Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 29.06.2012 (11:21) — 6 лет назад

ЗАРЫБІНСКІЯ ЭЦЮДЫ, або МУЖНАСЦЬ ЯРШОВЫХ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 445

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Матэрыял пра чатыры зарыбінскія сям’і рыхтаваў для раённай газеты перад пенсіяй. Усе яны станоўчыя, працавітыя, такіх любіць афіцыйная прэса. І Валацуга б не вярнуўся да гэтай тэмы, калі б пра сям’ю Яршовых было напісана так, як яму распавядалі яны самі. Аднак у друк выйшлі толькі вырваныя з аповяду радкі, у якіх усхваляецца нябеднае жыццё вялікай сям’і. Сутнасць жа самога жыцця, якое шматаў лёс, быццам шторм прасолены сцяг карабля, і да гэтага часу штурмуе штодзень, была выразана. Вось і ўзяўся паўторна за пяро Валацуга, каб паказаць гэтых людзей у іх нязломнасці жыццёвым пакутам і бясконцым бедам. Аб астатніх вяскоўцах ён прамаўчыць -- пра іх у “Лепельскім краі” было напісана правільна.

Прырода не абдзяліла Зарыбіна. З яго адзінай вуліцы-дарогі позірку паўстаюць адразу два возеры -- Люкшына і Хоціна, а калі залезці на дах, то, магчыма, позірк дацягнецца і да Жэжліна, і да Азярца.


Лес блізка -- Палігон. Суседнія вёскі таксама побач -- Вялікае і Малое Жэжліны, Ірынполле, Экімань, Захоціна, Росквіт.

Вялікім Зарыбіна ніколі не было. У пачатку ХХ стагоддзя ў ім стаялі толькі два двары, на якіх жылі 36 жыхароў. На 1997 год было восем двароў і 18 жыхароў.

Двор Яршовых гуў ад дзіцячага шчэбету. Самога 42-гадовага гаспадара Аляксандра ведаў даўно. Пры даследаванні возера Люкшына гадоў з пяць таму назад сустрэў яго на кані з грозным сабакам Рэем -- коней шукаў. Сфатаграфаваў. Экзатычны здымак атрымаўся. Фатаграфаваў яго і пры церабленні лёну -- трактарыстам на льнозаводзе працуе.

Аднак толькі цяпер даведаўся, які складаны лёс у гэтай сям’і. Бацькі жывуць блізка -- у Росквіце. Працаваў Аляксандр трактарыстам у калгасе імя Чапаева (цяпер ААТ “Лядна”). У час крызісу 90-х гадоў не сталі плаціць заробкі. У 1995 годзе пайшоў кантрактнікам у Заслонава. У званні старшага сяржанта стаў механікам-вадзіцелем самаходнай плывучай устаноўкі.Шэсць гадоў адслужыў -- прапанавалі складам пакіраваць. Ды не пацягнуў справу -- 46 мільёнаў нястачы атрымалася. Тры з паловай гады ў турме адседзеў, а нястачу і цяпер вылічваюць. Раней 70 працэнтаў зарплаты забіралі, а цяпер 50. Пасля турмы ранейшая жонка не прыняла яго. Пакінуў ёй у Заслонаве кватэру з усёй мэбляй. А тая некуды з’ехала і чатыры гады за кватэру не плаціла. Паколькі кватэра на Аляксандры, яму яшчэ прылічылі мільёны доўгу кватэрнай платы і пені.

-- Наколькі разумею, цяпер у цябе новая сям’я…

-- Святлана-крымчанка не пабаялася, выйшла за мае даўгі. Нават распісаліся.

Цяпер ужо Святлана ўзялася распавядаць пра свой нялёгкі лёс. Напрыканцы сумнавядомых 90-х пераехалі на Лепельшчыну яе бацькі. Прыехала яна ў 2000 годзе паглядзець, як уладкаваліся, дый сама засталася. Працавала ў калгасе на розных работах.

Пасля турмы Аляксандр узяўся кароў пасвіць. Звярнуў увагу на пекную хахлуху. Сышліся. Восем год разам жывуць.

-- Адкуль дзяўчынкі малыя ў вас?

Не тоячыся, распавялі і гэтую гісторыю.

Святланіна дачка Наташа пасля заканчэння Лепельскага прафліцэя, паехала на Украіну, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок (Алёне цяпер пяць з паловай гадоў, Аксане -- тры гады і сем месяцаў). Жыццё з мужам не склалася. Даў дазвол на вываз дачок у Беларусь. Цяпер Яршовы будуць жыць адной вялікай сям’ёй.

-- Неяк вытрымаем, -- уздыхае Аляксандр. Карова хутка ацеліцца. Дый мільёны тыя калі-небудзь выплачу.

Слухаў пра людское гора і дзіву даваўся чалавечаму аптымізму. Яршовы вераць у даволі змрочную будучыню. І паверыў Валацуга, што дачакаюцца яны паляпшэння свайго існавання. Бо нават нечаканае з’яўленне трох лішніх ратоў іх толькі ўзрадавала, а не напалохала -- сям’я ж яднаецца.

А можа прачытае гэтыя радкі хто-небудзь з інтэрнэтаўскіх філантропаў, ды падтрымае працавітых людзей з лепельскага Зарыбіна, якія нават пры сваіх бясконцых клопатах і занятасці пра вырошчванне кветак у агародчыку дбаюць.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 661 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 491 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 1 неделю назад,   за неделю: 292 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 69 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 54 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение