Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 02.07.2012 (10:17) — 6 лет назад

ЗАБАЕНСКІ ЛЕС, або БЕРАНДЗЕЕВА ЦАРСТВА ПАБЛІЗУ ЛЕПЕЛЯ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 610

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Добра аматарам прыроды, якія не маюць свайго легкавіка, жыць у буйных гарадах. Раніцай сеў на прыгарадны аўтобус ці электрычку, ад’ехаўся за некалькі дзесяткаў кіламетраў, назбіраў кошык грыбоў, выйшаў на прыпынак і праз якія паўгадзіны будзеш ехаць назад. У жыхароў невялікіх гарадоў такой магчымасці няма, бо аўтобусы па аднаму маршруту ходзяць толькі раніцай і вечарам. Таму, каб не гібець у лесе ад цемры да цемры, лепяльчане пехатой скіроўваюцца збіраць дарункі прыроды ў бліжэйшы да горада Забаенскі лес: кіламетр да Забаення, пару кіламетраў адзінай вясковай вуліцай і кіламетр полем да Ўзлеску. А там праз увесь лясны масіў вядзе даволі прыстойная дарога.

Яе насыпалі для абслугоўвання пунктаў ранейшага водазабору, цяпер закансерваванага.

Некаторыя выбіраюць больш маляўнічы маршрут -- ад Забаенскіх могілак уздоўж Эсы.

Трэба аддаць належнае Забаенскаму лесу. Ён не проста з-за блізкасці і адсутнасці альтэрнатывы вымушаны забяспечваць гараджан сваімі дарункамі. Забаенскі лясны масіў -- выдатнае месца для адпачынку на прыродзе.


Ён захапляе аматараў вандровак сваімі маляўнічымі мясцінамі, глухімі гушчарамі і лагоднымі баравінамі, сваёй дагледжанасцю і блізасцю Эсы.

У любую пару года можна знайсці занятак у Забаенскім лесе. Вясною ён падзеліцца з гурманамі-знаўцамі раннімі смаржкамі і маладымі парасткамі папараці, з лекарамі-траўнікамі -- лісцем бруснічніку і сасновымі пупышкамі. Улетку там збіраць грыбы можна пачынаць з першых лісічак ды маслякоў і заканчваць апошнімі зялёнкамі ды падальховікамі. Шмат падасінавікаў, падбярозавікаў, баравікоў, сыраежак, рашотак.

Можна лёгка знайсці запоўнены суніцамі ўзлесак і чарнічную нізіну, малінавыя зараснікі і дурнічныя купіны.

Увосень рэдклессе палымнее ад спелых брусніц. У балацявінах можна натрапіць на лапікі журавін. Эсенскае ўзбярэжжа прапануе арэхі ў густых зарасніках ляшчыны, пераплеценых хмелем.


Эса практычна ад крыгаходу да ледаставу вабіць рыбаловаў зарослымі хваінамі берагавымі схіламі, утульнымі астраўкамі паплавоў, халоднай бруістасцю празрыстай плыні. На беразе можна часта ўбачыць рыбаловаў, хоць рыбныя запасы Эсы бедныя -- знікла апошнім часам рыба.


Не перавяліся ў Забаенскім лесе звяры.

Забаенскі лес хавае ў сабе гісторыю краю. З гарадской вуліцы Барысаўскі тракт пачынаўся бойкі шлях на Барысаў цераз Забаенне, Забаенскі лес, паўз Чарнаручча і далей на Юшкі, Вілы, Слабаду… Гэта быў адзіны кірунак, які звязваў Лепель з поўднем, бо шашу Мінск -- Віцебск выклалі з камянёў толькі перад самай вайной “ворагі народа”. Перад Чарнаруччам кожнага прахожага вымушае спыніцца строгая стэла з надпісам. Гэта лясное ўзвышша называецца Жыдоўскімі могілкамі. У вайну акупанты расстралялі і закапалі на гэтым месцы каля двух тысяч насельнікаў Лепельскага гета, партызанаў, мірных грамадзян, дзяцей.


Увайшло ў гісторыю пабудаванае ў 60-х ці 70-х гадах мінулага стагоддзя непадалёк ад моста цераз Эсу прыдарожнае кафэ “Церамок”. Яно даўно разбуранае, а ўрочышча навечна атрымала назву Церамок.

Зімой у Забаенскім лесе зацішша. Аднак і ў гэту глухую пару наведваюцца сюды рэдкія лыжнікі, паляўнічыя, леснікі. Асабліва прыемна прайсці па ледзяным панцыры Эсы ад Забаення да Мінскай шашы. Між абвіслых з абодвух берагоў стромкіх хваін адчуваеш сябе быццам у зялёным тунэлі.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 3 дня назад,   за неделю: 466 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 5 дней назад,   за неделю: 441 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 239 
СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 12 часов назад,   за неделю: 200 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 96 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 81 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение