10 дек 2021 в 08:18 — 2 месяца назад

23. Светлы шлях. УЦЁКІ АД ВАЙНЫ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 3, за неделю: 29, всего: 821

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядець тут, папярэднюю частку тут.

 Пад вялікім сакрэтам мой сябрук Бронік, сын дзядзькі Ваціка і Агнеты Шуневічаў, распавёў, што яго татка і дзядзька Бронька цяпер дома, у Валовай Гары, амаль не з’яўляюцца, днямі знаходзяцца ў лесе, з імі і дзед Юзік Шуневіч.

 Усё, што вырабляюць для партызанаў Левановічы, больш дома не трымаюць, а хаваюць, нават нарыхтаваныя матэрыялы адвезлі некуды. Гэта з-за таго, што дзеду Юзіку, як быццам, паліцай Яська Мацкевіч паведаміў, што ў камендатуры ведаюць пра сувязі вяскоўцаў з партызанамі.

 Наша дзіцячая кампанія за апошні час папоўнілася Казікам, сынам маёй хроснай маці Паўліны Сідзякі. Ён быў старэйшым за нас амаль на два гады, хваравітым, але ведаў аб усіх падзеях ў вёсцы лепш за нас, бо старэйшы сын цёткі Паўліны, Эдзік, якому ўжо споўнілася 16 год, уваходзіў у вясковае згуртаванне дасужых дзяцей, як казаў дзед Юзік. Эдзік зрабіў брату рагатку са знойдзенай на гарышчы сваёй хаты чырвонай камеры ад ровару. Казік ганарыўся такой “зброяй”, казаў, што, калі добра прыцэліцца, дык круглым каменьчыкам можна выбіць немцу вока – з адным вокам той ужо не ваяка.

 Скнарам малец не быў і даваў нам па чарзе стрэльнуць, за што мы старанна забяспечвалі “збраяносца” боепрыпасамі ў выглядзе круглых каменьчыкаў.

 Увосень 1942 году актыўных дзеянняў партызаны не рабілі ў наваколлях Бярэзінскай воднай сістэмы і запаведніку. А вось немцы, наадварот, наведваліся амаль кожны дзень. Так атрымлівалася, што немцы з’яўляліся днём, а партызаны ўначы, як толькі звечарэе.

 Вяскоўцы жывёлу, што яшчэ засталася, хавалі ў лесе ў пастаўніках, збітых з тонкіх жэрдак. Курэй увогуле амаль не засталося. Трымалі адну ці дзве галавы падпеччу, бо фрыцы дужа спрытна ўмелі давіць птушак кавалкамі дроту з загнутымі краямі. Бабуля Анэта Шуневіч трымала адну курку на гарышчы. А пеўня, які адбіваў сваіх сябровак ад каршуна і ў рукі не даваўся, немец застрэліў. Бабуля сказала, што ён падавіцца тым пеўнікам, бо птушцы ўжо ці не 10 год.

 Ужо з пачатку 42-га году немцы пачалі лавіць ды скіроўваць на Захад моладзь, каму споўнілася 16 год, і старэйшых мужчын. Давялося падлеткам хавацца ў лесе разам з дзеўкамі, хоць паліцай Яська Мацкевіч і казаў, што не кране жыхароў сваёй вёскі. Але як толькі з’явіліся партызаны, ужо ўвосень пачаў вербаваць мальцаў уступаць у народнікі альбо ехаць на працу ў Нямеччыну. Лёгка было вербаваць шляхам шантажу і пагроз дзяцей тых, у каго блізкія актыўна ўдзельнічалі ў партызанскай барацьбе ці мелі цесныя сувязі з ляснымі воінамі і дапамагалі ім. Прыкладам шантажу можа служыць пагроза спаліць сядзібу або ўзяць у закладнікі і пакараць смерцю ўсю сям’ю.

 Малодшыя мальцы, як заўсёды, схаваліся ў Эдзіка Сідзякі, бо яго хата стаяла на водшыбе, далекавата ад каналу, і гулялі ў падкіднога дурня. Іх кампанія складалася з Пятра Лук’яновіча, дзядзькі Броніка і дзеда Юзіка Шуневічаў, сярэдняга сына Фрэдзі і старэйшага Эдзіка маёй хроснай Паўліны Сідзякі. Затым мальцы назіралі за пастаўніком, дзе ўтрымлівалася нашая жывёла. Яшчэ ў прыцемку, раніцой і вечарам, жанчыны хадзілі на дойку, падкормлівалі кароў сенам з дробязнай бульбай.

 Малышня прачыналася з усходам сонца. Дзецям была пастаўленая задача ад хаты Дзівінаў назіраць за дарогай, што вяла ў Валовую Гару ад Пунтасавага мосту над рэчкай Прадушніцай. Для таго малыя жыхары левабярэжжа збіраліся каля Чацвёртага шлюзу. Другі гурт дзетвары пільнаваў дарогу на Прудок. На Правабярэжжы дзеці назіралі за дарогамі з боку Нівак, ад П’янай гары і Шостага шлюзу.

 З боку Барсукоў нямецкая тэхніка не магла пераехаць раку Кесту. У дадатак там, на хутары Бруснічнае (Гардзіёнкава поле), заўсёды стаяў заслон партызанаў брыгады Кірпіча, а шаша Мінск – Віцебск не дзейнічала, бо партызаны спалілі драўляныя масты над рэкамі Эса, Кеста, Бузянка, Бярэзіна, а бетонны мост на Домжарыцкім балоце быў падарваны.

 Утварылася зона, часова вольная ад немцаў. Прыродныя перашкоды не дазвалялі ворагу прымяняць бранявую тэхніку, а жывой сілай ва ўмовах балотна-лясістай мясцовасці пачынаць шырокамаштабныя баявыя аперацыі не мела сэнсу. Брады на рэках ведалі мясцовыя жыхары і, вядома, партызаны. Паспрабаваўшы самастойна шукаць іх, немцы згубілі некалькі адзінак тэхнікі на мінах і фугасах і адмовіліся лезці ў запаведныя лясныя нетры, а кінулі значныя сілы на партызанаў у Антуноўскім лесе і іх базу паблізу вёскі Малыя Дольцы. Магчыма таму ўвосень 1942 году з’яўляцца ў Валовай Гары браневікі і аўтамашыны з вайскоўцамі сталі радзей.

 У адзін з такіх восеньскіх дзён усю нашую кампанію запрасіў да сябе Валька Шуневіч, малодшы сын дзеда Юзіка. У хаце чакалі прыходу ў прыцемках гаспадара з партызанскім лекарам. Залезшы на цёплую печку, сталі наперабой выкладваць вясковыя навіны, хрумкаючы тонкія кавалкі ласяціны, што знаходзілася ў зрэбнай торбе і была высушаная на вялікай блясе ды крыху падсоленая. Больш смачных ласункаў у той час было цяжка прыдумаць.

 Вядома, дамовіліся, што будзем трымаць язык за зубамі. Валька тут жа распавёў, што заходзіў паліцай Яська Мацкевіч і сказаў, што Манька Міхалава выйшла замуж за партызана і знікла з дому. Бацька сказаў, што ў вёсцы завёўся “дзяцел”, і трэба быць вельмі асцярожнымі, каб не ляпнуць штосьці лішняе. Яська пад пагрозай падпалу сядзібы Міхалавых ды расстрэлу ўсёй сям’і, прымусіў Антося запісацца ў народнікі. З таго боку каналу Яська забраў Ігната і двух бежанцаў, якім і па 16 год не было, можа, па дарозе наскочыць на партызанаў…

 У размову ўступіў усявед Казік Сідзяка, сказаўшы, што паліцай Яська ведае добра ўсе сцежкі і мясцовасць, таму не заблудзіць, абыдзе і міны, і засады. А вось валавагорскія мужыкі Рыгор з Міколам уліплі дык уліплі. Учора брат Эдзік распавёў Петраку Лук’яновічу і Фрэдзю, што вясковыя мужыкі былі ў атрадзе, які знаходзіцца дзесьці ў бары за Мядзвёдаўкай. Адтуль хуткім крокам э подбегам можна за дзве гадзіны дайсці да Валовай Гары і пабачыцца з сям’ёй. А калі праз Пунтасаў мост, дык яшчэ і меней часу спатрэбіцца. Дык двое і папрасіліся наведаць сем’і. Камандзір з цяжкасцю згадзіўся, але адабраў зброю і агледзеў кішэні і вопратку.

 Мальцы так заспяшаліся дахаты, што як толькі сонца схавалася за лесам, ужо былі ў абдымках дзяцей і жонак. Час да раніцы праляцеў бы адно імгненне, і ваяры не заўважылі, што сонца ўжо ўзнялося над лесам. А дамаўляліся выйсці на золку, у прыцемках.

 Прыхапіўшы прыгатаваныя жонкамі сняданкі, кінуліся ў адваротны шлях. Цяпер ужо не ішлі, а беглі. Вось і балота. Хутка перайшлі рэчку Прадушніцу па грэблі, названай Пунтасавым мостам.

 Выйшлі да высокага пагорку, парослага стромкімі соснамі. А далей скрыжаванне дарог на Куляшы і Асецішча было бязлесным аж да драбналесся і балота. І толькі падарожнікі звярнулі на зацякляскую дарогу, як перад імі бы з-пад зямлі вырасла шарэнга людзей у шэра-зялёных шынялях. Назад дарогу перакрылі такія ж узброеныя людзі. І толькі цяпер партызаны заўважылі на спуску з пагорку бранявік і дзве захінутыя брызентам аўтамашыны.

 - Ну, Мікола, мы ўліплі, - шапнуў Рыгор. – Кажам, што ідзём да радні ў Зацякляссе.

 Цыбаты вайсковец з нейкім знакам адрознення гаркнуў:

 - Молчать! Вы – бандиты. Сдайте оружие!

 Мужыкі паклалі на зямлю клункі з харчамі, што паспелі сабраць у дарогу жонкі. Цыбаты руляй стрэльбы памацаў пакункі і трохі супакоіўся. Тым часам да іх падышоў афіцэр з двума салдатамі. Спыніўшыся насупраць затрыманых, штосьці сказаў цыбатаму, і той, падскочыўшы да палонных, загадаў узняць угору рукі. Немец, агледзеўшы вопратку Рыгора, зняў пальчатку і паказаў на рукаў. На ім выразна былі бачныя масленыя плямы, якія звычайна пакідае разлітае масла пры неасцярожнай змазцы зброі. На ломанай рускай мове афіцэр сказаў:

 - Вы ест партизан – бандит. Мы вас немного растрелят, но мы гуманна нация и делайт вам могил на ваш земля. Эта очень блягородно. И вы сам копайт ям.

 Затым знятай пальчаткай паказаў на пакункі з харчамі, і іх хутка забралі праважатыя жаўнеры.

 - Пан афіцэр! – закрычаў Рыгор. – Мы не партызаны. Нас не трэба страляць. Мы цывільныя, мірныя людзі!

 Але афіцэр нават не павярнуўся і, нацягнуўшы пальчатку, махнуў рукой і паціху пашыбаваў да бронемашыны.

 Ад аўтамашыны прынеслі рыдлёўку з доўгім чаранком, і, усміхаючыся, вайсковец з эмблемай РОА уручыў прыладу нашым бедакам.

 - Што будзем рабіць, Мікола? – спытаў Рыгор сябра.

 - А што тут зробіш? – адказаў той. – Выкапаем яму, і нас застрэляць. Хоць звяры не з’ядуць – неяк непрыемна гніць у жываце ваўка ці мядзведзя. А калі рвануць у розныя бакі, дык могуць і не пацэліць. Памятаеш, як кажуць у народзе, што калі за двума зайцамі пагонішся, то ніводнага не зловіш? Давай, ты налева, а я направа. Бачыш, што гэтыя ваякі адцягнулі ўвагу на іншыя справы?

 - Копать и молчать! – раздаўся вокліч цыбатага.

 Мікола шпарчэй стаў працаваць рыдлёўкай, а Рыгор узяўся ламаць карані маладых дрэўцаў. Згінаючыся чарговы раз і бачачы, што ахова занялася вырашэннем нейкага пытання, Рыгор прашаптаў:

 - Мікола, раз, два, тры – пабеглі…

 Выскачыў з пачатай ямы і, прыгінаючыся, з усіх ног паімчаў у бок балота, хаваючыся ў драбналессі. Стрэлаў амаль не чуў, толькі бачыў, як падаюць зрэзаныя кулямі галінкі. Тады чалавек кідаўся ўбок, каб заблытаць стральцоў.

 Вось і сцяна чароту. Кінуўся ніц на балотную зеляніну і папоўз на жываце глыбей у сцяну лазовых кустоў ды балотнага разнатраўя. Ведаючы глыбіню чыстай ад расліннасці вады, не станавіўся на ногі і, пераадолеўшы нешырокі плёс рэчкі Прадушніцы, прыгнуўся на ўсялякі выпадак ад пападання шалёнай кулі, бо чуліся рэдкія стрэлы.

 Нарэшце Рыгор выйшаў на даволі вялікае поле і абышоў яго па ўскрайку аж да дарогі, якая праглядалася да грэблі. Прашмыгнуўшы праз дарогу і добра ведаючы мясцовасць, подбегам дайшоў да Свяцкай грэблі. Мінуўшы нешырокую балацявіну, выйшаў да Зацяклясся.

 Цяпер ён баяўся кожнага шораху ў лесе, таму і ў вёску не пайшоў. Узлескам паўз поле дайшоў да Мядзвёдаўкі, і толькі за вёскай спыніў яго вокліч атраднага вартавога.

 Перажыўшы гадзіну допытаў камандзірам і начальнікам штабу, Рыгор плакаў сапраўднымі слязьмі. Толькі супакоіўся, калі выкурыў тоўстую самакрутку махоркі. Камандзір паверыў ягонаму апраўданню, а начальнік штабу – не. Казаў:

 - Быть не может, что останешься цел, если в тебя с полсотни ружей палят. А дырки в одежде можно сделать и сучком.

 - Так стреляли не немцы, а завербованные молодые парни, - пярэчыў камандзір. – А что это за вояки, ты сам знаешь. Уверен, что большинство из них стреляли в «молоко». Однако к чему споры? Завтра возьмёшь десяток бойцов и проверишь всё на месте, заодно проведёте разведку. Да захватите пару самодельных мин.

 Увечары група вярнулася з задання. Партызаны не знайшлі забітым Міколу, але ўсё астатняе пацвердзілася. Вырашылі, што Мікола загінуў у балоце, ці там знайшла яго шалёная куля. А магчыма павезлі палоннага партызана і, дапытаўшы ў Лепельскай камендатуры, потым прыстрэляць. На ўсялякі выпадак камандзір аддаў загад: узмацніць ахову месца дыслакацыі атраду.

 Забягаючы наперад, трэба сказаць, што Мікола не загінуў. Калі Рыгор сігануў у балота, ён заваліўся ў неглыбокую ямку, што паспелі ўдвох выкапаць за кароткі час. Чуў, як цыбаты скіраваў наўздагон уцекачу чатырох жаўнераў, і тыя, падышоўшы да пачатку балота, пастралялі, але ў ваду не палезлі. Вярнуўшыся, сказалі, што застрэлілі ўцекача, і той патануў у дрыгве. Афіцэр загадаў забраць бандыта і здаць у Лепельскукю камендатуру. Але па дарозе канваірам і арыштаванаму сустрэўся паліцай Яська Мацкевіч з сваім сябрам – начальнікам лепельскай паліцыі Сарокіным. Яська нейкім чынам угаварыў сябрука і начальніка дапамагчы выручыць аднавяскоўца, бо той ніколі ў партызанах не быў і падпіша дамову аб уступленні ў народную армію.

 Пасля падпісання дамовы Яська сказаў, што цяпер Міколу назад дарогі няма, бо партызаны заб’юць, калі ён да іх з’явіцца, а немцы сям’ю знішчаць і падворак спаляць.

 Акупанты не надта давяралі беларускім народнікам, бо дэзерцірства сярод іх было частай з’явай – са зброяй пераходзілі да партызанаў і паасобку, і цэлымі групоўкамі. Міколу апанавала безвыходнасць, і таму, каб не падставіць сям’ю, добраахвотна даў згоду з групай народнікаў рухацца ў Заходнюю Еўропу. Там служыў у ахове харчовага складу. Ніхто не ведаў, дзе згінуў чалавек аж да таго часу, пакуль не разбурылі “жалезную заслону”.

На сустрэчу з братам Франком Мацкевічам, што жыў у Англіі, паехала сястра Каця (Казя) Бельская. Вось тады ад брата Казя і даведалася, што зніклы ўвосень 42-га году валавагорац Мікола жыве непадалёк. Арганізавалі сустрэчу.

 Мальцы добра ведалі, што на той час ніхто не даруе Франку Мацкевічу здраду брата Яські ды бацькі Вітольдаі службу тых на ворага, а ўцекачу Міколу не даруюць дэзерцірства ды дамову служыць на карысць Германіі. Таму яны і засталіся на чужыне. Вось толькі лёс іх склаўся па-рознаму. Франок жыў бабылём, значна дапамог родным на радзіме, а для Міколы Англія стала другой радзімай, ён абзавёўся сям’ёй і назаўсёды парваў сувязі з блізкімі людзьмі. Многім жа іншым мальцам, што пад прымусам і шантажом служылі немцам нават кароткі час, а потым ваявалі ў партызанах і з Чырвонай арміяй дайшлі да Берліна, заслужыўшы ўзнагароды, пасля перамогі давялося ад 10 да 20 год правесці ў савецкіх канцлагерах на прасторах Сібіры і Далёкага Ўсходу. Некаторыя былыя народнікі хаваліся ў лясах да самай амністыі, харчуючыся дарункамі прыроды і сустракаючыся па начах з бацькамі і надзейнымі людзьмі. Мне даводзілася размаўляць з такімі асобамі. Аднак гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя. А гэтую, седзячы на печы ўвосень 42-га году, можа, за дзясятак хвілін распавёў Казік Сідзяка. Вядома, яго аповед скончыўся на тым моманце, калі партызаны правялі безвыніковую разведку на месцы, дзе ўцёк Рыгор і знік Мікола.

(Працяг глядзець тут.)

2021



Метки: Шуневич Анатолий. геноцид на Лепельщине, Валова Гора, война на Лепельщине

НРАВИТСЯ
8
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ






Лучший комментарий

13 дек 2021 в 23:22  — 2 месяца назад

БАРЫС вАлосаЎскі, смешна! Ты не ведаеш, што такое вобразнае параўзнанне, каб больш яскрава паказаць карціну?

2


10 дек 2021 в 10:31 — 2 месяца назад

Хороший рассказ. Партизаны, полицаи живут в одной деревне, все друг друга знают, но уживаются. Парадокс.

Про мины только не совсем ясно. Пишет, что немцы редкие гости, но партизаны что-то там постоянно минировали. Но ведь свои же попадут с гораздо большей вероятностью.

1


10 дек 2021 в 14:04 — 2 месяца назад

Игорь Самохвалов, паліцай Яська Мацкевіч шмат выручыў аднавяскоўцаў з Валовай Гары. Аднак гэта не значыць, што ён быў лаяльны да ўсяго насельніцтва, дзейнасць якога кантраляваў.

Партызаны на пастаўленыя імі міны не траплялі, бо ведалі, дзе яны ляжаць. А мясцовыя жыхары іх не цікавілі - няхай не цягаюцца.



10 дек 2021 в 22:22 — 2 месяца назад

Камянтуе Вазар з Юрмалы:



10 дек 2021 в 23:30 — 2 месяца назад

Блукач - Вазару з Юрммалы:

Вазар з Юрмалы - Блукачу и Шуну:

1


11 дек 2021 в 11:21 — 2 месяца назад

Адказ Вазару:

Як пачаў разбірацца з Шуневічам наконт Рыгора, уцекача ад немцаў ля Пунтасавага моста, дык не мог надзівіцца. Аказваецца, адна з яго жонак, Тэкля, была маткай майго дзеда Іллюка Прускага. Жыў Рыгор у Гарадку - хутары на Бярэзінскім канале. У вайну первёз сям´ю ў Валову Гару, бо Гарадок рабавалі з усіх бакоў - партызаны і немцы. Адна з дачок Рыгора, Лёня Шкуліпа (Буртыль), жыве ў Лепелі. Гады з чатыры назад браў у яе інтэрв"ю наконт жыцця ў Гарадку (можна паглядзець, увёўшы ў пошукавую рамку майго блогу запытанне: Шкулипа (Буртыль) Леанида. А сам Рыгор у Валовай Гары пахаваў першую жонку, затым жыў з жонкай уцекача ў Англію Міколы. Не ўжыліся. Хадзіў у прымакі ў Вокана. Асабіста мяне клікаў у Валовую Гару на сваё 90-годдзе як сваяка і карэспандэнта, каб напісаў пра яго ў газету. Цяпер ужо не адшукаю той артыкул. Вядома, што столькі не жывуць - даўно памёр.

А пра начальніка лепельскеай паліцыі Сарокіна Шуневіч ведае толькі, што ён бясследна знік: можа, забілі партызаны, а можа, уцёк з немцамі на Захад.



11 дек 2021 в 13:10 — 2 месяца назад

...час папоўнілася Казікам, сынам маёй маці Паўліны Сідзякі. Ён быў старэйшым за нам амаль...

Хто растлумача - сынам маёй маці, хто уважліва чытаЎ? Далей проста не на ту клаву жмякнуў?



11 дек 2021 в 15:34 — 2 месяца назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, ты нешта трошки с Шуневичам напутал,дед Ильлюк, ветеран первой Германской войны 1914 года, значит родился в 18 веке, я не думаю что наша пробабушка могла быть женой Рыгора яки "лосем" летау по болоту в 40-х

1


11 дек 2021 в 16:09 — 2 месяца назад

БАРЫС вАлосаЎскі, правільная заўвага. Вінаваты Блукач як рэдактар - паміж словамі "маёй" і "маці" прапусціў слова "хроснай". Будзе папраўлена.



11 дек 2021 в 16:25 — 2 месяца назад

Терентий, так, дзед Іллюк Прускі 1896 года нараджэння. Яго дачцы Вользе Прускай, нашай маці, дзеці Буртыля Пецька, Анька, Коля, Васька і Лёня (дачка) былі дваюроднымі. Значыць, адна з жонак (ці не Тэкля) Грышкі Буртыля даводзілася Іллюку роднай сястрой, а не яго маці.



13 дек 2021 в 21:54 — 2 месяца назад

Игорь Самохвалов, Анатоль Шуневіч пракаментаваў тваё выказванне наконт таго, што на пастаўленых партызанамі мінах маглі падарвацца сяляне.

Міны тыя былі самаробнымі. Вырабляліся са снарадаў ці авіябомбаў і называліся фугасамі. Маскаваліся на праезных частках і падрываліся толькі пры наездзе на іх колаў машынаў ці браневікоў. Людзі ж маглі танцаваць прама на міне, і яна не выбухне. Затое пры наездзе цяжкую тэхніку разрывала на кавалкі.

Ставіць міны супраць пяхоты не было сэнсу, паколькі яна маршам у аддаленыя вёскі не хадзіла, а толькі прыязджала на тэхніцы.

Быў выпадак, калі немец падарваўся на лясной сцежцы. Аднак міна тая магла быць яго айчынная.

1


13 дек 2021 в 22:16 — 2 месяца назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, сьмешна! Ты б станцаваў бы на той міне?



13 дек 2021 в 23:22 — 2 месяца назад

БАРЫС вАлосаЎскі, смешна! Ты не ведаеш, што такое вобразнае параўзнанне, каб больш яскрава паказаць карціну?

2




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


А ВЫ ЗНАЕТЕ, ЧТО ТАКОЕ ПУЛЯ? Жерносек Олег  — 1 неделю назад,   за неделю: 285 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ