на плач, і зноў за работу.

 А як дзеткі выраслі, на свой хлеб пайшлі, дык унучыкаў падкінулі. Валерык добры хлопчык, маўклівы ды паслухмяны. А Тамарачка хварэе часта, з плачу, можа, па маці сумуе. Возьме на рукі, калыша:

 - Прыйшоў у хату дзед Бабай –

 Мая дзетка, засынай,

 Шэрая кукушачка,

 Тамарачка- душачка.

 А як жа Тамарачка засне, калі Бабай па хаце ходзіць? Вытарэшчвае вочы ды цясней туліцца да бабы Проскі. Утульна ў бабіных абдымках, цёпла, і бабай знік… Дзякуй богу, заснула дзіця.

 Перахрысцілася баба Проска на абраз, скінула з намучаных ног шкарпэткі, завалілася на бок, скрыпнулі спружыны… Сон прыйшоў у хату.

 Спі спакойна, мая любая бабуля-красуля. Хай табе прысніцца дзед Сямён малады ды здаровы. І хай у тваім сне не будзе вайны, а будзе шчасце ды любоў.

*   *   *

Жизнь моя выткана

Разными нитками:

Жёлтой и синей

Выткано имя,

Девичьи грёзы

Ткались из розовой,

Красною - старость,

Багровой – закат,

Ниткой вишнёвой –

Вишнёвый мой сад,

Серой и чёрною –

Горе, беда и печаль,

Цвета размытого неба –

Вьюжный холодный февраль,

Ниткой лиловой

Ткалося слово,

Кипенно белой –

Божая вера

И подвенечное платье,

Ниткой зелёной –

Надежда и ожидание счастья…

.

Жизнь моя выткана нитками разных цветов.

Только та нитка порвалась, что обещала любовь.

2021



Метки: Лисичёнок (Гурко) Тамара

НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





09 янв 2021 в 09:21 — 3 месяца назад

Шаноўна Мара! Няма слоў, бо дужа годна!

5


09 янв 2021 в 09:28 — 3 месяца назад

5




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


816. БОЙНЯ МОЕГО ОТЦА. Мостовой Анатолий  — 5 дней назад,   за неделю: 534 
НОЧЬ В СОСНОВОМ ЛЕСУ. Валацуга  — 3 дня назад,   за неделю: 368 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ