Блоги LEPEL.BY

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ: 08.07.2012 (17:25) — 6 лет назад

РЫБАКІ НА БАЛОЦЕ, або ТАМ, ДЗЕ БАЛОТНІК ЖЫВЕ

Тема: Прырода Лепельскага краю    Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 719

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Ці водзіцца рыба ў балоце? Вось і я так думаў: трызненне дый толькі. Але 7 ліпеня 2012 года пераканаўся ў памылковасці паўсюднага меркавання.

Ёсць за кіламетр ад гарадской рысы балота. Дзеліць надвое яго дыхтоўная жвіроўка. Нават у летнюю спёку не высыхае там вада. Больш дакладныя каардынаты выдаваць не адважваюся, бо баюся наезду мясцовых рыбаловаў -- скажуць: здаў інтэрнэтчыкам іх любімае месца рыбалкі.

Неяк пайшоў улетку зірнуць на месца, дзе на балоце сустракаў Новы 2012 год. Вось тое навагодняе вогнішча. Вось той прагал, праз які з балота прыбег да мяне Балотнік у вобразе страшэннага сабакі.

Але чаму ў прагале чалавек сядзіць? Вуду ў руках трымае! Карасі ў тым хламе водзяцца?

Наступным ранкам у 5-40 я ўжо закінуў вуду ў прагал. Вады быццам дастаткова. Водная расліннасць з дна не ўзнялася. Глыбіня -- з паўметра. Не, не клюе. Ды якая дурная рыба можа жыць у балоце?


Не іначай, як вар’ятам быў той балотны рыбалоў. Перайшоў жвіроўку. Зноў у балоце чысты прагал, што можна вуду закідваць. І рыбалоўнае смецце валяецца -- значыць, тут таксама рыбу вудзілі. Закідваю вуду і безнадзейна гляджу на паплавок. Раптам ён пачынае варушыцца, нахіляецца і імкліва плыве ўбок. Падсякаю. Карась! Чырвоны. Вось дзіва. Сапраўды ёсць рыба ў балоце! Зноў закідваю вуду. Чыстай вады няшмат -- двухмятровая палоска накшталт рачнога фарватэру. З бакоў яго -- балотнае ламачча тырчыць ды водная расліннасць па паверхні разаслалася.


Наступным выцягнуў мізэрнага чырвонага карасіка, і клёў спыніўся. Перайшоў назад у балота насупраць, але крыху далей ад першага месца. А там -- на бераг пакладзена з квадратны метр ДВП. Месца для закіду вуды чыстае аж метраў на 10 ад берага і метры са тры шырынёй. Абапал з балота тырчаць вялікія і густыялазовыя кусты, аднак яны не маюць лісця -- засохлі, пастаянна стоячы ў вадзе. Але ж неяк выраслі. Значыць, балота гэтае маладое, не спрадвечнае.


Выцягваю карася, другога, трэцяга… Невялікія, але і не мізэрныя. Тут не чырвоныя -- серабрыстыя. Тэмпература паветра плюс 19 градусаў. Ніводнага камара. Любата.

Бачу, у дзясятку метраў ад мяне за кустамі нехта яшчэ вудзіць. Падыходжу. Слаўка Правілаў! Улоў -- шэсць карасёў з балота насупраць. Сюды толькі перайшоў.


Сказаў, што на апарыша карасі лепш бяруцца, чым на чарвяка.

-- Штосьці сёння Шаптуна няма, -- дадаў Слаўка. -- Ты сядзіш на яго месцы. Аднойчы Віталіка прагнаў адсюль. Прыйшоў і сказаў, што ён тут расчысціў балота і мае законнае права на яго. Трэба дахаты збірацца -- як толькі сонца праганяе засень з вады, клёў спыняецца. Шаптун у сем гадзін раніцы ўжо вуды змотвае.

Яшчэ крыху павудзіў, і хоць клёў не спыніўся, аднак закругліўся ў 7-45 -- досыць, і так цудоўна адпачыў. Высыпаў рыбу на бераг, каб падлічыць


Дзевяць карасёў. Дома яны заважылі 220 грамаў. У сярэднім адзін пацягнуў на 24 грамы. Вудзіў 125 хвілін. На адзін хвост прыпала амаль 14 хвілін. Слабавата.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
либо используйте:

Темы автора


  




Популярные за неделю


СВИНСТВО ВОКРУГ МЕНЯ. Шуш Эсенскі — 2 дня назад,   за неделю: 674 
СПОРТ НА СОВЕТСКОЙ ПЕРИФЕРИИ. Шуш Эсенскі — 5 дней назад,   за неделю: 491 
ПЕРАХОД СКРОЗЬ ПАЛІГОННЫ ЛЕС. ФотаФік — 1 неделю назад,   за неделю: 292 
ТУХТА ПРЭЗЕНТУЕ КНІЖКУ — 1 неделю назад,   за неделю: 140 
РЫБНЫЙ ДЕНЬ. Шуш Эсенскі — 2 недели назад,   за неделю: 69 
682. АДМЕТНАСЦІ ПАСЕЛІШЧА ПАЛЯКАЎ. Тухта Валер — 2 недели назад,   за неделю: 54 



 

Copyright © 2009 - 2018 — Леонид Огурцов

LEPEL.BY - Карта Лепеля

Пользовательское соглашение