22 мар 2021 в 23:16 — 6 месяцев назад

811. ЗІМОВЫЯ ВЯЧОРКІ. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 2, за неделю: 19, всего: 724

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Мяце, гудзе па Міхалове завіруха. Вокны заляпіла. Дзверы задзьмула. Злуецца, грыміць на ганку клямкай, ломіцца ў хату. Але бабуля, справіўшыся, накарміўшы парсюка, падаіўшы кароўку, трывала зашчапляецца на кручок.

 І сядзім мы ўтрох нібыта ў снегавой крэпасці. У хаце цёпла, утульна, печка нагрэтая так, што нельга дакрануцца да шчыта.

 Усе павячэралі, а спаць класціся не хочацца. Бабуля вяжа шкарпэткі, Валерык робіць урокі, а я сяджу на ложку і слухаю завіруху.

 Думаю: добра нам у хаце. А як звярам у лесе - ваўку ды зайцу, лісе ды мядзведзю? Дрыжаць, мусіць, ад холаду. А і есці ж хочуць. А дзе возьмуць тую ежу? Ай-вой, зараз да нас прыйдуць, каб курэй з’есці!

 - Бабуля! А ў лесе цяпер холадна?

 - Аняго ж, унучачка.

 - Дык, а як звяры жывуць?

 - Не памерзнуць, дзетка. У іх шубы цёплыя. Сядзяць па норах.

 - Дык яны ж галодныя. Раптам да нас прыйдуць, каб курэй паесці?

 - Куры падпеччу. Дый Дружок побач навязаны, - супакойвае мяне баба Проска.

 Толькі я супакоілася, як чую: нехта на ганак зайшоў і стаіць, топчацца. А божачкі – мядзведзь ці воўк! Спужалася я. І раптам у вакно, што побач з маім ложкам: ляп, ляп.

 - Проска, адчыняй!

 Ну во, дурніца! Гэта цётка Фенька ды цётка Ленка абтрасаліся ад снегу на ганку, а я ўжо напрыдумляла абы чаго.

 Заходзяць у хату. Распранаюцца.

 - Ну, дзьме, ну, дзьме. Хат не відаць, - кажа цётка Фенька.

 - Ага, - падхоплівае цётка Ленка. – За ноч занясе, з хат не павылазім.

 Бабуля падсунула ім зэдлікі. Цётка Фенька прыйшла з кошыкам, поўным стужак, будзе клубкі з іх круціць. А цётка Ленка вымае з пазухі недаплеценыя карункі і маленькі жалезны кручок.

 Заняўшы рукі, пачынаюць гаворку:

 - Ну й натапіла ты, Проска, - скідвае кофту разагрэтая цётка Фенька. – Гарачыня!

 - Ага ж, - дадае цётка Ленка. – Дроў не жалееш, Проска.

 - Дык дзеці ў хаце, - апраўдваецца бабуля. – Валерык дык дужа холаду не баіцца, а Тамарачка мерзне.

 - Дык, а дроў хопіць да вясны?

 - Хопіць. Зяць Шурка, як у водпуску быў, насек. Ды мальцы, Коля з Іванам, воз па восені вунь, пад лазняй, склалі. А не хопіць, дык вакол Міхалова хмызняку поўна, - смяецца бабуля.

 - Адчайная ты баба, - здзіўляюцца суседкі.

 - Ай, дзеўкі, нехаця будзеш адчайнай. Гэта вам з мужыкамі добра, а як адной, дык і не выжывеш, калі рукі апусціш.

 - Аняго ж, - уздыхаюць цёткі і замаўкаюць.

 Мільгаюць спіцы ў бабіных руках – круць-круць. Шапочуць у цёткі Фенькі стужкі – шух-шух. Круціць нітку кручок у цёткі Ленкі – шып-шып, звісаюць з калень карункі, белыя, узорныя, бы тыя сняжынкі, што Валерык з паперы вучыў мяне выразаць. І Валерыкава пяро дадае лірыкі – скрып-скрып.

 Гляджу я на іх са свайго ложку, і такія яны для мяне любыя ды родныя здаюцца. Баба Проска мяне гадуе, Валерык забаўляе, а цёткі шкадуюць: без бацькоў расце дзяўчынка, гаротніца. Цётка Фенька яблыкамі-малінаўкамі частуе, якіх у нашым садзе няма, а як дзядзька Васіль з гораду цукерак прывязе, дык іхняя Танька заўсёды са мной дзеліцца. А цётка Ленка кліча на клёцкі, бабулі некалі іх часта гатаваць, цётчын жа мужык Іван дужа іх любіць, дык і нам перападае. Раніцой Валодзька іхні кліча праз плот:

 - Валерык, Тамарка, гайда да нас клёцкі есці, мамка заве.

 А мы, ужо наеўшыся бліноў з калатухай, ніколі ад гэтакага пачастунку не адмаўляемся, хоць бабуля і шуміць, і на цётку Ленку сярдуе:

 - А божачка! Ці ж яны галодныя? Сама ўжо згатую ў нядзелю.

 Валерык шуткуе:

 - І твае з’ядзім, бабуля, жывот не трэсне.

 - Ну, чаго, дзеўкі, прыгаруніліся? Можа запяём? – перабівае мае думкі голас бабы Проскі.

 - А якую?

 - Ну, перш, можа, любую, - і зацягвае. – Зялёная вішня з-пад кораня выйшла…

 Гэта самая любімая частка зімовых вячорак для мяне. Звіняць галасы, пераплятаюцца, то ўзлятаюць высока ў неба, то быццам сцелюцца па нізе, а разам з імі гойдаецца мая душа бы на арэлях: уверх – уніз – уверх. Выходжу я, нібыта зялёная вішня з-пад кораня, галашу на гары дзяўчынай, клічу маці родную. І дзіўна мне, што бабуля цётак дзеўкамі заве, а яны як заспявалі, дык сапраўды парабіліся маладымі: вочы блішчаць, шчокі гараць, галасы звіняць… А ўжо іншую спяваюць:

   Окрасился месяц багрянцем,

   Где волны бушуют у скал.

   Поедем, красотка, кататься,

   Давно я тебя поджидал.

 І гэта ўжо я - тая красотка. Сядаю ў лодку:

   Я еду с тобою охотно,

   Я волны морские люблю.

   Дай парусу вольную волю,

   Сама же я сяду к рулю…

 Пасля заспявалі матуліну песню, якую яна прывезла з Данбасу:

   По Дону гуляет,

   По Дону гуляет,

   По Дону гуляет

   Казак молодой.

   А там дева плачет,

   А там дева плачет,

   А там дева плачет

   Над быстрой рекой…

 І я ператвараюся ў тую дзеву – чорнабровую казачку, і гэта ўжо мяне ўгаворвае малады казак:

   Не плачь, красна дева,

   Не плачь, красна дева,

   Не плачь, красна дева,

   Ты будешь моей…

 І ў вясельнай сукенцы з белай фатой на галаве сядаю ў вясельны цягнік…

   Вот тронулся поезд,

   Вот тронулся поезд,

   Вот тронулся поезд,

   Обрушился мост…

 Упала нявеста ў бурлівую рэчку… І плачу наўзрыд ад жалю да сябе, маладой дзевы. І тану ў той рацэ…

 А як заспявалі пра цыганку, што казала праўду, то адразу ўзгадала пра цыганоў, якія прыходзілі ў Міхалова. Казалі бабы, што стаялі яны недзе табарам, ці то ў Лепелі, ці то пад Лепелем. Дык хадзілі па ўсіх вёсках. Міхалоўцы зроду не замыкалі хаты на замок - галінку за клямку заткнуць дый годзе. А як пачулі, дык адкуль і замкі з’явіліся.

 У бабы Проскі замок быў адзін. Дык яна ім замкнула хлеў, бо галоўнае багацце – гэта кароўка ды авечкі, ды парсюк. Мне наказвала, знутры запірацца на кручок і нікому не адшчэпліваць, а то ўкрадуць тыя цыганкі. А мне было дзіва, якія яны і навошта ім я. І як мяне можна ўкрасці, калі я не захачу?

 Але як яны прыйшлі, бабуля была дома. Дзве цыганкі і двое дзетак зусім не страшныя, а, наадварот, прыгожыя, з доўгімі чорнымі валасамі. У бабулі Проскі ў самой такія. Доўгія спадніцы і стракатыя кофты. А дзеткі босыя бы і мы. Адразу забалбаталі нешта, хацелі пагадаць, але бабуля іх адпрэчыла, сказаўшы, што сваю долю сама ведае. І, выйшаўшы ў двор, нешта доўга з імі гаварыла. З сабой дала яек, варанай бульбы ў шалупінні, а дзецям наліла малака. Дык, адыходзячы, яны абдымалі бабулю, мусіць, прызнавалі за сваю. А мяне гладзілі па галаве ды дзівіліся, што дужа маленькая.

 Так заглыбілася ва ўспаміны, што не заўважыла, як бабы пяяць перасталі. Перайшлі на хвалюючую тэму – аддаваць бабу Проску замуж. Колькі памятаю, сваталі яе бясконца разоў.

 - Паслухай, Проска, у Юндзілаўцы ў Мікалая, жонка памерла. Дык казаў, каб хто добрую бабу пасватаў, узяў бы.

 - І я чула, спрытны мужык, працавіты. І хазяйства мае добрае.

 - Ага, - уступае бабуля са злосцю. – І дзяцей поўная хата. Не ўжо, сваіх пяцёра чуць падняла, слава богу. Чужых не хачу. Унукаў хопіць.

 А бабы не адчапляюцца:

 - Дык у Зялёных Досах Мішка-прапаршчык і без хазяйства, і без дзяцей.

 - Цьфу, - плюецца раззлаваная бабуля. – Колькі разоў я вам казала: не нада мне ніхто. Сямён сніцца да сіх пор у снах. І не злуйце мяне болей, не чапляйцеся.

 Падносіць да вачэй хусцінку, усхліпвае. Следам усхліпваюць і бабы. Пачынаюць суцяшаць бабу Проску:

 - Ай-вой, прасці ты нас, Проска, больш не будзем.

 - Ага, хай ужо так будзець, як бог даў. Мо і праўда лепей адной. Я дык сама як з Васілём заругаюся, думаю, каб хоць куды сышоў.

 Цётку Феньку падхоплівае цётка Ленка:

 - Ну, дык мой Іван як нап’ецца, дык пасваруся, здаецца б, забіла, каб сіла была.

 І, гледзячы адна на другую, пачынаюць рагатаць. Смяюся з імі і я, сама не ведаю, чаго. Толькі што ледзь не плакалі, а ўжо рагочуць. Дзіва з гэтых цётак-дзевак! То смяюцца, то плачуць, то ізноў смяюцца.

 І раптам: міг-міг – замігцела лямпачка і патухла.

 - Мусіць, правады абарвала, - гаруюць цёткі. – Цяпер і заўтра света не будзе, пакуль пачыняць.

 Бабуля запальвае газнічку, і адразу робіцца таямніча: па кутках збіраюцца нейкія цені, скрабецца пацук пад падлогай, шапоркаюцца ў падпечку куры. Нехта ляпае ў вакно:

 - Фенька, ці ты дамоў збіраешся?

 - Ужо іду, Васілёк, - адгукаецца цётка Фенька.

 Бабуля выходзіць з бабамі ў калідор, каб зашчапіцца. Просіць дзядзьку Васіля:

 - Васіль, ты ўжо адграбі мяне заўтра, а то з хаты не вылезу.

 - Не хвалюйся, Проска, адкапаю.

 Лезем з бабуляй на грубку. Абдымаемся. І змораная бабуля засынае адразу. А я мару: то дзевай казачнай сяджу на беразе, то прыгожай цыганкай стомлена прысаджваюся ля гразкай дарогі.

 А вакол мяне дзьме-гудзе завіруха. Падаюць карункавыя сняжынкі. Коцяцца па снезе Феньчыны клубкі з рознакаляровых стужак. І пяюць дзеўкі-цёткі. І ўзносіцца песня іхняя аж да неба сіняга, і ўваходзіць назаўсёды тугой і пяшчотай у маё сэрца, каб у наступную нягоду вярнуць мяне ў зімовыя Міхалоўскія вячоркі.

   Прайшла праз гора, прайшла праз мукі,

   Не ходзяць ногі, нямеюць рукі,

   Язык не хоча гаварыць,

   А сэрца ные і баліць-баліць…

   Сівая галава губляе думкі,

   Там пасяліўся нейкі бубен гулкі -

   То напаткала мяне старасць,

   Як кажуць: невяліка радасць.

   Але душа мая старэць не хоча,

   Як немаўлятка скача ды рагоча.

   І хутка песню заспявае

   Душа мая, бы маладая.

   Цягнуцца буду я за душою,

   Распраўлю плечы, сэрца ўспакою.

   Туды-сюды я махну рукою,

   Нагой прытопну адной, другой

   І на балота збягу дрыгвой.

   Там кіслых ягад я збяру –

   “С” вітамінаў набяру,

   Налью сабе я морсу ў шклянку,

   Дабаўлю крыху валяр’янкі

   І як пайду скакаць цыганку,

   Найду шчэ любага каханка,

   І будзе старасць мне у радасць,

   Бо колькі жыць яшчэ засталась…

   Я буду рагатаць і весяліцца

   Бы маладая маладзіца.

2021



Метки: Лисичёнок (Гурко) Тамара

НРАВИТСЯ
3
СУПЕР
2
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





22 мар 2021 в 23:23 — 6 месяцев назад

- Бы ў дзяцінстве беларускага дзіцячага класіка чытаю, - сказала Блукачыха. - Як раз так праходзілі зімовыя вячоркі і ў нас, на Палессі. Сама ў іх удзельнічала. Там і спявалі, і вязалі, і вышывалі. Колькі вышывак я павыкідала, калі яны выйшлі з моды!

1


23 мар 2021 в 15:45 — 6 месяцев назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, вот и у меня мало что сохранилось из наследия предков. Даже фотографии, которые баба Проска собирала всю жизнь, висевшие на стенах, уничтожили последние жившие в бабиной хатке.



27 мар 2021 в 22:30 — 6 месяцев назад

КИКИ, скрыншот пісьма Вазара:

Ты ведаеш даўнюю пасаду Вазара. Ён часта мяне вучыць, як трэба пісаць. Я на яго тады злуюся і не слухаюся. Тым больш, што з ім мы маем супрацьлеглы светапогляд. Аднак сябруем, бо разам раслі, дый радня па крыві: траюродныя браты. Мой дзед Тарэнта і ягоны Лукаш Шушкевічы - родныя. Толькі Тарэнта атрымаў сталінскую кулю ў Воршы на Кабыляцкай гары, а Лукаш памёр у Нямеччыне на канцлагерных нарах. Паводле сведчання відавочцаў, таму пасадзейнічала туга па родных.



27 мар 2021 в 23:52 — 6 месяцев назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, даже не знаю что сказать. Наверное, как всегда, спасибо. А вот насчёт стихов не согласна., потому что они оттеняют тему прозы. Но это моё мнение, возможно ему, как специалисту виднее.

То что фамилия Гурко известная, я в курсе. Дед Пракоп об этом говорил. Но в те времена такое не афишировалось, а я не допытывалась. О чём теперь сожалею.



27 мар 2021 в 23:59 — 6 месяцев назад

И ещё насчёт стихов. Никто из родных их не писал, но рифмой баловались. Собственно, я сама не считаю себя поэтессой, так, рифмую под настроение.



28 мар 2021 в 09:26 — 6 месяцев назад

КИКИ, усе мы цяпер шкадуем, што не распытвалі бацькоў і дзядоў пра іх жыццё. Так будзе і з нашымі дзецьмі, унукамі. Пакуль жывыя продкі, нашчадкаў мала цікавіць іх мінулае. Аднойчы я з сынам праязджаў на тралейбусе каля Дома культуры трактарнага заводу + тады яшчэ і кінатэатру "Усход". З настальгіяй паведаміў яму, што ў гэтым будынку ў 1973 годзе пазнаёміўся з яго маці. Ён быў дужа ўражаны і здзіўлены. А каб не той маршрут, ніколі б не здагадаўся аб тым спытаць.

Нядаўна сын здзівіў мяне пытаннем, чаму мы ў маладосці з´ехалі з Мінску ў Лепель. Адказ я пачаў так:

- Дужа цікавае пытанне...

- Дужа, - пацвердзіў ён.

Растлумачыў падрабязна і папулярна прычыну пераезду. Вось толькі пры сабе пакінуў сустрэчнае пытанне: чаму ён аб тым спытаў аж праз 43 гады пасля свайго нараджэння, а не значна раней?

Яшчэ канкрэтны папрок сабе за няўвагу да ўспамінаў бацькоў. Некалькі разоў чуў ад маці, як у вайну партызаны на калгасны хлеў паставілі чырвоны сцяг і замінавалі яго. Прыйшоў нямецкі амон здзіраць яго. Адзін верны службе мясцовы паліцай, каб паказаць сваю адданасць начальству, з разгону залез на дах і рвануў дрэўка. Адбыўся выбух. Самазванец загінуў.

Да гэтага часу шкадую, што не распытаў маці больш падрабязна пра той выпадак, хто быў тым паліцаем. Атрымаўся б дакладны мемуар дзіцяці вайны. А так цяпер давядзецца самому дадумваць падрабязнасці, каб нацягнуць тэксту хаця б на кароткі сюжэт.

3




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


В тупике. (4) ПРОВАЛЕННЫЙ ПОЛЁТ. Валацуга  — 6 дней назад,   за неделю: 401 
В тупике. (5) ГДЕ Ж ЗАХОЛУСТЬЕ? Валацуга  — 4 дня назад,   за неделю: 361 
856. ДЗЕДАВА МУДРАЯ НАВУКА. Лісічонак (Гурко) Тамара  — 5 дней назад,   за неделю: 243 
В тупик. (3) БУЕРАЧНЫЙ ПРИЛЁТ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 235 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ