20 фев 2021 в 11:00 — 7 месяцев назад

13. Светлы шлях. КАЛГАС НАПАЧАТКУ ВАЙНЫ І ПАСЛЯ ПЕРАМОГІ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 10, всего: 642

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 (Працяг. Пачатак цыклу глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

  Дзесьці ўсярэдзіне жніўня 1941 году, надвячоркам, вярнуліся ў Валову Гару мабілізаваныя напачатку вайны мужчыны прызыўнога ўзросту, захопленыя немцамі а потым адпушчаныя з часовага канцлагеру ў мястэчку Беразіно. З левага берага Бярэзінскага канала, пачынаючы ад службовай калавуркі, у прыцемку жыхары левабярэжжа паціху разышліся па сваіх хатах. Насельнікі правабярэжжа перайшлі па чацвёртым шлюзе і ўжо па сцежках за дамбай дайшлі да сваіх сядзіб.

 Навіна аб вяртанні мужчын хутка разнеслася па Валовай Гары. Трывога вяскоўцаў узмацнілася, бо не вярнуліся Левановічы, Шуневічы, Драгун. Ніхто не адважваўся распавесці пра лёс Лоцькі Драгуна, які сканаў з голаду, бо выменьваў ежу на тытунь. Выдумлялі, што астатнія валавагорцы спыніліся ў Зацякляссі.

 Жанчыны не спалі ўсю ноч. Дый дзеці паснулі толькі на досвітку. Усе чакалі родных. І толькі калі сонца ўзнялося над лесам, з боку Сідзякавага хутару з’явіўся натоўп хутаран на чале з маёй хроснай Паўлінай і яе дзецьмі Казікам ды Эдзікам. З імі была яе суседка Ларыса з Франікам і Вацікам. Сярод іх не было майго бацькі і суседа Лоцькі, бацькі маёй сяброўкі Жэнькі.

 Яшчэ па дарозе дамовіліся, што аб усім распавядзе Франік. Але як толькі яго ўбачыла жонка Анця, кінулася на шыю мужу і, плачучы, пацягнула дахаты. Давялося дзядзьку Ваціку распавядаць маёй маці, што яго брата (майго бацьку) скіравалі ў кулямётную школу, і нічога больш аб ім невядома. Пра Лоцьку ж Вацік распавядаць пачаў Жэньчынай бабулі Маланні. Пасля таго, як мужчына змоўк, старая жанчына сказала, што дужа дрэнны сон сніла Манька, і яны спадзяваліся толькі на цуд. А сама старая зазначыла, што курэнне і гарэлка да дабра не давядуць.

 У суседніх Барсуках сустракаць было некага, бо там прызыўнікоў было мала – усіх мужыкоў каталіцкага веравызнання скасілі трыццатыя гады, а дзеці рэпрасаваных і расстраляных энкэвэдэшнікамі людзей яшчэ не дараслі да прызыўнога ўзросту. Тыя ж людзі, што падпісвалі даносы, па розных прычынах выкруціліся ад прызыву. Адны дадалі сабе гадоў, іншыя націралі ногі жоўтымі рамонкамі, што растуць на пясчаных пагорках і ўтвараюць на целе раны, якія не гояцца. Былі і такія, хто здабываў даведкі аб цяжкіх хваробах. Некалькі сялян прыйшлі параненымі з Фінскай вайны. Прызвалі ў Барсуках усяго некалькі чалавек і скіравалі з Лепеля на Оршу цягніком.

 Калі прыспела жніво, вяскоўцы дружна выйшлі ў поле, а ў гумне ўвесь светлавы дзень працавала малатарня, такая, як і ў Барсуках. А вось ачышчалі зерне ўжо “Арфай”. Яе прыводзілі ў дзеянне дзве жанчыны, або дзве пары падлеткаў, часта мяняючыся. Да “Арфы” прыкладаўся і набор сіт пад розныя культуры. Гэта бы пазней вынайдзены “Петкус”, толькі ў мініяцюры і з ручным прывадам. З першага сіта пры зрушванні каленчатага валу сыпаліся мякіна і смецце, з другога – буйное зерне, з трэцяга – дробнае і тоўчанае зерне з дамешкам спарынні, з чацвёртага – насенне пустазелля. Зверху “Арфы” знаходзіўся бункер, куды падносілі ад малатарні і ссыпалі абмалочаную масу. Гэта быў ужо нейкі прагрэс, хоць на ачыстцы зерня працавала да васьмі чалавек, бо праца ўсё ж была ручная.

 Некалькі падлеткаў звозілі з поля авёс, гарох, пялюшку і закладвалі іх у пераплёты на вышыню да дзясятка метраў. На полі скошаную канюшыну закладвалі ў друкі. Друк – гэта чатыры сукаватыя яліны, на коратка абсечаныя сукі якіх мацавалі жэрдкі, а на іх клалі зялёную масу. І звонку, і ўсярэдзіне, і нават пры дажджлівым надвор’і зялёнка высыхала. Хоць і губляла свой зялёны колер, аднак добра паядалася жывёлай і не псавалася. Для дзяцей гэтыя збудаванні служылі гульнёй у хованкі, за што часцяком даводзілася атрымліваць дубца ад дарослых.

 І ў Валовай Гары, і ў Барсуках увесь працэс жніва праходзіў своечасова. Нікога не даводзілася дакараць за ляноту. У Валовай Гары пасля прыходу мабілізаваных мужчын, а гэта больш за 30 чалавек, увогуле ладзіліся справы. Кожная сям’я атрымала паўтара мяшка чыстай ярыцы на едака, уключаючы і дзяцей. Размеркавалі і іншыя збожжавыя. У свіран засыпалі толькі зерне другога гатунку ды насенне.

 У Барсуках адразу папярэдзілі хітруноў, што калі тыя пачнуць красці альбо махляваць, то адразу паскардзяцца партызанам, якія ўжо пачалі прыходзіць з лесу за харчамі. Брыгадзір адразу аддаў свірнавы замок і ключы чарговаму старасту.

 Моладзь нават у такія цяжкія часіны турботы значна не даймалі. Вайна адышла на ўсход. Навіны ў лясную глухмень амаль не прыходзілі. Нямецкія войскі больш рухаліся па Пышнянскім бальшаку, зрэдку - па шашы Мінск–Віцебск.  А калі хтосьці спаліў масты на Бярэзіне, Бузянцы, Эсе ды ўзарваў бетонны мост на Домжарыцкім балоце, дык увогуле шаша перастала дзейнічаць.

 Дзед Юзік у ціхай размове з Франікам, Вацікам, Бронікам аўтарытэтна заявіў, што пайшлі германцы па старой Смаленскай дарозе, тым шляхам, якім ішоў Напалеон. Упэўніваў пляменнікаў, што і Гітлера чакае такі ж лёс, толькі шкоды ён зробіць больш, болей вып’е людской крыві нават за нашага вусатага гада.

 У маім дзіцячым разуменні гады жылі пад вялікімі камянямі ў шлюзнай камеры. Яны былі вялікімі, доўгімі, з жоўтымі вушамі. А вось вусоў я ў іх не бачыў, калі яны выпаўзалі грэцца на сонцы. І Жэнька нічога не казала пра вусы, а яна для мяне была аўтарытэтам. Напэўна, брэша дзед Юзік. Вось і бабуля аднойчы сказала, што здзяцініўся стары.

 А на вуліцы ўжо сабралася моладзь з нашага краю вёскі. Аднекуль з’явіўся гармонік і нават бубен, і ўсе натоўпам пацягнуліся да школы, спяваючы песні і прыпеўкі.

 Мне, вядома, дарога туды была катэгарычна забаронена, але сякія-такія прыпеўкі я памятаю да гэтага часу. Іх змест гаворыць аб адносінах вяскоўцаў да калгаснай сістэмы прыгнёту і дзяржаўнага рабаўніцтва:

     Бегла, плакала карова,

     Слёзы капалі на нос.

     Адсячыце хвост па жопу –

     Не хачу ісці ў калхоз.

.

     Зямелечка – чарназём,

     Мы і гною падвязём

     Ды насеем буракоў

     Для калгасных дуракоў.

 Даваенны таемны загад зверху як бы ўзаконіў прыгоннае права па ўсім Саюзе, бо пакінуць вёску ніхто не мог без дазволу праўлення калгасу. Цар адмяніў прыгоннае права яшчэ ў 1861 годзе, а самая “справядлівая” савецкая ўлада зноў увяла яго на вёсцы. Без даведкі пашпарт нельга было атрымаць, а без пашпарту ніхто цябе не возьме на працу.

 Калі пасля вайны скончыў школу, мне было 13 гадоў, а вучыцца далей не змог, бо не было адзення, абутку, дый есці не было чаго. Працавалі з маці ўсё лета ў калгасе, а заробак склаў 20 кілаграмаў жыта са спарыннёй. Каб не памерці з голаду, даводзілася збіраць грыбы, журавіны, жалуды. Усю бульбу ўлада забрала на падатак. Таемна дамовіўся з майстрам леспрамгасу і пайшоў працаваць таксіроўшчыкам. За месяц атрымаў 300 рублёў. За гэтыя грошы купіў мяшок мукі, некалькі кілаграмаў круп, цукру–рафінаду і штодня прыносіў дахаты акраец хлеба.

 Даведаліся ў праўленні калгаса, што я ў адыходніках, і прыйшла камісія, каб абрэзаць зямельны надзел па вуглы. Выратавала фельчарка, якая наведала маю хворую маці, зманіўшы, што мне няма 16 год, і ніхто не мае права ў такім узросце прымусіць працаваць у калгасе, а хлопчык падпрацоўвае на пасільнай працы. Напалохала калгасных актывістаў, што яны за парушэнне закону панясуць адказнасць.

 - Яго маці хворая ад недаядання, а вы не гарантуеце забяспечыць гэтую сям’ю харчамі, - строга наступала медычка на савецкіх падлізаў. – Я пракантралюю вашыя дзеянні.

 І ад нас адчапіліся. Даведку на атрыманне пашпарту калгас мне не даў, аж пакуль я не пайшоў на службу ў ваенна-марскі флот. Нават пасля звальнення ў запас у 1962 годзе не хацелі выдаць жаданую паперку, але я ўжо быў дарослы і мог за сябе пастаяць. Звярнуўся ў райкам партыі, і толькі тады, з прабачэннем, выдалі той папяровы дакумент. З-за гэтакай даведкі было столькі лёсаў скалечана, столькі загублена талентаў. Тады ўжо смела высмейвалі савецкую сістэму даведак на атрыманне пашпарту, задзірліва спяваючы частушку:

     На калгасным лузе ў нас

     Узбоч зялёнай траўкі

     Баба дзеду не дала

     Без калгаснай спраўкі.

 Але гэта было пасля вайны. А ўвосень 1941-га талакой вяскоўцы рупліва скончылі ўборку збожжавых культур. На скошаных сенажацях вылежваліся лён, а каля кожнай хаты – чарнухі і каноплі. Гэта сёння з гэтай расліны робяць наркатычнае зелле, а ў той час з зярнятак лёну і канопляў выраблялі не ачышчаны але духмяны алей, якім запраўлялі бульбяную кашу, дадавалі ў праснакі. Я калісьці ў нейкім школьным падручніку чытаў верш, у якім былі такія словы: “Прасначок за пазухай, каноплямі намазаны…”. А калі пад восень заканчваліся ўсе мясныя прысмакі, то з канопляў рабілі душы ў клёцкі. У кожнай хаце абавязкова была ступа, выдзеўбаная з тоўстага дрэва, з таўкачом да яе. Гэтымі таўкачамі таўклі зерне лёну, канопляў, ячменю, такім чынам адзяляючы чыстыя зярняткі ад шалупіння. Атрымліваліся крупы і паўфабрыкат для алею. З чарнухаў вілі вяроўкі.

 А яшчэ ў клунях ці свірнах усталёўвалі ручныя жорны, на якіх з усякага зерня малолі муку, нават гарохавую, калі не было іншай ежы, бо хлеб з гароху не карыстаўся павагай нават у дзяцей.

 Так віравала калгаснае жыццё ў першы год вайны. Людзі чакалі яе хуткага заканчэння са спадзяваннем на лепшае пасля перамогі, нават не ўяўляючы, што мірнае жыццё стане яшчэ горшым.

2021

(Працяг глядзець тут.)



НРАВИТСЯ
5
СУПЕР
2
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ
1







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


В тупике. (4) ПРОВАЛЕННЫЙ ПОЛЁТ. Валацуга  — 6 дней назад,   за неделю: 399 
В тупике. (5) ГДЕ Ж ЗАХОЛУСТЬЕ? Валацуга  — 4 дня назад,   за неделю: 359 
856. ДЗЕДАВА МУДРАЯ НАВУКА. Лісічонак (Гурко) Тамара  — 5 дней назад,   за неделю: 242 
В тупик. (3) БУЕРАЧНЫЙ ПРИЛЁТ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 233 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ