09 янв 2022 в 20:16 — 3 недели назад

25. Светлы шлях. ПАМІЖ ДВУХ АГНЁЎ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 2, за неделю: 45, всего: 414

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Сёння дзеці не ведаюць, як гэта хадзіць босымі нават улетку, а ў маім дзяцінстве яны не мелі магчымасці мець абутак і да самых халодных дзён бегалі босымі. І толькі каклі выпадзе сняжок, і зямля пачне прамярзаць, бацькі даставалі з гарышча сплеценыя ўвесну лапцікі або са старых ватовак сшывалі буркі, падшывалі іх падэшвы скурамі жывёлы ці часткамі зношанага дарослага абутку.

 Ну, а такія дзеці вайны, бы наша каманда, у большасці сядзелі на цёплай печы, дзе заўсёды сушылася зерне для хлебнага размолу ці солад на самгонку.

 Старэйшыя дзеці, накшталт Валькі – сына дзеда Юзіка - альбо Казіка – сына маёй хроснай Паўліны Сідзякі, распавядалі казкі або апавяданні, пачутыя ад старэйшых братоў ці бацькоў, а ў асноўным гулялі ў “палачкі”. Старэйшыя дзеці, падлеткі нажом выразалі з лучыны тыя палачкі памерам крыху большыя за запалкі. Разам яны называліся калодай. Былі ў калодзе тонкія – “адзінкі”, падобныя на вёслы – “пяцёркі” і шырынёй з паўсантыметра – “дзясяткі”. Кожных - па 10 штук. Трэба было з груды палачак спецыяльнай рыдлёвачкай выбіраць па адной, каб не зачапіць і не скрануць з месца іншыя. Затым праводзілі падлік здабытку. Перамагаў той, хто набіраў большую суму. Пераможца пераходзіў у катэгорыю суддзі на далейшую гульню.

 Вядома, гульня не абыходзілася без спрэчак і нават бухлякоў. Аднойчы на галаву мне сыпнулі жменю зерня, і два зярняткі трапілі ў вуха. Давялося маёй маці на нейкі час стаць лекаркай і асцярожна даставаць зерне з далікатнага месца. Пасля гэтага выпадку нам дазвалялі гуляць толькі ў каморцы на зэдліку. Гульня ў “палачкі” выканала пэўную ролю ў жыцці маіх аднагодкаў, бо мы ўжо ў тры-чатыры гады маглі лічыць да ста і больш.

 Аднойчы мая маці з сустрэчы са старой бабай Кацярынай, жонкай Шуневіча Міхала, прынесла зборнік вершаў Янкі Купалы, нейкім цудам ацалелы ў шафе вясковай школы. Вечарамі пры лучыне мама чытала нам творы паэта. Вядома, мы не ўсё разумелі з рыфмаваных радкоў, але слухалі дужа ўважліва. Асабліва ўразіла малых паэма “Бандароўна”. Пры чытанні гэтага твору вялікага паэта матуля заўсёды плакала. Плакалі і дарослыя, што былі побач. Гледзячы на іх, смуткавалі і дзеці. А потым паміж сабой раіліся, як таго пана, што забіў прыгожую дзяўчыну, трэба было пакараць. Прайшло з таго часу восем дзясяткаў гадоў, а я даслоўна памятаю ўсю паэму творцы. Вядома, што ў дзяцінстве памяць лепш працуе, і я да сёняшняга дня памятаю многія песні, што спявалі партызаны. Асабліва я запомніў аднаго таленавітага мальца-партызана. Прозвішча таго чалавека Аляшкевіч, а вось імя не памятаю – быццам бы Барыс. Калі ён спяваў, жанчыны плакаді наўзрыд. Нават у малых дзяцей мароз прабягаў па ўсім целе:

     “Ой, туманы мои – растуманы,

     Ой, родные леса и луга,

     Уходили в поход партизаны,

     Чтоб разбить, уничтожить врага.

.

     Покидая родные пороги.

     Ждать велели хороших вестей,

     И на старой смоленской дороге

     Повстречали нежданных гостей.

.

     Повстречали – огнём угощали:

     Навсегда уложили в лесу

     За великие наши печали,

     За горючую нашу слезу.

.

     Не уйдёт чуземец незванный,

     Своего не увидев жилья,

     Ой, туманы мои – растуманы,

     Ой, родная сторонка моя…

  Калі да партызанскага спевака далучалася дачка Міхала Шуневіча, Манька, гэта былі канцэрты, якія нельга забыць. Вось толькі лёс абодвух вялікіх спевакоў склаўся трагічна і гераічна. Апошнія гады жыцця Марыі Міхайлаўны Шуневіч чытайце ў аповесці “Хроніка чатырох дзён партызанскага жыцця канца вайны”. А вось пра апошнія часы Аляшкевіча Барыса я пачуў ад партызана, які знаходзіўся ў адным з ім атрадзе. Пад Віцебскам Чырвоная армія атачыла некалькі дывізій і ўжо, не мяняючы наступу па асноўных магістралях, выйшла да межаў Беларусі. У гэты час трапіўшыя ў акружэнне нямецкія часці, паводле загаду фэрэра спрабавалі балотамі і лясамі пакінуць адбітую ў іх тэрыторыю, адначасова спрабуючы нанесці разгром нашым войскам, што ўпарта наступалі на вераломных акупантаў. Аднак надзеі тых на цуд былі марнымі. Але шкоды яны паспелі нарабіць нямала. Тым больш, што ў гэтым ім дапамагалі органы НКУС, скіраваўшы ляснымі дарогамі на перафармаванне як цэлыя партызанскія брыгады, так і асобныя партызанскія атрады, адабраўшы ва ўчарашніх лясных воінаў нават лёгкую зброю.

 Я з маці прычутнічаў на пахаванні кулямётнага ўзводу брыгады Кірпіча ў колькасці 24-х моцных мальцаў, якім не споўнілася і 30-і год, якія былі расстраляныя немцамі па дарозе на Стайск паміж хутарамі Роўніца і Віленка.

 Пахавалі іх за вёскай Барсукі. Потым, у 50-х гадах, па загадзе райкаму партыі вучні мясцовай школы пад наглядам настаўніка дасталі некалькі костак пахаваных і як бы перазахавалі іх у брацкую магілу ў вёсцы Крайцы.

 Штосьці падобнае здарылася і там, дзе быў партызанскі пясняр Аляшкевіч. На радасцях мальцы “замачылі” прыход чырвонай арміі і пайшлі браць у палон вялікі гурт немцаў, што хаваўся ў лесе. Тыя сустрэлі смельчакоў агнём. Аляшкевіч загадаў сваім адступаць, а сам застаўся прыкрываць адыход таварышоў. Калі скончыліся патроны, узняўся ва ўвесь рост з гранатай і запатрабаваў акружэнцам здавацца. Ужо будучы параненым, кінуў гранату ў гушчу фашыстаў. Яшчэ жывому параненаму партызану выкалалі вочы, на целе выразалі зоркі, абрэзалі выступаючыя часткі цела.

 На магіле героя партызаны далі клятву не браць у палон фрыцаў. Гэта пацвярджае і партызанскі рамонтнік зброі Стрыжонак у сваёй аўтабіяграфіі. Пацвярджаю і я, на свае вочы бачыўшы расстрэл эсэсаўца каля Пунтасавага мосту.

 Але гэта было потым, у пачатку ліпеня 1944 году. А ў канцы восені 1942-га пасля цяжкіх баёў на Ўшаччыне, а затым у Пышнянскай зоне, партызаны пераходзілі ў лясныя масівы Бярэзінскага запаведніку. Разам з партызанамі ішлі і іх сем’і. Амаль у кожнай хаце Валовай Гары жылі бежанцы. У нас жа месціліся толькі партызаны, бо ў нашай і Левановічаў хатах размяшчаліся каравульныя пасты, а ў Драгуновых меркавалі размясціць штаб брыгады Дубава. Але нацягнуць правады ад штабу да каравульных памяшканняў не дазволілі дзяды Юзік Шуневіч і Карп Левановіч. Больш таго, яны запатрабавалі прыбраць у пуні ўсю салому з жылых памяшканняў, дзе начавалі партызаны і бежанцы. Дзед Юзік патлумачыў, што самы дурны немец зразумее, хто правёў правады, і для чаго ў хаты нацягалі салому, а партызаны не гарантуюць, што змогуць абараніць вёску і яе жыхароў з бежанцамі.

 І стары чалавек бы ў ваду глядзеў. Дзесьці апоўдні назіральнікі паведамілі, што з боку Касавы рухаецца бранявік і некалькі грузавікоў. Партызаны хуценька пачалі рыхтавацца да сустрэчы. Але што маглі зрабіць некалькі дрэнна ўзброеных людзей?

 І зноў старыя папраілі адысці лясных байцоў з вёскі, калі яны не хочуць, каб немцы яе спалілі разам з жыхарамі і бежанцамі, дзе ёсць і іх сем’і.

 Пакуль немцы шукалі аб’езд разбуранага мастка над абводным каналам, партызаны зніклі ў лесе, што знаходзіўся ці не за сотню метраў ад нашай хаты.

 Нядаўнюю прысутнасць партызанаў у Валовай Гары заваёўнікі не заўважылі. Мэта іх візіту была іншай.

(Працяг глядзець тут.)

2021



Метки: Шуневіч Анатоль, Генацыд на Лепельшчыне

НРАВИТСЯ
6
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ
1





12 янв 2022 в 15:39 — 2 недели назад

Вазар пра Шуневича:

Адказ Блукача Вазару:





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий
Темы автора





Популярные за неделю


А ВЫ ЗНАЕТЕ, ЧТО ТАКОЕ ПУЛЯ? Жерносек Олег  — 1 неделю назад,   за неделю: 285 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ