Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 30.05.2012 (07:57) — 6 лет назад

З ПОЛАЦКАГА ПЕКЛА Ў ГЛЫБОЦКІ РОЙ, або У ІВЕСІ ПРЫМАЮЦЬ ЛЕПЕЛЬЦАЎ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 550

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Апошні мой перадпенсіённы адпачынак -- бясснежнымі Калядамі 13 дзён не дашукаў палескіх нячысцікаў. Куды кінуцца цяпер? А падамся ў суседнія раёны, дзе не так часта даводзілася быць. І не грамадскім транспартам, а на сваім нязменным “Драконе”. Без спецыяльнага маршруту -- дзе захачу, там і пастаўлю палатку.

Выехаў у суботу 19 мая. Першую ноч меркаваў правесці на беразе мізэрнага ўшацкага азярца Адворненскае, аднак жыхар вёскі Адворня паведаміў, што возера ўзнялося, да яго не падысці. Такім чынам быў вымушаны ехаць на ўжо знаёмы бераг полацкага возера Янова, за вёску Бікульнічы, дзе вялізныя крушні з каменных глыб -- не што іншае, як руіны старадаўняй абсерваторыі.

Быў там неаднойчы, шмат чытаў у інтэрнэце аб назіраннях першабытных астраномаў. Таму проста аддаў даніну павагі грозным руінам і абсталяваў бівак на самым беразе Янова.

Шкада, што, як заўсёды, чарвей дома забыўся. Давялося гатаваць суп хуткага прыгатавання, палюбавацца вечаровым заходам сонца ды з дапамогай начэпленага на лоб ліхтарыка чытаць маю любімую газету “Народную Волю”.

Ставіў палатку на сонечным беразе, а раніцай яна апынулася ў засені высачэзных дрэў. Доўга чакаў сонца, каб высушыла расу на валацужным рыштунку. Нарэшце рушыў за вёску Гомель, у Завозер’і звярнуў з Полацкай трасы і жвіроўкай скрозь густы лес падаўся да Заходняй Дзвіны. Не пашанцавала -- натрапіў на будаўніцтва ГЭС. Мужык з вёскі Лучна распавёў, што гідрабудаўнікі раскурочылі бераг на вялікай адлегласці, месца талковага не засталося. Усё ж ускрайкамі вясковых агародаў знайшоў больш-менш прыстойную пляцоўку. “Дракона” пакінуў на кручы, а палатку паставіў у засені густой ляшчыны, бо прыпякаць пачало: +26.

Духата! Камары! Аднаго чарвяка з цяжкасцю адкапаў, а клёву не ўбачыў. Кашмар! На абед і вячэру -- абрыдлыя суп-канцэнтрат і тушонка. Упрыгожвае вандроўку чытанне “Народнай Волі” перад сном.

Раніцай падышоў да гідрабудаўнікоў.

-- Эй, на шхуне! -- крычу. -- Перакіньце на той бок з матацыклам.

Пажартаваў, а воднікі падрулілі да мяне. Загрузілі рыштунак з “Драконам” на катар і за лічаныя хвіліны перавезлі на другі зручны бераг. Хацеў заплаціць -- не ўзялі. Паехаў прырэчнымі дарогамі ўніз па плыні, каб змяніць абстаноўку. Перад Слабадой выбраў утульную гару. Вятрыска разганяе камароў. Вось толькі ў палатку не ўлезці -- на вуліцы ў засені +27, а ў нейлонавай хатцы ўсе 40 будуць.

Суп і чай гатую на мінеральнай вадзе, бо дзвінскую каламутную ўжываць не адважваюся. Ледзь дацягваю да ночы. Спаліў спіну.Купацца баюся -- з берага глыбіня неймаверная. І ўначы ў палатцы было душна. Нават “Народная Воля” не чыталася.

Раніцай паснедаў па халадку ды панёсся шукаць месца на рацэ Палаце. З дапамогай карты лёгка знайшоў яе. Аднак берагі -- толькі ад міліцыі хавацца. Альховыя гушчары. Густая трава. Крапіва. Можна было б асталявацца ля вадамернага паста -- кладкі падвясныя з берага на бераг перакінутыя. Але ж зноў не пакупаешся -- чорная бездань пад хісткім мастком, а з берагоў падыходу да вады няма.

Доўга шукаў зручны бераг. Нарэшце свайго дамогся. Перад вёскай Жыхары -- мост. Пад ім вірок быццам неглыбокі. Непадалёк -- трава-сеянка. Табаруся!

+28 градусаў. Без ветру. Таму камары ў траве лютуюць. Пасля Дзвіны баліць спаленая спіна, таму сарочку не скідаю. Купацца неяк -- бераг гліністы. І засень уся ў гушчары на тым баку. А на небе -- ні хмарынкі. Катоўня дый толькі! Засынаю позна -- не “Народная Воля” не дае, а духата.

…Дзіўлюся на карту Полацка. За чыгункай сярод прыватнага жылога масіву -- аточанае балотам возера Валова. Што за цуд у Райскім садзе? Стаўлю “Дракона” на платную стаянку, знаходжу больш-менш падыходзячае месца для палаткі, хоць возера ледзь сінее ўдалечыні.

Іду ў абыход гарадскога вадаёма балотнымі набярэжнымі -- 2-ім завулкам Кандраценкі, вуліцамі Галеркіна, Стаханаўскай. Некаторыя гарадскія артэрыі заканчваюцца балотнымі тупікамі -- 2-гі Стаханаўскі завулак, вуліца Шаўчэнкі. З іх жыхары зносяць смецце, якім утвараюць сцежкі да вады. Пайшоў па такой. Даволі блізка наблізіўся да Валова. Каб быў у ботах, па дошках ды гнілых бярвёнах дайшоў бы да рыбацкіх сядух.

Уначы чытаў “Народную Волю” і думаў: чаму ў вялікім горадзе дапусцілі такое запусценне ўнутранага возера. Чаму б не насыпаць дарогу да самага берага, абсталяваць пляж? Хіба вадаём даўно ператварыўся ў клааку? Замест вады -- нечыстоты? Нават у такім выпадку Валова можна было б ператварыць у турыстычны аб’ект.

“Дракона” са стаянкі не забіраў. Склаў рукзак і гарадскім аўтобусам №1 заехаў за горад, ды падаўся аглядаць ваколіцы. Нічога цікавага. Стаміўся, пакуль абышоў вялікія вёскі-гарадкі, бы нашая Бароўка: Багатырскую, Сякераўшчыну. Пахаладнела да +18. Камары ажывіліся. Выбраў нейкі стары насып, парослы травой, і паставіў там палатку.

“Народная Воля” чыталася лёгка, бо ў палатцы забіў усіх камароў, ветрык трапляў скрозь марлевыя ўваход і столь. Апошняя ноч на Полаччыне. Заўтра пачынаецца загадзя запланаваны маршрут. На свята горада не застаюся, бо такія мерапрыемствы абрыдлі мне за час журналісцкай дзейнасці.

Прыходжу на стаянку, а ў “Дракона” паламанае лабавое шкло. З ахоўнікам прыйшлі да высновы, што яго патаўкла прыбіральшчыца накрыўкай кантэйнера для смецця. Але ж не я сам выбраў месца -- мяне туды накіравалі. Доўга не разважаючы, ахоўнікі аддалі мне 130000 бульбонаў -- столькі каштуе лабавік. А з прыбіральшчыцай, сказалі, разбяруцца.

І памчаў я Глыбоцкай дарогай. Потым павярнуў на Ушачы.

Нарэшце дарожны знак паказвае направа: “Івесь”. Сюды я імкнуся. Загадзя па мабільніку 6468463 (МТС) дамовіўся з дырэктарам Культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра спадарыняй Зояй Жаваранак.

Так пры ліквідаванні саўгаса ў Івесі не далі разрабаваць кантору, адрамантавалі будынак, зрабілі гасцінічныя нумары, залу з тэлевізарам, кухню з посудам і халадзільнікам, дзве душавыя кабіны, дзве кабіны ўнітазныя, халодную ваду падвялі ў кожны нумар. За суткі з пастаяльцаў бяруць 30000 бульбонаў. А прырода…

Праз дарогу -- адмысловы парк. Пантонны пірс на пляжы.

Пра іншыя славутасці і зручнасці парку -- потым, бо сабраўся ў суседнюю вёску Хралы глядзець в’етнамскіх парасятак у вальеры, што разводзяць культарганізатар Цэнтра з мужам, якія без шкадавання пакінулі Наваполацк і пераехалі ў Хралы.

Дзве вялікія крамы ў вёсцы -- дзяржаўная і прыватная. Прадуктаў у абодвух дастакова. А камароў у Івесі -- бы ў моры кропель, бы пясчынак у пустыні, бы ігліцы ў тайзе. Паратунку ад іх няма. Ніякія антыкамарыны не прызнаюць. Захутвайся ў хустку -- галаву ўратуеш. А вось шкарпэткі ды пальчаткі пракусваюць наскрозь. Сонечным ветраным днём іх быццам і няма. Толькі сунешся ў засень -- рой. А ў парку ці ўвечары ўсюды -- суцэльны рой, бясконцыя хмары. Смерць усяму жывому!

Мангал у парку гарыць бы хата на пажары, а камары агню не баяцца.

Знайшоў двух шыцікаў і нават дзвюх рыбінак на іх выцягнуў. Болей ахвоты не было, бо ўсюды мяне цікавалі камары.

Абкруціў галаву анучамі, каб у альтанцы спакойна прыняць чарку ды гарачым шашлыком загрызці гарэлку. Ды дзе там! Заедзь у рот лезе, за язык кусае. Добра, што ён ад смаку ў адно месца праваліўся, дык не дасталі з’есці.

Пайшоў на пірс, а там у дзяцей рыба вудзіцца. І камары іх не кусаюць. Кажуць, што сапраўды сваіх не чапаюць.

А яшчэ ў парку на бачным месцы знаходзіцца Цэнтр Еўропы і сімвалічны знак там пастаўлены.

Апошнім часам палачане абдурылі івесьцаў ды ўстанавілі другі знак у цэнтры Полацка і выдаюць яго за цэнтр Еўропы. Але ўсе разумеюць, што ролю тут сыграў у мільярды разоў большы бюджэт горада з 83700 жыхарамі, лоўка абставіўшы капеечную касу вёскі са 163 сялянамі.

У Івесі было ўсяго +19, але купацца палез, каб не ад сонца, а ад камароў схавацца. Пад вадой яны ўжо мяне не кусалі.

У двары маіх апартаментаў начаваў “Дракон”, і пылінка з яго не звалілася, не тое, што лабавік жыцця пазбавілі, як у Полацку.

Апошні дзень у Івесі! Бывайце, лютыя камары! Бывай, апошні любімы водпуск. Як адпрацаваць пяць дзён да пенсіі, глуздоў не стае прыдумаць.

І апошні паход у краму.

Не па гарэлку -- па мінеральную. 71 кіламетр сушыць да Лепеля будзе (калі ехаць скрозь Ворань). А ўсяго наездзіў за вандроўку роўна 400 кіламетраў.

Лепельцы -- у Івесь! Там вам заўсёды будуць рады. А ў нас такога няма! Саўгас ці калгас ліквідавалі -- кантору разрабавалі. А маглі прыдумаць нават Цэнтр Сусвету на яе месцы. І лёгкаверныя турысты паверылі б.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.







Склифасовский: 30.05.2012 в 14:28 — 6 лет назад
Это пять, пан Валацуга. Есть превеликий интирес почитать про линию обороны Сталина. Можно и сгонять туда на экскурсию, походить по полям боевой славы. Есть много непоняток по дзотам, по их расположению и конструкции. Поедем?



Валацуга: 30.05.2012 в 14:46 — 6 лет назад

Мой апошні ў жыцці працоўны дзень адбудзецца 6 чэрвеня 2012 года. З таго часу я -- вольная птушка: куды хачу, туды лячу. Паедзем!






Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 4 дня назад,   за неделю: 579 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 3 дня назад,   за неделю: 359 
ПАДЕНИЕ ИНТЕРЕСА К ЧТЕНИЮ. Шуш Эсенскі — 6 дней назад,   за неделю: 353 
ПАПІЛІ-ЗАКУСІЛІ НАД ВЕРАБСКІМ КАНАЛАМ. ФотаФік — 7 дней назад,   за неделю: 341 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 2 дня назад,   за неделю: 308 
ЛАТЫШСКІ І БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУСЫ ПРА СВАІХ ПРЭЗІДЭНТАЎ — 1 неделю назад,   за неделю: 290 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 21 час назад,   за неделю: 122 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение