Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 24.06.2012 (20:01) — 6 лет назад

У АСЯРОДДЗІ НЯЧЫСЦІКАЎ, або КУПАЛЛЕ НА ЛЮКШЫНЕ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 618

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Паклікала Валацугу галоўная арганізатарка турызму і народных абрадаў на Лепельшчыне Вольга Маханенка ўзяць удзел у святкаванні Купалля ў фермерскай гаспадарцы “Люгжына”, што на возеры Люкшына. З-за адной даты нельга было адмовіць -- 23 чэрвеня, Дзень летняга сонцастаяння, калі народнае свята адзначалі нашы прашчуры тысячы гадоў таму назад.

Дзень выдаўся змрочны, пахмурны, з раніцы дождж імжыў. А пад 19 гадзін, на колькі быў прызначаны пачатак урачыстасці, хмары дружна ўцяклі за небакрай, і прастору запаланіла лагоднае сонечнае святло. Валацугаў “Дракон” ад гарадскога мікрараёна Сельгастэхніка да галоўнага корпуса “Люгжына” намераў 13,1 кіламетра. Праўда, апошнія 1,3 кіламетра давялося папацець, лавіруючы паміж глністымі каляінамі з вадой. Толькі вынырнуў з ляска да брамы фермерскай гаспадаркі і аслупянеў -- транспарту панаехала столькі, што “Дракона” няма куды ўціснуць.

Неяк прыладкаваў свайго двухколавага ўсюдыхода і на двор галоўнага корпуса падаўся. Бачу, пекныя маладзіцы нейкага страшыдлу, бы паклонніцы Алена Дэлона, абляпілі. Намеснік начальніка ўпраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама Наталля Елісеева патлумачыла, што гэта зусім не страшыдла, а добры, хоць і нязграбны, Палявік, і не кахання маладзіцы дамагаюцца ад апекуна палёў і лугоў, а просяць у яго добрага ўраджаю для фермерскай гаспадаркі.

Мелодыю знаёмай дуды пачуў здалёк. Пасунуўся на чароўныя гукі. Ва ўзбярэжным узлеску -- сцэна. На ёй -- скокі ва ўсе бокі пад дуду Васіля Шкіндзера, баян Наташы Маляўкі і бубен Іры Шкіндзер. Гэта тры пары дзецюкоў і дзевак спаборнічаюць на права называцца Купалюшом і Купалінкай, якім будзе дазволена падпаліць купальскае вогнішча.

На прыазёрнай паляне размясціўся купальскі базар. Свае вырабы выставілі лепельскія майстры-ўмельцы. Не паленаваліся прывезці сувеніры прадстаўнікі сталічнага згуртавання “Куфэрак”.

Найбольш ажыўлена было ля гандлёвай кропкі гаспадара аграсядзібы “У Гаўрылавіча” Аляксея Часнакова. Ён з бутэлькі ў 4,8 літра наліваў самагон “Гаўрылавіч” забойнай моцай 45 плюс-мінус 5 градусаў і мёдам закусваць даваў.

-- Такой смакаты каштаваць яшчэ не даводзілася, -- захаплялася ўзгарачальнай прадукцыяй аршанская пенсіянерка Наталля Таратухіна.

Спрытна прыладкавалася аматарскае аб’яднанне “Стайскія прысмакі” -- насупраць Гаўрылавіча. Святкоўцы глынуць “Гаўрылавіча”, лізнуць мёду ды імчаць хутчэй закусіць стайскімі блінамі з тварагом ці цыбуляй.

Паўздыхаў Валацуга, што здуру прыехаў на свята на “Драконе”, ды з роспачы кінуўся абдымацца з пяцілітровікам “Гаўрылавіча”. Сам Гаўрылавіч яго зафатаграфаваў!

Але ж трэба іншых Нячысцікаў шукаць -- аднаго Палевіка мала. Бачыць, людзі па ўсходах падымаюцца з азёрнага пірса. Пытае, ці бачылі ў вадзе Цмока. Не, не бачылі.

А што за спрытныя маладзіцы ўселіся на траве вянкі плесці каля палетка збажыны? Можа гэта жытнія русалкі гуртуюцца? Падыходзіць Валацуга да галоўнай, называецца. А яна прадстаўляецца консулам Латвіі ў Беларусі Дагніяй Лацэ-Ата. Праводзіць майстар-клас для беларусак па пляценні вянкоў. Радасна кажа, што вельмі задаволена запрашэннем на Купалле, бо ў Латвіі 23 чэрвеня заўсёды праводзіцца латышскае народнае свята “Ліга”, і ўвечары ніхто не застаецца ў горадзе -- усе выязджаюць на прыроду. Лепельцы стварылі для яе такую магчымасць.

У абрыве ахайную зямлянку адшукаў. Зазірнуў у акенца і аслупянеў -- пры свечках варажбітка дзеўцы на картах гадае. Прыадчыніў дзверы і ціхенька напрасіўся на інтэрв’ю. Сам не верыў, што свайго роду Нячысціца пагодзіцца. А яна згадзілася! Назвалася варажбіткай Катрынай. Пагадаць прапанавала, аднак Валацуга пабаяўся даведацца пра сваю будучыню, хоць Катрына і запэўнівала, што выдае людзям толькі добрыя падзеі ў будучыні, а дрэнныя замоўчвае, каб не трывожыць іх сэрцы.

Дзіўныя людзі ў нацыянальных строях сустрэліся -- Янэк і Яня Грэскія з паўтарагадовай дачкой Арынай. Чатыры гады назад згулялі яны вяселле ў нацыянальных беларускіх традыцыях, купілі старую хату ў апусцелай вёсачцы Ліпавец пад Красналукамі і зажылі бы ў даўніну. Цяпер у гаспадарцы маюць 8 коз і казла, якія аказілі 16 козачак, каня Орліка, іншую хатнюю жыўнасць. У горад не хочуць.

Сцямнела. А нячысцікаў няма. Ну не можа быць, каб не назіралі яны за такой людской весялосцю з гушчэзных кустоў? Занырнуў у самы гушчар і… Вось цуд! Натрапіў на таямнічую пару -- Багнік з Балотнай Кікімарай, прыхінуўшыся адзін да другога, стаялі. Ён пачварны, смярдзючы, аброс багавіннем. А яна -- ну пісаная прыгажуня. Адштурхнуў вырадка прэч, а сам да Кікімары прытуліўся. А яна і рада мужчынскай увазе -- мацней да мяне ціснецца. Тут маланкай бліскае фотаўспышка, і Нячысцікі імгненна знікаюць. Можа і выратаваў мяне Васіль Хацкевіч, своечасова падаспеўшы з фотаапаратам. Інакш Кікімара магла спачатку прывабіць фальшывай пяшчотай, а потым разам з Багнікам зацягнуць мяне ў балотную твань.

 

о

І пусцілі дзеўкі з пірса свае вянкі па возеры. І паплылі яны асветленыя свечкамі. Хтосьці ў гэтым разбіраўся, а я глядзеў, быццам бык на новыя вароты -- не разумеў, што да чаго. Адзнгае, што зрабіў, сфатаграфаваў некалькі іх на вадзе.

У канчатковым спаборніцтве Купалішоў і Куплінак перамглі Алесь Белы і Насця Стараверава. Як пачаў знаёміцца, за галаву схапіўся: Насця -- з Мінску, Алесь -- з Амерыкі. Вось гэта арганізацыя Вольгай Маханенкай Купалля!

Апоўначы Купалінка Беларуска і Купалюш Амерыканец падпалілі купальскае вогнішча.

Ніводнага міліцыянта не бачыў, і ніводнага канфлікту не было.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 7 дней назад,   за неделю: 507 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 20 часов назад,   за неделю: 254 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 4 дня назад,   за неделю: 245 
ЮШКИ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
ВЫЙШЛА КНІЖКА ПРА ЛЕПЕЛЬСКІХ КАВАЛЕРАЎ. Шуш — 7 месяцев назад,   за неделю: 51 
681. «ПОЛЬСКІЯ ШПІЁНЫ». ШКОЛА. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 50 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение