16 апр 2021 в 08:02 — 3 месяца назад

819. ГУЛЬБА НА ЎСЁ МІХАЛОВА. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 718

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 У нас з бабай Проскай дзень нараджэння прыходзіўся на Тройцу. Толькі мой прыпадаў на 13 чэрвеня, а яе – на 14-га. Не ўсялякі год гэтыя даты супадалі са святам, дык тады святкавалі двойчы.

 Але ўсё роўна гэта было ўлетку. Як звычайна збіралася ўся радня, калі больш, калі менш, а ў гэты год мусілі былі прыехаць з Данбасу бацькі, цётка Алька з дзядзькам Юркам, дзядзька Коля з цёткай Манькай, ды, як казала баба Марыля, аж з самай Балгарыі, можа, цётка Люба з дзядзькам Пашкам, а яшчэ ж тутэйшыя міхалоўцы.

 Дык рыхтавацца трэба загадзя, што азначала – нагнаць самагонкі. Вялікая гэта справа і клапатлівая. Перш-наперш у пуні ставілася брага, захінутая анучамі і сенам, каб не знайшла міліцыя. А ў ночы, як гнаць, перацягвалі ў хату. Зашчаплялі дзверы. Выстаўлялася варта – гэта, звычайна, Валерык каля хаты, ну, і, вядома ж, я ў хаце. Прыходзіў хто-небудзь з суседак ці баба Марыля, і пачынаўся працэс.

 Гэты раз чарга была цёткі Клаўдзі, бабінай свацці. Гэта наш Коля ажаніўся на ейнай Маньцы.

 А як нагналі, дык трэба было бутэлькі пахаваць. Перш-наперш ад міліцыянтаў, а па-іншае, дзядзькі былі не дурні выпіць.

 Схованак было некалькі. У хаце бутэлькі распіхваліся ці ў шафу пад адзежу, ці ў бульбяную скрыню, у памідоры, у кубел з салам, у пуню пад сена, Валерык насіў на гарышча.

 Як гэтая галоўная справа была зробленая, браліся за навядзенне парадку ў хаце і ў двары. Скрэбліся падлогі, вытрасаліся палавікі, Валерык мёў двор. Хадзілі з ім і з іншымі мальцамі і дзеўкамі за аерам. Мальцы цягалі, а мы церабілі.

 Аерам усцілалі падлогу. Бярозавыя галінкі торкалі за бэльку, над дзвярмі, за парэнчы на ганку.

 Гатавалі ежу. І, нарэшце, надыходзіла свята. Маё і бабуліна. А яшчэ ў нашым Міхалове мая сяброўка Верка Карпава нарадзілася на трэці дзень Тройцы, 15 чэрвеня. Дык ейная маці, цётка Валька, казала бабе Просцы:

 - Слухай, цётка Проска, маіх сёлета нікога не будзе. То гэта, можа, я з Веркай ды з Сашкам да цябе прыйду. У цябе вунь колькі народу, усё весялей будзе.

 - Дык аняго ж, Валька! - ускліквала бабуля. – Чаму не? Прыходзьце. Месца ўсім хопіць.

 - Ай-вой, цётачка! Я і падмагу, і з Янінай нагаваруся.

 Мы з Веркай, радыя, што разам святкуем, цягалі ад іх чаркі, талеркі, ежу. Мальцы зносілі зэдлікі. Дзядзька Коля з дзядзькам Васілём ладкавалі дошкі на цурбаны, засцілалі пасцілкамі.

 Паціху прыязджалі госці. Татка з матуляй з’явіліся яшчэ ўчора. Прывезлі падарункі: бабе Просцы новы фартух, гарадскі, з вышыўкай пеўнямі і вялікую квяцістую хустку. Бабуля як начапіла той фартух, то ўсё свята і не здымала. Цёткі-міхалоўкі шчупалі тканіну, глядзелі вышытых пеўняў, цокалі языкамі:

 - Глянь, ты, умеюць ў той Хахляндзіі вырабляць. І вышыўка гарная. Пеўні бы жывыя.

 - А хустка, мо, цыганская, - разглядвалі хустку на бабуліных плячах. – Дужа яркая, як у маладухі.

 А баба Проска круцілася перад імі ды прытопвала нагой:

 - А чым я вам не маладуха? Толькі сёння нарадзілася.

 У хаце такая процьма гасцей не змясцілася б, дык садзілі ў двары, пад яблыняй. Чаго толькі не было!

 Сала, нарэзанае тоўстымі кавалкамі; каўбаса, тыканая пальцамі; студзень; пірагі з капустай, з яйкамі, з варэннем; капуста кіслая, што яшчэ засталася ў бочцы з зімы, але ўжо пасыпаная зялёнай цыбуляй; смажаная яешня; грыбы салёныя, палітыя пахучым алеем, што бацькі прывезлі з Данбасу. Што нагатавала баба Марыля, што баба Проска.

 Суседкі неслі кожная сваё. А цётка Люба, што прыехала з Балгарыі, прывезла кансерваў у бляшанках. А між талерак з ежай блішчалі бутэлькі з празрыстай вадкасцю, якія мы падаставалі са схованак.

 Спачатку пілі за бабулю, потым за мяне. Не забыліся і за Карпаву Верку. А як скончыліся тосты, дык піў кожны за сваё. Дзеці, наеўшыся, вылазілі з-за стала, гулялі ў гульні. Падпітыя госці спявалі.

 Першым песню заводзіў татка:

 - Ой, мороз-мороз, не морозь меня, моего коня белогривого, у меня жена ой ревнивая!

 Абдымаў матулю, што сядзела побач, і так мне было люба на іх глядзець, што заходзілася сэрца ад любові і падзякі да бацькоў, і да ўсіх людзей, якія святкавалі маё і бабуліна свята.

 А як татка браў гармонік, матуля ішла па коле з раскінутымі рукамі.

 За ёй ускаквалі бабы ды так пускаліся малаціць нагамі, што не заставалася ніводнай зялёнай травінкі.

 Гулянка грымела на ўсю ваколіцу. Іван Піліпёнкаў, што ішоў праз Міхалова ў Баравенскія Хутары, пытаў у суседкі Нінкі Яршовай:

 - Ці ў каго вяселле гуляюць?

 - Не, дзядзька, - адгукалася тая. – Гэта Пракапёнкі з Зуёнкамі Тройцу спраўляюць.

 Пад вечар цёткі разыходзіліся спраўляцца, а мужыкі яшчэ сядзелі доўга, аж пакуль не загараліся зоркі на небе. Я сядзела ў таткі на каленях і слухала, як ён распавядаў дзядзьку Васілю пра працу ў шахце.

 - Дык, а што, Шурка, там жа ўнізе цёмна, як вы той вугаль бачыце?

 - Ліхтары надзяваем на галовы, дзядзька, - тлумачыў татка.

 - Дык, мабыць, страшна? – не адчапляўся дзядзька Васіль.

 - Каму страшна, той у шахту не лезе, наверсе працуюць.

 - Ай-вой, я б ніколі не палез, - уздрыгваў дзядзька.

 Размаўлялі доўга, а я пад іхнюю гаворку засынала ў таткавых абдымках. І сніліся мне тыя ліхтарыкі. І я таксама, як і татка, не баялася, бо былі яны падобныя на зорачкі ў начным небе. А зорачкі я любіла.

 Шмат незваротнага часу мінула з таго свята, а дасюль згадваю яго з цеплынёй і пяшчотай. Тым больш, што свой дзень нараджэння не святкую даўно, пасля таго, як захварэў мой сынок. Дый іншыя святы не люблю. Можа таму так добра памятаю тое пачуццё радасці і шчасця, што перапаўнялі малое сэрца Мары, той далёкай міхалоўскай дзяўчынкі.

 Ізноў бачыцца мне, як бабуля з цёткай Клаўдзяй сядзяць каля печы, гонячы самагонку. Чую, як кроплі гаручыя падаюць у шклянку. Зноў вярэдзіць душу пах сена ў пуні, куды хавалі бутэлькі. Здалёк гляджу на той гасцінны стол пад разлапістай яблыняй. І бачу, як ляціць, раскінуўшы рукі, матуля ў танцы. І як баба Проска ў новым фартуху і ў цыганскай хустцы з хахляцкімі пеўнямі на плячах выстуквае барыню сваімі натруджанымі маленькімі нагамі.

 Ізноў ідзе скрозь Міхалова Іван Піліпёнак, а цётка Нінка Яршова гаворыць:

 - Гэта Пракапёнкі з Зуёнкамі Тройцу спраўляюць…

 Маю Тройцу. І бабуліну. І сяброўкі Веркі.

2021



Метки: Лисичёнок (Гурко) Тамара, Михалово, Троица, день рождения в деревне

НРАВИТСЯ
3
СУПЕР
4
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





16 апр 2021 в 08:29 — 3 месяца назад

...

А баба Проска круцілася перад імі ды прытопвала нагой:

- А чым я вам не маладуха? Толькі сёння нарадзілася.

Файна, з жартай!

3


19 апр 2021 в 22:50 — 3 месяца назад

Марачка, чаму у пералiку прысмакау адсутнiчае бульба? Да Троiцы ужо не было леташней (з,елi), цi такое сытае калгаснае жыццё наступiла, цi рэлiгiйныя перакананнi забаранялi яе ужыванне?Я в шокеУжас!!!

1
1


20 апр 2021 в 09:07 — 3 месяца назад

Мартин Минчук, не знаю, почему то не вспомнилось, наверное потому что съели за завтраком.



20 апр 2021 в 09:10 — 3 месяца назад

КИКИ, а про религию вообще не поняла, это какой-то намёк?





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


Мемуар 144. ПИВО С ВЗБЕСИВШЕЙСЯ ПЕНОЙ. Валацуга  — 3 недели назад,   за неделю: 660 
Мемуар 145. ТИХИЙ РОБОТ КУЗНЕЦ ПЕТРОВ. Валацуга  — 2 недели назад,   за неделю: 621 
ТРАГЕДЫЯ ЛЯ ВОДАНАПОРНАЙ ВЕЖЫ  — 3 недели назад,   за неделю: 462 
ВАЛАЦУГА НА ЭСЕ  — 4 недели назад,   за неделю: 339 
ВАЛАЦУГА ВАКЦЫНУЕЦЦА АД КАРАНАВІРУСА  — 4 недели назад,   за неделю: 337 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ