27 сен 2021 в 08:55 — 4 недели назад

21. Светлы шлях. РЫБАЛКА Ў РАЗГАР ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 15, всего: 474

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Чатырохкіламятровы шлях паміж Валовай Гарой і Барсукамі мы з мамай пераадолелі хутка, бо мне дужа хацелася пабачыць, як у калдобінах перасохлай рэчкі Цягбіцы цёця Лёля з Мішам ловяць вялікіх шчупакоў, калек з жабінымі галовамі і піскуноў. Нават грэблю над забалочанымі берагамі Кесты перабег без дапамогі маці і не паслізнуўся на набрыняных рачной вадой бярвёнах, што складалі насціл грэблі.

 Пасярод вялікага Гардзіёнкавага хутара, каля ліпы ў два абхваты, што калісьці складала падворак гаспадароў, нас спыніў узброены чалавек. Першыя пытанні былі:

 - Хто такія? Да каго ідзяце?

 Затым суразмоўца распытваў, што робіцца ў вёсцы. Але мяне тая размова не цікавіла, і я паціхеньку скіраваўся ў бок Барсукоў. Каля старога падворку дымілася невялікае цяпельца і два дзецюкі ў прысаку вогнішча пяклі бульбу. Да невялікага куста бэзу былі прыхінутыя дзве стрэльбы.

 Адзін з хлопцаў узняўся з свайго месца і спытаў:

 - Ты куда топаешь, пацан? И к кому?

 Пачуўшы новае слова, я палічыў яго абразлівым і адказаў, што я ніякі не пацан, а іду да бабулі Цяліцы Міхаліны, а мой дзядзька Адоля – кулямётчык, і ў яго сапраўдная зброя, а ў іх рагаткі, з якіх вераб’я не застрэліш. За такой размовай нас і заспела маці. Схапіўшы мяне за руку, увесь шлях да Барсукоў ушчувала, вучыла, што нельга з незнаёмымі людзьмі весці ні пра што гаворку, асабліва называць прозвішчы і імёны, і ў мяне павінен быць толькі адзін адказ: “Нічога не ведаю”.

 - Памятай, чаму вас, дзяцей, вучыў дзед Юзік, - павучала маці. – Еш пірагі з грыбамі ды трымай язык за зубамі.

 Вядома, я не хацеў трапіць у няміласць да дзеда Юзіка і прасіў маці не казаць яму пра маю памылку.

 Сустрэча ў бабулі Міхаліны, як заўсёды, была радаснай, з абдымкамі але і слязьмі. Я не мог зразумець, чаму дарослыя жанчыны плачуць і ад гора, і ад радасці аднолькава. Аналізаваць гэтую з’яву ў мяне не было часу, бо ў хаце ўбачыў кацяня. Міша Занько ўзяўся цвяліць яго.

 Зрабіў мышку з кавалка кажушка і, навязаўшы на доўгі шнурок, даў мне гуляць з жывёлінай. Але хутка той надакучыла ганяцца за падманкай і ён нырнуў пад печку, дзе жыла курка.

 Цётка Лёля, Зюня і Міша пачалі збірацца на рыбу. Рамантавалі дзіркі ў сачку, прывязалі да яго доўгую жэрдку, каб не лезці ў глыбокія месцы рэчкі ці калдобіны. Я слёзна пачаў прасіць маці, каб адпусціла з рыбакамі лавіць піскуноў і шчупакоў. З дапамогай усёй каманды ўсё ж быў атрыманы дазвол, бабуля Міхаліна загадала Зюні не адыходзіць ад мяне ні на крок.

 Рыбакі дамовіліся спачатку агледзець Мядзведжую яму. Яна была вымытая паводкавай вадой. Вялікая вясновая вада спачатку вымыла мароны ствол дубу ў два абхопы, а затым зрабіла праз яго вадаспад, які і вымыў азярцо, можа, крокаў на 20 удоўжкі і пяток ушыркі. Берагі і азярцо тое параслі гарлачыкамі з шырокім лісцем і жоўтымі кветкамі, а таксама асакой. Вада там была чамусьці жаўтлявай.

 Як толькі мы падышлі да вады, ад берагоў разышліся каламутныя кругі. Міша сказаў, што рыбы тут не мерана, і, як раіў дзед Кунцэвіч, трэба дужа закаламуціць ваду, і тады шчупакі самі палезуць да берага.

 Паляўнічы запал ахапіў каманду, і на мяне ўвогуле не звярталі ўвагі, толькі цётка Лёля забараніла мне пералазіць цераз марэнны дуб, а самі, кінуўшы на сярэдзіну калдобіны сачок, бегалі каля берагоў, заганяючы на больш глыбокае месца каламутную ваду. Хутка вада ў азярцы стала каламутнай, і Міша з цёткай Лёляй выцягнулі сачок на пожню. Першы ўлоў перавысіў усе чаканні, бо на траве падскоквалі два ліны, карась, тры шчупакі, адзін увогуле вялікі, і карма поўнілася піскунамі. Вось тут і мне была праца – лавіць схаваных у траве рыбін і скіроўваць іх у вялікую зрэбную торбу. А рыбакі, вядома, ў пыле запалу забыліся на мяне, і я, лежачы жыватом на сіняй паверхні маронага дубу, выхопліваў з каламутнай вады шчупакоў, але мне яны трапляліся невялікія – зялёныя і на ножычку, як казаў Міша.

 Сонца пераваліла на другую палову неба, і цётка Лёля загадала збірацца, бо торба была напоўненая рыбай.

 Здабычу неслі Зюня і Міша, сачок – цётка Лёля, а я, поўны ўражанняў ад рыбалкі, бег наперадзе, каб першым пахваліцца, што і я прымаў актыўны ўдзел у рыбалавецкай акцыі.

 Але ўсе дарослыя капалі бульбу, і цётка Лёля выклала піскуноў у вялікі чыгун, сыпнуўшы крышку солі, ад чаго тыя пішчалі і хутка зрабіліся чыстымі і жаўтлявымі, а астатнюю рыбу вывернула ў вялікія начоўкі. Мне цікава было бачыць, як кацяня накінулася на рыбу, выбраўшы такога ліна, што не здолела нават выцягнуць з начовак. За гэта Зюня зачыніла заслонкай скнару пад печкай, а дзед Кунцэвіч сказаў, што кот можа з’есці рыбы столькі, колькі важыць сам.

 Пакрысе хата запаўнялася дарослымі, а я замест пахвальбы атрымаў суровую вымову ад маці, бо ўся вопратка была выпацканая ў рыбную слізь, луску ды засохлую балотную твань. Пакаранне было б і больш сур’ёзнае, але за мяне заступілася бабуля Міхаліна, заявіўшы, што ўнук займаўся сур’ёзнай мужчынскай справай, а вопратка ў калюзе адмыецца і без мыла.

 Прыйшлі суседскія дзеўкі і дзеці, а я прытуліўся да цёткі Анюты, якая нядаўна пад выглядам маёй маці выратавала мяне ад немцаў, што збіраліся пакараць мяне за будзёнаўку з чырвонай зоркай на галаве.

 Гледзячы на дзяцей, я згадваў, чые яны. У вёсцы малых заўсёды агулам называлі імем бацькі. Так, суседзямі былі Мінавы, Каралёвы, Лявонавы, Федькавы… Жонак клікалі вытворнымі ад імяў мужыкоў: Мініха, Караліха, Лявоніха, Міколіха, Іваніха… Хутка сабралася даволі шмат жанчын, і ўсіх цікавіла рыбіна з амаль жабінай галавой. Яе мясцовы люд называў калекай, але дзед Кунцэвіч аўтарытэтна зазначыў, што страшная рыбіна не што іншае, як мянтуз.

 Я доўга не мог заснуць, узбуджаны ўражаннямі ад незвычайнай рыбалкі. Пра такую нават не чуў у мірны час, а тут другі год доўжыцца вайна, і людзі ловяць рыбу, быццам на зямлі ціша, любата і хараство.

(Працяг глядзець тут.)

2021



Метки: Шуневіч Анатоль, Генацыд на Лепельшчыне, Барсукі, Валова Гара

НРАВИТСЯ
3
СУПЕР
3
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





27 сен 2021 в 18:59 — 4 недели назад

Рэцэнзія Васіля Азаронка з Юрмалы:

Адказ Вазару Блукача ВАЛАЦУЖНАГА:



30 сен 2021 в 19:05 — 3 недели назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, а як сёння з рыбай у тых мясцiнах?



30 сен 2021 в 22:32 — 3 недели назад

Мартин Минчук, Блукач Валацужны такі ж іхтыёлаг, як і працаголік. З яго можна браць прыклад, як трэба не ўмець вудзіць рыбу.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


НЁМАН В СТОЛБЦАХ. Валацуга  — 7 дней назад,   за неделю: 269 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ