Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 07.07.2012 (11:02) — 6 лет назад

“А Я -- ДЗЯЎЧЫНА З БЕЛАРУСІ”, або ВЫГНАННЕ І ВЯРТАННЕ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 5, всего: 1084

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Далёкія 80-я. Валацуга стварае суполку па прапагандзе беларускай мовы і літаратуры “Рэчанька”. Да яго цягнуцца верныя бацькаўшчыне людзі. Адна з іх -- настаўніца Стайскай школы Вера Буланда. Гэтая маладая жанчына не лепяльчанка -- масквічка. Маці -- руская. Бацька -- беларус з вёскі Мсціж Барысаўсакага раёна. Да беларушчыны масквічка прыйшла ўжо ў Мсціжы, куды бабуля Веры, Сцепаніда, перацягнула бацькоў. У восьмым класе рускамоўная дзяўчынка пачала весці дзённік па-беларуску. На гэта яе вымусілі заўсёдныя стасункі з бабуляй, вяскоўцамі, аднакласнікамі, настаўніцай белмовы і беллітаратуры. Інстытут толькі падліў масла ў агонь цягі да гісторыі і культуры зямлі, якая стала другой радзімай. Аб усім гэтым Вера зараз распавядзе сама. А пакуль Валацуга завершыць свой сумны аповяд аб краху суполкі “Рэчанька”.


Такіх дзеячаў у той час называлі нефармаламі -- за тое, што яны не прымалі афіцыйныя бязглуздыя догмы КПСС: розуму, гонару і сумленню эпохі. Сябры “Рэчанькі” рэзка ўзяліся абеларушваць рускамоўныя шыльды, дарожныя ўказальнікі, трафарэты на грамадскім транспарце, патрабаваць стварэнне ў горадзе беларускага першага класа. Урэшце рэшт дайшло да таго, што “Рэчанька” перарасла ў Лепельскую групу падтрымкі Беларускага Народнага Фронту. І была разагнаная першым сакратаром райкама партыі Іванам Шаколам. Валацуга выганяецца з рэдакцыі раённай газеты “Ленінскі сцяг” па ўласным жаданні, Вера Буланда таксама па ўласным жаданні выжываецца з раёна пад пагрозай змяшчэння ў псіхлякарню, церпяць і іншыя сябры групы падтрымкі БНФ.

Вера Буланда вяртаецца ў свой Мсціж, пакінуўшы шматлікія культурныя здабыткі на Лепельшчыне: прысвечаныя нашай зямлі вершы, заснаваны ў Стаях фальклорны клуб “Спадчына”, у Лепелі -- літаратурны клуб “Выток” і іншыя культурныя згуртаванні, пражэкты, праграмы…

Мяняецца палітычная сістэма. Праз сем гадоў і дзевяць месяцаў Валацуга вяртаецца ў рэдакцыю раённай газеты ўжо з назвай “Лепельскі край”. Веру Буланду бачыць толькі ў “Народнай Волі”, дакладней -- публікацыі паэткі ў незалежнай газеце.

***

І вось Вера Буланда зноў у Лепелі. Сустракаецца з лепяльцамі ў раённай бібліятэцы.


Распавядае аб сваім жыцці -- далепельскім, лепельскім і паслялепельскім. У Мсціжы 34-гадовага бацьку знайшлі забітым. Маці была супраць вучобы дачкі ў інстытуце. Хацела ўладкаваць яе на велазавод. Але туды бралі толькі з мінскай гарадской ці раённай прапіскай. Тады працавітая мсціжанка прадала некалькі парсюкоў, за хабар купіла прапіску ў Мінскім раёне, а на велазавод ужо ўвогуле рабочых не набіралі. І Вера пайшла ў дзіцячы садок нянькай, прачкай, памочніцай повара. Самастойна падрыхтавалася і ўпотайкі ад маці паступіла ў педінстытут.

Працоўнае і асабістае жыццё давялося ладкаваць на Чашніччыне. На Лепельшчыне апынулася па наколькі празаічнай, настолькі і смешнай прычыне -- уцякла ад мужа-выпівохі пасля чатырохгадовага сумеснага жыцця. Знайшла прыстанішча ў Стаях. Так павяла сябе з вяскоўцамі, што тыя лічылі за гонар пачаставаць навасёлку ўласнымі малаком, бульбай, салам, яйкамі… Жыццё наладжвалася. Хутчэй за ўсё і асталявалася б у вялікай прыгараднай вёсцы назаўсёды, каб не трапіла ў лапы нацыяналіста Валацугі з яго антыкамуністычнай беларушчынай…

…У Мсціжы Вера таксама ўзялася настаўнічаць. У 90-х гадах не давалі зарплату па тры-чатыры месяцы. Ды і плацілі настаўнікам капейкі. Каб не купляць, сабе і дзецям шкарпэткі вязала, а “зайчыкі” траціла на арганізацыю і дзейнасць гурту абрадных песень “Прыданкі”. Самі спектакль “Паўлінка” паставілі.

Аднойчы Веры сказалі, што да яе госці завіталі. Няма ж адкуль! А гэта былі стайчане з клункамі сельгаспрадукцыі ды стосам калектыўна сабраных “зайчыкаў”. Канца краю не было бясконцым пацалункам, успамінам, вохканням аб жыцці гаротным…

Вера -- выдатная артыстка. Сумныя моманты жыцця падае так, што зала рагоча. Кожны глядач улюбёнымі вачамі глядзіць на прыемную ўжо немаладую жанчыну. А яна не змаўкае: распавядае, чытае вершы…

Цяпер Вера Буланда -- вядомая паэтка. 10 кніжак вершаў і прозы выдала. У іх шмат вершаў прысвечаныя Лепельшчыне. І пачатак загалоўка “А я -- дзяўчына з Беларусі” нарадзіліся менавіта ў Стаях.

Мясцовы кампазітар Эдуард Літвін напісаў музыку да 30 вершаў Веры Буланды. Зборнік нот ён уручыў паэтцы.

На яе словы пад акампанемент Эдуарда Літвіна лепельская спявачка Алеся Гайсёнак выканала песні “Маўчы”, “Лепельскія салаўі”, “У марозы кветкам не цвісці”.

Ведаючы Валацугаву натуру, арганізатары мерапрыемства папярэджвалі яго, каб не кідаўся да Веры цалавацца, бо гэта не прадугледжвае сцэнарый. Вытрымаў да заканчэння выступу паэткі. Пасля падышоў, і са словамі: “Нефармалам сцэнарыі не пішуць”, былыя супольнікі кінуліся ў абдымкі. Зала шчыра запляскала пацалункам.


Валацуга пачаў уносіць дадатковыя штрыхі ў лепельскую біяграфію паэткі. Шмат атрымаў кухталёў ад арганізатараў, каб не лез у палітыку і хутчэй закругляўся. Нарэшце Валацуга папрасіў прабачэння ў Веры і лепельцаў за тое, што стаў у нейкай ступені прычынай выгнання таленавітага чалавека з Лепельшчыны -- звёў мададзіцу ў кірунку, на які і тады, і цяпер накладзена табу.

На заключэнне Вера Буланда паведаміла, што цяпер Саюз пісьменнікаў просіць яе арганізаваць жаночае крыло ў пісьменніцкай арганізацыі. Плануе стварыць вандроўны тэатр і з першай прэм’ерай прыехаць у Лепель.

І падарыла Валацугу валацужную торбу з партрэтам свядомага беларуса Францыска Скарыны, з надпісам “Будзьма беларусамі!!!”


А ад Валацугі Вера атрымала візітоўку з інфармацыяй, як знайсці ў інтэрнэце яго блог “Прырода Лепельскага краю”, у якім ужо заўтра будзе змешчаны фотарэпартаж аб сённяшняй сустрэчы.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


ЧЕЛОВЕК В ТРАНШЕЕ. ЛЮДЯМ ПОФИГУ — 4 дня назад,   за неделю: 579 
ДАСЯГАЕМ УЗРОЎНЮ ЎКРАІНЫ 2005 ГОДУ Ў СФЕРЫ ГАНДЛЮ — 3 дня назад,   за неделю: 359 
ПАДЕНИЕ ИНТЕРЕСА К ЧТЕНИЮ. Шуш Эсенскі — 6 дней назад,   за неделю: 353 
ПАПІЛІ-ЗАКУСІЛІ НАД ВЕРАБСКІМ КАНАЛАМ. ФотаФік — 7 дней назад,   за неделю: 341 
ПАДПОЛЬНАЯ ЗВАЛКА НАБІРАЕ РАЗМАХ — 2 дня назад,   за неделю: 306 
ЛАТЫШСКІ І БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУСЫ ПРА СВАІХ ПРЭЗІДЭНТАЎ — 1 неделю назад,   за неделю: 290 
668. А ШТО ЗА ЎСХОДНЯЙ МЯЖОЙ РАЁНА? Тухта Валер — 21 час назад,   за неделю: 122 
 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение