12 авг 2021 в 06:50 — 2 месяца назад

20. Светлы шлях. АЗМРОЧАНАЕ МАЛЕНСТВА. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 10, всего: 1605

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

  Улетку 1942 году наведванне лесу яшчэ не забаранялася. Але каля вёскі Дражна, куды на прымусовыя працы быў мабілізаваны і мой дзядзька Барнась Шуневіч, ужо стаяў узмоцнены кардон. Аднак дзядзька выпрасіў дазвол наведаць сям’ю ў Валовай Гары, падключыўшы знаёмых і пакінуўшы ў закладніках свайго паплечніка па працы. Прайшоўшы каля 20 кіламетраў, ужо ў сваёй хаце Барнась лёг адпачыць. У гэты час яго дочкі падчас спрэчкі схапілі брата за рукі, каб не распускаў іх, і павялі на пакаранне да маці. Спачатку хлопчык спрабаваў вырвацца, але дзяўчынкі моцна трымалі ахвяру. Сілы былі няроўныя. Тады “палонны” пусціў у ход ногі ў чаравіках. Ад болю экзекутары выпусцілі вязня. Пабітыя дзяўчынкі паскардзіліся маці, і тая заступілася за дачок - узяўшы за вуха сына, прывяла да бацькі. Але нечакана той стаў на бок сына і задаў пытанне:

 - Дражнілі брата?

 Маўчанне.

 - Кпілі я яго?

 Зноў маўчанне.

 - Абзываліся? Дык сінякі на нагах заслужылі. Вось і не скардзіцеся. А цяпер мірыцеся, бо ўсіх нас чакае нялёгкі час.

 Такім чынам канфлікт быў уладжаны. На досвітку дзядзька Барнась пайшоў у адваротны шлях.  

 Дзесьці ў сярэдзіне жніўня ў Валову Гару прыехаў грузавік, бранявік і два матацыклы з кулямётамі. З машыны вылезлі каля двух дзясяткаў жаўнераў у нямецкай форме. Двое з іх сходу зайшлі ў хату дзядзькі Барнася, агледзелі нават печкі і закуткі. Затым прыйшоў паліцай Яська Мацкевіч з афіцэрам. Адклікалі ўбок жонку дзядзькі Барнася - цётку Лёню. Паразмаўлялі з ёй хвілін дзесяць і загадалі хуценька збіраць усе пажыткі і з дзецьмі залазіць у кузаў. На дзіва, жаўнеры не ўзяліся лавіць курэй ды рабаваць засекі.

 Бабуля Анэта, праводзячы ўнукаў, дужа плакала, усё прамаўляла:

 - Што ж вас чакае?

 Сапраўды, наперадзе нас чакалі цяжкія часіны.

 Пад канец жніўня да нас з Барсукоў наведалася бабуля Міхаліна з унукам Мішам Занько, які нёс вялікі клунак. Пасля звычайных у такіх выпадках прывітальных слоў і абдымкаў, госця, паказаўшы на Мішу, сказала:

 - Гэта ж трэба, які ўпарты малец. Не даў паднесці пачастунак вам. Паказвай сваю каштоўнасць.

 Распакоўваючы клунак, Міша казаў, што вітае ўсіх - і пані Анэту, і Левановічыху, і іншую радню. Усім з радасцю ўручае падарунак. Па ходу справы тлумачыць, што дзед Кунцэвіч кажа, быццам ён нейкі патомак Ізафата Кунцэвіча, і моліцца на польскай мове, а хрысціцца бы і бабуля. Гэта ён зрабіў сачок, якім унукі ў Мядзведжай яме, што на Бабіным поплаве, нацягалі тры вядры калек, шчупакоў, а больш за ўсё піскуноў. Іх і прынёс валавагорскай радні.

 - А чаму іх завуць піскунамі? - умяшаўся я ў расповед хлопца.

 - Ды таму, што калі на іх сыпнеш солі, дык яны дужа пішчаць і робяцца зусім чыстымі і жоўтымі. Затым адсякаеш рыбе галовы, выкладваеш на бляшанкі і засоўваеш ў цёплую печ. Сушаныя піскуны вельмі смачныя, асабліва з капустай. Кажуць, што іх за бабровай плацінай можна чэрпаць вядром. Мы ўжо туды збіраемся. Шчупакоў і калек мала. Іх бабуля пасекла на клёцкі. А яшчэ яна прынесла вам сухіх чарніц.

 - Ну, хопіць балбатаць, - перапыніла ўнука баба. – Ты вельмі гаваркі. Дай дарослым трошкі пасакрэтнічаць. Ідзі за дамбу.

 Двойчы нам не трэба было раіць. Праз хвіліну мы ўжо беглі да вадапою. Праз хвіліну спаткалі Жэньку.

 Я паспрабаваў пазнаёміць яе з Мішам, але дзяўчынка павярнулася да мяне бокам і сказала:

 - Жаніх! Ідзі ды знаём са сваёй Галькай, якую кахаеш.

 Было дужа непрыемна, але я паціхеньку сказаў, што мне сапраўды падабаюцца дзеўкі блакітнавокія ды з доўгай касой. Урэшце рэшт Жэнька астыла.

 За гэты час Міша падышоў да вадапою і залез босымі нагамі ў ваду. Яму дужа спадабаліся канал і вёска. Абяцаў часцей бываць тут з бабуляй. А яшчэ распавядаў, што ў Барсуках дзейнічае партызанскі трыбунал і ён асудзіў партызана Зелянеўскага на расстрэл. А справа была такая. У засадзе дзесьці ў ваколіцах Чарніцы знаходзіліся два партызаны. Раніцай адзін з іх, Зелянеўскі, прыбег да сваіх і паведаміў, што на засаду напалі немцы. Другога, Гарбачова, застрэлілі, а ён уцёк. Калі зрабілі праверку, высветлілася, што не ўсё было так. Уцекача з паста прыціснулі, і ён прызнаўся, што, стоячы ў сакрэце, гулялі ў карты. Гарбачоў прайграў яму карабін, але мяняць добрую зброю на падпаленую нямецкую стрэльбу не схацеў. Тады Зелянеўскі паспрабаваў забраць карабін сілай і, схапіўшыся за яго, пацягнуў на сябе. Зброя выстраліла і забіла свайго гаспадара. Партызан, каб не несці адказнасць, вырашыў зманіць. Трыбунал строга асудзіў забойцу, і партызанскі кат Шалухутдзінаў завёў таго на ўзлесак і застрэліў.

 Міша не зманіў. Пазней я часта чуў гэтую гісторыю. У Барсуках казалі, што над Гарбачовым хоць гарбок зямлі на сухім месцы ўзвышаецца, а Зелянеўскі ззелянеў у балотнай твані, дзе яго прыкапалі барсукоўцы, паколькі ў трыбуналу не было пахавальнай каманды. За ноч лісы раскапалі магілу. Давялося яе закладваць тоўчанай цэглай з гарэлішчаў і засыпаць прынесенай у вёдрах зямлёй. З цягам часу на тым месцы вырас лазовы куст, а побач паставілі хату і гаспадарчыя пабудовы. Аднак гаспадары той хаты не зведалі вялікага шчасця і дачасна пайшлі з жыцця, а дзеці адтуль з’ехалі.

 З Жэнькай мы прымірыліся, але больш разам не збіраліся. Сям’я Толі знаходзілася дзесьці ў Лепелі. Бронік заўсёды дапамагаў бацьку ў полі. А я бавіў час каля пастушка Косці, каб таму не было сумна са сваім статкам.

 Аднойчы бабуля Жэні спаткала маю маці і заявіла, што яе сынок нашкодзіў – ходзіць на агурочныя лехі ды крадзе агуркі, але больш топча расліны. У яе ёсць сведкі: Ленка Вандзіна і Франок. Яны ўсё бачылі.

 Увечары маці спытала, дзе я быў удзень і ці бачыў, хто патаптаў градкі ў бабы Маланні. Атрымаўшы адмоўны адказ і запэўніванне, што я нават не ведаю, дзе тыя лехі знаходзяцца, маці забараніла нават падыходзіць да Лоцькавай хаты. А на наступны дзень знікла Жэнька, нічога нікому не сказаўшы. Пачаліся пошукі дзіцяці. Вынікаў яны не прынеслі. Тады ўзяліся апытваць суседзяў. Тыя нічога не ведалі адносна знікнення дзяўчынкі.

 Прайшло паўдня. Ля хаты Драгуноў сабраўся натоўп людзей. Маці Жэнькі ў роспачы, бабуля плача, суседзі раяцца, дзе шукаць малечу.

 Раптам на агародзе раздаўся моцны крык, і ўсе ўбачылі, што Жэнька вядзе Франка, адной рукой трымаючы яго за вуха, а іншай не дае яму выкінуць агуркі. Калі малец упіраецца, мацней закручвае вуха.

 Прывёўшы Франка на свой двор, прымусіла таго выцягнуць са штаноў кашулю, і на зямлю пасыпаліся агуркі. І тут ад страху і болю хлопчык раскалоўся. Прызнаўся, што першы раз ён быў з Ленкай, а сёння яна яго аднаго паслала.

 Дзед Юзік, закруціўшы пальцамі вус, пахваліў Жэньку:

 - Гвардзеец! Скала! Гэта ж трэба паўдня ў баразне праляжаць, каб злавіць злодзея і зняць паклёп са свайго сябрука.

 Але ўсё адно маці забараніла мне адыходзіць далёка ад хаты, хаця суседка папрасіла прабачэння і дазволіла мне і Броніку прыходзіць да ўнучкі ў любы час.

 А дзесьці ў сярэдзіне верасня маці вырашыла наведаць родных у Барсуках. І хоць бабулі Анэце не надта спадабалася гэта, але тут заенчыў я, што хачу пабачыць Мішу, другую бабулю і названую маму Анюту, якая прыкрывалася мной, каб уратавацца ад кавалераў, якія чапляліся да яе як з боку немцаў, так і з боку партызанаў . Баба Анэта здалася пасля таго, як маці паабяцала на наступны дзень вярнуцца. І мы, сабраўшы хатулёк, рушылі ў недалёкую дарогу.

  Мне заўсёды падабалася гасцяваць у Барсуках, адзіна блізкай ад Валовай Гары вёсцы.

2021

(Працяг глядзець тут.)



Метки: Шуневич, Барсукки, Валова Гора, война на Лепельщине

НРАВИТСЯ
7
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


НЁМАН В СТОЛБЦАХ. Валацуга  — 7 дней назад,   за неделю: 269 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ