10 окт 2021 в 09:39 — 2 недели назад

865. ПАДАРУНКІ АД БОГА. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 3, за неделю: 61, всего: 475

Звесткі аб аўтары глядзець тут. 

 Люба мне ў маім Міхалове. Весела і прывольна. І пяшчотна-пяшчотна.

 Так пяшчотна, што аж нешта енькае ў грудзях. Гэта душа. Так кажуць мае бабулі:

 - Як чалавек нараджаецца, дык бог дорыць яму душу. А яшчэ – анёла на левае плячо  і чорта – на правае. І яны ўсё жыццё змагаюцца між сабой. Як пераможа анёл, дык душа радуецца, а як чорт, то плача.

 Але мая душа чамусьці не плача, хоць часцей маё чарцянё перамагае майго анёла. Гэта ад таго, што я дурная. Так кажа Валерык, браток мой старэйшы, убачыўшы, як я засунула руку Дружку ў разяўленую ляпу, каб палічыць, колькі ў яго зубоў:

 - Ну, малая, ты і дурная. А каб цапнуў за руку?

 - Не цапае, - пярэчу. – Я ж нічога дрэннага не раблю.

 - Дурэеш, маляўка, вось што робіш.

 Я ад крыўды паказваю яму язык.

 - Вось раскажу бабе Просцы, як вы з Валодзькам на пасце ў карты гулялі, будзеш і ты дуроны, - кажу і цяжка ўздыхаю.

 “Ну, чаго я такая? – думаю. – Хачу зрабіць што добрае, а выходзіць дрэннае.”

 Учора вожыку малака давала, а ён не хацеў піць. Тады яйкам яго частавала. Бабуля ўбачыла, сказала што дурэю. А яшчэ спадніцу ейную парэзала, каб ляльцы Лізе сукенку пашыць. Баба Проска ледзь не плакала:

 - І ў каго гэтае дзіця пайшло? Як выдумае што – ні то смяяцца, ні то плакаць.

 А я і адрэзала толькі трошкі, усё адно спадніца была доўгая. А калі я куранят плаваць вучыла ў карыце, што тут дрэннага? Качаняты ж плаваюць.

 Як Валерык з рагаткі па птушках пуляе, дык ніхто не кажа, што ён дуроны. Мусіць таму, што ягоны анёл перамагае чарцяня. А мой анёл часцей за ўсё спіць, затое чарцянё ў гэты час дурэе. І сама не ведаю, што мне з ім рабіць? Каб я яго хоць пабачыла, дык угаварыла б не быць дуроным. Тады і я буду, бы Валерык, паслухмянай і сур’ёзнай.

 И тут жа пырскаю са смеху, бо ўяўляю сабе таго чарцяняці з доўгім хвастом, капытамі і маленькімі рожкамі – такі намаляваны ў Валерыкавай кніжцы.

 Ой, дык гэта ж, мусіць, і я на яго падобная. Ад такой думкі пужаюся і бягу да бабы Марылі, каб паглядзецца ў вялікае люстэрка, што вісіць у ейнай хаце.

 Улятаю, ні слова не кажучы, гляджуся і з палёгкай уздыхаю: не, дзяўчынка бы дзяўчынка, ні рагоў ні хваста.

 - Глядзіш, якая ты прыгожая? – усміхаецца цётка Тамара.

 - Не, - кажу. – Чарцянё шукаю.

 - Якое чарцянё? – здзіўляецца тая.

 - Што на правым плячы сядзіць.

 - У галаве тваёй чарцянё, а не на плячы.

 Дзіўныя гэтыя дарослыя: бабулі кажуць, што на плячы, а цётка – што ў галаве. А я яго не бачу і не адчуваю. Ад таго, думаю, і душа мая не плача, а весела гукае. Вось яе я і адчуваю. І таму мне так добра жыць. І хочацца, каб усім было гэтак.

 Зараз пабягу ў ахрап’е і назбіраю кветак. Напляту вянкоў сабе, бабе Просцы, бабе Марылі і цётцы Тамары, хоць яна і дражніць мяне.

 А кветак у полі цэлае мора, якога я яшчэ не бачыла, хоць і нарадзілася каля яго. Татка казаў, што яно прыгожае і сінюткае бы неба, асабліва ўначы, калі зоркі свецяць. Іх там безліч, як кветак. Вось каб можна было дастаць, дык я б з іх вянкоў напляла бліскучых ды падарыла б усім міхалоўцам. Сёння, як усе заснуць, залезу на гарышча, там за акенцам зорачкі вісяць зусім блізка.

 Ляснула клямка. У хату заходзяць дзед з бабай.

 - Толькі я пра птушачку згадвала, а яна ўжо і прыляцела, - перапыняе мае думкі баба Марыля. - Але чагосьці пахмурная. Ці мо захварэла?

 Мацае мой лоб.

 - Ага, захварэла! – усміхаецца цётка Тамара. – Прыляцела ў люстэрку чарцянё шукаць.

 - Якое чарцянё? – пужаецца бабуля.

 - Што на плячы сядзіць, - злуюся я. – Сама ж казала з бабай Проскай.

 Дзед Пракоп бярэ мяне на рукі і гладзіць па плячах:

 - Не бачу я нікога, ні анёла ні чарцяня. Толькі ўнучка мая, Мара.

 - Дык, а цётачка Тамара кажа, што яно ў маёй галаве, - дакладваю дзеду. – Таму, што я дуроная.

 - Во задурылі дзіцятку, - сярдуе дзядуля. – У свміх у галовах тое, што і на языку. Не слухай іх, Марачка. Дуроны – гэта ж не дурны, а наадварот, чалавек разумны і дапытлівы. Такім быў твой татка Шурка. Значыцца, малым хапаў усё на ляту ды па-свойму перарабляў.

 Дык вось у каго я пайшла, уздыхаю з палёгкай, татку я любіла і паважала. Ён быў добры, вясёлы і дужы. І заўсёды што-небудзь прыдумляў. Затое да яго людзі і цягнуліся ды дзівіліся з ягоных прыдумак.

 Вось бы мне прыдумаць нешта такое, аб чым ніхто не ведае, але нічога не прыходзіць у галаву, бачна, і чарцянё маё замарылася ды заснула, як і Анёл, бо ўжо вечарэе, хутка на небе з’явяцца мае любыя зоркі. Буду ўкладвацца і я.

 Закручваюся ў коўдру і салодка засынаю, забыўшыся залезці на гарышча. І сніцца мне, быццам ляту па сінім, бы мора, небе і збіраю зорачкі. А разам са мной лётаюць анёл, як белы голуб, і чарцянё – чорнае, бы сажа. Змагаючыся між сабой, пуляюць адзін у другога зорачкамі, і яны, сутыкаючыся, бліскуча іскрацца. І мне хочацца ні то плакаць, ні то смяяцца. І зноў пяшчотна енькае мая маленькая душа, што пры нараджэнні падарыў мне бог.

 Раніцай, прачнуўшыся, бачу над полем, што адразу за агародчыкам, неба сінюткае-сінюткае, без адзінай хмаркі, а пад ім цэлае мора валошак. Гэта, думаю, зорачкі ператварыліся ў кветкі да пападалі на зямлю.

 А вакол цішыня і мроі, пахне летнім водарам і свежасцю. У галаве - ніводнай думкі, і зусім не хочацца дурэць. Мусіць, анёл уначы ўсё ж перамог чарцяня. І цяпер я ўжо ніколі не буду дуронай, а стану разважлівай, падобнай на Валерыка.

 Але разважлівасці маёй хапіла толькі на некалькі хвілін, бо ўжо да абеду я ўжо напляла са стужак, што бабуля збірае ў вялікім кошыку на палавікі, косак і развесіла іх на плот, бы гірлянды на ёлку. Атрымалася прыгожа, вось каб між імі яшчэ кветак наторкаць. І ўжо збіралася па іх бегчы, як надышла баба Проска.

 - Ай-вой, божачка! Ну, на хвілінку нельга дзіця пакінуць, каб што не ўтварыла, - ледзь не галосіць яна, трымаючы ў руках пусты кошык. – Усе клубочкі распусціла, пакамячыла…

 - Бабулечка, - лашчуся да яе. – Паглядзі, як прыгожа, не бачна, што плот шэры. А стужак я табе зноў назбіраю, у шафе маіх сукенак багата, і матуліных яшчэ дзявоцкіх.

 - Ай, не! – пужаецца баба Проска, што я парву ўсю адзежу. – Не трэба, ўнучачка! Ты лепш гэтыя стужкі сабяры, у клубочкі закруці ды ў кошык пакладзі, вось і парадак будзе.

 Ага, парадак, думаю я, а плот застанецца шэры, і бачна, што паламаны. Сама на дзядзьку Ванё брахала, што ніяк не паправіць. А за стужкамі было б не бачна непарадку. Яшчэ каб з кветкамі…

 - І зноў з маёй прыдумкі атрымалася нешта дрэннае, - цяжка ўздыхаю і злуюся на чарцяня, бо гэта ж не я вінаватая, а ён падштурхоўвае мяне на неразумныя ўчынкі.

 Трэба памаліцца богу, каб змяніў гэтага чарцяня на новага, больш паслухмянага, ці каб і на правае плячо падарыў мне анёла. Яны тады б не змагаліся між сабой, а сябравалі.

 І на гэтыя думкі тут жа адгукаецца мая душа, і звініць у ёй дзіўным дзіньканнем званочак радасці. Як было б добра, каб на свеце жыло шмат анёлаў і каб былі яны бачныя і хадзілі між людзей, а не сядзелі невідзімкамі на плячах. Ніхто б не сварыўся і не злаваўся, а толькі лагодна ўсміхаліся б адзін другому. І я б не дурэла, а абавязкова прыдумала б што-небудзь добрае і прыгожае.

 Тут на двары забрахаў Дружок, і я згадала, што так і не палічыла, колькі зубоў у яго ляпе. Гэта заварушыўся на правым плячы божы падарунак – чарцянё.

   Бог со мною говорил,

   Когда душу мне дарил:

   - Ты, дитя, меня послушай,

   Будь добра, кратка, послушна,

   Соблюдай законы божьи,

   Не давай обетов ложных,

   Не злословь и не гордись,

   С ближним хлебом поделись,

   Не желай добра чужого,

   Не ходи кривой дорогой,

   Почитай отца и мать…

   Только бог забыл сказать,

   Что душа будет страдать.

  З міхалоўскай мовы на рускую “дуроны” перакладаецца як “балованный”, а “дурэць” – “баловаться”.

2021



Метки: Лисичёнок Тамара, Михалово

НРАВИТСЯ
6
СУПЕР
3
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ
1





10 окт 2021 в 23:23 — 2 недели назад

Васіль Азаронак з Юрмалы:

2




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


НЁМАН В СТОЛБЦАХ. Валацуга  — 7 дней назад,   за неделю: 270 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ