22 фев 2021 в 08:45 — 4 месяца назад

804. МОЙ ЛЮБЫ ДЗЕД ПРАКОП ГУРКО. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 685

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Люблю я сваіх дзвюх бабуль з Міхалова незвычайнай любоўю. Не такой, як бацькоў, не такой, як брата Валерыка, а нейкай інакшай.

 Калі была з бабай Проскай, сумавала па бабе Марылі, і наадварот. Ад той пяшчоты, што адчувала мая маленькая душа, хацелася плакаць, цалаваць іхнія натруджаныя рукі, кланяцца ў ногі. І прасіць даравання, што была непаслухмянай.

 Так жа, калі не мацней, любіла я дзеда Пракопа. Бо бабулі было дзве, а дзед – адзін. Не ведаю, як для каго, а для мяне ён быў унікальным. У дзяцінстве я была дужа цікаўнай, магла надакучыць хоць каму сваімі пытаннямі, толькі не дзеду.

 Зусім малой я больш знаходзілася ў бабы Проскі, а як падрасла, дык стала свой час бавіць пароўну між дзвюма хатамі.

 Асабліва падабалася мне праводзіць з дзедам Пракопам зімовыя вечары. Справіўшыся з гаспадаркай, дзед запальваў у хаце грубку. Як разгараліся дровы, мы з ім уладкоўваліся побач на двух услончыках. Аднаго дзед зрабіў спецыяльна для мяне. Баба Марыля сшыла на яго маленькую падушачку, а цётка Тамара абшыла карункамі.

 - Сядайце, ваша сіяцельства, - дражнілася яна. – На ваш трон асабісты.

 Спачатку я сердавала, а потым зразумела, што яна так жартуе, і толькі смяялася ў адказ.

 Зімовы вечар. За дзвярыма гудзе завіруха, а ў хаце цёпла, утульна. Трашчаць дровы. Бабуля ўжо ляжыць. Цётка Тамара шые. І мы з дзедам пачынаем гутарку.

 - Дзеда, раскажы, як ты мяне, маленькую, нёс, калі мяне з Данбасу прывезлі.

 - Ну, як? Калі з цягніка злезлі, значыцца, то перш-наперш Шурка, татка твой, цябе і аддаў мне. Быў вялікі мароз, дык каб ты не замерзла, я цябе запіхнуў за пазуху, у паўшубак.

 - А я помню! – усклікаю. – Там махоркай пахла.

 - Што ты там магла помніць? Паўгода ж было, - улазіць у размову цётачка Тамара.

 - Не кажы, - уступаецца за мяне дзед. – Я сам помню, як малым кароў пасвіў.

 - Ну, дык гэта, можа, табе было ўжо гадоў шэсць-сем, таму і памятаеш, - кажа цётка. – А каб дзіця нешта помніла ў паўгода, такога не чула.

 - Цётачка, - пытаюся ў яе. – А ты сябе маленькай зусім не памятаеш? А бабуля ж кажа, што мазгі толькі ў старых сохнуць. А ў цябе сохлі ў малой?

 Ад гэтага майго пытання цётачка аж аслупянела. Моўчкі глядзіць на мяне, рот разявіўшы, а дзед з бабай рагочуць.

 - Во, уела цётку, птушачка ты мая, - са смехам кажа баба Марыля з-за шырмы.

 Дзед гладзіць мяне па валасах:

 - Малайчына, Марка, пальца ў рот не кладзі.

 - А чаго нельга палец у рот класці? – тут жа падхопліваю я.

 Цяпер ужо рагочуць усе. І разам з імі заліваюся смехам і я.

 Адсмяяўшыся, зноў чапляюся да дзеда:

 - Дзед, а вайна – гэта страшна?

 - Страшна, Марачка. Колькі людзей згубіла, колькі параніла. Вёскі гарэлі, гарады. Не дай бог.

 - А хай бы дзед Сямён на тую вайну не пайшоў, а то баба Проска плача-плача.

 - Нельга было не пайсці. Прызвала савецкая ўлада радзіму, значыцца, зашчышчаць ат немцаў, уздыхае дзед.

 - Дзед, а чаго яго забілі, а цябе не? Ён не ўмеў ваяваць? – пытаю дзеда.

 Тут ужо дзед аслупянеў, аж папярхнуўся. Баба падала голас з ложка:

 - Усё ад бога, дзетка, ад судзьбы. Каму што на небе напісана.

 - І мне напісана?

 - І табе напісана, што пара спаць класціся, - кажа дзед. – А то мне заўтра ў абход, дык уставаць трэба раненька.

 Дзед бярэ мяне на рукі, падсаджвае на грубку, залазіць сам. На грубцы – кажухі, вялікія пухнатыя падушкі, якія бабуля рабіла сама з пёраў.

 Цёпла, утульна ў дзеда пад бокам. І я хутка засынаю.

 І сніцца мне загінулы дзед Сямён, якога я ніколі не бачыла. А за ім – агонь слупам. І дзед падае. А на небе нехта піша літарамі вялікімі, адзін у адзін бы пісьмо таткава, што ўчора паштальёнка прынесла. Літары я ўжо разумею, а чытаць не магу, і таму невядома мне, што там, на небе, напісанае. Пісьмо звычайна чытаюць дарослыя, а цяпер жа ўсе спяць.

 А раніцой, прачнуўшыся, бягу да вакна: мо літары яшчэ на небе засталіся. Але вокны замерзлі, не бачна не толкі неба, але і вулкі.

 Дзьме завіруха, гудзе ў коміне, а ў хаце цёпла, ціха. Бабуля гатуе ежу. Кот Пушок хлёбае малако са сподачка на падлозе.

 - Бабуля, а дзе дзеда?

 - Праспала ты свайго дзеда. На лінію пайшоў ужо. Хадзі, мыйся. Я палію.

 Чэрпае з чыгунка цёплую ваду. Ліе мне на рукі.

 Рыпаюць дзверы. У хату заходзіць уся ў снезе баба Проска:

 - Добры дзень у хату!

 - Добры, Проска, добры! – адгукаецца баба Марыля.

 - Ну, як, не надакучыла вам мая ўнучачка? – пытае другая мая баба.

 - А яна такая ж мая, як і твая, - парыруе баба Марыля.

 - Ну, ужо не сердзіся, Пракопіха. Вядома ж, і твая таксама. Гэта я так, па прывычцы, - папраўляецца баба Проска і сядае на лаўку.

 Я, абцёршыся ручніком, выходжу з-за загародкі:

 - І нічога я не надакучыла. Мы з дзедам грубку тапілі.

 - Ну, а да бабы Проскі збіраешся? А то я ўжо сумую, і Цішка, і Валерык.

 - Не, сёння не пайду. Дзед казаў, будзем валёнкі падшываць, - паказваю бабе Просцы свае валёнкі.

 - А я як знала – конаўку з вішнёвым варэннем прынесла, - развязвае баба Проска кошык, у якім грудай ляжаць круглыя пухнатыя піражкі. – Еш, пакуль цёплыя, ды дзеду пакінь.

 І я са смакам уплятаю печыва, якое пахне летам і вішняком, запіваючы малаком. А потым сядаю на лаўку ў трысцене, прадзьмухаю дзірачку ў вакне і чакаю дзеда Пракопа.

 А вечарам мы з дзедам зноў сядзелі каля грубкі. Ён падшываў валёнкі. Я ў яго пытала, што ў галаву ўзбрыло. І ён цярпліва адказваў. А то і без пытанняў распавядаў , як жылі людзі пры цары, пакуль Ленін не ўчыніў рэвалюцыю, пра вайну, пра тое, як кахаліся з бабай Марыляй, пра маіх бацькоў – Яніну і Шурку.

 Ужо разганяла нас цётка Тамара, якой мы не давалі спаць. Варочалася бабуля. І зліпаліся мае вочы. І ўжо не чула, як дзед клаў мяне ў кажухі. Толькі адчувала вялікую цеплыню і шчодрасць ягонай душы. І зноў казытаў нос пах махоркі. І грэла цела цёплая аўчына.

 І было яшчэ шмат сумесных дзён і тыдняў. І хадзіла я з дзедам у абход. Пакуль ён абходзіў свой участак чыгункі, я лазіла па кустах. Збірала суніцы і з далоні карміла дзядулю. Ён зажмурваў вочы і цмокаў:

 - Як смачна!

 І мне было прыемна. І трохі смешна: дзед, а як маленькі цмокае.

 Часта, як дзед куды ездзіў на брычцы, я ўвязвалася за ім. Асабліва, калі Валерык быў у школе. Дзед мне зрабіў маленькія грабелькі і сплёў кошык пад ягады. А з саломы, каб не перашкаджалі валасы, скруціў залацісты абручык на галаву.

 А як скончыла дзесяць класаў, падарыў сапраўдны залаты гадзіннік, таму што я была ягоная любая ўнучка Марачка.

 Шмат што сцерлася з памяці. Але ніколі не забуду я той пах махоркі, цеплыню таго кажуха і дабрыню свайго адзінага дзеда Пракопа.

 Не ведаю чаму, але няма ў мяне ніводнай яго фотакарткі, аб чым вельмі шкадую. Аднак усё адно бачу яго бы наяве. І прыходзіць ён у снах маіх , і гаворыць, гаворыць… І гладзіць рукой па валасах. І, прачынаючыся, думаю я: як добра, што ён у мяне быў!

2021



Метки: Лисичёнок (Гурко) Тамара

НРАВИТСЯ
6
СУПЕР
2
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





22 фев 2021 в 11:09 — 4 месяца назад

....І, прачынаючыся, думаю я: як добра, што ён у мяне быў! --- ВЫДАТНА!

3


22 фев 2021 в 18:08 — 4 месяца назад

Марачка, дзед трымау свайго каня цi казённага?



22 фев 2021 в 19:47 — 4 месяца назад

Мартин Минчук, представляешь, не знаю. Никогда не задавалась этим вопросом. Теперь вот подумала, скорее всего домашний, потому что стоял дома, в отдельно построенном закутку, возле хлева.

2


22 фев 2021 в 21:04 — 4 месяца назад

КИКИ, а як каня было зваць? Дзед сеяу, касiу пауз чыгунку?



22 фев 2021 в 21:29 — 4 месяца назад

Мартин Минчук, косил возле линии, а звали Буян.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


836. БЕЗЫМЯННЫЙ ОСТРОВ В ГОРОДСКОЙ ЧЕРТЕ. Паравоз Микола  — 2 недели назад,   за неделю: 828 
Мемуар 143. ВИНА СССР. Валацуга  — 3 дня назад,   за неделю: 638 
АБИБОК В ЗАСАДЕ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 561 
Мемуар 142. ШКОЛЬНЫЕ ЭКСКУРСИИ ПРИ ХРУЩЁВЕ. Валацуга  — 6 дней назад,   за неделю: 478 
АБИБОК В ЩАВЕЛЕ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 469 
КТО ТАКОЙ ВАЛАЦУГА.  — 5 дней назад,   за неделю: 421 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ