12 сен 2021 в 23:04 — 2 недели назад

856. ДЗЕДАВА МУДРАЯ НАВУКА. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 5, за неделю: 18, всего: 297

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Гаварыў мне мой дзед Пракоп:

 - Чалавеку, Марачка, шмат не трэба: на адзежу якую – каб цела захінуць; міску, лыжку, кубак – каб чаю ці малака сербануць, ці супу якога. Ну, і ляжанка – каб уначы, значыцца, адпачыць.

 - Дзеда, а хату, каб ляжанку тую паставіць? – дзівілася я дзедавым разважанням.

 - Хату – гэта калі чалавек не адзін жыве, а сям’ю мае.

 - Як ты з бабай Марыляй?

 - Аняго ж, як я. Ці як татка твой Шурка, а мой, значыцца, сын. Як ажаніўся на матулі тваёй ды дзетак нарабіў, цябе ды Валерыка, дык і хата спатрэбілася.

 - А гэта дрэнна?

 - Гэта добра, дзетка. – Самая мужыцкая справа – дзетак нарадзіць ды хату паставіць. Дрэнна тое, што сынок мой у свет з’ехаў, а нага балючая. Каб якой бяды не здарылася.

 - Не здарыцца, - запэўніваю я дзеда. – Татка дужы.

 - Ага ж, - уздыхае дзед. – Хай будзе па-твойму.

 Гэтак мы з дзедам гутарым, ідучы па чыгунцы. Ён па рэйках стукае, я са шпалы на шпалу пераскокваю, вачыма па баках зыркаю. Вунь жук паўзе.

 - Дзед, дай пушачку з-пад запалак! – крычу, бо ён ужо далёка наперадзе.

 - А навошта?

 - Во! – паказваю жука. – Пасаджу яго ў пушачку, ён там будзе жыць.

 - Не будзе, - адгукаецца дзед. – Не яго.

 - Будзе! – пярэчу. – Бо гэта ж ягоны дом і я яго буду карміць.

 - Дом ягоны – зямелька ды трава густая, а твая пушачка – турма, а значыць, няволя. І тваю ежу ён не будзе есці там.

 - А Дружок бабы Проскі? А твой Шарык? У будцы сядзяць на ланцугу і ядуць.

 - Дык сабака – гэта такая жывёліна, пры чалавеку жыве і то іншы раз з ланцугу зрываецца. А вось паспрабуй ваўка навязаць ды ў будку загнаць – выць будзе дзень і ноч, бо вольны ён, воўк, значыцца.

 - Ай-вой! – пужаюся я.

 Добра, дзеду не прызналася, што хацела пазаўчора мятліка на нітачку прывязаць да свайго ложку за шарык бліскучы. Але Валерык убачыў, дык адабраў, ды яшчэ пстрычку па лбе даў.

 - Дзеда, а дзяцей біць нельга?

 - А што цябе хто набіў? – устрывожыўся дзед.

 - Не, - не выдаю я Валерыка за пстрычку. – Дзядзька Васіль Таньку дубцом лупцаваў.

 - Дубцом, Марачка мая, не навучыш, а толькі ўзлуеш, ці то чалавека, ці то жывёлу. А дзіця – тым больш, бо яно тое зло як вырасце і згадае. Вучыць трэба словам. І ў божай кніжцы напісана: “Вначале было слово”.

 - А бог усё ведае?

 - Ну вядома – усё і пра ўсіх.

 - Ага…

 Кемлю: значыць, добра, што Валерык не даў мне матылька навязаць, а то каб бог пабачыў… Што было б, у мяне не хапае разумення дадумаць.

 Нешта шпалы адна ад другой сталі адбягацца далёка. Раніцой скакаць па іх добра выходзіла, спрытна, а цяпер усё міма шпаліны трапляю, нага за нагу чапляецца.

 - Дзеда, а памятаеш, як ты мяне за пазухай нёс, калі з Данбасу прывезлі? – пачынаю здалёк.

 - Аняго ж, Марачка. Тады зіма была, дык я цябе за пазуху, значыцца, і засунуў, каб не змерзла.

 - Цяпер не змерзну, - уздыхаю.

 - Не інакш, як стамілася? – адгадаў дзед мае хітрыкі.

 - Ага, - ківаю. – Ножкі баляць.

 - Ну, то сядай на спіну.

 Абшчапіўшы дзеда за шыю, прыціскаюся да ягонай шырокай спіны. Пахне мой дзед махоркай, разбаўленай пахамі летніх зёлак. І гэтак мне ўтульна, быццам на ляжанцы. Дайшоўшы да Баравенскага пераезду і звярнуўшы на сцежку, ён мякка ступае па траве. Маркотна вее ветрык… І я засынаю.

 Прачынаюся ад размовы:

 - Што, стамілася памочніца?

 Гэта насустрач ішоў дзядзька Іван Хрыстынёнак.

 - Дык малая яшчэ – дзіцё. Размарыла.

 Сон здымае бы рукой. Пакуль мужыкі кураць, я саскокваю з дзедавай спіны, ляту збіраць кветкі.

 - Ну, навошта табе столькі? – ушчувае мяне дзядуля, убачыўшы ў маіх руках цэлы бярэмак.

 - У слоікі пастаўлю ў бабы Проскі і ў бабы Марылі. Прыгожа будзе.

 - Якая гэта прыгажосць у слоіку? – не згаджаецца дзед. – Самая прыгажосць - як кветкі ў полі растуць, на прасторы ад ветрыку калышуцца, і ім добра ды прывольна, і людзям радасць. А ў слоіку звянуць праз дзень-другі.

 - Не, дзеда, - спрачаюся я з ім. – Ты нічога не разумееш.

 - Ага ж, не разумею. А вось каб ты, напрыклад, куст маліны вырвала ды ў слоік паставіла бы букет, ці грыбы замест патэльні ды на стол, як букет – было б прыгожа.

 Імгненна ўявіўшы куст маліны з грыбамі ў слоіку, я зайшлася ад смеху. Рагатала так, што дзядуля, гледзячы на мяне, таксама засмяяўся.

 - Ай-вой, Марачка, гэта мы з табой так забавіліся, што і пра тармазок забыліся. Ці ўжо, можа, да хаты пацярпім, ці тут падсілкуемся?

 Не тое, што каб я дужа хацела есці, але любіла вось так, на вольным паветры, сярод прасторы пахрумстаць агурком зялёным, прыкусваючы салёным салам.

 І хоць да Міхалова было ўжо рукой падаць, уселіся мы з дзядулем пад куст, расклалі няхітры перакус. “Тармазок” складаўся з вараных яек, сала, агуркоў, пёраў цыбулі. Усё бы само паляцела ў рот – хрум-хрум, чвяк-чвяк, аж за вушамі трашчала

 - Дзеда, а чаго наш полудзень завецца тармазок?

 - Таго, што тармазнулі мы з табой, Мара, каб падсілкавацца: ежу ў рот пакласці, каб ногі шпарчэй дахаты беглі.

 - Гэта як цягнік?

 - Ага ж, можна і так сказаць.

 - А яму таксама тармазок патрэбны?

 - Дык патрэбны. А то і цягнік колы не пацягне, як чалавек ногі.

 Падсілкаваўшыся самі, аб’едкі пад куст кінулі – птушкам.

 - Дзеда, а яны тут ежу ўбачаць?

 - Пачуюць, як есці захочуць. Можа і жук твой прыпаўзе і табе падзякуе.

 Па Міхалове я ішла , важна задраўшы галаву – не абы дзе гайсала, а хадзіла на працу. І не проста ела, а сілкавалася тармазком.

 Праз тоўшчу гадоў бачу, як па дарозе, што цягнецца да Міхалова, крочаць, лагодна ўсміхаючыся адзін другому, дзед з унучкай.

 Гледзячы на іх, усміхаюцца сінюткае неба, ільняныя і жытнія палі, густыя зараснікі ляшчыны і купіны бяроз. Давайце і мы з вамі усміхнёмся разам з імі. І можа нам стане таксама лагодна і пяшчотна, як дзеду Пракопу і ягонай унучцы Мары.

2021



Метки: Лисичёнок Тамара, Михалово

НРАВИТСЯ
7
СУПЕР
5
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ
1





13 сен 2021 в 22:14 — 2 недели назад

Мара, мне падабаецца, як Вазар рэцэнзуе тваю творчасць:

Цалкам з ім згодны. У цябе ад нараджэння літаратурныя здольнасці.

2




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


858. ЦВЕТ НАДЕЖДЫ - ЗЕЛЁНЫЙ. Лисичёнок (Гурко) Тамара  — 1 неделю назад,   за неделю: 332 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ