01 мар 2021 в 09:37 — 2 месяца назад

14. Светлы шлях. СМЕРЦЬ НЕСЛІ АБОДВА БАКІ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 12, всего: 414

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Увечары канца жніўня 41-га году моладзь Валовай Гары па звычцы сабралася на вечарынку ў школе. Смех, жарты, як бы і не было вайны. Ну, вядома, энергія маладых б’е крыніцай, дзесьці яе трэба выплюхнуць. Вось і круцяць пад гармонік польку, лявоніху ды ўсялякія гульні прыдумляюць. А за кіламетр ад чацвёртага шлюзу адпачываюць каля сваіх хат дарослыя.

  Вось пасля хуткага танцу заспявалі дзеўкі. І ўжо сталыя вяскоўцы адгадваюць, хто спявае. Тут трэба дадаць, што на вадзе ўсе гукі можна чуць выразна і вельмі далёка, а ў росную раніцу жніўня ў суседніх Барсуках чуюць, як у поле выганяюць жывёлу валавагорцы, размаўляюць пастушкі, а ў Валовай Гары чуюцца гукі аўтамашын, што рухаюцца па Мінскай шашы аж за Барсукамі. Падзяляюць жа вёскі каля трох кіламетраў напрасткі. А па воднай роўнядзі канала кіламетр – не адлегласць, і ўжо людзі кажуць, што спявае Галька Федзькава. Жэнька Драгун супярэчыць:

 - Гэта Анюта.

 Затым спяваюць меншыя дзеўкі Кунчэўскага Федзькі, і ім хорам дапамагаюць Міхалавы Аліна і Ніна. Пасля Жэнька сцвярджае:

 - А цяпер ціха - спявае Манька Міхалава.

 І сапраўды, паветра быццам здрыганулася, усе заціхлі, і толькі ўздоўж усёй вёскі, ад шлюзу да шлюзу, гучаў голас спявачкі незвычайнай моцы і прыгажосці. Калі скончылася песня, я быў здзіўлены тым, што плакалі мае маці і бабуля, усхліпвала Феня, старэйшая сястра Жэнькі, ды і сама яна сядзела самотная. Сёстры трымалі жалобу з прычыны смерці бацькі Лоцькі Драгуна ў канцлагеры ля Беразіна, знаходзіліся дома пад наглядам бабулі Маланні і далей нашай хаты не хадзілі.

 Нашую завадатарку Жэньку супакойваў Бронічка, сын дзядзькі Ваціка. Ён быў болей як на год старэйшы і, вядома, лічыў сябе больш разважлівым. Таму казаў Жэньцы:

 - Як толькі Нэрка прыйдзе да дзядзькі Юзіка, дык дайце панюхаць адзенне бацькі, і сабака яго знойдзе. У бабы Левановічыхі збегла парася, дык Нэрку далі панюхаць салому з хлеўчука, і той знайшоў уцекача ў лесе ды, трымаючы за вуха, прывёў дахаты.

 На гэта Бронічка атрымаў адказ, што ён яшчэ малое дзіця і нічога не разумее, а тлумачыць яму – марная справа, бо не ўсведамляе, што такое смерць, паколькі пасля пахавання дзеда Міхала не бачыў нябожчыкаў.

 Жылі вёскі-суседкі сваім жыццём. Некалькі разоў прыходзіў з Зацяклясся Яська Казлоўскі, шаптаўся аб нечым з мужыкамі. Пасля дзед Юзік казаў, што ваяваць без зброі – пустая справа. Яго падтрымлівалі. Аднак супраць ваяўнічага настрою мужчын былі кабеты. Цётка Агнеша дык прама казала:

 - Ты, Яшка, не зводзь, не баламуць мужыкоў. Хто гадаваць дзяцей іхніх будзе?

 А цётка Анця катэгарычна заявіла, што Франіка свайго ні ў якія партызаны не пусціць. Хопіць таго, што ён перажыў у палоне і не па сваёй віне.

 Прыспічыў час выбіраць агародніну і бульбу. Дзед Юзік і стары Левановіч рамантавалі ямы для захоўвання клубняў, затыкаючы ластаўчыны гнёзды саломай, а падлеткі капалі новыя пад наглядам дарослых, каб былі не глыбей за два метры. Пасля запаўнення паграбоў бульбу прывозілі да ямаў і кошыкамі запаўнялі іх, пакідаючы паўметра для саломы. Затым укладвалі пласт яе, а пасярэдзіне пад вуглом устаўлялі тры мятровыя паленцы і абмотвалі іх саламянымі жгутамі. Зверху насыпалі зямлю, пакідаючы толькі верх вугольніка. Дзед Юзік казаў, што цяпер бульба з агароднінай дажывуць да вясны здаровымі. І сапраўды змесціва ямаў заўсёды добра захоўвалася да цёплых дзён, хоць і дружна прарастала.

 Вёска жыла мірным жыццём. Нікому не было справы да жыхароў глухмені. Вайна адышла на ўсход. Таму людзям, звыклым жыць на хутарах, не надта дакучала самота. Перад зімой працы хапала і дарослым, і падлеткам. А вось нядзельны дзень належаў маладым. Збяруцца часам у школе, і гучаць там беларускія песні, мальцы і дзеўкі танчаць. Са смехам і жартамі праходзяць гульні ў казла, у сапсаваны тэлефон. На зімовыя святкі, пачынаючы з 25 снежня, жэняць Цяряшку.

 Дзесьці ў сакавіку, на адвячорку, прыйшлі ўзброеныя людзі і абвясцілі, што яны – партызанскі атрад “Гоп са смыкам”. Але пасля таго, як пачалося рабаўніцтва, спроба знішчэння дзяцей старасты Мацкевіча і падпалу яго хаты, сабралася амаль уся вёска. На вачах насельніцтва рабаўнікі не адважыліся здзейсніць сваю чорную справу. Падманлівая чутка, што на падыходзе немцы, вымусіла ваяк ратавацца ўцёкам. Больш іх ніхто з вяскоўцаў не бачыў. Дзед Юзік і Франік Левановіч зрабілі выснову, што тыя людзі мала падобныя да партызанаў. Па-першае, добра ўзброеныя: новенькія ППШ, карабіны, на падводзе – кулямёт і скрынкі з боезапасам. Размова іх – бы ў людзей з крымінальным мінулым. Дый экіпіроўка з іголачкі, у кароткіх кажухах. Магчыма, гэта быў атрад правакатараў.

 У паўсядзённых турботах сялянскага жыцця гісторыя з гопсасмыкаўцамі забывалася. Толькі бабуля Анэта, гледзячы на разбураныя рамоўкі, цяжка ўздыхала, разводзіла рукі і казала, што за такія дзеянні бог пакарае нелюдзяў.

 А вось у Барсуках за гэты час здарылася некалькі трагедый. Хутчэй за ўсё таму паспрыяла шашэйная дарога, бо амаль кожны дзень у вёску заязджалі нямецкія аўтамашыны з жаўнерамі.

 Першай ахвярай стала жонка Ваціка Куноўскага, забітага энкэвэдыстамі ў 1937 годзе. Жанчына з гора звар’яцела. У непрыстойным выглядзе трапілася на вочы нямецкаму афіцэру, і той застрэліў бядачку. Такі ўжо лёс напаткаў няшчасную сям’ю: бацьку забілі сталіністы, маці – гітлераўцы, тройца дзяцей засталася на руках цёткі Эміліі Куноўскай. Потым старэйшую дачку немцы забралі на работу ў Нямеччыну. Трапіла яна на працу да баўэра, у якога ўжо было некалькі рабынь з Расеі і Ўкраіны. Кожную ноч, па чарзе, немец забіраў на ноч дзяўчынак і гвалтаваў, за што частаваў лустай хлеба. Пасля вяртання на радзіму дзяўчына разам з сёстрамі-блізняткамі жыла ў дзіцячым доме ў Лепелі. Праз год захварэла на менінгіт і памерла.

 Другой ахвярай стала жыхарка Барсукоў Марыля Будрэвіч, сястра Вінкі Будрэвіча. Жанчына была кульгавая ды яшчэ дрэнна чула. Але хадзіла дапамагаць маці на хутар Паўлава (па-іншаму – Барок). Старой матулі было за 90 год і перабірацца ў вёску яна катэгарычна адмовілася. На загады калгасных цівуноў адказвала:

 - Я тут нарадзілася, амаль сто год пражыла, тут свайго Адольку пахавала, тут і сама памру. Але пакуль ёсць моц, буду жыць на сваёй зямельцы.

 Дык вось, Марыля ішла ад маці ды ў нядобры час. У вёску з далёкіх балотных астравоў часцяком заходзілі партызаны па харчы, ажыццявіць нейкія разведачныя дзеянні, падзяліцца з вяскоўцамі навінамі з “вялікай зямлі”. Двое партызанаў пайшлі ў вёску, а двое засталіся ў сакрэце. У прыцемках сакрэтчыкі заўважылі чалавечую постаць. На слабы вокліч яна не рэагавала. І тады адзін стрэліў у той бок. Калі падышлі бліжэй, жанчына была ўжо мёртвая. На гук стрэлу вярнуліся і тыя, што пайшлі ў вёску. Аб чым гутарылі, невядома. З таго часу на вясковых могілках з’явілася новая магіла заўчасна забітай жанчыны, адной з першых ахвяр вайны.

 Пасля таго выпадку прыглядаць за старой самотніцай на хутар Паўлава хадзіла бабуля Міхаліна альбо хтосьці з унукаў і толькі днём. З усёй гаспадаркі ў хутаранкі была толькі карова. Нядужая баба за лета насушвала сена для Пралескі, а пасля зыходу снегу сярпом нажынала бярэмак верасу. Карова была спраўная і давала добрае малако. Таму ўнукі навыперадкі пераадольвалі кіламетровы шлях да хутару, каб бабуля Маргарыта пачаставала сырадоем, дранікамі са смятанай, лустай хлеба з маслам і адварам з пахучых траў. Нездарма ж карову ў вёсцы лічылі галоўнай карміцелькай.

 Напачатку мая 42-га году да старой завіталі некалькі нямецкіх жаўнераў. Без запытання асушыўшы збаны з малаком і забраўшы яйкі ад дзвюх курак, адзін пачаў адвязваць ад слупа Пралеску. Не магла бабуля дапусціць такога гвалту і ўчапілася рукамі за вяроўку. Пабачыўшы, што адарваць жанчыну немагчыма, немец зняў стрэльбу і прыкладам з усяе моцы ўдарыў старую па галаве. Усё гэта адбылося на вачах унукаў, што прыбеглі да бабулі. Праз чатыры дні Маргарыта памерла. Пахавалі яе ля магілы дачкі Марылі. Да гэтага часу побач ляжаць на могілках два родныя чалавекі, якія загінулі ад гвалту двух варожых бакоў: партызанаў і акупантаў.

2021

(Працяг глядзець тут.)



Метки: Шуневіч Анатоль, Барсуки

НРАВИТСЯ
5
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


816. БОЙНЯ МОЕГО ОТЦА. Мостовой Анатолий  — 5 дней назад,   за неделю: 533 
НОЧЬ В СОСНОВОМ ЛЕСУ. Валацуга  — 3 дня назад,   за неделю: 363 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ